21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

"...Не чуваць там пра англійскi парламент..."

26.08.2009 10:27 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

"...Не чуваць там пра англійскi парламент..."

Фiзiчная геаграфiя тут выглядае наступным чынам: круглы зямны шар, на адным баку якога знаходзiцца Вестмiнстэрскi палац i ўсё, што з iм, а на супрацьлеглым — Расоншчына. Пра гэта пiсаў яшчэ ў першай палове ХІХ стагоддзя славуты выпускнiк Полацкай езуiцкай акадэмii Ян Баршчэўскi, ураджэнец гэтых мясцiнаў: "Калi хто, будучы ў гэтым краi, узышоў на вяршыню Пачаноўскай гары i глядзеў на дзiкiя ваколiцы, што ляжаць навокал, дык бачыў, як азёры тут i там, нiбы люстэркi, адбiваюць дзённы прамень, а над iх берагамi дрэмлюць густыя лясы, як дзе-нiдзе на схiлах чарнеюць бедныя сялянскiя хаты; але не ўбачыш тут нiдзе гарадскiх муроў, нi вежаў старога замка. Там чалавек забывае пра спрэчкi французскай палаты ў справе Егiпта i Турцыi, не чуваць там пра англiйскi парламент, пра вайну з кiтайцамi, не гамоняць там нi пра чыгункi, нi пра дзiвосную вынаходку Дагера. I толькi голас пастушка, стрэл паляўнiчага ў лесе або вецер, што гойсае ў вершалiнах пушчы, парушаюць на хвiлiну цiшыню ваколiцы..."

Прызнаюся, другi раз бяруся за артыкул пра гэту сядзiбу. Першая спроба, тры гады таму, была няў-далай. А таму некаторы страх ахоплiвае мяне i на гэты раз. Не падумайце, што сядзiба нецiкавая. Наадварот, яна бадай што адна з самых арыгiнальных на Беларусi. Проста тры гады таму я не здолела справiцца з валам iнфармацыi i ўражанняў, якiя прывезла з Расоншчыны. I яшчэ. У сядзiбах, якiя створаны для адпачынку, надзвычай цяжка працаваць. Там нервы, закручаныя ў Мiнску ў тугую вяроўку, раптам расслабляюцца, лiхаманкавыя думкi некуды знiкаюць, i хутка ты ловiш сябе на тым, што сядзiш у крэсле перад камiнам, неабавязкова запаленым, рукi твае бязвольна ляжаць на падлакотнiках, i рухацца зусiм не хочацца, бо хо-ра-ша. Чамусьцi нават не сорамна перад гаспадаром, якому ты на правах журналiста нiчога не заплацiў, напэўна, сумленне таксама адпачывае.

Другi раз, i тры гады таму (дазвольце ўжо хоць часткова аддаць той доўг), i цяпер, да Аляксандра Крола ў Забор’е я выязджаю ранiцай пасля начоўкi ў Клясцiцах. I еду спачатку ў Расоны — сталiцу "паўночнага i дзiкага бока Беларусi", як выказаўся пра гэтыя мясцiны пачынальнiк новай беларускай лiтаратуры Ян Баршчэўскi. А ў Расонах i тады, i цяпер мы абавязкова наведваем сядзiбу памешчыка Гласкi, пабудаваную на мяжы ХIХ—ХХ стагоддзяў на беразе аднайменнага возера ў акружэннi парку са стаўком. I зноў душа сцiскаецца болем, як бачыш, што такi прыгожы i рэдкi для гэтых мясцiнаў помнiк архiтэктуры, гэтая разынка Расоншчыны, пра якую знаўцы кажуць: "Мэта дойлiда — стварыць уражальны знешнi эфект — была тут дасягнутая", у занядбаным стане. Па-ранейшаму ў будынку месцiцца Цэнтр дзiцячай творчасцi, можа, гэта i добра, бо iнакш, напэўна, засталiся б ад яго толькi рэшткi, як, на жаль, у многiх мясцiнах па Беларусi. Аднак, вiдавочна, што сядзiба пакутуе ад недагляду, ад няўмелага рамонту, таннага латання слядоў часу. Яшчэ больш горка робiцца, калi, прываблены святлом вялiкага возера, ступаеш на масткi, што вядуць да рамантычнай альтанкi пасярод вады. Памiж жоўтых гарлачыкаў i чароту дзiкiя качаняты клiчуць бацькоў, якiя аддалiлiся на сярэдзiну возера, яшчэ далей красуецца пара белых лебедзяў. Але тут жа, у вадзе ля масткоў, у альтанцы, горы смецця, пустых бутэлек, пакетаў з-пад чыпсаў i кiрыешкаў, недакуркі i куча сланечнiкавага шалупiння.

