21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

"СОСНЫ", ПРЫПЯЦЬ... НАФТАЛАН — вось такі бліжэйшы план

26.08.2009 10:22 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

"СОСНЫ", ПРЫПЯЦЬ... НАФТАЛАН — вось такі бліжэйшы план

Да нядаўняга часу ўсе, хто не працаваў на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе, маглі толькі зайздросціць тутэйшаму калектыву. Справа, вядома ж, не ў рабоце — яна якраз ва ўсіх цяжкая, а вось такіх магчымасцяў для аднаўлення фізічнага і псіхалагічнага стану ўсім нам — не мазырскім нафтавікам — трэба было пашукаць. Але ж з нядаўняга часу любы можа далучыцца да ліку шчасліўцаў — набыць пуцёўку ў ведамасны санаторый "Сосны", што за 25 кіламетраў ад Мазыра, на неверагодна прыгожым крутым беразе паўнаводнай ракі Прыпяць. Адзінае, у чым завадчане па-ранейшаму выйграюць, дык гэта ў магчымасці атрымання працэдур без адрыву ад вытворчасці. Сеў пасля работы ў аўтобус, — 15 хвілін, — і ты ўжо перамагаеш наступствы шкоднай вытворчасці.

Асабістая зацікаўленасць

...У мяне асабіста было некалькі прычын наведаць санаторый "Сосны". Па-першае, даўнавата не ступала мая нага на парог падобных айчынных устаноў. Па-другое, хацелася параўнаць адну рэч. Справа ў тым, што пару гадоў таму мне давялося скарыстацца паслугамі аднаго ўкраінскага санаторыя, размешчанага ў горадзе Сакі. Падарожжа ў гэты невялікі населены пункт Крыма прадвызначыла прымяненне ў тамтэйшых санаторных установах лячэбных сакскіх гразяў. Адразу заўважу, што лячэнне было сапраўды эфектыўным, паколькі пакідала я той Сакі ўжо без захворвання, з якім прыехала. І тут сёлета я высвятляю, што мазырскі санаторый “Сосны” таксама “валодае” тымі сакскімі гразямі, якія завозяцца з краіны-суседкі. Аказваецца, цяпер выпрабаваць на сабе лекавую сілу прыродных рэсурсаў горада Сакі можна і не пакідаючы тэрыторыю сваёй краіны (тым больш, што Сакі размешчаны не на Чорным моры, дый калі б і так, то спалучаць гразелячэнне з марскім купаннем усё роўна не рэкамендуецца).

Па-трэцяе, мне хацелася высветліць, наколькі сур’ёзна можна ставіцца да аздараўлення ў Гомельскай вобласці.

І, нарэшце, як можна было адмовіць сабе ў магчымасці наведаць сярод працоўных будняў куток прыроды (а тым больш, упусціць шанц выпрабаваць на сабе санаторную саўну з басейнам!..)?

Можна і сям’ёй

...Спускаюся па лесвіцы, якую так і напрошваецца назваць "пацёмкінскай" — гэткая яна доўгая. Манатоннасць руху па ёй кампенсуецца, праўда, неверагоднай прыгажосцю пейзажу, які адкрываецца, калі з апошняй лесвічнай прыступкі адразу трапляеш у драўляную альтанку. Вось адсюль, з гэтага сціплага збудавання бачна тое, дзеля чаго з такім задавальненнем пакідаеш агрэсіўны горад — мірная прырода. Родная, такая зразумелая... Нерухомая гладзь Прыпяці, багаты расліннасцю бераг... Плывуць ватныя аблокі, спаборнічаюць у спевах птушкі... Подых свежага ветру, здаецца, нараджае нюхальную галюцынацыю — адчуваецца яскравы водар суніц. Моцны, цёплы, прыміральны. Нос пачынае нервова варушыцца — няўжо сапраўды здаецца? Перагінаюся цераз "борт" альтанкі, і адтуль, зверху, спрабую адшукаць вачыма знаёмыя лісцікі і ягады. Вось яны, чырвоненькія прыгажунькі...

— Добры дзень! — чую за спінай незнаёмы голас.

— Добры! — рэзка прымаю я вертыкальнае становішча і паварочваюся на гук. Перада мной — першы аб’ект для знаёмства. 32-гадовы Анатоль ўжо другі раз прыязджае ў санаторый "Сосны" з жонкай і 7-гадовым сынам. Сям’я Анатоля жыве ў Мазыры, сам ён — майстар рамонтна-механічнай вытворчасці на нафтаперапрацоўчым заводзе. У "Соснах" — сына падлечваюць дый проста адпачываюць сям’ёй.

— Пакуль сын на працэдурах, вы, значыць, па рыбу на Прыпяць, — здагадалася па рыбалоўных прыладах я.

— А сын не вельмі і схільны да гэтага занятку. У яго тут свае інтарэсы: футбол, новыя сябры...

Я добра разумею малога. Мне таксама падабаюцца, напрыклад, новыя сябры. Ахвотна іду насустрач чарговаму знаёмству. На гэты раз з двума мужчынамі адразу. Яны сядзяць на лаўцы перад будынкам санаторыя, чакаюць абеду і з прыязнасцю разглядаюць, як я набліжаюся да іх.

Замест аперацыі

...Анатоль Васільевіч тут ужо другі раз. Яму — 61, і ён пакутуе ад досыць жорсткага захворвання — паражэння спіннога мозгу, якое суправаджаецца моцным напружаннем у мышцах, прыкладна як падчас сутаргі. Толькі звычайныя сутаргі, на шчасце, праходзяць, а тут — пастаянны боль. Аперыраваць яго адмовіліся, "прапісалі" лекавую тэрапію і фізіяпрацэдуры. Сюды Анатоля Васільевіча літаральна на руках прывезлі блізкія, а цяпер, праз колькі дзён знаходжання ў санаторыі, ён ходзіць, хоць і з кавенькай. Яму праводзяць лячэнне з дапамогай электрамагнітнага выпраменьвання надзвычай высокай частаты на лячэбна-дыягнастычным апаратна-праграмным комплексе ЛЭДЗІС-2К, які таксама дазваляе праводзіць электрапунктурную дыягностыку па метадзе Накатані. Лячэбная частата пры мікрахвалевай рэзананснай тэрапіі падбіраецца для кожнага пацыента індывідуальна. Укараненне гэтага метаду лячэння дазваляе лячыць захворванні апорна-рухальнага апарата, нырак, скуры, гінекалагічныя і ўралагічныя хваробы.

Праверка "казкі"

...Міхаілу Якаўлевічу — 70. Ён з Гомеля. Кажа, што даўно не быў у аздараўленчых установах, і яму здаецца, нібыта трапіў у казку (так і сказаў). І персанал яму падабаецца, і харчаванне, і трэнажорная зала, і асабліва — падводны масаж у басейне. Дык і не перабольшыў жа — я ўсё праверыла...

Харчаванне, напрыклад. Пакаштавала ўсё, чым частавалі ў дзень майго знаходжання тутэйшых "пастаяльцаў".

— Меню распрацоўваецца на два тыдні, — расказвае, пакуль я ператраўліваю, загадчыца вытворчасці харчовага блока Ірына ПІНАЕВА. — Безумоўна, прадугледжаны дыетычныя стравы, прыгатаваныя на пары, запечаныя. Гэтак гатуюцца і птушка, і мяса, і рыба, і гародніна. Супы — бульбяны, гарохавы, локшына з грыбамі і птушкай, расольнік, боршч, зацірка малочная... Прадукты завозяцца фактычна штодня, таму ў нас усё свежае, карыснае, ашчаднае для страўніка. Стравы, галоўным чынам, традыцыйныя, але ёсць і фірменныя — філе птушкі, запечанае з грыбамі і гароднінай, блінчыкі з макам. Філе запечанай птушкі можна наступным чынам прыгатаваць у хатніх умовах. Сырое філе адбіць, пасаліць, паперчыць, зверху выкласці цыбулю з морквай, змазаць усё маянэзам, пасыпаць сырам і запякаць да гатоўнасці... Смачна есці! А ўсіх, хто стаміўся стаяць ля пліты, запрашаем да нас...

Пасля смачнага сталавання цяжкавата прымусіць сябе да агляду трэнажорнай залы, але для чыстаты эксперыменту давялося змусіць сябе. Зала, я вам скажу, — мара любога аматара фітнэсу, ці лепей сказаць так: усе трэнажоры, якія павінны быць у падобных памяшканнях, тут ёсць. На ўсе групы мышцаў. Іншая справа, што ў межах санаторыя ў іх — дадатковая нагрузка. Трэнажоры можна выкарыстоўваць як метад лячэння — пры пэўных сардэчна-сасудзістых хваробах, траўмах. Гэта ўжо будзе не фітнэс, а кінезатэрапія.

Дарэчы, адна аматарка гэтага "жалеза", жанчына ў росквіце гадоў — у хуткім часе будзе святкаваць 75-годдзе — неяк паскардзілася інструктару на непрыемныя адчуванні ў спіне, маўляў, як бы ўмацаваць ды выпраміць пазваночнік? Спецыяліст параіла ёй досыць бяскрыўдны агрэгат. Жанчына з першых заняткаў зразумела, чаго ёй так не хапала для сапраўднага росквіту.

Паводле слоў Веры ЖАНЖЭЎСКАЙ, інструктара-метадыста, якая гаспадарыць не толькі ў зале з трэнажорамі, але і ў кабінеце лячэбнай фізкультуры, вышэйпамянёныя тэрыторыі аздараўлення прыстасаваны як для дарослых, так і для дзяцей. І падабаюцца такія заняткі і адным, і другім. "Хіба можна дома размясціць каля сарака трэнажораў? — разважае інструктар. — Дый з асновамі лячэбнай фізкультуры нехта спачатку павінен азнаёміць... А далучыцца да гэтага віду тэрапіі ніколі не позна. Заклікаю пачаць наступны свой ранак з самага простага і карыснага практыкавання для той жа спіны. Лежачы на падлозе, сагніце ногі ў каленях, павярніце ніжнюю частку тулава спачатку направа, потым налева...".

Што датычыцца гідрамасажу, то гэта, як высветлілася, не адзіная прыемная водная працэдура. Акрамя ўласна басейна, саўны і лазні ёсць і розныя віды душаў — Шарко, цыркулярны, узыходзячы, ванны – жамчужныя, хвойна-валяр’янавыя, ёда-бромныя, мінеральныя...

Дарэчы, спадарыня Жанжэўская — яшчэ і арганізатар культурна-масавых мерапрыемстваў. І арганізатар — выдатны, паколькі нястачы ў шматлікіх экскурсіях па Мазыры і Мазырскім раёне, спектаклях для дзяцей і дарослых, канцэртах, дыскатэках, ніхто не адчувае. Дадайце сюды літаральна ўсімі любімыя більярд, настольны і вялікі тэніс, бар і бібліятэку з рознапланавай літаратурай і прыкладна дваццаццю перыядычнымі выданнямі, і вы ўжо зразумееце, што такое класіка адпачынку і аздараўлення ў айчынным санаторыі.

Унікальная "мінералка"

...У санаторыі здабываецца і прымяняецца мінеральная вада двух відаў, расказала намеснік галоўнага ўрача па лячэбнай частцы Ала ПУНЬКО. Аналагі гэтай вады ёсць толькі ў Расіі і Германіі. Першая свідравіна глыбінёй 600 м выводзіць на паверхню хларыдна-натрыевыя мінералізаваныя расолы, у складзе якіх ёсць хлор, натрый, калій, кальцый, магній, амоній, сульфаты, гідракарбанаты. Выкарыстоўваецца такая вада для вонкавага ўжывання пры захворваннях сардэчна-сасудзістай сістэмы, апорна-рухальнага апарата, гінекалагічных, скурных хваробах — псарыязе, экзэме, нейрадэрміце, для паляпшэння абменных працэсаў і нават заспакойвання, паколькі канцэнтраваныя солі мінеральнай вады нібыта “выцягваюць” з арганізма ўсё шкоднае, і пацыент адчувае неверагодную палёгку пасля прыняцця такой ванны.

Другая свідравіна, глыбінёй 400 м, дазваляе атрымаць гідракарбанатна-хларыдна-натрыевыя воды з павышаным утрыманнем гумінавых кіслот, а таксама натрыю, калію, амонію, кальцыю, магнію, хлору, сульфатаў, гідракарбанатаў. Такая вада адносіцца да ліку лячэбна-сталовай і выкарыстоўваецца для ўнутранага ўжывання пры хваробах страўніка, печані, нырак, кішэчніка, жоўце- і мочавыводзячых шляхоў. За кошт гумінавых кіслот вада мае нязвыклы карычневы колер, што здзіўляе, аднак той факт, што гумінавыя рэчывы ўзмацняюць карыснае ўздзеянне асноўных кампанентаў мінеральнай вады, прымушае з большай ахвотай ужываць яе. Бліжэйшым аналагам гэтай вады з’яўляецца "Нафтуся", што на курорце Трускавец.

Гумінавыя рэчывы хутка ўсмоктваюцца ў кроў, у выніку чаго ўзмацняецца ўтварэнне мачы ў нырках, здымаюцца спазмы мачавога пухіра, адбываецца больш хуткае выдаленне мачы з арганізма, а, значыць, і таксічных рэчываў. Акрамя таго, вымываецца пясок, дробныя камяні, мікробы з нырак і мочавыводзячых шляхоў. Вада дапамагае і клеткам печані выдаліць таксіны з арганізма, узмацняе выпрацоўку ў кішэчніку нармальнай мікрафлоры, што прыводзіць да пазбаўлення ад дысбактэрыёзу і павышэння імунітэту.

Адным словам, цуда-вада санаторыя "Сосны" — самы што ні на ёсць прыродны біястымулятар, які спрыяе зажыўленню звонку і ўнутры — лечыць як вонкавыя раны ды апёкі, так і язву з гастрытамі.

Знайсці сваё

...У фітабары за шклянкай травянога чаю (асабіста я выбрала вітамінны збор – плады шыпшыны, рабіны, ароніі, глогу, лісце маліны, суніцы, крапівы, парэчкі, парасткі чарніцы, корань салодкі і корань лапчаткі) стала сведкам цікавай гутаркі. Аб чым, думаю, могуць размаўляць мужчыны за шклянкай гатаванай травы? Няўжо як і жанчыны — пра балячкі? Аказалася, што і так, і не зусім так.

Іван Іванавіч (назавём аднаго з іх так) кажа:

— Вось я ў цябе, Сан Саныч (назавём другога такім імем), пазаўчора ўсе партыі ў більярд выйграў... А ты, думаў, з чаго б гэта?

— Скуль я ведаю?

— От то ж, а справа ў тым, што ў той дзень я да сваёй прыгажуні хадзіў...

— ?..

— Ну, да сасны... Вынайшаў адну, здаецца, самую лекавую... Скінуў сандалеты, стаў побач, абхапіў рукамі, заплюшчыў вочы. І, ведаеш, ажно фізічна адчуў моц дрэва — моц каранёў, вышыню макушкі... Дый "харчуецца" яна той жа самай мінеральнай вадой... Пастаяў так колькі хвілін, і далібог, перакананы, што толькі па той прычыне абыграў цябе... І ў парылку больш за цябе заходзіў, і наогул спаў як даўно не спаў...

— Пра энергію дрэў я даўно ведаю, — адгукнуўся Сан Саныч. — Праўда, я, Іванавіч, іншае чытаў. Нібыта, аддаюць энергію толькі дуб ды бяроза...

Асабіста я, напрыклад, чула, што ў кожнага чалавека ёсць "сваё" дрэва, якое і дзеліцца з ім энергіяй. Аднак вырашыла паслухацца Сан Саныча. Прызнацца, бяроз ля санаторыя — адна-дзве ды аблічыўся, дубок — наогул адзін, і той, мяркуючы па “таліі”, малады зусім. Тым не менш, выпрабоўваць ёсць на чым. Выбрала дуб. Падумала, што жанчыне лепей з дрэвам мужчынскага "полу" справу мець. Скінула туфлі, стала перад дрэвам і абняла з такой любоўю... Спала я гэтай ноччу — проста як у вёсцы ў бабулі. Хоць, можа, і нумар мой паспрыяў таму — “люкс” усё ж такі...

Хворы гразь нойдзе

...Фіта-чаі — гэта цудоўна. Але наўрад ці імі каго-небудзь здзівіш. Няма санаторыя, дзе б іх не было. Іншая справа — мая сакская, глеевая, сульфідная, гразь, якая тут захоўваецца ў спецыяльных ёмістасцях. Паказалі мне тыя ёмістасці — ох, пазнаю знаёмы серавадародны водар! Чорная, пахкая, дужа лекавая...

Калі хто бываў у крымскіх Саках, то чуў не адну легендарную гісторыю пра тамтэйшае салёнае возера, са дна якога яны і здабываюцца. І вада з гэтага возера, і гразь валодаюць настолькі актыўным уздзеяннем, што мясцовыя санаторыі круглы год запоўнены пацыентамі з самымі рознымі паталогіямі — перш-наперш апорна-рухальнага апарата, па гінекалогіі і ўралогіі. Што да апошняй, то лячэнне пэўных мужчынскіх праблем, відаць, сапраўды, эфектыўнае: да паездкі ў Сакі мне, здаецца, ніколі не выпадала перазнаёміцца з такой колькасцю мужчын... Нідзе больш не пабачыш і такой неверагоднай колькасці інвалідаў-калясачнікаў. Як сказала мне адна дзяўчына на калясцы, я не спадзяюся на поспех лячэння, я ў яго веру, я ў ім упэўнена. І прыязджае ў санаторый штогод. Нягледзячы на сур’ёзныя праблемы са здароўем, яна замужам, нарадзіла дзіця...

Адным словам, навошта ехаць за тысячы вёрст па сакскія гразі, калі яны самі прыязджаюць у мазырскі санаторый?

— Яшчэ адна ўнікальная крыніца здароўя — нафталан, — тлумачыць галоўны ўрач санаторыя Васіль ЖОГЛА. — Нафталанская нафта — сумесь вуглевадародаў, нафтэнавых кіслот і асфальтэнаў — выкарыстоўваецца толькі ў двух санаторыях краіны — нашым і санаторыі "Сонечны бераг", што ў Рэчыцы. Завозіцца з Азербайджана, прымяняецца для лячэння хранічных поліартрытаў, астэахандрозу пазваночніка, паяснічна-крыжавых радыкулітаў, наступстваў траўматычнага пашкоджання касцей, мышцаў, скурных хваробаў — псарыязу, экзэмы, дэрматытаў... Сакская гразь — больш моцнага ўздзеяння, і таму проціпаказана пры некаторых хранічных хваробах, а нафталан — больш ашчадны, мяккага ўздзеяння, добра падыходзіць для людзей сталага ўзросту...

З нафты атрымліваюць і азакерыт, які ўтрымлівае шмат высокамалекулярных вуглевадародаў, мінеральнага і эфірнага алею, смол. Азакерыт паказаны пры астэахандрозе, хваробах рухальнага апарата, страўнікава-кішачнага тракта і дыхальнай сістэмы...

Стымуляцыя гармонаў шчасця

...У бліжэйшы час пачне работу кабінет лазарнай тэрапіі. Лазар уздзейнічае на пэўныя кропкі і зоны арганізма, шырока прымяняецца для лячэння суставаў і пазваночніка, дыхальнай і сардэчна-сасудзістай сістэм.

З таго, што ўжо ёсць у санаторыі і што нельга абмінуць увагай, дык гэта салявы пакой, дзе падтрымліваецца пастаянная канцэнтрацыя солі, дзякуючы чаму можна прафілактаваць хваробы органаў дыхання, частыя прастуды.

Апарат транскраніяльнай электрычнай стымуляцыі галаўнога мозга — распрацоўка расійскіх вучоных — дазваляе перамагаць некалькі дзесяткаў хваробаў. Апарат стымулюе тыя ўчасткі мозга, што адказваюць за вылучэнне эндарфінаў, так званых гармонаў шчасця. Ад васьмі да дзесяці працэдур, падчас якіх вы не проста не адчуваеце нічога непрыемнага, але пагружаецеся ў глыбокі "дзіцячы" сон, гарантуюць добры настрой, паляпшэнне сну, знікненне боляў рознай лакалізацыі, нармалізацыю артэрыяльнага ціску (пры павышаным ён паніжаецца, пры паніжаным — павышаецца) амаль да чарговага вашага візіту ў санаторый у наступным годзе.

— Вы ўжо адчуваеце карысць ад гэтай працэдуры? — пытаюся тады я ў 56-гадовай Еўдакіі Сцяпанаўны, якая ўжо другі год запар прыязджае ў санаторый "Сосны".

— Сёлета ў мяне толькі чацвёртая працэдура з васьмі... — адказвае пацыентка, галаву якой пяшчотна "абдымаюць" спецыяльныя правадкі. — Але летась пасля ўсяго курса я адчула добры эфект. Тым больш, што я прымала тут комплекснае аздараўленне... Вырашыла ездзіць у гэты санаторый штогод. Хацела б часцей, але ж, баюся, не атрымаецца...

— Расійскае вынаходніцтва дапамагае не толькі палепшыць агульнае самаадчуванне, але лечыць і сур’ёзныя недамаганні — энурэзы ў дзяцей, пабочныя эфекты ў клімактэрычным перыядзе ў жанчын, добра ўздзейнічае пры алергічных праявах, — удакладняе Васіль Іванавіч.

Да хуткай сустрэчы

...Ганна Пятроўна практычна на чамаданах. "Падлечвала" апорна-рухальны апарат. Паедзе на радзіму, у Віцебскую вобласць. На нафтаперапрацоўчым у яе працуюць зяць і ўнук. Спадзяецца, што і ў наступным годзе — на свой 80-гадовы юбілей — атрымае ад блізкіх падарунак у выглядзе санаторнай пуцёўкі.

Святлана БАРЫСЕНКА,

.

 

 

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Да нядаўняга часу ўсе, хто не працаваў на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе, маглі толькі зайздросціць тутэйшаму калектыву. Справа, вядома ж, не ў
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика