Інспектар ДАI — супергерой, дзецi — дысцыплiнаваныя пешаходы
Інспектар ДАI — супергерой, дзецi — дысцыплiнаваныя пешаходы
Чарговая сустрэча з дзецьмi адбылася ў аздараўляльным лагеры "Сосны" Магiлёўскага раёна. Супрацоўнiкi Магiлёўскай ДАI арганiзавалi для малых i падлеткаў цiкавае мерапрыемства: гэта была, па сутнасцi, вялiкая гульня, якая вучыла iх бяспечным паводзiнам на вулiцы i дарозе. — Гэта акцыя нездарма праводзiцца летам: дзецi на канiкулах, маюць зашмат вольнага часу i, на жаль, колькасць дарожна-транспартных здарэнняў з iх удзелам павялiчваецца, — сказала начальнiк аддзялення агiтацыi i прапаганды ДАI УУС Магiлёўскага аблвыканкама Вiкторыя Жэўнер. Сёлета у вобласцi адбылося 32 аўтааварыi з удзелам дзяцей: 34 паранены i 1 хлопчык загiнуў. ДТЗ са смяротным канцом адбылося ў Магiлёўскiм раёне: 12-гадовы хлопчык i яго мацi сталi ахвярамi п’янага вадзiцеля, якi не справiўся з кiраваннем i заехаў на пешаходную дарожку. Гэта здарэнне — трагiчны выпадак, калi абаранiцца ад збегу нешчаслiвых абставiнаў было немагчыма. Аднак у многiх iншых момантах дзецям, безумоўна, дапаможа веданне правiлаў дарожнага руху для пешаходаў i веласiпедыстаў. Таму самым галоўным этапам на акцыi стаў экзамен на веданне ПДД. Прадстаўнiкi атрадаў адказвалi на пытаннi бiлетаў. Лепшым знаўцам (а гэта пакуль 2 памылкi на 8 пытанняў — гэта значыць, што ёсць да чаго iмкнуцца i трэба вучыцца далей) былi ўручаны прызы ад нашай газеты — фiрмовыя чырвоныя бейсболкi з лагатыпам "Звязды" са святлоадбiвальнай палоскай — флiкерам. Аксана, Наташа, Iгар i Мiхаiл — каманда 2-га атрада "Анёльчыкi". Магiлёўскiя школьнiкi, якiм 15-16 гадоў, сёння ўжо мараць пра той час, калi ў iх з’явяцца правы на ваджэнне аўтамабiля. — Мне вельмi важна ведаць правiлы дарожнага руху, — сказала Наталля. — Мяркую, што калi-небудзь бацька даверыць мне сесцi за руль сямейнага аўто i я буду дысцыплiнаваным вадзiцелем. — А пакуль мы пешаходы i, калi шчыра, часам не самыя дысцыплiнаваныя, — прызналася Аксана. — Здараецца, што i перабягу дарогу ў неналежным месцы. Хоць i раблю гэта так, каб не было бяспекi. — Пакуль усе людзi не ўсвядомяць, што ад выканання правiлаў дарожнага руху залежыць iх жыццё i здароўе, бяспекi на дарогах не будзе, — вучылi свядомыя хлопчыкi легкадумных дзяўчын. У межах акцыi адбыўся конкурс малюнкаў. Самыя маленькiя малявалi вялiзныя святлафоры з тлумачальнымi надпiсамi i трусоў з морквамi, якiя пераходзяць дарогу па пешаходнай "зебры". Старэйшыя малявалi цэлыя комiксы на тэму пераходу вулiцы на зялёнае святло з выявай iнспектара ДАI ў выглядзе супергероя. Адны вывесiлi на сцяне змрочныя чорна-шэрыя плакаты з грознымi надпiсамi "Не гуляй на дарозе!". Iншыя не адмовiлi сабе ў задавальненнi прадставiць свой партрэт за рулём "крутой тачкi". Дзецi паглядзелi вучэбную стужку па бяспецы дарожнага руху. Але найбольшую цiкавасць, натуральна, выклiкаў патрульны аўтамабiль, выстаўлены на канцэртнай пляцоўцы лагера да ўсеагульнай увагi. Малыя абмацалi i аблазiлi яго ўвесь, i самым смелым iнспектары ДАI дазволiлi пасядзець за рулём, завесцi рухавiк, уключыць сiрэну i маячкi, ды яшчэ i павяшчаць па гучнагаварыцелю. У дзятвы гарэлi вочы ад задавальнення, прычым дзяўчаткi не саступалi хлопчыкам у жаданнi пасядзець за рулём. — I я буду ездзiць за рулём, калi вырасту, — запэўнiвала ўсiх расхваляваная 12-гадовая Наташа. — А пакуль буду вучыць правiлы дарожнага руху. Усе атрады лагера на памяць аб удзеле ў акцыi атрымалi "звяздоўскiя" календары, а самыя iнiцыятыўныя ўдзельнiкi — асабiстыя сувенiры ад рэспублiканскай газеты. Iлона Iванова. Магiлёўскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Газета "Звязда" i Дзяржаўтаiнспекцыя праводзяць сумесную акцыю, накiраваную на прафiлактыку дзiцячага траўматызму на дарогах |
|