21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Без дзяцінства...

26.08.2009 10:22 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Без дзяцінства...

У рэдакцыю працягваюць паступаць пiсьмы-ўспамiны пра Вялiкую Айчынную вайну

Нашы чытачы пiшуць пра тое, што немагчыма забыць i праз дзесяцiгоддзi, што побач было ўсё жыццё. Таму што вайна забрала ў iх дзяцiнства...   "Я застаўся зусiм адзiн..."

Цяжкую, пакутную гiсторыю свайго ваеннага жыцця расказаў у лiсце ў рэдакцыю Юльян Іосiфавiч Кашэўскi. Нарадзiўся ён у вёсцы Масцiшча Лагойскага раёна Швабскага сельсавета ў 1930 годзе. Бацька, Кашэўскi Iосiф Баляслававiч, па лжывым абвiнавачаннi быў арыштаваны i расстраляны ў 1933 годзе — пазней быў рэабiлiтаваны...

"Да вайны я рос у сям’i айчыма, — пiша Юльян Iосiфавiч. — Калi пачалася вайна, у раёне быў арганiзаваны магутны партызанскi рух. На дарогах iснавала ўлада партызанаў... У нас была вялiкая хата-трохсценак, тут пастаянна былi партызаны. Аднойчы нямецкi самалёт-разведчык (партызаны называлi яго "драбiна") вельмi нiзка пралятаў над нашай хатай. Адзiн з партызанаў абстраляў яго з аўтамата, праўда, пашкоджанняў не нанёс. (Нас з айчымам дома не было: яшчэ на досвiтку паехалi ў лес па дровы). Партызаны i старэйшы брат з сям’ёй хутка пайшлi ў лес. У хаце засталася мацi з сястрой. А той нямецкi самалёт заправiўся ў Барысаве i вярнуўся, скiнуў бомбу акурат на нашу хату.

Мы прыехалi з дровамi, а хаты няма...

Партызаны забралi параненую сястру з сабой у лагер, а мацi мая не выжыла...

Неаднаразова немцы наладжвалi маштабныя блакады для знiшчэння партызанаў i мiрнага насельнiцтва. Партызаны сыходзiлi ў непраходныя балоты. Мая сястра, якая паправiлася пасля ранення, таксама была з iмi.

...Нас з айчымам схапiлi немцы i вялi на расстрэл праз высокае жыта. Айчым паспеў сказаць: "Бяжы, сынок, толькi не прама, а "ў лукаткi", каб не застрэлiлi".

Айчыма расстралялi ў вёсцы Масцiшча. А мяне паранiлi пры спробе збегчы: куля прабiла мяккую тканку нагi. Так я застаўся адзiн. Блукаў па лесе, жыў у зямлянцы".

Падлетку сапраўды цудам удалося выжыць. Тыя пакуты-выпрабаваннi — i зараз перад вачыма.

"... Харчаваўся птушкамi з гнёздаў. Ноччу лавiў рыбу ў рацэ Цна. У мяне была старая драўляная сальнiца, за многiя гады прамочаная соллю. Я адразаў кавалачак ад яе i з iм варыў птушак i рыбу. Сам здабываў i агонь, гэтаму навучыў айчым. У мяне было крэсiва, крэмень i чага. Чага загаралася ад iскры — гэта я i зараз магу паказаць, не забыўся. Так я i выжываў да прыходу Чырвонай Армii.

Сястра мая, Цiхановiч Галiна Iосiфаўна, жыве ў вёсцы ў Лагойскiм раёне, цяжка хварэе. Яшчэ жывы палiтрук партызанскай брыгады, былы сельскi настаўнiк Несцярэнка Рыгор Васiльевiч, яму 94 гады...

Што яшчэ помню. Калi партызаны накiравалiся грамiць нямецкi гарнiзон у Смалявiчах, палiцаi паранiлi партызана Косцю Фiлько. Яму, жывому, выразалi на грудзях зорку i дасталi праз горла язык... Яго пахавалi ў нашай вёсцы Масцiшча. Пасля вайны родныя забралi яго астанкi на радзiму.

Скажу, што пад маркай партызанаў былi i марадзёры. Але з iмi распраўлялiся як з ворагамi сапраўдныя партызаны — без трыбуналу...".

Вайна падарвала здароўе Юльяна Кашэўскага, ён iнвалiд II групы. Яму i цяпер страшна ўспамiнаць сваё ваеннае дзяцiнства.

Другi дзень нараджэння

Ветэран працы Ўладзiмiр Мiкалаевiч Пугач жыве ў вёсцы Навасёлкi Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласцi. А нарадзiўся ён у вёсцы Кашэвiчы Петрыкаўскага раёна. Менавiта каля гэтай вёскi ў пачатку жнiўня 1941 года на працягу некалькiх гадзiн iшоў бой нашых войскаў з гiтлераўцамi.

"Раз’юшаныя ворагi пасля расстралялi пятнаццаць мiрных жыхароў вёскi, а потым спалiлi ўсе пабудовы. Мая мацi ледзьве паспела выскачыць з дзецьмi ў агарод.

Людзi будавалi зямлянкi, там i жылi. Наша зямлянка тулiлася да ўскрайку лесу. Але фашысты i тут не давалi спакою. Было расстраляна больш як дзесяць чалавек за сувязь з партызанамi. Падлеткаў вывозiлi ў Германiю.

У канцы сакавiка 1944 года дайшла чутка, што фашысты рыхтуюцца да чарговай аблавы. Амаль усе сяльчане падалiся ў лес. Мая мацi з чатырма малымi дзецьмi аказалася на востраве "Казлоў" сярод балота. Гэта недалёка ад суседняй вёскi Праходы. Жылi мы ў куранi. Вясна ў той год была позняя i халодная. 6 красавiка ранiцай пачалася аблава. Мацi з малымi (самаму старэйшаму брату было сем гадоў) не паспелi адысцi ад кураня, як паказалiся ворагi. Пачалася стралянiна. Фашысты ў тую ранiцу забiлi больш за дзесяць чалавек. Тыфознахворыя жывыя згарэлi ў куранях. Мацi на руках трымала брата Грышу, а Вася, Арсень i я плялiся за ёй. Немцы гналi нас да вёскi Праходы. За востравам пачыналася балота, лёд на якiм правальваўся, гразь чвякала пад нагамi. Вясковыя жанчыны, у каго не было дзяцей, пераносiлi нас, малых, з купiны на купiну. Балота аж стагнала. Калi мокрыя, у лапцях людзi выйшлi на бераг, фашысты загналi ў калгаснае гумно. Мацi ў кутку разгрэбла кучку сухой мякiны i ўладкавала нас, каб неяк сагрэць. Гумно ўсё напаўнялася i напаўнялася людзьмi. I вось немцы, зачынiўшы дзверы, забiлi iх. Так i пераначавалi мы там 7 красавiка, якраз на Дабравешчанне. Ранiцай да гумна пад’ехалi дзве фурманкi з фашыстамi. З усiх бакоў гумно аблiлi бензiнам. Воддаль стаялi напагатове аўтаматчыкi. У гумне наступiла цiшыня. Жанчыны i старыя малiлiся. Заставалiся лiчаныя хвiлiны... У апошнi момант людзей адпусцiлi. Позна ноччу мы вярнулiся ў Кашэвiчы да сваёй зямлянкi.

Мацi была непiсьменная, таму нашы даты нараджэння не ведала. А вось другi дзень нараджэння Васi, Арсеня, мой i Грышы ведала добра. Гэта было Дабравешчанне 7 красавiка 1944 года".

"Прымушалi людзей цягаць бароны,

каб праверыць, цi не замiнiраваны дарогi..."

Даўнi падпiсчык "Звязды" Мiхаiл Фёдаравiч Маркаўцоў з Гомеля напiсаў вялiкi лiст — на шэсць старонак дробным почыркам — пра жыццё ў час вайны. Ён быў хлапчуком (1931 года нараджэння), але колькi давялося перажыць...

Ён нарадзiўся ў вёсцы Праскурнi Жлобiнскага раёна. Яшчэ да вайны застаўся без бацькоў. Жыў са старэйшым братам i сястрой.

"З адзежай было складана i з харчаваннем — таксама. Па вясне то хлеба няма, то бульбы. Выручала карова. Дзядзька Амелька быў брыгадзiрам агароднiцкай брыгады калгаса, якая вырошчвала агуркi, капусту i г.д. Дзядзька паставiў мяне вазiць ваду для палiву з Дняпра — на канi Пугач. Па 3—4 бочкi (25 вядзёр кожная) у дзень. А мне было гадоў 9...