З сядзiбай гэтай звязана цiкавая рамантычная легенда, магчыма, што i быль. Быццам бы гаспадар яе пан Гласка ўпадабаў у Нямеччыне прыгожую дзяўчыну i прапанаваў ёй свае руку i сэрца. Але немка паставiла расонскаму кавалеру ўмову: маўляў, дасць згоду, калi ён пабудуе для яе дом, у якiм столькi вокнаў, колькi дзён у годзе, i каб з аднаго боку дома было возера, а з другога — парк з сажалкай. Гласка выканаў жаданне сваёй каханай, пабудаваў сядзiбу, якая нагадвала мiнiяцюрны сярэдневяковы палац з мноствам гранёных вежачак, эркераў, выступаў, патаемных лесвiчак, разнастайных залаў i iнтымных пакойчыкаў. Упрыгожыў яго спiчастымi вокнамi рознай велiчынi; кажуць, iх сапраўды было 365, але зараз частка закладзена, паўночная трох’ярусная вежа з шатровым пакрыццём не захавалася ўвогуле, так што i сотню наўрад цi налiчыш.

Побач з сядзiбай Гласкi мiжволi падумалася, што ў многiм дзякуючы агратурызму, якi iмклiва развiваецца на Расоншчыне (каля 30 сядзiб зарэгiстравана, i колькасць гэта павялiчваецца ледзь не штодня), сюды едуць людзi не толькi з Беларусi i Расii, але i з Заходняй Еўропы, Амерыкi, Японii. Але да сядзiбы Гласкi везцi iх сорамна.

З Расон да вёскi Забор’е, дзе сядзiба "Кролава хата", можна ехаць рэйсавым аўтобусам. Так я рабiла ў першы свой вiзiт. Але цяпер мы ехалi на мiкрааўтобусе "Белаграпрамбанка", бо нас была цэлая каманда: эксперты, журналiсты, банкаўскiя работнiкi. I мы... заблукалi. Ехалi-ехалi нейкiмi бязлюднымi ляснымi дарогамi, звяраючы маршрут па карце, i ледзь не заехалi ў Расiю. Развярнулiся, вадзiцель змрочна пажартаваў наконт падвескi, бо асфальт тут пакiдае жадаць лепшага, а прыцiхлыя пасажыры гэтак жа нявесела пажартавалi наконт партызанаў, якiя зараз выйдуць насустрач нам з лесу. Паверылася. I ўзгадалiся радкi славутага ўраджэнца гэтых мясцiн: "На зямлi ёсць чорныя пушчы, што чарнеюцца каля нашых вёсак. У засень iх нетраў нiколi не заглядвала чалавечае вока; яны цягнуцца бясконца".

I сапраўды, амаль 70 працэнтаў тэрыторыi Расонскага раёна пакрываюць лясы, у якiх паспяхова хаваюцца ад усюдыiснай чалавечай iстоты бурыя мядзведзi, ласi, рысi, ваўкi, бабры, выдры, янотападобныя сабакi i зусiм цяпер рэдкiя глушцы. З-за забалочанасцi лясы дагэтуль застаюцца ў большасцi некранутымi. Там гняздзяцца рэлiктавыя вадаплаўныя птушкi i захавалiся знiкаючыя вiды раслiн. Самае галоўнае ўпрыгажэнне Расоншчыны — азёры i рэкi, якiх тут больш за 200, некаторыя злучаны ў адзiную складаную сiстэму. Унiкальныя высокiя пагоркi, утвораныя апошнiм ледавiком, робяць мясцовасць надзвычай маляўнiчай i нi на што не падобнай. Нездарма тут створаны два ландшафтныя заказнiкi рэспублiканскага значэння. I нездарма адна з першых фантастычных кнiг у беларускай лiтаратуры была навеяная гэтым таямнiчым, напоўненым цудамi, паданнямi i легендамi краем. Так i здаецца, што зараз выйдзе з пушчы лясун, галавою вышэй за хвою, а перад iм выбегуць на поле велiзарныя чароды вавёрак, зайцоў i iншых звяроў i ў небе засцяць сонца, адлятаючы прэч, цецерукi, курапаткi ды iншае птаства. На нашых вачах лясун ператварыцца ў казурлiка (цiкава, як ён выглядае — казурлiк?) i адразу ж з поля i лугоў паднiмуцца матылi i iншая жамяра, якiя, нiбы цёмная хмара, накрыюць нашу ваколiцу...

