"О, Мінск!"
"О, Мінск!"
Спецыяльны карэспандэнт "Звязды" перадае з Пекіна У мiжнародным алiмпiйскiм прэс-цэнтры (МРС), нягледзячы на адносную прахалоду, якую ствараюць дзесяткi кандыцыянераў, вельмi спякотна. З наблiжэннем алiмпiяды — у вялiкай зале, разлiчанай на 5 тысяч "папарацы", яблыку няма дзе ўпасцi. Адзiная нязручнасць — кошт iнтэрнэту. Ён па-ранейшаму застаецца "касмiчным". Эпiцэнтрам актыўнасцi лiчыцца iмправiзаваны базар, дзе калекцыянеры з многiх куткоў свету прапануюць тысячы значкоў з алiмпiйскай атрыбутыкай усiх пяцi кантынентаў. Пекiнская палiцыя скрозь пальцы глядзiць на наваспечаных "бiзнэсменаў" i не iмкнецца прыкрыць нелегальны гандаль. Сталi звычнымi штодзённыя душэўныя ўсмешкi мясцовых валанцёраў-студэнтаў i гучнае "Монiн" (добрай ранiцы) цi "Па-ай" (пакуль). У адным з жылых карпусоў запрацаваў басейн з мiкрасаўнай. Калi парылка пакуль пустуе, то водныя дарожкi на 27-м паверсе ўжо ажылi. Праўда, як нi дзiўна, але асноўныя наведвальнiкi "швiмен пула" — рускамоўныя журналiсты i кiтайцы. Калi са славянамi ўсё зразумела — трэба скарыстаць любыя магчымыя выгоды на алiмпiядзе, то з кiтайцамi — не вельмi. Тым больш што асаблiвай актыўнасцi на вадзе яны паказваць не iмкнуцца. Наблiжэнне алiмпiйскага агню да стадыёна "Птушынае гняздо" адчулi на сабе многiя журналiсты на ранiшняй трапезе ў "вясковым" рэстаране. Кампетэнтная камiсiя з дзесятка чалавек прайшлася мiж сталоў, зазірнула ў талеркi i кубкi. Посуд, трэба сказаць, зроблены са шчыльнай паперы, а вось сталовыя прыборы — пластмасавыя. Прыход высокiх гасцей зусiм не збянтэжыў галодных журналiстаў. Нейкую разнастайнасць у гэтую працэсiю ўнёс iндыйскi аператар, якi разам з калегам-каментатарам шукаў ахвотных выказацца наконт кiтайскага "фуда", харчавання, значыць. У поле зроку iндусаў трапiў i карэспандэнт "Звязды". Праўда, неглыбокiя веды англiйскай мовы (а па-нямецку азiят нiчога не разумее) змянiлi фармат размовы з эфiрнага на нефармальны. "О, Мiнск!" — засвяцiўся твар iндыйскага журналiста, калi той пачуў пра Беларусь, i выкiнуў вялiкi палец. Мне прыйшлося таксама адказаць камплiментам. "Над Дэлi я пралятаў, калi накiроўваўся ў Аўстралiю, — адказаў я. — Цудоўны горад!" Надзiва, абодва суразмоўцы аказалiся задаволеныя адказамi. У Пекiне па-ранейшаму спякотна i вялiкая вiльготнасць. Перамяшчацца пешшу — сабе даражэй. Таму мы па поўнай праграме выкарыстоўваем усе транспартныя паслугi. Ад журналiсцкай вёскi да Мiжнароднага прэс-цэнтра праз 20—30 хвiлiн курсiруюць аўтобусы, адтуль — на ўсе алiмпiйскiя аб’екты. Па "вясковай" тэрыторыi бесперапынна раз’язджаюць электрамабiлi з пасадачнымi месцамi на 8—10 чалавек. Пакуль на тварах усiх без выключэння рэпарцёраў толькi радасныя выразы. А iнакш i быць не можа — усе спаборнiцтвы яшчэ наперадзе, так што засмучацца не даводзiцца. Уладзiмiр ЗДАНОВIЧ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Спецыяльны карэспандэнт "Звязды" перадае з Пекіна
|
|