Лёд крануўся: Вялiкая Еўрапейская вайна не будзе забытая!
Лёд крануўся: Вялiкая Еўрапейская вайна не будзе забытая!
Не толькi на старонках газет, але i ў высокiх кабiнетах загаварылi пра гэтую забытую вайну — Вялiкую Еўрапейскую, як называлi яе сучаснiкi, цi iмперыялiстычную, як абзывалi наступнiкi, цi Першую сусветную, як прывыклi мы. Крытычныя артыкулы, вострыя пытаннi, што заставалiся без адказаў, мары i памкненнi энтузiястаў разварушылi-такi грамадства, i лёд крануўся — у мiнулую пятнiцу тэма Першай сусветнай вайны абмяркоўвалася на Камiсii па iмплементацыi мiжнароднага гуманiтарнага права пры Савеце Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь. А гэта ўжо сур’ёзны ўзровень, якi прадугледжвае не пустую гаварыльню, а рэальныя крокi. Камiсiя па iмплементацыi мiжнароднага гуманiтарнага права дзейнiчае ў нашай рэспублiцы з 1997 года i займаецца вырашэннем спектра праблем, звязаных з рэалiзацыяй мiжнародных абавязацельстваў, якiя прапiсаны ў Жэнеўскай канвенцыi, Дадатковых пратаколах да яе i iншых мiжнародных дамоў у сферы аховы ахвяраў узброеных канфлiктаў. На апошнiм пасяджэннi камiсii ўшчыльную падабралiся да тэмы ўвекавечання памяцi абаронцаў Айчыны i ахвяраў войнаў, амаль 3 гадзiны абмяркоўвалi сучасны стан рэчаў у гэтай сферы i прынялi шэраг рашэнняў, якiя, будзем спадзявацца, стануць пачаткам пераасэнсавання ролi Першай сусветнай у гiсторыi нашай краiны. Дык пра што пачалi гаварыць высокiя чыноўнiкi?1. Пра вайсковыя пахаваннi Столькi войнаў, колькi прайшло па тэрыторыi Беларусi, вiдаць, болей нiдзе няма. І натуральна, што падчас баявых дзеянняў маладыя хлопцы, забiтыя цi то шабляй, цi то куляй, цi то снарадам, адпраўлялiся на вечны прытулак у нашу зямельку. Вайсковых пахаванняў у нас — не злiчыць! Магiла любога салдата з’яўляецца напамiнам нашчадкам пра жахi вайны. Ды вось толькi на рынках ды ў Iнтэрнэце продаж вайсковых рэлiквiй i атрыбутыкi мiнулых войнаў не сцiхае, а наадварот, актывiзуецца. Хоць вось ужо 64 гады ваенных дзеянняў на Беларусi, цьфу-цьфу, не было. Адкуль выплываюць на рынкi вайсковыя каскi, жэтоны, узнагароды? Большай часткай з зямлi, з вайсковых могiлак. А гэта супрацьзаконна: i ў Крымiнальным, i ў Адмiнiстрацыйным кодэксах ёсць шэраг артыкулаў, па якiх чорны капальнiк можа як атрымаць штраф, так i пазбавiцца волi да пяцi гадоў... Ды толькi як яго злавiць? Паводле звестак мiлiцыi, якiя прагучалi на пасяджэннi Камiсii, за мiнулы год да крымiнальнай адказнасцi было прыцягнута толькi 7 чалавек, да адмiнiстрацыйнай — 8! I гэта па ўсёй краiне! Вiдавочна, што з такiм становiшчам нешта трэба рабiць. Таму вырашана паспрабаваць актуалiзаваць нормы, прапiсаныя ў пастанове Саўмiна "Аб увекавечаннi памяцi абаронцаў Айчыны i ахвяраў войнаў", бо яна была прынята ў далёкiм 1992 годзе i часткова састарэла. А таксама рэкамендаваць падраздзяленням Мiнiстэрства ўнутраных спраў актывiзаваць працу па прадухiленнi апаганьвання вайсковых могiлак i помнiкаў, стварыць сiстэму кантролю за месцамi рэалiзацыi вайсковых рэлiквiй i сумесна з iншымi мiнiстэрствамi разгледзець пытанне па ўзмацненнi жорсткасцi мераў адмiнiстрацыйнай адказнасцi (калi Крымiнальны кодэкс прадугледжвае пакараннi сур’ёзныя, то Адмiнiстрацыйны — "дзiцячыя" штрафы — да 13 базавых велiчынь пры ў разы большых даходах капальнiкаў). Асобным пунктам вынесена рэкамендацыя мясцовым выканаўчым i распарадчым органам нарэшце падлiчыць усе вайсковыя пахаваннi, добраўпарадкаваць закiнутыя i правесцi сярод насельнiцтва лiкбезы на тэму паважлiвых адносiнаў да гэтых аб’ектаў. 