21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

"У нашым горадзе пройдзе Дзень пiсьменства. І мы таксама маем да гэтага дачыненне"

26.08.2009 10:27 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

"У нашым горадзе пройдзе Дзень пiсьменства. І мы таксама маем да гэтага дачыненне" Так зазначаюць у барысаўскiм ААТ "Лесахiмiк"

Каб даведацца пра тое, чым займаюцца (што выпускаюць, што прапануюць спажыўцам) у адкрытым акцыянерным таварыстве "Лесахiмiк", якое знаходзiцца ў Барысаве, дастаткова зазiрнуць у вiзiтную картку каго-небудзь з яго кiраўнiкоў. У ёй, акрамя традыцыйнага нумара тэлефона яе ўладальнiка ды адраса прадпрыемства, таксама шырокi пералiк яго прадукцыi. Чытаем: канiфоль хваёвая, шкiпiнар жывiчны, клей канiфольны, сальвент, нефрас, вадкасць аўтамабiльная ахаладжальная "Тасол А-40", антыфрыз, вадкасць шклоабмыўная, пакост (олифа), антысептык бiяахоўны, пераўтваральнiк iржы, лакi i фарбы i г.д. Такiм вось чынам прымусiлi на прадпрыемстве служыць агульнай справе нават звычайную вiзiтную картку.

Прадпрыемству "Лесахiмiк" у наступным годзе споўнiцца 80 гадоў. А калi браць за кропку адлiку час пачатку яго ўзвядзення, то юбiлей можна святкаваць ужо сёння. У 1928 годзе пачалi ўзводзiць яго. I менавiта як завод цяперашняга накiрунку — канiфольна-шкiпiнарны, прычым з вельмi характэрнай для таго часу назвай "Беларускi батрак". Як колiшнi "батрак" адчувае сябе цяпер? "Мяркуйце самi", — адказаў на гэта намеснiк дырэктара прадпрыемства па iдэалагiчнай рабоце Ўладзiмiр Касцюкевiч, паказваючы дыяграму развiцця прадпрыемства па гадах, у якой быў асобна выдзелены 2002 год. Гэта год, якi папярэднiчае прыходу сюды новага кiраўнiка; яго лiчбы i паказваюць, што было тады i што цяпер. Пасля гэтага года, якi завяршае сабой адносна нялёгкую паласу жыцця калектыву (гэта быў перыяд спаду ў рабоце прадпрыемства), — высокiя паказчыкi бесперапыннага росту.

За кошт чаго пераламалi тут указаную сiтуацыю, якая склалася, i, увогуле, чаму яна склалася?

Добра вядома, рынак патрабуе хутка рэагаваць на тыя або iншыя абставiны, аператыўна знаходзiць найбольш запатрабаваныя на дадзены момант i найбольш рэнтабельныя вiды прадукцыi... На самым пачатку 2000-х гадоў на прадпрыемстве склалiся не зусiм добрыя справы з вытворчасцю пакосту, аднаго з асноўных вiдаў прадукцыi. Але ўжо адразу пасля прыходу сюды новага кiраўнiка была праведзена рэарганiзацыя вытворчасцi, на патоку прадпрыемства з’явiлiся зусiм новыя вiды прадукцыi, не ўласцiвыя для яго. I асноўнымi з гэтых вiдаў сталi смолы, якiя мелi вельмi добры попыт у вытворцаў фанеры, а таксама вытворцаў драўнянастружкавых i драўняна-валакнiстых плiт, у лiцейнай вытворчасцi, машынабудаваннi. На "Лесахiмiку", як расказваюць тут цяпер, сумесна з работнiкамi заводскай навукова-даследчай лабараторыi вельмi хутка распрацавалi тэхналогiю вырабу гэтых смол, прапанавалi iх дрэваапрацоўшчыкам рэспублiкi. Тыя добра прынялi iх, i цяпер на прадпрыемстве вырабляюць гэтага прадукту да 2 тысяч тон за месяц; з iм барысаўчане выходзяць нават на рынкi суседнiх краiн.

* * *

А ўвогуле, нягледзячы на прысутнасць на прадпрыемстве "хiмii", тут стаiць вельмi прыемны водар хваёвага лесу... Як зазначана ўжо, на прадпрыемстве вырабляюць канiфоль i шкiпiнар, а iх атрымлiваюць пры перапрацоўцы добра вядомай хваёвай жывiцы. Адсюль, зразумела, i гэты здаровы хваёвы водар, якi напаўняе тэрыторыю прадпрыемства. Словам, каб атрымаць добры зарад бадзёрасцi, не трэба i ў лес ехаць. А ўжо само слова якое прыгожае — "жывiца"...

На прадпрыемстве ўжо з самага пачатку накiрунак на перапрацоўку жывiцы i атрыманне з яе канiфолi i шкiпiнару (а яны iдуць на самыя розныя патрэбы народнай гаспадаркi: канiфоль для шыннай i каўчуковай прамысловасцi, папяровай, гумавай, лакафарбавай i iншых вытворчасцяў, шкiпiнар — для медыцыны i фармацэўтыкi, для прымянення яго ў якасцi сыравiны ў арганiчным сiнтэзе) быў вызначаны як асноўны; асноўным застаецца гэты накiрунак i цяпер. А барысаўскi "Лесахiмiк" з’яўляецца ў гэтым плане адзiным прадпрыемствам у рэспублiцы i самым буйным у СНД. У прыватнасцi, на iм цяпер выпускаюць за год каля 5 тысяч тон канiфолi, а прадпрыемствы СНД (у Расii i ва Ўкраiне) усе разам атрымлiваюць яе ў колькасцi да 3 тысяч тон. Барысаўскае прадпрыемства ўстойлiва трымаецца i працуе, нягледзячы на жорсткую канкурэнцыю з боку вытворцаў з Кiтая i Iнданезii, нягледзячы на ўсе размовы аб стварэннi штучных жывiцы i канiфолi, прычым каля паловы канiфолi i каля 80 працэнтаў шкiпiнару экспартуе.

Начальнiк канiфольна-серпентыннага цэха Мiхаiл Iсаевiч падрабязна расказаў пра пэўныя асаблiвасцi тэхналагiчнага працэсу, падчас якога тут i атрымлiваюць зазначаныя прадукты, але, напэўна, самым важным месцам ва ўсёй гэтай справе з’яўляецца работа ў лесе, або падсочка дрэў i збор жывiцы. Да 1,5 кiлаграма можа даць яе адно дрэва за сезон, якi доўжыцца з чэрвеня да снежня; штодзённа 78 кiлаграмаў яе павiнен сабраць нарыхтоўшчык (7 тон за год). Каб "Лесахiмiк" атрымаў за год (дакладней — за сезон) для перапрацоўкi свае 6—7 тысяч тон жывiцы, каля 5 мiльёнаў дрэў трэба падсочыць, за сезон неаднаразова абысцi iх, злiць з жывiцапрыёмнiкаў бурштынавы водар... Жывiцу для прадпрыемства нарыхтоўваюць у асноўным леспрамгасы, разам з тым каля 30 працэнтаў яе збiрае яно само, мае пры гэтым тры свае вытворчыя ўчасткi (Барысаўскi, Слабадскi — каля Жыткавiчаў i Ганцавiцкi), на якiх жывiцу нарыхтоўваюць каля 300 чалавек. Гэта, як правiла, жыхары вёсак. Яны пры гэтым уваходзяць у штат прадпрыемства. Такiм чынам, тут мы маем і свайго кшталту ўклад яго ў рэспублiканскую праграму развiцця малых гарадоў i населеных пунктаў.

— Вельмi нялёгкая ў гэтых людзей праца. Трэба падысцi да кожнага дрэва, нарэзаць на iм падсочку, устанавiць жывiцапрыёмнiкi, потым рэгулярна абыходзiць iх. А самi дзялянкi, на якiх iдзе здабыча жывiцы, звычайна знаходзяцца далёка ад вёсак. У цэлым увесь гэты працэс вельмi працаёмкi, — зазначае кiраўнiк прадпрыемства Валянцiн Шкаруба.

