21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Ночы ў Сочы: на розны густ і кашалёк

26.08.2009 10:27 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ночы ў Сочы: на розны густ і кашалёк

Цягнiк "Мiнск—Адлер" перасякае Каўказскi хрыбет праз доўгiя цёмныя тунэлi i выязджае на ўзбярэжжа Чорнага мора ў раёне Туапсэ. З гэтага моманту гадзiны чатыры пасажыры не адрываючыся глядзяць у вокны: адсюль i да канчатковага прыпынку цягнiк рухаецца ўздоўж берагавой лiнii. І калi мора падступае так блiзка, што можна разгледзець каменьчыкi на дне, то пасажыры перастаюць дыхаць. Гэта заўсёды адбываецца ранiцай, калi на пляж выходзяць самыя першыя купальшчыкi, самыя разумныя, бо ў гэтыя гадзiны мора спакойнае i празрыстае, з вокнаў цягнiка яно здаецца неверагодна лазурным.

Вандроўнiкi назiраюць, як пляжы паступова запаўняюцца, вось ужо нацягнуты тэнты над платнымi лежакамi, адгароджаны тэхнiчныя зоны для гiдрацыклаў, вось група дзяцей з вiскам i смехам пабегла ў ваду... Апошнiя дзве гадзiны прамiльгнуць непрыкметна: туалеты зачыненыя, бялiзна здадзеная, чамаданы пералiчаныя i выстаўленыя з рундукоў, усе пасажыры ўжо трошкi iншыя людзi, думкамi яны ў казачна-лазурных хвалях. Мужчыны падцягваюцца, жанчыны прыгажэюць, усе трошкi загадкава, быццам нешта абяцаючы, усмiхаюцца, некаторыя абменьваюцца тэлефонамi i адрасамi: 30 гадзiн шляху зблiзiлi. Нават дзецi, якiх тут, здаецца, больш, чым дарослых, забываюцца на капрызы i стому. Вось яно — мора.

Пасля Туапсэ ў вагоне з’яўляюцца першыя маклеры, якiя прапануюць арэнду жылля ў Лазараўскiм. Там, дарэчы, выйдзе значная частка пасажыраў. Лазараўскае — гэта ўжо Вялiкi Сочы, якi працягнуўся на 170 кiламетраў уздоўж мора (ад пасёлка Магры да пасёлка Адлер) i ўключае ў сябе мноства рознай велiчынi населеных пунктаў. Па словах маклера, жыллё ў Лазараўскiм каштуе ад 250 расiйскiх рублёў за ложак-месца (прыкладна 10 у.е.). Маклер папярэджвае, каб не пагаджалiся на больш таннае, бо гэта будзе ў гарах, далёка ад мора. У сваю чаргу iнтэрнэт-сайты Вялiкага Сочы папярэджваюць: "Нi ў якiм разе не карыстайцеся паслугамi маклераў! Яны прапануюць не тое, што трэба вам, а тое, што трэба iм, нязручнае, дарагое i вярнуць грошы будзе надзвычай цяжка, бо яны самi — не гаспадары, а пасрэднiкi".

Лiчыцца, што ў Лазараўскiм добрыя цэны. Пры тым, што гэта буйны пасёлак з двума вакзаламi, марскiм портам, канцэртнай залай, кiнатэатрам, рэстаранамi, клубамi, барамi, рынкамi, магазiнамi, дзiцячым паркам атракцыёнаў... Тут зручная транспартная сувязь, дробнагалечны пляж лiчыцца адным з лепшых, мора дастаткова глыбокае, на беразе мноства вячэрнiх кавярняў, бараў i дыскатэк.

У Лазараўскiм пачынаецца клiматычная зона вiльготных субтропiкаў: пальмы, магнолii, кiпарысы, эўкалiпты, лаўр, гранат, ядомы каштан, iнжыр тут гэтакiя ж звычайныя рэчы, як яблыня, парэчка i лiпа ў беларускай вёсцы. Увогуле, Сочы — самыя паўночныя субтропiкi ў свеце. Таму лета тут вельмi цёплае, i разам з тым спякотныя днi здараюцца рэдка. Дарэчы, Сочы з усiмi прылеглымi раёнамi займаюць першае месца па колькасцi сонечных дзён сярод зонаў з падобным клiматам. Натуральны бясплатны салярый тут працуе 2253 гадзiны ў год. Для параўнання: у Мiнску за год налiчваецца ў сярэднiм 28 ясных дзён.

Невялiкiя пасёлкi Вялiкага Сочы: Галавiнка, Хобза, Горнае Паветра, Уч-Дэрэ, Лоа, Хоста, Кудэпста i iншыя, па водгуках, iдэальна падыходзяць для сямейнага адпачынку: спакойныя, цiхiя, без чэргаў i таўкатнi, без лiшнiх спакус для кашалька. Тут чыстыя i нешматлюдныя пляжы, недарагiя кавярынкi i жыллё.

Адлер i Дагамыс лiчацца сярэднiмi пасёлкамi. Гэта самыя блiзкiя ад Сочы пасёлкi, i таму тут можна атрымаць усе задавальненнi, якiя прапануе будучая сталiца Алiмпiйскiх гульняў i значна зэканомiць грошы. Чатыры гады запар я адпачываю з дзецьмi ў Дагамысе. Дарэчы, большасць адпачываючых ва ўсiх населеных пунктах Вялiкага Сочы тут якраз такога тыпу: пабываўшы аднойчы, людзi едуць сюды наступны раз, i потым з году ў год — у адно месца.

Галоўная перавага Дагамыса, на мой погляд, — пляж. Па першае, ён прасторны, месца хапае ўсiм, i пракатчыкам iнвентару, i тым, хто аддае перавагу непасрэдна цёплым каменьчыкам. Мясцовыя жыхары расказваюць, што гадоў 20 таму ў Дагамысе пляж быў невялiкi i з валуноў, але паступова мора адступiла i само прынесла пляскатыя гладкiя каменьчыкi, дзякуючы якiм у цiхае надвор’е мора застаецца празрыстым да вечара. Можа быць, хадзiць па такiм пляжы не так зручна, як па пяску альбо гальцы, але затое чысцiня забяспечана. На гэтых каменьчыках прыемна ляжаць нават без дыванка, калi яны яшчэ не надта нагрэлiся альбо ўжо трошкi астылi.

Тыя, хто нiколi не быў у гэтых мясцiнах, пытаюцца, наколькi там бяспечна, i я заўсёды здзiўляюся. Так, там сапраўды блiзка мяжа, за якой Абхазiя, але нагоды хвалявацца наконт бяспекi ў мяне нiколi не было. Пры тым, што я езджу з дзецьмi i без мужа, якi вечна працуе. Нiхто не чапляецца, не надакучвае нясцiплымi позiркамi, не адпускае двухсэнсоўных заўваг. Шпацыраваць можна ў любую гадзiну сутак i ў любым месцы. Мясцовае насельнiцтва вельмi добразычлiвае i спагадлiвае. Для iлюстрацыi раскажу выпадак, якi адбыўся з намi сёлета.

Мы адпачывалi на пачатку лiпеня. Некалькi дзён запар мора штармiла. Гэта зусiм не выключала купання, хоць на дагамыскiм пляжы выратавальнiкi вывешвалi забаронны чорны сцяг. Дзецi, тым не менш, верашчалi на хвалях i не звярталi нiякай увагi на пабiтыя каленкi i локцi. Нарэшце настала ранiца, калi мора супакоiлася i вада, неверагодна празрыстая i цiхая, нагадвала павелiчальнае шкло. Мы прыйшлi на пляж каля дзевяцi гадзiн. Дзецi адразу за маскi i водныя акуляры i ў ваду пятай кропкай дагары. Захапiўшыся ўбачаным падводным хараством, Дар’я мая не разлiчыла адлегласцi да дна i ўдарылася пераноссем. Яна не адразу адрэагавала на боль, але потым не магла ўтрымаць слёз, хоць i вельмi старалася. Я вырашыла паказаць яе ўрачу, але медпункт на пляжы адкрываецца а 10-й гадзiне ранiцы, пра што мне паведамiў супрацоўнiк пракату дайвiнг-абсталявання. Ён пацiкавiўся, што здарылася, прапанаваў спытаць у блiжэйшым кафэ лёд. У кафэ мне адразу далi фарфоравы кубак з лёдам. Потым дайвiнгiст агледзеў Дар’ю, запэўнiў, што нiякага пералому няма, падбадзёрыў дзiця i супакоiў мяне. Можа i нiчога асаблiвага ў гэтым няма, але тым не менш засталося адчуванне, што я знаходжуся не сярод чужых людзей, што любая праблема, якая тут можа ўзнiкнуць, можа быць вырашана.

Яшчэ адна характэрная для гэтых мясцiн карцiнка. Заходзiм у цырульню, утраiх сядзiм у фае i чакаем. Прыбiральшчыца працягвае нам тазiк са слiвамi, прапануе частавацца, прычым не па адной штучцы ўзяць, а: "З’ядайце ўсё!"

Цяпер пра цэны. Прыватныя мiнi-гасцiнiцы ў Дагамысе: ад 250 расiйскiх рублёў з чалавека, двухмесныя нумары з санвузлом — ад 1200 рублёў (1000 у вераснi), за такую ж цану можна знайсцi аднапакаёвую кватэру "пад ключ", 2-пакаёвыя кватэры — ад 2000 у разгар сезона, 1000 — у вераснi. У Дагамысе на пляжы акрамя шматлiкiх кавярняў ёсць дзве сталовыя з даволi якаснай ежай, у iх можна паабедаць за 200 расiйскiх рублёў, платныя прыбiральнi (5 рублёў) i душ з гарачай вадой (70 рублёў), а таксама кран, пад якiм можна памыць садавiну — бясплатна!

Мясцовыя жыхары (акрамя самiх прадаўцоў) не раяць купляць вiно на разлiў, якое прапануецца на кожным кроку на вулiцах, што спускаюцца да мора. Лепш у магазiне "Магнiт", якi знаходзiцца ў 15 хвiлiнах хады ад пляжа, узяць бутэльку "Лазы Чарнамор’я" за 50 расiйскiх рублёў i быць спакойным за свае галаву i страўнiк. Садавiну, арэхi i гароднiну вопытныя турысты не купляюць на вулiцы Армавiрскай, якая злучае Батумскую шашу i бераг, усё гэта ў тры разы таннейшае прадаецца ў фруктовых крамах альбо на рынку ў цэнтры пасёлка.

Што датычыцца забаў, то нават пры неабходнасцi эканомiць тут ёсць магчымасць адпачыць ад сонца i вады, набрацца ўражанняў i нарабiць цiкавых фатаграфiй. Не абавязкова купляць экскурсii. Можна на рэйсавым аўтобусе (рублi за чатыры) даехаць да "Азёраў кахання" (Карыта), гэта кiламетраў 9 ад Дагамыса ў горы. Уваход на Азёры каштуе 50 рублёў, тут можна правесцi цэлы дзень, альбо яго сярэдзiну, бо паўдзённае сонца рассейваецца лiстотай дрэў. Адразу будуць прапанаваныя шашлыкi, калi дазволяць грошы, можна скарыстацца саўнай. Карыта, альбо Азёры кахання — вельмi прыгожае месца: горная рака ўтварыла ў скале вадаёмы рознай велiчынi i вышынi. Вада крышталёвымi каскадамi пералiваецца з аднаго возера, альбо карыта, у iншае, а ў самых маленькiх закiпае вiрам, казыча бурбалкамi, зносiць у бок наступнага вадаспаду i знiмае ў азарце тую нешматлiкую вопратку, у якой ты асмелiўся ўвайсцi ў раку.

Адна з самых папулярных славутасцяў Сочы — гара Ахун, 663 метры над узроўнем мора, на яе вяршынi знаходзiцца 30-метровая вежа з белага вапняку. Гэта лепшая назiральная пляцоўка на ўзбярэжжы, з якой адкрываецца панарама Сочы, Хосты i Адлера, цудоўны вiд на мора i вяршынi Вялiкага Каўказа. Кажуць, што ў яснае надвор’е можна нават убачыць Турцыю па другi бок мора. Уваход на вежу каштуе 50 рублёў, яшчэ столькi ж — карыстанне бiноклем, што на наш вопыт, зусiм неабавязкова.

Ну i нарэшце, самi Сочы-Цэнтр, адмыслова падсвечаны, напоўнены смехам, музыкай i водарам прыгод ноччу, адпачываючы, зялёны, не меней прыгожы ўдзень. Дэндрарый, Рыўера, марскi порт, акварыум — гэта тое, што трэба ўбачыць, каб мець уяўленне пра горад, якiм ганарацца расiяне.

Найбольш дарагое задавальненне, а калi ёсць дзецi-падлеткi, то без яго не абыдзешся, — аквапарк. Тры гады запар мы ездзiлi ў "Аквалао" — гэта крыты круглагадовы парк водных горак, у кошт бiлета якога ўваходзiць наведванне саўны, шведскi стол i "разынка" — хвалевы басейн. Але сёлета мы даехалi на электрычцы да Туапсэ, а адтуль аўтобусам да пасёлка Небуг, дзе знаходзiцца аквапарк "Дэльфiн". Дзецям, асаблiва хлопцам, ён спадабаўся больш, бо тут большая колькасць горак, у тым лiку экстрэмальных. Уваход у аквапарк каштуе ад 40 да 50 долараў, у залежнасцi ад працягласцi i часу, дзецям — скiдкi.

...Днi пралятаюць непрыкметна, i вось ужо цягнiк вязе цябе, загарэлага i расслабленага, у зваротным накiрунку. Яшчэ на чатыры гадзiны табе падорана магчымасць бачыць мора, якое падступае да чыгункi так блiзка, што ты не вытрымлiваеш i кiдаеш у акно манету — каб вярнуцца.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

 

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пасля Туапсэ ў вагоне з’яўляюцца першыя маклеры, якiя прапануюць арэнду жылля ў Лазараўскiм. Там, дарэчы, выйдзе значная частка пасажыраў. Лазараўскае
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика