Першая сусветная праз аб’ектыў сучасніка
Першая сусветная праз аб’ектыў сучасніка
Добра, калi ў чалавека ёсць занятак для душы. Калi ты можаш забыцца на ўсе праблемы
будняў ды з галавой акунуцца ў яго. Вось i ў нашага сённяшняга суразмоўцы — фатографа,
журналiста, дырэктара рэкламнага агенцтва "Гальфстрым" Уладзiмiра Багданава ёсць
такое захапленне для душы: у вольны час ён разам з сябрамi вандруе па Беларусi
i спрабуе сабраць у фотавыявах усе архiтэктурныя каштоўнасцi Беларусi. У тым лiку
цiкавiцца Уладзiмiр i Першай сусветнай вайной — у яго самая багатая калекцыя фотаздымкаў
сучаснага стану абарончых i гаспадарчых збудаванняў, якiя засталiся ад Першай
сусветнай, а таксама вайсковых могiлак. Можна нават дакладна сказаць — больш нi
ў каго такой iнфармацыi няма, хоць Уладзiмiр i не мае адукацыi гiсторыка.
— Уладзiмiр, раскажыце, як жа вы "дайшлi" да такога жыцця, што паехалi фатаграфаваць
Беларусь?
— Такая задума ўзнiкла ў 2001 годзе. Быў яшчэ наiўны ў гэтым сэнсе чалавек, бо мне здалося, што за пару гадоў можна зняць усе архiтэктурныя помнiкi, якiя ёсць у Беларусi. Сёння ў мяне вялiкi фотаархiў па Беларусi — больш за 2,5 тысячы аб’ектаў. А канца гэтай працы пакуль не бачна. Да тэмы Першай сусветнай вайны прыйшоў паступова. Здымаў усе помнiкi, якiя траплялiся па дарозе, а потым неяк звярнуў увагу, што даволi шмат накапiлася бетонных аб’ектаў, могiлак... Пазней, летам 2004 года, раптам асэнсаваў, што iдзе такi юбiлей — 90-годдзе пачатку Першай сусветнай вайны. Тэма сусветнага маштабу. Глабальная катастрофа ХХ стагоддзя, з якой увогуле пачалося развiццё далейшай гiсторыi чалавецтва. А ў Беларусi гэтай тэмай чамусьцi нiхто не займаўся, адмысловай лiтаратуры не было. Звязаўся я з Нацыянальным музеем гiсторыi i культуры Беларусi i прапанаваў зрабiць фотавыставу па невядомай тэме. Яны з цiкаўнасцю да гэтага паставiлiся i прапанавалi са свайго боку выставiць фотаздымкi з фондаў музея, здымкi часоў Першай сусветнай. I мы зрабiлi рэтраспектыўна-сучасную фотавыставу, дзе былi фотаздымкi мае i калег маiх, фатографаў з тых часоў. Яна экспанавалася ў Мiнску, а цяпер недзе вандруе без мяне па Беларусi. А пасля гэтай выставы справу ўжо нельга было кiдаць. Сёння я ўжо разумею, што насамрэч у той час пра тую вайну ведаў вельмi мала, i матэрыялаў у мяне было зусiм небагата — усяго недзе пад 30 аб’ектаў. Але тады мне здавалася, што гэта шмат. А сёння ўжо ёсць недзе тры з паловай сотнi i канца-краю для даследаванняў не бачна. Паступова ў тэме Першай сусветнай вайны выкрышталiзавалася яшчэ адна тэма — вайсковыя могiлкi. Не вельмi жыццярадасная, але ж, як мне здаецца, значная. Ну сапраўды, калi так падумаць, то нiхто яшчэ не падлiчыў колькасць ахвяраў Першай сусветнай у Беларусi, хоць асноўны фронт праходзiў тут. Дзе яны засталiся, гэтыя загiнулыя салдаты? У зямлi Беларусi. Магчыма, гэта яшчэ сёння нашае грамадства не гатова асэнсаваць, што нейкiя гуманныя нормы павiнны iснаваць паўсюль у свеце. I сёння нельга забыцца на тых людзей, а там захавалiся iх iмёны, трэба калi не аднавiць, то захаваць тое, што яшчэ засталося. Такую справу нехта павiнен рабiць. I мне выпала такая магчымасць. Ну гэта насамрэч цiкава. Я ж не адзiн вандрую па Беларусi, ёсць яшчэ ў мяне калегi, у кожнага, як мы жартуем, свой "дыягназ" — адзiн па храмах спецыялiзуецца, другi па фартыфiкацыi, а я вось па могiлках вайсковых. Усе мы калекцыянеры. Сёння я збiраю вось такую, скажам, калекцыю фотаздымкаў, i, як мне здаецца, гэтае хобi, з такiм гуманiтарным падмуркам. Намi ўжо знойдзена больш за 200 могiлак Першай сусветнай вайны, хоць калi я пачынаў гэтую справу, вядома было каля 100... Ужо ўся лiтаратура вывучана на гэту тэму i цяпер у асноўным звесткi збiраем ад мясцовых жыхароў. Дзякуючы iм толькi сёлета мы знайшлi дзесятак такiх забытых могiлак — з помнiкамi, з тэкстамi на iх, з прозвiшчамi i iмёнамi. — А калi знаходзiце новы аб’ект, якi ўжо даўно-даўно нiхто не бачыў, то што адчуваеце? — Ну, перш за ўсё, задавальненне. Бо кожны новы аб’ект мае свой пошукавы лёс. Раскажу адну гiсторыю для прыкладу, якая праiлюструе, як гэта адбываецца. Прыехалi ў вёску Камаi здымаць касцёл. Сфатаграфаваў касцёл, ну й, вядома ж, з ксяндзом пазнаёмiлiся, паразмаўлялi, i ён таксама мне паказаў месца, дзе былi могiлкi ў Камаях (там, дарэчы, цяпер школьны стадыён). А потым яшчэ кажа, што ведае i другiя могiлкi, што тут непадалёк, але без яго дапамогi не знайсцi. Паехалi разам з iм ў невялiчкую вёску Лопуцi, побач з якой у непралазных зараснiках адшукалi крыж метры 4 вышынёй, з цэльнага каменю. Побач — помнiкi на магiлах нямецкiх салдатаў. А ксёндз зноў кажа: "Мне казалi, што ля суседняй вёскi Фiлiпоўцы таксама былi могiлкi, але я не ведаю дзе". Пачынаем шукаць, прыязджаем туды. Пагутарыў з дзядамi — яны кажуць, што там, дзе цяпер глухi лес, калiсьцi быў хутар, дзе у час Першай сусветнай месцiўся нямецкi вайсковы шпiталь. Дамы даўно знiклi i нават дарогу туды ў савецкi час зааралi. Так што няма там чаго шукаць — поле ды лес, нi аднаго арыенцiра няма. Мы зверылiся з картамi, глядзiм, а там сярод лесу савецкiя тапографы ў 50-я гады пазначылi могiлкi. I вось мы па спадарожнiкавай навiгацыi (GРS) iдзём праз шчыльны лес i лiтаральна праз кiламетр знаходзiм закiнутыя могiлкi, дзе стаiць помнiк, на якiм пералiчаныя ўсе падраздзяленнi вайсковыя, чые салдаты засталiся тут... Зразумела, што адчуваеш задавальненне ад таго, што ты нарэшце знайшоў аб’ект, пра якi нiхто дакладна не ведаў, i гэты аб’ект сапраўды iснуе. — А як пазначаеце знойдзеныя месцы? — Цяпер ужо знаходзiм цяжкiя аб’екты, таму ставiм адзнаку, каб па GРS iх потым можна было знайсцi ды iнфармацыю пра дакладнае месцазнаходжанне перадаць iншым органам. Сучасныя тэхналогii даюць шмат магчымасцяў. Вось некалькi тыдняў таму мы ездзiлi па Мядзельшчыне па фотаздымках з космасу, што размешчаны на сайце www.earth.google.com. I там добра бачны былыя пазiцыi, якiя не заараныя трактарамi. — Уладзiмiр, а вось як да аб’ектаў Першай сусветнай ставяцца расiйскi i нямецкi бакi, мясцовыя ўлады, насельнiцтва навакольнае? — Складанае пытанне. Што датычыцца расiйскага боку, то некалькi дзiўна не бачыць ад iх актыўных дзеянняў, бо гэта ж непасрэдна расiйская гiсторыя. Мы часта сустракалiся на канферэнцыях, семiнарах: цiснеш рукi, дамаўляешся пра сустрэчы, пра абмен iнфармацыяй, але