— Але цi можна адмовiцца ад гэтага цiкавага старажытнага рамяства, якое да таго ж прыносiць пэўны даход?.. Нягледзячы на тую ж вельмi жорсткую канкурэнцыю ў гэтай справе з боку вытворцаў Кiтая i Iнданезii, мы, тым не меней, займаем свой сегмент рынку i няблага адстойваем яго. Нашы асноўныя канкурэнты яўна дэмпiнгуюць на гэтым рынку, мы ж iмкнёмся забяспечыць канкурэнтаздольнасць нашых прадуктаў за кошт iх высокай якасцi. I гэта добра бачаць нашы спажыўцы, якiя, здараецца, выкарыстоўваюць нашу канiфоль для таго, каб разбавiць ёю канiфоль, узятую ў iншых вытворцаў — нашых канкурэнтаў i такiм чынам палепшыць якасць апошняй. Увогуле, мы цвёрда прытрымлiваемся наступнага прынцыпу: добрае танным не бывае. Мы не iдзём па шляху патаннення прадукцыi, а дабiваемся таго, каб перш за ўсё яна поўнасцю адпавядала ранейшым жорсткiм ДАСТам. Пры гэтым добра разумеем: рынак ёсць рынак, таму ўсяляк iмкнёмся зменшыць нашы выдаткi, знiзiць сабекошт сваёй прадукцыi. Перад калектывам пастаўлена задача: за гэты год мець гэтых выдаткаў на 10 працэнтаў меней.

* * *

Аднак час па-сапраўднаму прадставiць нашага суразмоўцу. Валянцiн Уладзiмiравiч Шкаруба ўзначалiў прадпрыемства "Лесахiмiк" у красавiку 2003 года. Да гэтага, пасля заканчэння тэхналагiчнага ўнiверсiтэта, 18 гадоў працаваў на прадпрыемстве "Барысаўдрэў", быў тут майстрам, начальнiкам цэха; атрымаў адначасова яшчэ адну вышэйшую адукацыю — ва ўнiверсiтэце народнай гаспадаркi. Валянцiн Уладзiмiравiч паважае iнiцыятыўных, адказных людзей, на якiх, зразумела, i абапiраецца ў сваёй рабоце. А яшчэ ён — актыўны прыхiльнiк здаровага ладу жыцця; мае чорны пояс каратэ, з’яўляецца майстрам спорту па рукапашным боi. Словам, аргументаў у яго болей чым дастаткова, каб навучыць розуму якога-небудзь буяна або выпiвоху. Але на ўзбраеннi ў кiраўнiка, як i належыць, — чыста моўныя аргументы, аргументы пераканання...

— 7 верасня наш горад сустракае гасцей, якiя прыедуць да нас на Дзень пiсьменства, як вядома, сёлета месцам правядзення гэтага дня выбраны менавiта Барысаў, — на самым пачатку гутаркi зазначыў Валянцiн Уладзiмiравiч. — Гэта — вялiкi гонар для нашага горада i ўвогуле для яго кожнага жыхара, для яго працоўных калектываў. Зразумела, трэба прывесцi яго ў належны выгляд, трэба годна сустрэць нашых гасцей. Разам з гарадскiмi службамi вялiкую работу па добраўпарадкаваннi горада праводзяць i непасрэдна самi прадпрыемствы, у тым лiку i наша. Як бы складана нi было, выдзяляем сродкi. Вы звярнулi ўвагу на тэрыторыю перад уваходам на наш завод?..

Мы — звярнулi. Не ведаем, што было раней, але цяпер уезд на завод выглядае вельмi прыгожа. Гэткае ж добраўпарадкаванне праводзiцца на турыстычнай базе прадпрыемства, каля яго сямейнага iнтэрната, падшэфнай школы...

— Валянцiн Уладзiмiравiч, гэта на сёння ваш асноўны клопат?

— Ну чаму ж асноўны — адзiн з асноўных. Сезон нарыхтоўкi жывiцы i яе перапрацоўкi ў разгары — трэба нацiскаць. Да таго ж сёлета вельмi моцна абвастрылася канкурэнцыя... Маючы на ўвазе як яе, так i сезоннасць нарыхтоўкі жывiцы, павышаную ўвагу сталi ўдзяляць развiццю нашай другой галiны — хiмiчнай i нафтахiмiчнай, прыступiлi да ажыццяўлення важных для нас праектаў па асваеннi новых прадуктаў, якiя пры гэтым будуць добра працаваць на iмпартазамяшчэнне...

* * *

Мы ўжо зазначалi, што на прадпрыемстве наладзiлi выпуск смол. Вырабляюцца ж яны на аснове адпаведнага канцэнтрату, якi цяпер завозiцца з Расii. Каб адысцi ад гэтых замежных закупак, на "Лесахiмiку" распрацавалi праект па вырабе свайго канцэнтрату. Адпаведны бiзнэс-план вывучаецца цяпер у канцэрне "Беллеспаперапрам". Пры яго рэалiзацыi на прадпрыемстве будуць створаны магутнасцi па выпуску 20 тысяч тон канцэнтрату ў год. Гэта дазволiць павялiчыць на прадпрыемстве агульныя аб’ёмы вытворчасцi прадукцыi ў 1,5 раза; указаны канцэнтрат складзе таксама важкi артыкул экспарту. Мяркуемы кошт праекта — 7—10 мiльёнаў еўра, якiя ў асноўным плануецца атрымаць за кошт банкаўскiх пазык, iнавацыйнага фонду канцэрна "Беллеспаперапрам".

На сёння праводзiцца работа i па падрыхтоўцы вытворчасцi да выпуску шклоабмыўнай вадкасцi для аўтамабiляў на аснове свайго, айчыннага этылавага спiрту. Да гэтага такой асновай служыў iзапрапiлавы спiрт, якi купляўся ў Расii. Да рэалiзацыi адпаведнага праекта на "Лесахiмiку" прыступаюць ужо ў жнiўнi; цяпер тут, па сутнасцi, iдуць апошнiя падрыхтоўчыя работы. Мы пабывалi ў навукова-даследчай лабараторыi прадпрыемства, у якой узгаднялася канчатковая рэцэптура шклоабмыўнай вадкасцi. "Аўтамабiлiстам павiнна спадабацца, пахне прыемна", — гаварыла начальнiк лабараторыi Людмiла Тарасава, хоць разам з тым паскардзiлася, што за дзень нанюхалася гэтай прыемнай вадкасцi амаль да млоснасцi.

Яшчэ адзiн новы для прадпрыемства прадукт: тут наладзiлi вытворчасць антысептыка для прамочвання чыгуначных шпал. Асноўны спажывец — побач: Барысаўскi завод па вырабе шпал, зыходная сыравiна — з "Нафтана" i "Палiмiра". Антысептык прайшоў экалагiчную атэстацыю; наладжванне яго выпуску таксама працуе на праграму iмпартазамяшчэння.

Не так даўно Валянцiн Шкаруба вярнуўся з Краснаярска, у якiм беларускiя прадпрыемствы выстаўлялi сваю прадукцыю. Асноўнай мэтай яго вiзiту было знаёмства з мясцовым канiфольна-экстракцыйным заводам i яго кiраўнiцтвам i заключэнне пагаднення аб сумеснай дзейнасцi. У прыватнасцi, на "Лесахiмiку" разам з Ноўгарадскiм лесатэхнiчным iнстытутам распрацаваны такi вiд прадукцыi, як кабельная канiфоль. Гэта канiфоль у вынiку краснаярскiх сустрэч можа надзейна прапiсацца на кабельных прадпрыемствах сiбiрскага рэгiёна. I не толькi тут, але i на iншых кабельных прадпрыемствах Расiйскай Федэрацыi. На чацвёрты квартал на "Лесахiмiку" запланавана таксама распрацоўка другаснага прадукту на аснове канiфолi — эмульгатара канiфолi (канiфольнае мыла), якi выкарыстоўваецца ў каўчукавай прамысловасцi.

На прадпрыемстве намечана таксама развiццё вытворчасцi па выпуску клею рознага прызначэння, у прыватнасцi для склейвання бруса, для вырабу кардону i г.д. Цяпер тут вырабляюць клей, якi пастаўляецца на кардонна-папяровыя фабрыкi краiны.

Добраму прасоўванню прадукцыi "Лесахiмiка" на новыя рынкi дапамагае яго пастаянная прысутнасць на розных выстаўках. Вышэй ужо сказана пра яго сёлетнi ўдзел у краснаярскай выстаўцы; сёлета ж, у канцы красавiка, барысаўчане выстаўлялi ўзоры сваёй прадукцыi на мiжнародным кiрмашы ў Гановеры. I тут прадукцыя барысаўчан таксама не засталася не заўважанай, а ў вынiку яны заключылi кантракты на яе пастаўкi (у прыватнасцi — шкiпiнару) у Чэхiю i Швецыю. Першая партыя ў Швецыю ўжо адпраўлена.

У 2005 годзе на прадпрыемстве ўкаранёна сiстэма менеджменту якасцi ISО-2001; у мiнулым годзе тут атрымалi сертыфiкат па ISО-1400 у галiне аховы навакольнага асяроддзя; сёлета, акурат да Дня пiсьменства, плануецца атрымаць сертыфiкат па сiстэме ISО-18000 у галiне аховы працы.

Дарэчы, скажам тут пра свайго кшталту дапаўненне да сiстэмы кiравання якасцю, якое можна абазначыць, як метад кiраўнiка. Валянцiн Уладзiмiравiч залiў выраблены на заводзе тасол у свой аўтамабiль, пры гэтым папярэдзiў i сваю навуку, i работнiкаў цэха: няхай толькi раз’есць... Увогуле ж, што датычыцца якасцi менавiта тасолу (а гэта, няйначай, будзе цiкава для аўтааматараў), ён на заводзе праходзiць скрупулёзныя даследаваннi на адсутнасць у яго здольнасцi ўтвараць у сiстэме ахалоджвання карозiю. Спецыяльныя пласцiнкi з металiчнага сплаву, адшлiфаваныя па вышэйшым класе дакладнасцi, змяшчаюцца ў толькi што выраблены тасол i вытрымлiваюцца ў iм пэўны час. Потым гэтыя пласцiнкi даследуюцца пад мiкраскопам, цi ўтварылiся ў iх ракавiны i колькi iх... Як зазначаюць на прадпрыемстве, пытанняў наконт якасцi тасолу няма.

Вырашаючы пытаннi ў рамках праграмы энергазберажэння, на прадпрыемстве ў мiнулым годзе рэканструявалi сваю кацельню, што дазволiла яму iстотна знiзiць энергаспажыванне — на 30 працэнтаў. Пры гэтым пры даведзеным заданнi па энергазберажэннi мiнус 15 працэнтаў тут дасягнулi паказчыка мiнус 76. "Затое выбралi практычна ўвесь рэзерв на гэты год", — паскардзiлiся тут. Праўда, ужо хутка немалую эканомiю энергарэсурсаў павiнна прынесцi iншае мерапрыемства — намечаная рэканструкцыя цэха нафтапалiмерных смол, замена ў iм iснуючага абсталявання. Адпаведны праект ужо распрацаваны.

— Усе гэтыя праекты i мерапрыемствы, вядома ж, выконваюцца не дзеля пэўнай адзнакi ў нейкай справаздачы. Яны iстотна паўплываюць на эфектыўнасць нашай работы, а значыць — i на павышэнне дабрабыту працаўнiкоў калектыву; мы яшчэ лепей умацуем нашу сацыяльную базу, якая ў нас ёсць. Наша немаладое ўжо прадпрыемства, якое мае амаль 80-гадовую гiсторыю, яшчэ няблага паслужыць нашаму калектыву, нашай эканомiцы ўвогуле. Галоўнае, прадпрыемства працуе, i працуе паспяхова, — сказаў падчас гутаркi Валянцiн Шкаруба.

Іван БАРАНОЎСКІ.

Праблемы, якiя хвалююць лесанарыхтоўшчыкаў канцэрна "Беллеспаперапрам"

Як зазначаюць у канцэрне "Беллеспаперапрам", асноўнай задачай яго спецыялiзаваных арганiзацый — леспрамгасаў — з’яўляецца забеспячэнне дрэваапрацоўчых i цэлюлознапапяровых прадпрыемстваў канцэрна драўнiнай. Аднак нармальнаму наладжванню гэтай справы перашкаджаюць пэўныя недахопы, якiя склалiся ў практыцы лесанарыхтовак, а пераважна — у практыцы фармiравання цэнаў на драўнiну. Перш за ўсё, лесасечны фонд не выдзяляецца канцэрну на доўгатэрмiновай аснове, што не дазваляе яго прадпрыемствам працаваць з дакладнай перспектывай, уплывае на iх эканамiчную грунтоўнасць.

Як адбываецца фармiраванне цаны? Сёння толькi частка драўнiны, або з 13,7 мiльёна кубаметраў, што нарыхтоўваюцца за год (у прыватнасцi, столькi нарыхтавалi яе ў мiнулым годзе), толькi 2,5 мiльёна кубаметраў праходзяць праз бiржавыя таргi, на якiх, зразумела, i вызначаецца яе цана. А пры гэтым тая цана, якая склалася на адзначаную частку драўнiны, распаўсюджваецца (была распаўсюджана ў мiнулым годзе) i на ўсю астатнюю драўнiну, што рэалiзуецца. Гэта прыводзiць да штучнага завышэння цаны на драўнiну, ажыятажнага попыту на яе. Як лiчаць у канцэрне (i вельмi абгрунтавана), уся драўнiна без выключэння павiнна прадавацца менавiта праз бiржу, што прыводзiла б да ўстанаўлення на яе больш рэальнай цаны.

Практыка фармiравання цаны на драўнiну, якая склалася, не ўплывае на павышэнне або панiжэнне яе кошту ў залежнасцi ад умоў яе нарыхтоўкi. Вынiкам такой практыкi можна лiчыць той факт, што сёння не прадаецца каля 3 мiльёнаў кубаметраў драўнiны, якая знаходзiцца на цяжкадаступных участках або ўдалечынi ад пад’язных шляхоў.

Пры бiржавых таргах нярэдка арыентуюцца на таксавы кошт драўнiны, чаго не павiнна быць. Таксавы кошт можа служыць толькi ў якасцi асновы для фармiравання стартавай цаны.

Ва ўмовах пастаяннага змянення бiржавых цэнаў на лес на коранi канцэрн "Беллеспапера- прам" не бачыць неабходнасцi ў дырэктыўным устанаўленнi цэнаў на прадукцыю лесанарыхтовак, акрамя цэнаў на сацыяльна значную прадукцыю — дровы для насельнiцтва, дзелавую драўнiну для грамадзян, якiя маюць патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў i будуюцца, а таксама драўнiну для iншых фiзiчных асобаў на рамонт жылых i гаспадарчых пабудоў.

 

На здымках:

1. Выдатна ўпарадкавалi завадчане тэрыторыю перад прахадной.

2. "Пра многiя аспекты дзейнасцi прадпрыемства, а таксама пра культурна-масавае i спартыўнае жыццё калектыву можна даведацца ў нашай iнфармацыйна-метадычнай зале", — зазначае намеснiк дырэктара па iдэалагiчнай рабоце Ўладзiмiр Касцюкевiч.

3. На тэрыторыі прадпрыемства.

4. На цэнтральным пульце кiравання прадпрыемства. На здымку: начальнiк канiфольна-серпентыннага цэха Мiхаiл Iсаевiч i апаратчыца Вольга Яблонская.

5. Дырэктар ААТ "Лесахiмiк" Валянцiн Шкаруба.  

6. Падчас падсочкi дрэў.

Фота Марыі ЖЫЛІНСКАЙ.

УНП 600012243

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прадпрыемству "Лесахiмiк" у наступным годзе споўнiцца 80 гадоў. А калi браць за кропку адлiку час пачатку яго ўзвядзення, то юбiлей можна св
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика