"Баранкін", будзь чалавекам!
"Баранкін", будзь чалавекам!
Карэспандэнт "Звязды" разам з iнспектарам ДАI лавiў п’яных вадзiцеляў ...Наша адказная мiсiя пачалася а пятай гадзiне вечара — гэта час, калi на дарогах пачынае вiраваць жыццё: людзi вяртаюцца з працы. Рухаемся ў накiрунку Сенiцы (менавiта сюды дастаўляюць нецвярозых вадзiцеляў для правядзення алкатэсту). Як аказалася, у гэты вечар не мы адны "палявалi" на безадказных вадзiцеляў: усе нарады, якiя выступiлi на службу, былi таксама зарыентаваныя на гэта. — З чым звязана такi пiльны кантроль за п’янымi вадзiцелямi? — пацiкавiлася я ў Станiслава Салаўя, iнспектара аддзялення агiтацыi i прапаганды ўпраўлення ДАI УУС Мiнскага аблвыканкама, якi суправаджаў нас з калегамi падчас рэйду. — Толькi за апошнiя выхадныя лiпеня (дарэчы, самыя небяспечныя днi трапiць пад колы аўтамабiля, за рулём якога сядзiць нецвярозы вадзiцель — якраз выхадныя) зафiксавана чатыры ДТЗ па вiне нецвярозых вадзiцеляў. У Мiнскiм i Уздзенскiм раёнах пацярпелi двое непаўналетнiх веласiпедыстаў (адзiн атрымаў цялеснае пашкоджанне ў выглядзе закрытай чэрапна-мазгавой траўмы сярэдняй ступенi, другi — закрыты пералом галёнкаступнёвага сустава i мноства удараў i сiнякоў). Траўмы атрымалi таксама i два пасажыры, якiя адважылiся даверыць сваё жыццё нецвярозым вадзiцелям, вiноўнiкам ДТЗ. Дарэчы, чацвёртыя лiпеньскiя выхадныя сталi самымi нецвярозымi ў Мiнскай вобласцi за мiнулы год: за два днi ў сельскiх населеных пунктах, паблiзу вадаёмаў, ля месцаў адпачынку былi затрыманы больш як сто п’яных вадзiцеляў, што ў 2-3 разы больш, чым у буднiя днi. — Цiкава, а па якiх прыкметах супрацоўнiкi мiлiцыi разумеюць, што за рулём сядзiць менавiта чалавек нападпiтку? — Першапачаткова можна вызначыць, што вадзiцель знаходзiцца ў стане алкагольнага ап’янення, па тым, як ён кiруе транспартным сродкам (вельмi павольна едзе, часта не па сваёй паласе, перастройваецца з паласы ў паласу, у цёмны час сутак забываецца ўключыць фары). Пры спыненнi нецвярозы вадзiцель адрознiваецца тым, што пачынае хвалявацца, у яго можа быць занадта чырвоны твар, i, безумоўна, вызначальным паказчыкам з’яўляецца пах алкаголю. *** Сенiца, Чурылавiчы, Шчытомiрычы, Самахвалавiчы... Станiслаў узмахвае жэзлам — i машына спыняецца за машынай. Дакументы ў парадку. "Шчаслiвай дарогi". I вось неўзабаве насустрач едзе матацыкл... Убачыўшы супрацоўнiка мiлiцыi, малады чалавек паддаў газку i сiгануў у лес. Ведаў, што на машыне па такой вузкай сцяжынцы немагчыма праехаць. — Часта вадзiцелi, якiя кiруюць транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення цi пры адсутнасцi вадзiцельскага пасведчання, не выконваюць законныя патрабаваннi работнiка мiлiцыi аб спыненнi i прадаўжаюць рух, — гаворыць Станiслаў Салавей. — Як вадзiцелi легкавых аўтамабiляў, так i матацыклiсты спрабуюць уцячы да апошняга, асаблiва калi добра ведаюць мясцовасць. Адназначна сцвярджаць нельга, але наш гора-матацыклiст хутчэй за ўсё пачаў уцякаць таму, што не меў вадзiцельскага пасведчання цi дакументаў на матацыкл... I гэта пры тым, што для таго, каб атрымаць правы на матацыкл, вясковай моладзi не трэба мець неймаверную суму грошай. У сувязi з тым, што ў раённых цэнтрах няма спецыяльных школ, дзе вучаць матацыклiстаў, маладому чалавеку дастаткова самастойна падрыхтавацца да экзамену i пасля гэтага напiсаць заяву на iмя начальнiка раённай ДАI. Па меры паступлення заяў у гэты населены пункт прыязджае камiсiя ў складзе супрацоўнiкаў ДАI, у тым лiку работнiка экзаменацыйнага аддзела. Здаецца спачатку тэорыя, у вынiку паспяховай яе здачы пачынаецца другая частка выпрабаванняў: дэманструюцца практычныя навыкi. Па рашэннi камiсii маладым людзям выдаюць вадзiцельскiя пасведчаннi, у кiшэнi з якiмi яны не будуць больш дрыжаць, як толькi ўбачаць на гарызонце мiлiцэйскую машыну. *** У гэты дзень, на шчасце (няхай лепш матэрыял атрымаецца зусiм "без перчыку", чым п’яны вадзiцель сядзе за руль, ставячы такiм чынам пад пагрозу не толькi сваё жыццё, але i жыццё iншых удзельнiкаў дарожнага руху. — Н.Д.), п’яных кiроўцаў мы не сустрэлi. Аматары выпiць, а iх, нi для кога не сакрэт, у любой вёсцы нямала, дабiралiся з мясцовых крамаў на сваiх уласных нагах, моцна сцiскаючы пры гэтым бутэльку з пiвам цi гарэлкай у руках. — Дарэчы, п’яны пешаход уяўляе не меншую небяспеку на дарозе, чым п’яны вадзiцель, — гаворыць iнспектар. — Яго паводзiны складана прадказаць. Таму мы пастаянна тлумачым як вадзiцелям, так i пешаходам, што алкаголь i дарога — рэчы несумяшчальныя. Некалькi вадзiцеляў, якiх мы спынiлi, аказалiся без дакументаў. "Я проста на дзесяць хвiлiн выехаў(ла) у краму па прадукты, а правы засталiся дома. Дазвольце схадзiць па iх, калi ласка". Астатнiя ж спяшалiся з вядром вiшань да цяжарнай жонкi цi на любiмую канапу, каб набрацца сiлаў перад новым працоўным днём. *** Па каментарый я звярнулася да начальнiка ДАI МУС Беларусi Аляксандра Мендзелева. — Аляксандр Мiхайлавiч, толькi за апошнiя шэсць месяцаў гэтага года на дарогах краiны загiнула 639 чалавек, 3241 чалавек атрымаў раненнi рознай ступенi складанасцi. У гэтым часта вiнаватыя кiроўцы, якiя селi за руль у стане алкагольнага ап’янення... — Сапраўды, п’янства за рулём на працягу апошнiх гадоў застаецца самай вострай праблемай. Але вадзiцеляў нiчога не спыняе (нi статыстыка, нi жорсткiя меры пакарання за язду за рулём у п’яным выглядзе): яны прадаўжаюць намотваць кiламетры, ствараючы небяспечную сiтуацыю на дарогах. Згадзiцеся са мной, што, як правiла, людзi выпiваюць у кампанii сяброў цi родных. I больш за ўсё шакiруе тое, што нiхто з гэтай кампанii чамусьцi не перашкаджае чалавеку, якi выпiў, сесцi за руль. Ну, няхай сабе яны не думаюць пра небяспеку, якой падвяргаецца iх знаёмы. Але ж пад кола гэтай машыны з-за iх абыякавасцi можа трапiць чыйсьцi, у тым лiку i iх, любiмы чалавек... — Магчыма, трэба павысiць ступень пакарання? Як вядома, МУС выступiла з iнiцыятывай увядзення такой меры адказнасцi, як канфiскацыя аўтамабiля, за рулём якога знаходзiцца п’яны вадзiцель. Наколькi гэта рэальна? — Канфiскацыя транспартнага сродку ў вадзiцеля, якога злавiлi за рулём у п’яным выглядзе, складанае пытанне, — адзначыў Аляксандр Мендзелеў. — Прымяненне такiх нормаў не толькi патрабуе ўнясення змяненняў у заканадаўства, але i залежыць ад гатоўнасцi грамадства. Тым не менш гэта пытанне абмяркоўвалася на вельмi сур’ёзным узроўнi з прадстаўнiкамi судовых органаў, Мiнiстэрства юстыцыi, МУС, пракуратуры. У сувязi з тым, што ў гэтым годзе ў нецвярозым стане было затрымана ўжо больш чым 30 тысяч кiроўцаў (i больш як 2 тысячы паўторна), генеральны пракурор даў распараджэнне судам шырэй прымяняць свае паўнамоцтвы. Гэта рэкамендацыя выклiкана тым, што на сёння нават тыя меры, якiя прапiсаны ў заканадаўстве, пакуль не выкарыстоўваюцца ў поўнай ступенi. У прыватнасцi, за паўторнае кiраванне аўтамабiлем у нецвярозым стане прадугледжана крымiнальная адказнасць i штраф, якi можа дасягаць 1000 базавых велiчынь, а гэта ажно 35 мiльёнаў рублёў. Акрамя таго, калi чалавек не ў стане заплацiць такую вялiкую суму, то суд мае поўнае права накласцi арышт на аўтамабiль да выплаты штрафу. Але яшчэ нi разу крайняя мера не прымянялася. Таму пакуль што мы паглядзiм на вынiкi прымянення па максiмуме ўжо прадугледжаных санкцый. Калi ж i пасля гэтага не будзе зрухаў у лепшы бок, то, магчыма, давядзецца прымяняць больш жорсткiя меры адказнасцi ў адносiнах да нецвярозых вадзiцеляў. Надзея ДРЫЛА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Карэспандэнт "Звязды" разам з iнспектарам ДАI лавiў п’яных вадзiцеляў
|
|