Такiм чынам няспешнай (каб зберагчы падвеску) i таму доўгай дарогай, паабапал якой зрэдку сустракалiся вёсачкi са смешнымi драўлянымi скульптурамi рыбакоў, дзеда з бабкай i дзiўнымi, абгароджанымi плотам валунамi, мы былi падрыхтаваны да таго, што належала ўбачыць у Забор’i. Рэч у тым, што Аляксандр Крол у колiшнiя часы набыў пад жытло былую вясковую бальнiцу пасляваеннай пабудовы. Доўгi драўляны будынак гаспадары пераўтварылi ў мiнi-гасцiнiцу. Прастора тут упарадкавана настолькi цiкава, што адразу адчуваеш сябе неяк iнакш, нiбы ты не ў звычайным доме, а ў тым, што ўтвораны тваёй уласнай, але забытай марай. Тут душа прымае ўсё: комiн з гарлачыкамi, багатую бiблiятэку з фанатэкай, чорную разную дубовую шафу, карнiзы з сукаватых галiн, пячную ляжанку з сеннiком, пакрыты саматканай посцiлкай ложак ля зрубленай сцяны, i нават падобную на адсек касмiчнага карабля з-за паўкруглых дзвярэй прыбiральню, i лазню, i яшчэ, зразумела, двухгадовага гаспадарскага лабрадора з сумнымi, як ва ўсiх жыхароў гэтага краю (што заўважыў яшчэ сто гадоў таму класiк), вачыма...

На гэты раз Аляксандра Крола i яго сына Цiмура, якi ўжо ажанiўся, аддзялiўся i мае свой занятак, а менавiта — суправаджае ў якасцi iнструктара водныя паходы па расонскiх азёрах, не было дома. Яны з ранiцы пагналi на тэхагляд машыну. Якую, дарэчы, набылi дзякуючы крэдытнай падтрымцы агратурызму Белаграпрамбанка. Нас сустрэла гаспадыня Вера, трошкi стомленая, бо адна завiхалася па гаспадарцы, а ў доме, мала таго, што мы прыехалi, жылi дзве сям’i, абедзве не першы раз: магiляўчане з двума хлопчыкамi — чацвёрты, а масквiчы з немаўляткам — другi. А яшчэ ў Кролаў новы клопат — карова.

— Хочам i свiней трымаць, — дзелiцца планамi Вера, налiваючы нам астуджанае малако пад блiны з чарнiчным варэннем, — бо сваё мяса патрэбна для гасцей, але самi не справiмся: часу катастрафiчна не хапае. Можа, папросiм некага з суседзяў.

Кролава хата стаiць наводшыбе, адразу за ёй лес, у якiм возера. Аляксандр кожную ранiцу, у любое надвор’е i пару года, iдзе на возера плаваць. Ён, былы настаўнiк фiзкультуры, заўзяты прыхiльнiк здаровага ладу жыцця, разам з сынам Цiмурам распрацаваў 9 маршрутаў па наваколлi: тры водныя, тры пешыя i тры веласiпедныя. Маршруты разлiчаны на розную ступень падрыхтаванасцi турыстаў, ад 6 да 35 кiламетраў, могуць быць аднадзённымi, двух або трохдзённымi, а таксама камбiнаванымi. Напрыклад, адпраўляецца група на байдарках, адзiн дзень плыве па сiстэме азёраў, другi — па рацэ, а на трэцi вяртаецца на веласiпедах. Альбо дзве групы стартуюць рознымi шляхамi, сустракаюцца i абменьваюцца сродкамi руху.

У Кролаў 4 байдаркi, на якiх можа размясцiцца 10—12 чалавек. На такую ж групу разлiчана колькасць веласiпедаў, i на ўдвая большую — палатак, спальных мяшкоў i iншага паходнага рыштунку. Воднымi шляхамi можна дабрацца да такiх мясцiн Расоншчыны, куды ўжо няма дарог, i ўбачыць шмат чаго цiкавага.

— Як правiла мы з спускаемся з надзвычай маляўнiчага возера Волаба з мноствам астравоў у возера Сiньшу, — расказаў мне потым па тэлефоне Цiмур. — Там кожная мясцiна звязана з нейкай гiсторыяй. Напрыклад, ёсць Маскоўскiя вароты, якiя вядуць у Расiю, i за iмi Маскоўкi плёс, Шлёмкiн востраў, па iмi яўрэя Шлёмы, якi хаваўся на iм падчас Вялiкай Айчыннай вайны разам са сваёй сям’ёй. Шлёмкiн востраў закрывае ўваход у залiў, якi быў калiсьцi пачаткам ракi. Месца гэта называецца Прорва, бо рака сышла адтуль, i з гэтым звязана яшчэ адно паданне. У пана Галынскага стаяў на возеры Дрысы млын, дзякуючы якому ён багацеў. Але па суседстве з iм жыў пан Крашуцкi, якi валодаў верхавымi азёрамi. Неяк паны пасварылiся, i Крашуцкi загадаў прарыць кароткi перашэек памiж азёрамi, вада хлынула i затапiла млын, паклаўшы канец шчаслiвым дням Галынскага.

На верхавых азёрах, якiя далучаюцца да Волабы, можна сустрэць занесены ў Чырвоную кнiгу Вадзяны арэх, там праходзiць беларуска-расiйская мяжа, i гасцей Кролаў прыводзiць у захапленне адсутнасць тут межавых знакаў i патрульных катараў. Адзiн бераг беларускi, другi — расiйскi, можна выйсцi з лодкi i апынуцца ў iншай краiне.

Калi рушыш з Кроламi ў паход, то хутчэй за ўсё пабачыш i самае вузкае месца памiж азёрамi, праз якое да нядаўняга часу быў пракладзены драўляны мост. Месца гэта так i называецца — Узмены, але цiкавае яно не толькi сваiм рэльефам, але i тым, што аднойчы накармiла малаком цэлую вёску. А было так, што праз гэты мост неяк ехала машына з кантрабанднай згушчонкай, мост не вытрымаў, машына трапiла ў ваду, кардонныя каробкi размоклi i мясцовыя жыхары яшчэ доўга пасля вылоўлiвалi з дна салодкi ласунак.

— Шмат цiкавых мясцiн па берагах, — расказвае Цiмур. — Напрыклад, партызанскi шпiталь i цэлы зямляначны гарадок, казармы, паўвостраў Манашак, на якiм доўгi час пасля вайны жылi пустэльнiцамi дзве жанчыны. Зямлянка ўжо амаль зарасла лесам, але навокал яшчэ можна сустрэць садовыя кусты.

На паўвостраве Перавоз, памiж вусцем рэчкi Ушы, якая ўпадае ў возера Дрыса, i колiшнiм вытокам ракi Дрысы знаходзiцца адзiн з самых цiкавых полацкiх курганоў — Рагнедзiн. Народнае паданне кажа, што тут пахаваны полацкi князь Рагвалод, забiты ўдарам каменнага молата. Падобны быў знойдзены ў кургане ў 1864 годзе i перададзены ў Iмператарскую археалагiчную камiсiю.

Вось так сiвая даўнiна, яшчэ нядаўняя гiсторыя i сучаснасць цесна пераплецены ў гэтых краях, у якiх, здаецца, час спыняе сваю хаду, каб трошкi адпачыць, палюбавацца разнастайнымi краявiдамi i цудоўнымi малюнкамi i даць чалавеку магчымасць узгадаць пра мiласэрнасць Творцы.

Упэўнiцца ў гэтым на працягу двух дзён маюць магчымасць штогод i госцi "Заборскага фэсту", якi тры гады таму прыдумаў i ўпершыню правёў (тады сабе ў страту) Аляксандр Крол. Цяпер вядомы на ўсю краiну i адзiны пакуль фестываль аграсядзiб, на якi збiраюцца не толькi гаспадары, у тым лiку патэнцыйныя — вясковых мiнi-гасцiнiц. Прыязджаюць i тураператары, прадстаўнiкi буйных турагенцтваў, мясцовых уладаў, фальклорныя гурты i творчыя калектывы, а таксама майстры, мiжнародныя эксперты ў галiне турызму, прэса i ўсе, каму гэта цiкава. Фэст праводзяць Расонскi райвыканкам i грамадскае аб’яднанне "Адпачынак у вёсцы". I "Кролава хата" па-ранейшаму бярэ на сябе важкую частку арганiзацыi — размясцiць, накармiць, наладзiць экскурсii, прэзентацыi.