працягу нiякага гэтыя сустрэчы не маюць... Мясцовыя адмiнiстрацыi? Вiдаць, у грамадстве яшчэ захавалася з савецкiх часоў iнэрцыйнае стаўленне да Першай сусветнай як да iмперыялiстычнай вайны. Вось так i ставяцца да яе на месцах. Ёсць шмат прыкладаў, калi мясцовая адмiнiстрацыя не хоча ведаць пра iснаванне нейкiх там могiлак. Таму што ведаць на афiцыйным узроўнi — гэта несцi нейкую адказнасць за iх. А калi ты не ведаеш, то i адказнасцi нiбыта няма. Неяк раскапалi ў Валожынскiм раёне невядомыя могiлкi, i мы звярталiся ў мiлiцыю, а ў iх "няма" такiх могiлак. Праверылi тыя, што адноўленыя непадалёк, — яны ў добрым стане. Я кажу — не тыя! А iх у мiлiцыi не ведаюць... Толькi хачу сказаць, што ёсць розныя прыклады стаўлення тых жа адмiнiстрацый. Ёсць раёны — Смаргонскi, Вiлейскi — дзе i вывучаюць гэтыя аб’екты, i даглядаюць iх. Але гэта на такiм узроўнi, што калi працуе ў мясцовай адмiнiстрацыi чалавек, якому гэта цiкава, то i стаўленне будзе адпаведнае. А калi такога чалавека няма, то пра што тады казаць... Што датычыцца мясцовага насельнiцтва, то таксама ёсць розныя прыклады. Дзе народныя традыцыi захавалiся — гуманiстычныя, рэлiгiйныя, — там людзi разумеюць, што гэта могiлкi, i даглядаюць iх незалежна ад таго, хто там пахаваны — рускiя або немцы. А дзесьцi за савецкiя гады такiя традыцыi былi страчаныя. Ды яшчэ ў савецкiя часы нарадзiлася такая iдэя, што ў гэтых могiлках ёсць нешта каштоўнае. I мясцовае насельнiцтва, у асноўным маладыя людзi, рыдлёўкi схапiлi i пайшлi капаць... Таму шмат разбураных могiлак на сумленнi мясцовых жыхароў. Нельга ўсю адказнасць ускладваць на прасунутых капальнiкаў: яны амаль што не рыюцца на гэтых могiлках, бо ведаюць, што нiчога каштоўнага там няма. А ёсць i супрацьлеглыя прыклады... Памятаю бабульку, якая ўсё жыццё даглядае могiлкi, якiя i мацi яе яшчэ даглядала. Пытаешся: "А хто там ляжыць?" — "Ой, я не ведаю нават!.. Якая рознiца, калi крыж стаiць? Як бацькi расказвалi, ён разоў пяць падаў... Паставiм назад i добра...". — Я ведаю, вы прытрымлiваецеся меркавання, што не трэба замоўчваць iнфармацыю аб могiлках ды iншых аб’ектах, бо гэта ўсё роўна не ўратуе ад "чорных капальнiкаў", хоць шмат хто са спецыялiстаў мяркуе цалкам наадварот. Чаму? — Я таксама раней так меркаваў, што калi знайшоў аб’ект, трэба схаваць гэтую iнфармацыю. Але мой досвед прымусiў змянiць такi пункт гледжання на супрацьлеглы. Бо калi могiлкi невядомыя, то нiякай адказнасцi няма, нiякага догляду афiцыйнага няма, яны безабаронныя. Капальнiкi — гэта тыя самыя краязнаўцы, што i мы, такiя ж калекцыянеры, як i мы. У iх тыя ж крынiцы iнфармацыi, што i ў нас. Яны вывучаюць лiтаратуру... Таму лiчыць, што вось я знайшоў, а яны не знойдуць — нельга. Акрамя таго, амаль усе адшуканыя могiлкi, нават якiя "не свяцiлiся", маюць сляды таго, што там рылiся. I не абавязкова прафесiйныя капальнiкi... Цалкам верагодна, што мясцовыя. Таму калi знойдзеныя могiлкi паставiць на нейкi ўлiк, даць iнфармацыю ў СМI, то яны набываюць такi афiцыйны статус. Нават калi ў раённай газеце напiсаць, што вось такiя могiлкi ёсць вось там i там, то нiхто ўжо не скажа, што ў нас няма такiх могiлак, i можна будзе спытаць: чаму ж вы не прыглядаеце за iмi? I гэта будзе нейкая такая iнфармацыйная ахова для гэтых месцаў. Трэба ставiць могiлкi на ўлiк, усталёўваць на iх знакi, каб было бачна, што яны не безгаспадарныя, што за iх пашкоджанне трэба будзе адказваць перад законам. Але давайце не будзем забываць, што акрамя могiлак ёсць яшчэ шмат цiкавых фартыфiкацыйных аб’ектаў Першай сусветнай. Яны яшчэ пастаяць, пачакаюць свайго лёсу, галоўнае iх не рушыць. Напрыклад, мне нядаўна казалi, што каля Пастаў мясцовы калгас пачаў разбураць нямецкiя блiндажы. Ну навошта гэта рабiць сёння? Цi то людзi не разумеюць, што яны з’яўляюцца гiстарычнай каштоўнасцю? Бо сумняваюся, што нейкi плён у гаспадарцы яны прынясуць... А вось магчыма, што калi б надрукавалi дзе ў газеце артыкул пра гэты фрагмент абарончай лiнii, то прачытаў бы старшыня калгаса i вырашыў, што навошта рушыць, гэта ж я магу паказваць гасцям, што ў мяне ёсць аб’ект гiстарычны.. — Уладзiмiр, а вось вы шмат аб’ектаў Першай сусветнай пабачылi... Якiя з iх можна было б выкарыстоўваць у турыстычных мэтах? — Перш за ўсё месца, дзе абарончая лiнiя былога фронту перасякае трасу Брэст—Масква, гэта на мяжы Баранавiцкага раёна. Там наогул i каплiцу паставiць можна было б...Збудаваннi нямецкiя выходзяць там амаль да шашы. Мiжнародная траса, сусветная вайна... Можна iнфармацыйны шчыт паставiць, пляцоўку спецыяльную зрабiць, каб людзi маглi спынiцца. Далей — Смаргонь i Смаргонскi раён. Вядома ж — Мядзельшчына, дзе ў сакавiку 1916-га адбылася Нарачская аперацыя — адна з самых крывавых у гiсторыi Першай сусветнай (за 10 дзён — амаль 120 тысяч ахвяраў з двух бакоў). Там якраз турысцкая зона, можна будзе добры турыстычны маршрут арганiзаваць. Зноў жа Баранавiцкi раён, якi з’яўляецца транзiтным i будзе зручным для наведвальнiкаў... Крэва! Забылiся пра Крэўскi замак, дзе наогул усё гiсторыяй насычана. А ён жа таксама два гады на самой лiнii фронту стаяў, у адной з вежаў нават бетонны блiндаж захаваўся. — I напрыканцы. Уладзiмiр, вось вы шчыльна займаецеся тэмай Першай сусветнай вайны ўжо каля 4 гадоў, скажыце, што змянiлася за гэты час? — Я лiчу, што ў грамадстве стала больш увагi да гэтай тэмы. Бо калi мы пачыналi, толькi адзiнкi займалiся тэмай Першай сусветнай i на нас глядзелi як на дзiвакоў. Але тэма вялiкая i гэта толькi пачатак даследаванняў. Час хутка бяжыць: вось я пачынаў у 2004 годзе, калi было 90-годдзе пачатку вайны, сёння ўжо 90-годдзе заканчэння, а хутка будзе ўжо i 100-гадовы юбiлей. Я так думаю, што ў свеце ён будзе адзначацца вельмi значна, i ў нас пакуль ёсць усе шанцы паказаць, што мы маем унiкальны гiстарычны комплекс — 400 кiламетраў абарончай лiнii. Дзе такое яшчэ знайсцi? Акопы, фартыфiкацыйныя аб’екты, гаспадарчыя аб’екты, могiлкi. Тэма глабальная, i Першая сусветная павiнна знайсцi сваё месца ў грамадстве, i найлепшым мемарыялам будзе, калi грамадства асэнсуе значнасць тых падзей i ролю нашай краiны ў iх. Гутарыў Павел БЕРАСНЕЎ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Добра, калi ў чалавека ёсць занятак для душы. Калi ты можаш забыцца на ўсе праблемы будняў ды з галавой акунуцца ў яго. Вось i ў нашага сённяшняга сур |
|