Назіральнiкаў акрэдытавалi
Назіральнiкаў акрэдытавалi
Мiсiя СНД пачынае сваю работу на выбарах у Беларусi Не менш важная перадвыбарная навiна звязаная на гэты раз не з завяршэннем, а з пачынаннем. Па сутнасцi ўжо дадзены старт рабоце мiсii мiжнародных назiральнiкаў ад СНД. Учора прайшла сустрэча кiраўнiцтва ЦВК з групай прадстаўнiкоў Выканкама СНД на чале са старшынёй выканаўчага камiтэта СНД, выканаўчым сакратаром Сяргеем Лебедзевым. — Галоўная мэта сустрэчы — вызначыць стандарты мiсii мiжнародных назiральнiкаў СНД i дамовiцца аб iх узаемадзеяннi з ЦВК у ходзе дзейнасцi гэтай мiсii, — паведамiў Мiкалай Лазавiк. — Мы падрыхтавалi ўжо адпаведныя пасведчаннi для кiраўнiкоў мiсii. Можна сказаць, што яны атрымлiваюць у Цэнтрвыбаркаме афiцыйную акрэдытацыю i прыступаюць да назiрання за падрыхтоўкай выбараў у Беларусi. Сакратар Цэнтральнай камiсii нагадаў i парадак работы мiжнародных мiсiй назiральнiкаў. — Яны звычайна заязджаюць у тры этапы. Першая група — штабная, яна вырашае пытаннi размяшчэння, транспарту, сувязi. Другая група — доўгатэрмiновыя назiральнiкi — каля 40 — 50 чалавек, якiя праводзяць манiторынг палiтычнай сiтуацыi, СМI, ладзяць сустрэчы з кандыдатамi ў дэпутаты, аналiзуюць усе этапы падрыхтоўкi да выбараў. Трэцяя — кароткатэрмiновыя назiральнiкi, iх будзе каля 300 чалавек, — прыязджае непасрэдна перад днём выбараў, назiрае за працэсам галасавання i падвядзення вынiкаў. Паводле слоў Мiкалая Лазавiка, для мiсii СНД схема больш простая — ёй не трэба накiроўваць сваю штабную групу, паколькi Выканкам СНД мае сваю штаб-кватэру ў Мiнску. I па сутнасцi вось гэтая штабная група можа без дадатковых арганiзацыйных мерапрыемстваў прыступiць да работы адразу ж пасля акрэдытацыi. — Мiсiя АБСЕ сваю штабную групу плануе накiраваць недзе ў 10-х чыслах жнiўня, — адзначыў сакратар Цэнтрвыбаркама. Нагадаем, што запрашэннi на выбары накiраваны таксама шэрагу парламенцкiх структур, а Цэнтральная камiсiя запрасiла сваiх калег з Азербайджана, Арменii, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Расii, Таджыкiстана, Узбекiстана, Украiны, Латвii і Лiтвы. Ала МАЧАЛАВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мiсiя СНД пачынае сваю работу на выбарах у Беларусi |
|