Беларусь прырастае лесам
Беларусь прырастае лесам
Мiнлясгас плануе перааснасцiць сваю галiну да 2011 года, згодна з прынятай праграмай, паведамiў учора на пасяджэннi Прэзiдыума Савета Мiнiстраў мiнiстр лясной гаспадаркi Пётр Сямашка, адказваючы на пытанне прэм’ер-мiнiстра Беларусi Сяргея Сiдорскага наконт тэрмiнаў мадэрнiзацыi галiны. Пры гэтым мiнiстр адзначыў, што адведзены на гэта параўнальна доўгi час тлумачыцца вялiкiм аб’ёмам працы, якую неабходна выканаць. Пётр Сямашка, якi на пасяджэннi трымаў справаздачу па выкананнi даручэнняў кiраўнiка дзяржавы наконт павышэння эфектыўнасцi працы лясной гаспадаркi, у прыватнасцi, падкрэслiў, што ў галiне рэалiзуецца комплекс мераў, накiраваных на паляпшэнне якасных паказчыкаў лясоў. Акрамя таго, мiнiстэрства прымае шэраг захадаў па павышэннi прадукцыйнасцi лясоў i павелiчэннi эфектыўнасцi выкарыстання драўляных рэсурсаў. Так, летась плошча земляў, якiя пакрыты лесам, павялiчылася ў параўнаннi з пазамiнулым годам на 79,2 тысячы гектараў. Агульны запас драўнiны на коранi ўзрос на 63,3 мiльёна кубаметраў, у тым лiку запас драўнiны ў спелых насаджэннях на 15 мiльёнаў кубоў. На 30 працэнтаў павялiчылiся летась i аб’ёмы лесаўпарадкавальных работ, а вось урон, што быў нанесены ляснымi пажарамi, зменшыўся ў 4,5 раза. Распавядаючы пра планы, мiнiстр паведамiў, што сёлета будзе рэалiзавана 7 праектаў, якія ўключаны ў дзяржаўную праграму iнавацыйнага развiцця. Два праекты — стварэнне пелетных вытворчасцяў у Стаўбцоўскiм i Жыткавiцкiм лясгасах — ужо завершаны ў першым квартале. Астатнiя прадугледжваюць арганiзацыю вытворчасцяў па выпуску пiламатэрыялаў i паганажных вырабаў, а iх пуск намечаны на снежань гэтага года. Да таго ж у лясной гаспадарцы па галiновай iнвестыцыйнай праграме рэалiзуецца 20 праектаў. Мiж iншым, як адзначыў Пётр Сямашка, летась у параўнаннi з 2006 годам аб’ём iнвестыцый у асноўны капiтал у галiне павялiчыўся на 37,4 мiльярда рублёў — да 80 мiльярдаў, а сёлета плануецца нарасцiць iх аб’ём не менш як на 40 працэнтаў. Выконваючы даручэннi Прэзiдэнта, у мiнiстэрстве ўдасканальваюць i механiзм рэалiзацыi драўнiны. Напрыклад, у наступным годзе праз бiржавыя таргi будзе рэалiзоўвацца ўжо 83 працэнты дзелавой драўнiны, астатняя ж пойдзе насельнiцтву, якое мае патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў, аблвыканкамам, Мiнабароны, МУС, Кiраўнiцтву справамi Прэзiдэнта, Мiн- адукацыi i Нацыянальнай акадэмii навук не для камерцыйных мэтаў. Як лiчыць мiнiстр, выдзяленне дзелавой драўнiны для гэтых катэгорый дазволiць забяспечыць сацыяльныя i бюджэтныя слаi насельнiцтва. Разам з тым Пётр Сямашка адзначыў недасканаласць структуры перапрацоўкi драўнiны. Паводле яго даных, 53 працэнты дзелавой драўнiны iдзе на вытворчасць пiламатэрыялаў з невысокай дабаўленай вартасцю, i толькi 20 працэнтаў мае высокую дабаўленую вартасць. Для таго, каб выправiць сiтуацыю, прадугледжваецца стварыць плiтныя i цэлюлозна-папяровыя вытворчасцi. Спынiўшыся на iншых праблемных момантах галiны, Пётр Сямашка, у прыватнасцi, узгадаў недахопы, якiя былi выяўлены ў ходзе кантрольных мерапрыемстваў, сярод якiх — якасць высечак, прыпiскi, безгаспадарчасць. Так, напрыклад, летась было выяўлена 1831 несанкцыянаваная смеццевая звалка. Разам з тым мiнiстр паведамiў пра тое, што доля бюджэтных сродкаў на вядзенне лясной гаспадаркi знiзiлася з 51 працэнта ў 2006 годзе да 40,3 працэнта ў мiнулым. А сёлета гэты паказчык плануецца знiзiць да 35,3 працэнта. Ігар ШЧУЧЭНКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мiнлясгас плануе перааснасцiць сваю галiну да 2011 года, згодна з прынятай праграмай, паведамiў учора на пасяджэннi Прэзiдыума Савета Мiнiстраў мiнiст |
|