Мы з жалем развiтваемся з гасцiннай Верай Крол, з зайздрасцю аглядаемся на яе маскоўскiх i магiлёўскiх гасцей, якiя застаюцца, i пакiдаем вёску Забор’е з жаданнем абавязкова прыехаць сюды ў iншай якасцi, а яшчэ прывезцi дзяцей, каб убачыць у iх вачах захапленне ад гэтага дома, ад гэтай прыроды, сесцi з iмi ў байдаркi i...

Праз некаторы час я перарываю летуценнае маўчанне ў аўтобусе i звяртаюся да экспертаў, каб яны падзялiлiся сваiмi ўражаннямi.

— У "Кролавай хаты", я думаю, вельмi вялiкая будучыня, — кажа доктар архiтэктуры Сяргей СЕРГАЧОЎ. — Што было б з гэтай вясковай бальнiцы, якая перастала функцыянаваць? Скуль заўгодна можна пабачыць у вёсках такiя будынкi, кiнутыя, нiкому не патрэбныя. А тут чалавек узяўся, пацiху, бачна, што яму нялёгка, але мэтанакiравана i паслядоўна ўвасабляе сваю задуму. I што самае галоўнае: у якi б куточак мы нi зазiрнулi, упэўнiмся, што рэалiзуецца цэласнае мастацкае вырашэнне. Аляксандр адчувае мэту i стыль, на якiя павiнен выйсцi. I прытрымлiваецца гэтага ва ўсiм, пачынаючы ад дзвярной ручкi, падвескi карнiзаў да агульнага выгляду, як гэта ўсё ўпiсваецца ў навакольную прыроду. У яго вельмi добра атрымлiваецца. Бальнiца — гэта, зразумела, не вясковы домiк, дзе ёсць пэўныя параметры, абмежаваннi. У гэтым будынку ўяўляецца магчымасць зрабiць шмат пакояў, зацiшных куткоў, дзе можна размясцiцца сям’ёй альбо адасобiцца аднаму, дзе могуць схавацца дзецi. Гэта вельмi здорава. Выдатна, што нi ў Крола, нi ў iншых гаспадароў сядзiб няма жадання зрабiць нешта пад еўрарамонт. Наадварот, ёсць iмкненне арганiчна ўвесцi гасцей у асяроддзе прыроды.

Вельмi важна, што ўсе аграсядзiбы з’яўляюцца сродкам узбагачэння вясковага асяроддзя. Сярод домiкаў, у якiх вiруе сялянскае жыццё, з’яўляюцца аб’екты, якiя выконваюць зусiм iншыя функцыi, дзе адбываюцца цалкам iншыя працэсы: сюды прыязджаюць людзi, спыняюцца, адпачываюць. Усе гаспадары сядзiб стараюцца зрабiць так, каб гэтыя працэсы адбывалiся з максiмальнай зручнасцю. Пры гэтым кожны робiць свой непаўторны варыянт. Гаспадары разумеюць, наколькi важна выкарыстаць мясцовы элемент, узнавiць легенды, паказаць славутасцi, распавесцi пра малавядомыя факты гiсторыi краю.

— Што тут дадаць? — усмiхаецца дацэнт кафедры этналогii i фалькларыстыкi БДПУ iмя М. Танка Алесь Лозка. — У Кролаў будзе цiкава ўсiм, i ахвотнiкам спакойнага адпачынку, i аматарам экстрыму, i збiральнiкам мясцовых легендаў i паданняў. Тут знойдзе свой скарб у выглядзе зёлак, варэння з лясных ягад i марынаваных грыбкоў хатняя гаспадыня, заўсёды будуць вяртацца сюды маладыя людзi, а навукоўцы, цi то этнографы, цi то эколагi альбо бiёлагi, тут зробяць свае адкрыццi, можа, нават iмя. Гэты край настолькi багаты, унiкальны i яшчэ малавывучаны, што застаецца проста дзякаваць богу, што такое яшчэ ёсць на зямлi, i не дзе-небудзь, а ў нас, на Беларусi.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ.

Расонскi раён.

 

 

 

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Фiзiчная геаграфiя тут выглядае наступным чынам: круглы зямны шар, на адным баку якога знаходзiцца Вестмiнстэрскi палац i ўсё, што з iм, а на супрацьл
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика