Банкiры становяцца турыстамi
Банкiры становяцца турыстамi
Хто з нас не патанаў у водары лясных траў i кветак, грыбоў i ягад, не захапляўся ранiшнiмi спевамi птушак, не любаваўся палаючым захадам сонца! Напэўна, усе мы не раз у жыццi гэта адчувалi. Але хто, як не сапраўдны турыст, можа атрымаць асалоду ад гэтых хвiлiн у поўнай меры? Бо менавiта турысты большую частку свайго жыцця праводзяць у божым "храме" прыроды, царстве гармонii i адзiнства. 10 гадоў таму "Беларусбанк" адрадзiў традыцыю правядзення летнiх турыстычных злётаў. І варта адзначыць, што з кожным годам аўдыторыя прыхiльнiкаў адпачынку на лоне прыроды iмклiва расце. У апошнiя выхадныя лiпеня возера Гаць у Баранавiцкiм раёне прымала работнiкаў "Беларусбанка". Каля тысячы аматараў актыўнага ладу жыцця з усёй Беларусi сабралiся на чарговы 10-ы рэспублiканскi летнi турзлёт. Пляжны валейбол, мнагабор’е, аэробiка i проста адпачынак на свежым паветры. Сёння сур’ёзныя офiсныя работнiкi азартна гуляюць i не менш азартна "хварэюць". Цiкавасць да гэтых спаборнiцтваў пастаянна расце, аб чым сведчыць рост прафесiяналiзму iх удзельнiкаў. Турыстычныя палаткi, сонечныя ванны, песнi ля вогнiшча i каша з кацялка для многiх гараджан сёння раскоша. Таму i рады мы хоць ненадоўга змянiць урбанiстычны пейзаж на сасновы лес. Тым больш што гэта — для сябе, для свайго здароўя. А здароўе нацыi — гэта сёння дзяржаўная палiтыка. У першы дзень каманды размясцiлi свае палаткавыя гарадкi i паўдзельнiчалi ў спартыўных спаборнiцтвах па валейболе, дартсе, бадмiнтоне. Напрыклад, у дартсе пераможцу вызначыць аказалася вельмi складана: на трэнiроўцы ўсе ўдары трапляюць дакладна ў "яблычак", а выходзiць удзельнiк выступаць — i мажа! Хваляванне адбiваецца. Але лепшымі за ўсiх аказалiся прадстаўнiкi цэнтральнага апарату банка. Нягледзячы на некаторую стомленасць, удзельнiкi турзлёту завяршылi першы дзень дыскатэкай. I правiльна зрабiлi. Пасля напружанай спартыўнай праграмы танцы — лепшы сродак ад стомленасцi. Другi дзень пачаўся са спаборнiцтва па рыбнай лоўлi. Тут таксама свайго роду спартыўны iнтарэс плюс майстэрства. Як каму пашанцуе. А шанцуе, як правiла, рыбакам-знаўцам — прафесiяналам. На свiтаннi, пакуль большасць турыстаў яшчэ спалi, у некаторых на воднай гладзi возера ўжо "ныралi" паплаўкi. Самымi ўдачлiвымi рыбаловамi аказалiся прадстаўнiкi зборнай каманды цэнтральнага апарату i фiлiялаў г. Мiнска — Аляксей Губараў i Валерый Давыдоўскi. Пасля снедання ўсе ўдзельнiкi сабралiся на адкрыццi турзлёту. Каманды прадстаўлялi сваю "вiзiтную картку", i ўсе былi поўныя жадання пазмагацца за прызавыя месцы. Варта зазначыць, што з кожным годам барацьба за прызавыя месцы становiцца ўсё больш напружанай, бо ўсе ўдзельнiкi добра падрыхтаваныя ў кожным вiдзе спартыўных спаборнiцтваў. Але лепшыя — гэта, вядома ж, заўсёды наймацнейшыя. I судзейская каманда такiх вызначала. I ў мнагабор’i кiраўнiкоў, i ў аэробiцы, i ў конкурсе "Спяваючы офiс", i ў кулiнарным паядынку. Кажучы пра апошняе спаборнiцтва, заўважым, што ўсiм удзельнiкам выдаваўся аднолькавы набор прадуктаў, з якога трэба было прыгатаваць страву, здольную ўсiх уразiць. У кожнай камандзе шэф-кухарам выступалi мужчыны. I яны такое там, на прыродзе, гатавалi! Лепшым быў прызнаны "пiрацкi абед", прыгатаваны Цiмурам Пятровiчам i Юрыем Зайко, супрацоўнiкамi фiлiяла № 527 "Белчыгунка". Нядзеля — апошнi дзень злёту, быў хоць i сонечным, але хвалюючым. Прычым не толькi для ўдзельнiкаў, але i для членаў журы. Бо iм трэба было падвесцi вынiкi i ўзнагародзiць пераможцаў. I як бы складана нi было, пераможцы ўсё ж вызначаны. Першае месца ў агульнакамандным залiку заняла каманда г. Мiнска (зборная цэнтральнага апарату i мiнскiх фiлiялаў "Беларусбанка"), другое — фiлiял № 500 — Мiнскае ўпраўленне, трэцяе — фiлiял № 400 — Гродзенскае абласное ўпраўленне. Усе пераможцы атрымалi ўзнагароды, прызы i падарункi — спартыўны i турыстычны рыштунак. Каб свае ўменнi да наступнага турзлёту яшчэ больш развiць. 10-ы рэспублiканскi летнi турыстычны злёт застаўся ў гiсторыi "Беларусбанка". Ён закончыўся, каб даць старт у наступным годзе ўжо 11-у турзлёту, якi запалiць свае спартыўныя зоркi, падорыць нам новыя адкрыццi i станоўчыя эмоцыi, узбагацiць радасцю новых сустрэч. Вiталь ГРЫНКЕВIЧ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
10 гадоў таму "Беларусбанк" адрадзiў традыцыю правядзення летнiх турыстычных злётаў. І варта адзначыць, што з кожным годам аўдыторыя прыхiль |
|