2. Пра пахаваннi Першай сусветнай Так склаўся лёс, што забылiся мы за Савецкай уладай пра Першую сусветную вайну, а значыць i пра пахаваннi гэтай вайны. Па афiцыйных звестках, сёння на ўлiку стаiць толькi 55 вайсковых могiлак тых часоў, з iх усяго 4 унесены ў дзяржаўны спiс гiсторыка-культурных каштоўнасцяў... Астатнiя проста забытыя, а значыць, за iх нiхто адказнасцi не нясе. А такiх аб’ектаў нямала: па даных фатографа i гiсторыка-энтузiяста Ўладзiмiра Багданава (iнтэрв’ю з iм чытайце ў блiжэйшых нумарах "Звязды"), на Беларусi з больш за 200 могiлак Першай сусветнай (гэта толькi тыя, якiя ён змог адшукаць), каля 100 з iх знаходзяцца ў больш-менш дагледжаным стане, астатнiя — пад пагрозай поўнага знiшчэння. У адпаведнасцi з заканадаўствам Беларусi, кожнае вайсковае пахаванне (не важна, якой вайны — Вялiкай Айчыннай цi яшчэ з Тэўтонскiм ордэнам) павiнна мець свой пашпарт i ўсталяваны дзяржаўны знак. Адказнасць за ўлiк i догляд ляжыць на мясцовых выканкамах. Таму той факт, што афiцыйна могiлак Першай сусветнай вайны толькi 55, з лагiчнага пункту гледжання цалкам зразумелы — "пахаванне на ўлiку не стаiць, а значыць мы за яго не адказваем". Каму з мясцовых уладаў патрэбны лiшнi галаўны боль? Iснуе i цiкавая адгаворка: маўляў, "пашпарт на закiнутыя могiлкi мы, безумоўна, можам скласцi i паставiць iх на ўлiк, але там трэба фотакартка. А фатаграфаваць пахаваннi ў непрывабным стане — сорамна. Трэба добраўпарадкаваць. А потым ужо i знак ставiць. А дзе ў мясцовым бюджэце грошай на ўсё набярэшся? Таму ўсё зробiм, але паступова...". Ну што ж, будзем спадзявацца, што могiлкi дачакаюцца тых грошай, а не знiкнуць з твару зямлi... Дарэчы, кажуць, у Польшчы проста трава на могiлках пакошана — вось ужо i прывабны стан. На пасяджэннi Камiсii спiс могiлак Першай сусветнай, якi амаль у чатыры разы большы за афiцыйныя звесткi, быў перададзены прадстаўнiку Мiнiстэрства абароны, а Мiнiстэрства юстыцыi ўзяло на сябе абавязкi выявiць у архiвах Беларусi ўсе магчымыя дакументы, звязаныя з Першай сусветнай вайной, а таксама да 11 лiстапада, да юбiлею 90-годдзя заканчэння гэтай вайны, правесцi выставу "Апошняя вайна Расiйскай iмперыi ў дакументах беларускiх архiваў". 3. Пра Старажоўку Нарэшце канчаткова вызначыўся i далейшы лёс тэрыторыi былых брацкiх могiлак у раёне вулiцы Чарвякова ў Мiнску. (Нагадаем чытачам, што там падчас Першай сусветнай хавалi памерлых у мiнскiм шпiталi, а ў савецкiя часы могiлкi былi зруйнаваныя i на iх месцы часткова пабудаваныя жылыя дамы.) Ужо лiтаральна праз некалькi дзён тэрыторыя пусткi, дзе была частка могiлак, будзе абгароджаная часовым плотам i там пачнуцца работы па добраўпарадкаваннi: будзе створаны мемарыяльны сквер з помнiкам-сiмвалам у цэнтры. Што гэта будзе за сiмвал — пакуль невядома, яго будуць распрацоўваць пазней з шырокiм абмеркаваннем у грамадстве. Цепласеткi, работы на якiх у пачатку чэрвеня выклiкалi абурэнне ў насельнiцтва, вырашана часткова заглушыць, а часткова, уздоўж вулiцы Чарвякова, рэканструяваць, бо побач — жылыя дамы, якiх пазбаўляць камунiкацый нельга. Аднак прадстаўнiкi Мiнгарвыканкама абяцаюць праводзiць усе будаўнiчыя работы па мемарыялiзацыi былых вайсковых могiлак з мiнiмальным паглыбленнем у зямлю, каб не турбаваць косткi пахаваных там салдатаў. Нават асфальт, якiм часткова пакрыта пустка, не будзе здымацца: паверх яго проста насыплюць зямлi i зробяць акуратныя газоны. Каб з’яўленне спецыяльнай тэхнiкi не выклiкала новага негатыўнага рэзанансу ў грамадстве, акрамя пашпарта будаўнiчага аб’екта абяцаюць павесiць шыльду з гiсторыяй былых брацкiх могiлак i апiсаннем планаў па iх добраўпарадкаваннi. Як бачыце, справа сапраўды зрушылася з мёртвай кропкi. Згадзiцеся, адна справа, калi пра праблемы ўшанавання ахвяраў Першай сусветнай ды iншых войнаў размаўляе газета са сваiмi чытачамi, а зусiм iншая — калi гэтыя праблемы абмяркоўваюць людзi, што маюць уладу. На сёння вынiкамi пасяджэння Камiсii па iмплементацыi мiжнароднага гуманiтарнага права мы маем толькi рашэннi, зафiксаваныя ў пратаколе, якiя носяць рэкамендацыйны характар для ўсiх iншых органаў дзяржкiравання. Але далей Камiсiя мае права звяртацца ў Савет Мiнiстраў, а адтуль ужо будуць iсцi не рэкамендацыi, а ўказаннi, абавязковыя для выканання. Што ж, да восенi, калi ва ўсiм свеце будзе адзначацца 90-годдзе завяршэння Першай сусветнай, мы яшчэ маем час, каб навярстаць упушчанае i падысцi да юбiлею як цывiлiзаваная еўрапейская краiна з паважлiвым стаўленнем да сваёй уласнай гiсторыi. Павел БЕРАСНЕЎ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Не толькi на старонках газет, але i ў высокiх кабiнетах загаварылi пра гэтую забытую вайну — Вялiкую Еўрапейскую, як называлi яе сучаснiкi, цi iмперыя |
|