Хадзіце басанож часцей
Хадзіце басанож часцей
Яшчэ крыху — i нашы ногi зноў будуць закаваныя ў цяжкiя чаравiкi або боты. Ну а пакуль ёсць шанц папеставаць iх лёгкiмi басаножкамi. Самы ж каштоўны падарунак для стомленых ног — гэта магчымасць пахадзiць басанож па траве або гальцы. Метад аздараўлення i ўмацавання арганiзма з дапамогай хаджэння басанож вядомы здаўна. Урачы Старажытнага Егiпта, Грэцыi, Рыма прызначалi гэту працэдуру для прафiлактыкi i лячэння рознай немачы. А тагачасныя фiлосафы лiчылi хаду босымi нагамi яшчэ i выдатным спосабам развiцця разумовых здольнасцяў чалавека. Невыпадкова ў тыя далёкiя часы дзецi надзявалi абутак толькi пасля дасягнення 18 гадоў. Сучасныя медыкi таксама прызнаюць карысным хаджэнне басанож, асаблiва для людзей з дэфармацыяй ступнi (плоскаступнёвасць, падвывiх вялiкага пальца). А спецыялiсты па рэфлексатэрапii рэкамендуюць такое хаджэнне як своеасаблiвы кропкавы масаж. Справа ў тым, што падэшва ступнi — магутная рэфлексагенная зона чалавечага цела. На адным яе квадратным сантыметры ў паўтара раза больш тэрма- i механарэцэптараў (нервовых канчаткаў), чым на любым iншым участку скуры. Пры хаджэннi босым актыўнасць гэтых рэцэптараў павышаецца, "абуджаюцца" бiялагiчна актыўныя кропкi, размешчаныя на ступнi. А паколькi кожная з гэтых кропак звязаная з тым цi iншым унутраным органам, такое "абуджэнне" дабратворна адбiваецца на дзейнасцi ўсяго арганiзма: нармалiзуецца артэрыяльны цiск, актывiзуюцца нервова-мышачныя i акiсляльныя працэсы ў арганiзме, што спрыяе насычэнню тканак кiслародам. Як вынiк, у чалавека, якi часта гуляе босым, заўсёды добры настрой, усмешка на твары i адчуванне бадзёрасцi ва ўсiм целе. Да таго ж, хаджэнне басанож абуджае мноства станоўчых эмоцый, а гэта, у сваю чаргу, мае вялiкае значэнне для прафiлактыкi стэнакардыi, гiпертанii i iншых так званых хваробаў стагоддзя, якiя правакуюцца ўсялякiмi стрэсамi. Ну а калi хадзiць ранiцай па роснай траве, то аздараўленчы эфект падвойваецца за кошт "воднай працэдуры": халаднаватая раса падымае агульны тонус, паляпшае цыркуляцыю крывi ў нагах. Ёсць у хады босымi нагамi i яшчэ адзiн плюс. Вядома, што пры руху ад датыкання да адзення на целе чалавека накоплiваецца электрастатычны зарад. (Апошнi асаблiва павялiчваецца, калi вопратка сiнтэтычная.) Для зняцця зараду жывому арганiзму, таксама як i любым тэхнiчным сродкам, патрэбна зазямленне, якому перашкаджае абутак. Напрамую дакранаючыся да зямлi, чалавек свабодна аддае ёй адмоўны зарад. Пры загартоўваннi метадам хаджэння басанож варта прытрымлiвацца двух правiлаў — паступовасць i сiстэматычнасць. Спачатку паспрабуйце хадзiць босымi нагамi дома па драўлянай падлозе. Калi прывыкнеце i не будзеце адчуваць якога-небудзь дыскамфорту, пераходзьце на больш халодныя i няроўныя паверхнi (камень, пясок, гальку). Дарэчы, хаджэнне па адкрытым грунце можна арганiзаваць i ва ўмовах гарадской кватэры. Для гэтага трэба ўзяць некалькi драўляных скрынь, напоўнiць адну з iх пяском, другую — каменнем, трэцюю — друзам i таптацца ў iх па чарзе на працягу 15—20 хвiлiн штодзень. Выбiраючы грунт, варта ўлiчваць, што рэзкiя па тэмпературным i тактыльным раздражненнi яго вiды — напрыклад, гарачы пясок або асфальт, снег, лёд, iржышча, вострыя камянi, хвойныя iголкi або шышкi — аказваюць на нервовую сiстэму моцнае ўзбуджальнае ўздзеянне. А цёплы пясок, мяккая трава, дарожны пыл — наадварот, супакойваюць. Сярэднiмi памiж гэтымi раздражняльнiкамi з’яўляюцца асфальт нейтральнай тэмпературы i няроўная зямля, падлога ў пакоi, мокрая або росная трава — яны толькi злёгку танiзуюць. Вельмi карысна хадзiць басанож па мокрых камянях, асаблiва тым, хто пакутуе ад частага галаўнога болю i галавакружэння, прылiваў крывi да твару i шуму ў вушах. Лепшы трэнажор тут — галечны бераг ракi або мора. Аднак можна прывесцi каменьчыкi дамоў i праводзiць працэдуру ва ўласнай ваннай. Каб галька заставалася вiльготнай увесь час хаджэння, яе трэба палiваць халаднаватай вадой. Працягласць загартоўвання — 5—15 хвiлiн. У цёплую пару года старайцеся гуляць басанож як мага часцей, незалежна ад надвор’я (лепш за ўсё рабiць гэта на дачы). Час прагулак паступова павялiчвайце, пачаўшы з 10—20 хвiлiн. Летам добра пашлёпаць па цёплых лужынах, а зiмой пабегаць па снезе на працягу 2—3 хвiлiн. Карысна сумяшчаць гэты спосаб умацавання арганiзма са штодзённымi халоднымi i гарачымi ваннамi для ног: кантрастная (але без рэзкiх пераходаў) тэмпература вады ўзмацняе эфект загартоўвання. Зразумела, ногi пасля хаджэння басанож патрабуюць асаблiвага догляду. Акрамя звычайнага мыцця з мылам, рэкамендуецца пачысцiць ступню шчоткай або пемзай. Вельмi добра ачышчае i танiзуе скуру ног ванначка з содай i марской соллю (жменька солi i 1 ст. лыжка соды на 3 л цёплай вады). Можна працерцi скуру падэшвы i памiж пальцамi ног лупiнай лiмона, на ноч нанесцi пажыўны крэм. Падрыхтавала Вольга ЦЫБУЛЬСКАЯ. Фота Анатоля КЛЕШЧУКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Яшчэ крыху — i нашы ногi зноў будуць закаваныя ў цяжкiя чаравiкi або боты. Ну а пакуль ёсць шанц папеставаць iх лёгкiмi басаножкамi. Самы ж каштоўны п |
|