Калi пачалася вайна, усе былi ў шоку. Вечарамi на вулiцы каля калоды збiралiся жанчыны i разважалi, якiя немцы нелюдзi, ледзь не з рагамi i клыкамi... Праз некалькi дзён сталi прыязджаць ваенныя. На другiм ад вёскi Праскурнi беразе выкапалi каля пераправы акопы, шырокую траншэю, там i заставалiся. Вечарам сястра Люда падоiць карову, налiвае гладыш малака — i я нясу салдатам. Малако насiлi i суседскiя хлопцы Iван, Пётр, Грыша, Васiль...".

Мiхаiл Фёдаравiч пiша, як перавозiў на лодцы нашых салдатаў на другi бераг ракi, як дапамагаў перапраўляць коней. Узгадвае i шмат iншых эпiзодаў, у тым лiку, як дапамог пераправiцца яўрэйскай сям’i — жанчыне з двума дзецьмi. "Яна давала мне 20 капеек, але я адмовiўся. Гавару: у нас не прынята браць грошы, гэта сорамна".

Калi прыйшлi немцы, па вёсцы папаўзлi чуткi, што ў Жлобiн прыгналi ваеннапалонных. Многiя жанчыны насiлi туды ежу i выкуплялi ў немцаў нашых салдатаў — за яйкi, за самагонку. Чужых людзей называлi сваякамi i забiралi — у пачатку вайны гэта ўдавалася рабiць. Праз вёску праходзiлi i акружэнцы, iм таксама дапамагалi, хавалi ад немцаў".

Пры акупацыi жылося надзвычай цяжка. "Немцы хадзiлi па хатах, патрабавалi: "Матка, яйка!" — i клалi "здабычу" ў ранец ззаду... Пра тое, што адбываецца на фронце, нiхто не ведаў. Немцы гаварылi: "Масква — капут!" Адзiн немец (вясёлы, гаваркi) расказваў, што ў Германii вучыць дзяцей у школе. Праз нейкi час я ўбачыў, што Ота (так яго звалi) плача — проста ровам раве. Аказалася, яго брат лётчык загiнуў пад Масквой. Так мы даведалiся, што вайна не скончана".

Мiхаiл Маркаўцоў успамiнае, як зiмой 1941—1942 гадоў немцы хадзiлi па хатах i забiралi ўсе кажухi... Як наладжвалi аблавы i хапалi моладзь для адпраўкi ў Германiю... Як аднавяскоўцы, у тым лiку i яго дзядзька Амелька, iшлi ў партызаны... Як гiнулi...

"1943 год быў цяжкi i небяспечны для вёскi Праскурнi. Немцы ладзiлi абарону ўздоўж Дняпра... Людзей прымушалi перад коньмi цягаць бароны, каб правяраць, цi не замiнiраваны палi i дарогi".

...Мiхаiл Маркаўцоў разам з сястрой Людай апынуўся ў лагеры смерцi "Азарычы": холад, голад, смерць...

"Калi нас вызвалiлi, накiравалi ў Хойнiкi на каранцiн. Мы хварэлi на тыф. У сястры было ўскладненне, эпiлепсiя, яна памерла. Калi трапiў у родную вёску Праскурнi... Вёскi няма, хата спалена. Мяне, аслабленага, падабралi ваенныя i перадалi ў дзiцячы дом. Мой ложак стаяў побач з ложкам Валiка — у яго на нагах усе пальцы абмарожаны, толькi косткi чорныя засталiся: ён быў у канцлагеры..."

Свой лiст у рэдакцыю Мiхаiл Фёдаравiч заканчвае словамi: "Вось такое жыццё".

Я ўдакладнiла: да вайны ў вёсцы Праскурнi Жлобiнскага раёна Гомельскай вобласцi было 220 двароў, 847 жыхароў. Нямецка-фашысцкiя захопнiкi ў студзенi 1944 года знiшчылi 216 хат, загубiлi 230 жыццяў... Вёска Праскурнi значыцца ў ДМК "Хатынь" сярод адроджаных вёсак.

Агляд пiсьмаў падрыхтавала

Таццяна ПАДАЛЯК.

 

 

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У рэдакцыю працягваюць паступаць пiсьмы-ўспамiны пра Вялiкую Айчынную вайну Нашы чытачы пiшуць пра тое, што немагчыма забыць i праз дзесяцiгоддзi, шт
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика