Аўцюкоўскае свята на гумар багатаГасцей з усiх абласцей чакаюць Каласкi i Калiнкi 8—9 жнiўня ў знакамiтых палескiх вёсках Малыя i Вялiкiя Аўцюкi i ў горадзе Калiнкавiчы пройдзе VI Усебеларускi фестываль народнага гумару. Ён можа стаць на гэты раз мiжнародным святам, бо ўдзел у iм маюць намер прыняць дэлегацыi гумарыстаў з Расii i Украiны. На незвычайнае вiдовiшча можна прабiцца рознымi шляхамi. Можна туды даехаць машынамi, цягнiком, маршруткамi, на вараных, веласiпедамi i матацыкламi. Робiць туды рэгулярны рэйс, адзiн у два гады, спецыяльны верталёт. Але на яго бiлетаў няма. Усе месцы занялi члены журы i аргкамiтэта. Iм ужо выдадзены запрашальнiкi i памперсы. Тых, хто даедзе да фестывалю, чакае дужа цiкавая праграма. У першы дзень можна быць сведкам i ўдзельнiкам адкрыцця помнiка Каласку i Калiнцы. Ва ўрачыстай цырымонii прымуць удзел усе наяўныя аўцюкоўцы, старыя i малыя, дужыя i не вельмi спрытныя, але ўсе гумарныя i жартаўлiвыя. Кажуць, некаторыя з iх прыйдуць да таго помнiка з усёй сваёй жыўнасцю – сабакамi, катамi, козамi, гусакамi, коньмi, цялiцамi. Там жа прылюдна, з удзелам буслоў, сарок i вераб’ёў адбудзецца адкрыццё шыльды, дзе ў хуткiм часе ўзнiкне Аўцюкоўскi музей гумару з мясцовай карчмой, пяцiзоркавай начлежкай, млыном-ветраком, кузняй ды цэлым сялянскiм падвор’ем. Пасля гэтых цырымонiй усе госцi, творчыя калектывы абласцей i Мiнска пачнуць швэндацца па хатах i маёнтках у Малых i Вялiкiх Аўцюках. Гаспадары будуць дэманстраваць сваю гасцiннасць, умельства ў народных промыслах, мудрасць i дасцiпнасць, а журы стане ацэньваць iх майстэрства ды дзялiць каштоўныя прызы. Гулянне ў вёсках, якое плануецца да апоўначы, называецца “Скокi да ўпаду i смех да слёз”. Закончыцца яно феерверкам грандыёзным – для Аўцюкоў сур’ёзным. На другi дзень свята перанясецца ў Калiнкавiчы. Цэнтр горада, яго парк i прылягаючыя вулiцы расквецяцца ўсiмi колерамi вясёлкi. На мiнулым фестывалi ў гэты дзень гулялi трыццаць тысяч чалавек. Думаю, анiякае жнiвеньскае надвор’е не сапсуе настрой i сёлетнiм удзельнiкам свята. А iх чакаецца ўдвая болей! Усе на свята будуць прапушчаны праз аўцюкоўскую мытню. Там ад вас запатрабуюць свежы, прыстойны анекдот альбо грошы. У парку вы зможаце стаць удзельнiкам прэзентацыi кнiгi “Аўцюкоўскiя шуры-муры”, агледзець выстаўкi гумарыстычных газет i печаных скульптур па матывах народных i аўтарскiх баек, пабываць у “Аўцюкоўскiм заапарку”, гарадку “Мёд i здароўе”, паўдзельнiчаць у латарэi i выйграць пеўня-таптуна цi курачку-нясушку, парася цi цяля. Там вас можа “зняць” шаржыст-маменталiст. Калi пашанцуе, пакаштуеце каля аўцюкоўскага бульбулятара пяршак на дурняк, пап’яце аўцюкоўскую юшачку за мiлую душачку, будзеце сведкамi смешнай рыбалкi, сапраўднага пiўнога шоу “Восьмае на свеце дзiва – гэта рэчыцкае пiва”. Паглядзiце, як пеўнi б’юцца, а куры смяюцца, бег да парасячага вiску. Дзiвам стане футбольны матч памiж аўцюкоўскiмi жанчынамi i калiнкавiцкiмi мужчынамi “Мяч ганяць – не мяхi цягаць”. Эпiцэнтр фестывалю – тры конкурсныя сцэны. На адной з iх адбудзецца ўрачысты абрад “Радзiны па-аўцюкоўску” – з бабiнай кашай, кугаканнем немаўляцi, падарункамi i пажаданнямi ад усiх дэлегацый свята. Народжанае i ахрышчанае дзiця фестывалю павядзе сваiх аднагодак i старэйшых сяброў на цэнтральную плошчу горада. Там адбудзецца конкурсная праграма ўсiх дзiцячых калектываў, якiя прымаюць удзел у фестывалi гумару. На другой пляцоўцы пройдуць гульнёва-забаўляльныя праграмы. На галоўнай сцэне фестывалю ўсе творчыя каманды будуць спаборнiчаць у намiнацыях: тэатр мiнiяцюр, прыпеўкi, жарты i анекдоты. Тут жа адбудзецца гумарыстычны чатырохбой памiж жартаўнiкамi з аўцюкоўскiх вёсак, а таксама з вёсак Спорава (Бярозаўскi раён), Баянiчы (Любанскi раён), Дубiна (Валожынскi раён). Вечарам у цэнтры горада ладзiцца вялiкi гала-канцэрт з удзелам пераможцаў фестывалю i ганаровых гасцей – прафесiйных майстроў эстрады. Краiна даведаецца пра лепшых народных гумарыстаў. Для iх рыхтуюцца аўцюкоўскiя ўзнагароды. Закончыцца фестываль святочным салютам i начной дыскатэкай “Скачуць сёння да зары польку нават камары”. Прыязджайце, прыходзьце, сябры, на вясёлае свята! Паверце паэту Мiколе Маляўку, якi аднойчы пабываў там: Да Аўцюкоў, як цень, Хадзiў я ў вечнай скрусе, А там пацёрся дзень – I цэлы год смяюся. Уладзiмiр ЛIПСКI, старшыня журы Усебеларускага фестывалю народнага гумару, ганаровы грамадзянiн Калiнкавiцкага раёна, лаўрэат Дзяржаўнай лiтаратурнай прэмii Беларусi Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
8—9 жнiўня ў знакамiтых палескiх вёсках Малыя i Вялiкiя Аўцюкi i ў горадзе Калiнкавiчы пройдзе VI Усебеларускi фестываль народнага гумару |
|