Паўночныя алені i беларускiя матывы
Паўночныя алені i беларускiя матывы
Учора ўдзень зазiрнулi ў фестывальныя касы — цi ёсць яшчэ бiлеты на якiя-небудзь канцэрты "Славянскага базару"? Аказваецца, трапiць на выступленне "дзiця заганы" Барыса Маiсеева ўжо не ўдасца, затое на сольны канцэрт Русланы, якi адбудзецца ўвечары, засталася яшчэ невялiкая колькасць бiлетаў. На спектаклi з удзелам расiйскiх зорак квiткi таксама разабраныя, на джаз i класiчны канцэрт яшчэ ёсць магчымасць трапiць — але вырашаць гэта трэба хутка, бо госцi ўсё прыбываюць, а фестываль не збаўляе абаротаў. Першай з краiн-удзельнiц фестывалю адзначылася ўласным Днём — з кiна- i тэатральнай праграмай, канцэртнымi выступленнямi — Расiя. Сёлета ў творчым прадстаўленнi ўдзельнiчалi Надзея Бабкiна, Іосiф Кабзон, Алег Газманаў, Тамара Гвердцытэлi, Варвара i iншыя артысты, цiкавыя розным пакаленням. З чаканых гасцей не прыехалi толькi Мiхаiл Баярскi i Максiм Дунаеўскi. Затое для большага ўражання i яркай тэлевiзiйнай карцiнкi рэжысёры канцэрта прывезлi ў Вiцебск самых сапраўдных паўночных аленяў. Праўда, палахлiвыя жывёлы ўвесь час намагалiся збегчы са сцэны i памецiлi пакрыццё, да захаплення з’едлiвых крытыкаў... "Дзякуй вялiкi арганiзатарам, што перанеслi фестываль на больш раннi тэрмiн, раней дзень нараджэння мне заўжды даводзiлася адзначаць на канцэртах", — расказаў журналiстам Алег Газманаў. "Нiчога, на гэты раз пачнём адзначаць загадзя", — суцешыла калегу Надзея Бабкiна. Але насамрэч Газманаў падарункаў напярэдаднi не прымаў — наадварот, сам падарыў веласiпед дзiцячаму ансамблю, якi суправаджаў выступленне спевака. Гледзячы, як лiха Газманаў пад’язджае ў прэс-цэнтр на веласiпедзе, мала хто паверыў бы, што 22 лiпеня Алегу Мiхайлавiчу споўнiцца 57 гадоў. Як заўжды, публiку i прэсу цiкавiла якасць гуку на канцэртах — цi жывы гэта канцэрт, цi ўсё ж "фанерная" iмiтацыя. Надзея Бабкiна, да прыкладу, лiчыць, што трапляць ва ўласную фанаграму — таксама мастацтва, i нiчога страшнага ў гэтым няма. Алег Газманаў катэгарычна нязгодны: "Не ўмеюць маладыя артысты спяваць жыўцом — няхай вучацца, не ўмеюць тэлевiзiйныя рэжысёры запiсваць жывы гук якасна — няхай вучацца! Усё прыходзiць з вопытам". Варвара пагадзiлася — лепш, калi артыст працуе шчыра, не падманваючы нi гледачоў, нi сам сябе, але ўсё ж часам вялiкiя зборныя канцэрты вымагаюць "плюсавых" фанаграм. "Усе ўсё могуць, проста часам не ставiцца такая задача — працаваць жыўцом, — падсумавала Тамара Гвердцытэлi. — Спадзяюся, на "Славянскiм базары" складзецца добрая традыцыя толькi i выключна жывых канцэртаў". Дарэчы, Варвара, сама таго не жадаючы, стала жывой рэкламай беларускiх вытворцаў абутку: "Толькi прыехала — адразу на вакзале зламала абцас. Давялося бегчы ў абутковы магазiн. Мяне нават без чаргi прапусцiлi", — падзялiлася артыстка. Лiтоўскае прадстаўнiцтва таксама стрымала сваё леташняе абяцанне — зрабiць на "Славянскiм базары" вялiкi канцэрт майстроў мастацтваў. Не без гонару лiтоўскi пасол у Беларусi Эдмiнас Багдонас адзначыў i той факт, што на канцэрце адкрыцця фестывалю "Славянскi базар у Вiцебску" адзiная (!) беларускамоўная песня прагучала з вуснаў магутнагалосага тэнара Вiргiлiуса Нарэйкi... Дарэчы, у Дзень Расii i ў дзень Саюзнай дзяржавы вiцебская публiка таксама атрымала гэты прыемны сюрпрыз. Расiйскiя артысты не толькi на словах выказваюць сваю прыхiльнасць да "Славянскага базару", некаторыя пацвярджаюць гэта справай — выконваюць беларускiя песнi. I калi да маладога выканаўцы Аляксандра Ялаўскiх яшчэ былi б прэтэнзii за няправiльнае вымаўленне прыпеву "чарнявая, бялявая, i трэця — рыжа, кучаравая", то гурт "Сцэнакардыя" зрабiў сапраўдны падарунак — песню "А я лягу, прылягу" хлопцы аздобiлi саксафонам i рэп-рэчытатывам. "Гэта песня нашага дзяцiнства, мы вельмi яе любiм. Нават у альбом спецыяльна ўключылi", — расказалi салiсты Цiмафей Хазанаў i Аляксей Мартынаў. Мяркуючы па апладысментах, з пастаўленай задачай хлопцы — а праз iх i фестываль — спраўляюцца. Каб толькi яшчэ нашы артысты часцей спявалi па-беларуску — глядзiш, i перастане родная мова быць экзотыкай, "фiшкай" праграмы раз на год? Вiкторыя ЦЕЛЯШУК. Фота Анатоля КЛЕШЧУКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Першай з краiн-удзельнiц фестывалю адзначылася ўласным Днём — з кiна- i тэатральнай праграмай, канцэртнымi выступленнямi — Расiя. Для большага ўражанн |
|