Выпрабавана на сабе: вяртанне ў... армію
Выпрабавана на сабе: вяртанне ў... армію
У жыццi мужчыны бывае так — цi адзiн раз дэмбель, цi ўвогуле нiводнага. Аднак у карэспандэнта "Звязды", напрыклад, гэтая прыемная падзея адбылася ўжо два разы. Першы быў летась, i не так даўно вярнуўся ён ужо з другога дэмбелю. І на чарзе застаўся яшчэ адзiн — у наступным годзе. Як так? Зараз зразумееце... Тэрмiновую армейскую службу прынята падзяляць на тры перыяды. Так лягчэй у любым сэнсе, асаблiва калi падлiчваць, колькi засталося да запаветнага звальнення. Спачатку шэсць месяцаў, потым яшчэ столькi ж, i, глядзiш, да доўгачаканага дэмбелю "ўсяго-нiчога", паўгода застаецца. Ну, бясспрэчна, згадзiцеся, што i на грамадзянцы гэта не зусiм малы кавалак. Можна за гэты час паспець усё жыццё памяняць. Але ўсё роўна пачатак службы з яе заканчэннем параўноўваць складана. Карэспандэнт "Звязды" ведае гэта на ўласным вопыце. Бо адтаптаў ён днямi другi перыяд сваёй армейскай службы. ...Праўда, не тэрмiновай, а службы ў рэзерве. Той самай, што ў народзе нехта пачаў ужо называць цi "завочнай армiяй", цi "вайсковымi канiкуламi". Ну, напэўна, гэта таму, што не зусiм ведаюць усе асаблiвасцi. Сапраўды ж служба ў рэзерве набывае папулярнасць, ахвотнiкаў трапiць на яе ўсё больш. Таму i з кожным годам набор будучых рэзервiстаў расце. Задумана гэтая служба такiм чынам: замест таго, каб засвойваць ваенную навуку год цi паўтара, юнакi прыязджаюць у вайсковыя часцi на зборы на працягу некалькiх гадоў. Напрыклад, у карэспандэнта газеты летась першы збор цягнуўся 41 дзень, сёлетнi — 55 дзён, i застаўся яшчэ адзiн, у наступным годзе. У вынiку ўсяго ў армii, за тры зборы, я правяду ў суме каля чатырох месяцаў. Але пакуль гэта справы будучага, таму задумвацца аб iх ранавата. Бо яшчэ знаходжуся я пад уражаннем сваёй "другой" па лiку службы ў рэзерве. Аб чым i падзялюся з вамi, паважаныя чытачы. Працоўны водпуск у... армii Не буду хлусiць, калi скажу, што ехаць на другi збор не хацелася. Ну зусiм. Не было жадання адрывацца ад родных, сяброў, работы, i амаль на два месяцы мяняць звыклы лад жыцця. Тым больш (гэтую недарэчнасць заўважаюць усе) час, за якi праходзяць чарговыя зборы, не аплачваецца. Я, напрыклад, узяў на гэты перыяд звычайны працоўны водпуск. Для таго, каб за два месяцы сваёй адсутнасцi хоць якiя грошы ў сям’ю прынесцi. Але з iншага боку, паважаныя, такi вось "адпачынак", гэта дакладна, запомню назаўжды. Калi яшчэ давядзецца правесцi яго ў армii? За мяжой, я чуў, для асаблiва спешчаных клiентаў у турфiрмаў iснуюць спецыяльныя прапановы. Каб правесцi два-тры тыднi ў войску, людзям не шкада вялiкай сумы. Чым мы горшыя? З гэтай думкай я, разам яшчэ з 19 удалымi рэзервiстамi, пад’язджаў да славутага горада Вiцебска, каб накiравацца да варотаў вайсковай часцi 14848, у якой знаходзiцца 77-ы асобны Чырванасцяжны маставы чыгуначны батальён. Дзе i прызначана нам — i ў першы раз, i цяпер — служыць. Такiм чынам, апошнi глыток "свабоднага" паветра, i мы, амаль ужо як бывалыя салдаты, накiроўваемся да КПП. Тым больш, што i месца знаёмае, i нават сяржант, якi сустрэў нас, быў "сваiм". Калi на першым зборы ён хадзiў у "малодшых", то зараз таварыш Фралоў ужо меў адну шырокую паласу на пагонах: нi больш, нi менш — старшы сяржант. Мы паспелi з iм пасябраваць. Таму вiтаўся ён з намi амаль як з роднымi. "Ну што, гатовыя да службы?" — спытаў ён. Вароты расчынiлiся, i... Здаецца, не прайшло i года, але некаторыя рэзервiсты паспелi заручыцца шлюбам, памяняць працу, нават змянiць месца жыхарства. У кожнага свае заняткi i характар, жывуць яны ў розных гарадах. Але раз у год абавязкова сустракаюцца тут, у часцi. Вось гэта сапраўды лёс. I нiчога не змянiлася, здаецца. Можа толькi, крыху пасталелi. I калi ў першы раз усё было нязвыкла — ваенная форма, кiрзавыя боты, анучы, казарма, блiскучая бляха рэменя... то зараз мы ўжо ведалi некаторыя рэчы. Хутка пераапранулiся ў выдадзенае, наша, якое засталося з мiнулага разу, адзенне, i — прывiтанне, армiя! Як доўга мы не бачылiся! Ужо ў першы дзень стала зразумела, што служыць будзе лягчэй. У тым сэнсе, што ты ўжо ведаеш, а дакладней, хутка ўзгадаў, што такое армейскi распарадак дня, рэжым, якiм чынам трэба выконваць распараджэннi камандзiра. Гэта было пазiтыўным момантам. Мы ўжо былi не "зялёнымi", як мiнулым разам, хатнiмi хлопцамi, якiх навучалi кожнай дробязi i якiя на ўласным вопыце спасцiгалi армейскiя мудрасцi. Таму i адчувалi мы сябе зараз больш упэўнена. Згадзiцеся, чалавек найбольш палохаецца невядомага. I калi на першым зборы ўсё было ўпершыню, то цяпер мы ўжо прыблiзна ўяўлялi, што такое армiя, i чаго яна чакае ад нас, i што нам чакаць ад яе. Таму першы дзень прайшоў пад знакам упэўненасцi. I, так здалося, служыць нам будзе больш цiкава. Бо другi перыяд — гэта ўжо не азнаямленне з армiяй, занатоўванне яе мудрагелiстых правiлаў, а сапраўдная сярэдзiна службы, калi i з ваеннай спецыяльнасцю будуць знаёмiць вельмi шчыльна. Але аб усiм падрабязней. Цясляр асобнага ўзвода... Мы — цесляры. Не звычайныя, а самыя што нi ёсць вайсковыя. Цесляры асобнага ўзвода рэзерву, радавыя першага (другога) аддзялення. Можа, назва гэтай ваеннай спецыяльнасцi, якую мы атрымлiвалi, гучыць не зусiм важка. Не спецназ, не дэсант, не артылерыя. Але ж... Але яшчэ можна паспрачацца, што больш важнае на вайне. Паспрабуйце без цясляра зрабiць якiя-небудзь будаўнiчыя работы. Хоць бы невялiкi мост для пераправы тэхнiкi i войска. Зараз, дзякуй Богу — у мiрны час, батальён, у якiм мы праходзiлi службу, забяспечвае дзейнасць транспартнай сеткi па ўсёй краiне. Будуе масты, рамантуе дарогi, пракладвае рэйкi. За час праходжання службы мы паспелi з’ездзiць у камандзiроўку — як гэта называецца, "на мост", у Дуброўна. Рака падзяляе раённы цэнтр амаль пасярэдзiне. Без моста тут нiяк не абысцiся. Дык вось, менавiта салдаты тэрмiновай службы нашай вайсковай часцi спачатку ўзвялi, а зараз займаюцца пастаянным абслугоўваннем свайго "аб’екта". Дзень i ноч праязджаюць машыны па iм, i дзень i ноч, мяняючы адзiн аднаго, стаяць вайскоўцы на варце. Сочаць за рухам. Iх лагер разбiты тут жа, на беразе. I ў лiк тых, хто займаецца абслугоўваннем моста, уваходзяць i цесляры. Праходзяць людзi па мосце, i часам пачуеш — "Дзякуй, хлопцы, за службу". Таму i вучылi нас профiльным навыкам. Спачатку тэорыi — пiсалi канспекты. Усё як ва ўнiверсiтэце, па шэсць—восем вучэбных гадзiн, а потым практыку здавалi. I палi мы рабiлi, i бярвеннi, як трэба, пiлавалi, i свiдравалi iх, i з рознымi электрычнымi iнструментамi знаёмiлiся. Рэзервiсты нават экзамен здавалi па спецыяльнасцi, бiлеты цягнулi, у кожным — па шэсць пытанняў. Таму магу з упэўненасцю i гонарам казаць, што цясляр — гэта гучыць горда. Рэзерв ганаровай варты Але армiя, паважаныя, гэта не толькi вучоба, але i выкананне абавязковых для ўсiх салдатаў спраў. Прынамсi, так я i пiсаў у штотыднёвым "Баявым лiстку", якi мне (усё ж такi журналiсту) даверылi рэдагаваць. "Служба ў сутачным нарадзе прайшла без заўваг i здарэнняў", — было мiж iншым зазначана. I сапраўды, без здарэнняў, нават больш за тое. Мы, рэдкiя з рэзервiстаў краiны, хто за адзiны збор узяў удзел адразу ў двух парадах. Адзiн адбыўся ў гонар вызвалення Вiцебска ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў, наступны — на Дзень Незалежнасцi. Усё ж такi нездарма кожны аўторак праходзiлi заняткi па страявой падрыхтоўцы. Бо ў белых пальчатках, з баявой зброяй — аўтаматам, прайсцiся ў ваенным страi перад святочна апранутымi жыхарамi было прыемна. У гэты час, калi сотнi вачэй хлапцоў, дзяўчат, дарослых i малых глядзяць з захапленнем на прыгожы строй, адчуваеш, што сапраўды ты маеш дачыненне да вялiкай, мужчынскай, вельмi нялёгкай, але гераiчнай i рамантычнай справы. I гэтае адчуванне ў душы падхоплiваюць усе, хто глядзiць на цябе. Напэўна, таму ваенныя парады заўсёды будуць адным з самых вiдовiшчных мерапрыемстваў. Фiлармонiя i псiхалогiя Да распарадку дня ў армii трэба прызвычаiцца. Час там для кожнай справы распiсаны па гадзiнах i хвiлiнах, i загадзя ты ведаеш, што чакаць наступным днём. Напрыклад, заняткi фiзкультурай. Цi, як правiльна гэта называецца, спартыўна-масавая работа, таксама як i страявая падрыхтоўка, i гаспадарчы дзень (калi па суботах карпатлiва праходзiць уборка казармы) — гэта тыя неабходныя дзеяннi, без якiх армiя жыць не можа. Аднак сустракаюцца i выключэннi, гэта калi вайскоўцаў па выхадных адпускаюць цi ў звальненне, цi арганiзоўваюць iм нейкiя цiкавыя мерапрыемствы. Ну, у звальненнi ў кожнага гiсторыя свая. Да мяне, напрыклад, прыязджала жонка. Пачуццi, скажу я вам, незабыўныя, калi пасля некалькiх тыдняў, у час якiх вельмi сумуеш па дому, да цябе прыязджае родны чалавек. I калi гуляеш з iм па летнiм горадзе, ты — у вайсковай форме, яна — у лёгкай сукенцы, а людзi глядзяць на шчаслiвую пару i самi мiмаволi ўсмiхаюцца. Думаюць, што вось салдацiк з дзяўчынай радаснай iдзе, ёсць, напэўна, яшчэ каханне на свеце. Ну гэта так, лiрычнае адступленне. Да чаго я гэта ўсё кажу — акрамя таго, што аддавалi мы свой абавязак Радзiме, я, напрыклад, яшчэ i трапiў туды, куды ў "вольным" жыццi часу не хапiла б завiтаць. Напрыклад, хацеў я даўно паслухаць нашага вядомага скрыпача Арцёма Шышкова. Ды як заўсёды, то пятае перашкаджала гэтаму, то дзесятае. А не паспеў прыйсцi ў армiю — i амаль адразу ж павезлi нас у вiцебскую фiлармонiю. Дзе якраз i выступаў беларускi талент. Таму па выхадных нам сумаваць не давалi — i ў музеi паспелi пабываць, i ў кiно, i яшчэ адзiн канцэрт паслухалi, i проста прайшлiся па цудоўным горадзе. Ён якраз рыхтаваўся да "Славянскага базару", таму паглядзець было на што. Скажаце, што ў тым такога асаблiвага... Ну, павялi на экскурсiю, ну, музыку паслухалi. А вось i не, паважаныя. Калi салдат з ранiцы да вечара заняты службай, калi ён пастаянна знаходзiцца ў адным i тым жа калектыве, жыве ў адной i той жа прасторы, то нават такая ў жыццi звычайная рэч, як прагулка па горадзе, успрымаецца як цудоўная магчымасць адпачыць. Вось такая псiхалогiя. I вельмi гэта дапамагае хлопцам, як кажуць, мужна пераносiць усе выпрабаваннi вайсковай службы. Прыблiзна пад сярэдзiну нашага збору мы ўжо зусiм прызвычаiлiся. I нават ранiшнi пад’ём з абавязковай зарадкай успрымаўся нормай. I ўвогуле, разумна распланаваныя фiзiчныя нагрузкi, якiя былi ў нас, пайшлi толькi на карысць. Хлопцы нашы, хоць i старэйшыя мы за вайскоўцаў тэрмiновай службы гадоў так на пяць-сем, вiдавочна, падужэлi i сталi больш моцнымi. ...I ўвогуле, за пяцьдзесят пяць дзён у жыццi нашага ўзвода адбылося шмат падзей. Па-першае, амаль пятая частка рэзервiстаў упершыню ў жыццi адзначыла ў армii свае днi нараджэння. Таксама заўсёды будуць яны памятаць гэтыя адчуваннi. Па-другое, у аднаго з нашых, пакуль ён быў у армii, нарадзiлася дачка. Па-трэцяе, пакуль мы служылi, нашым сяржантам прысвоiлi чарговыя вайсковыя званнi. Малодшаму сяржанту Бастуну — сяржанта, старшаму сяржанту Ўнуковiчу — старшыны. А пад канец яшчэ i старшаму сяржанту Фралову далi таксама званне старшыны. Якраз за два тыднi да яго дэмбелю. I яны справядлiва заслужылi, бо вучыць нас ваеннай навуцы iм было нялёгка. А яшчэ па вынiках месяца мы былi прызнаныя лепшым узводам у батальёне. За дысцыплiну i службу. Дзякуючы нашаму камандзiру, таварышу старшаму лейтэнанту, Максiму Казакевiчу, якi быў нам дарадцам, памочнiкам i сапраўды вельмi добрым кiраўнiком. Бо служыць мы старалiся, i не падвесцi яго намагаўся кожны з рэзервiстаў. Таму з’язджалi мы з лёгкiм сэрцам — служба ў армii амаль пройдзена. У наступным годзе застаўся яшчэ адзiн збор, трэцi, але ён будзе кароткiм. I, спадзяёмся, свой другi дэмбель мы заслужылi правамерна, i шлях да трэцяга будзе не горшым. Дзмiтрый АЛЬФЕР, Вiцебск—Мiнск.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У жыццi мужчыны бывае так — цi адзiн раз дэмбель, цi ўвогуле нiводнага. Аднак у карэспандэнта "Звязды", напрыклад, гэтая прыемная падзея адб
|
|