21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

"Мне зверху бачна ўсё..."

26.08.2009 10:27 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

"Мне зверху бачна ўсё..."

Выпрабавана на сабе

Карэспандэнт "Звязды" ўдзельнічаў у верталётным патруляваннi

На верталёце аўтар гэтых радкоў раней не лятаў. Зрэшты, не толькi ён, а пераважная большасць нашых суайчыннiкаў. Аб гэтым можна меркаваць са слоў камандзiра верталётнага звяна Цэнтральнага аэраклуба ДТСААФ (г. Мiнск), пiлота з больш чым трыццацiгадовым стажам Уладзiмiра Уласевiча, якi ўжо не адзін раз патруляваў. Падобныя акцыi заўсёды з цiкавасцю ўспрымаюцца мясцовым насельнiцтвам, суправаджаюцца шматлiкiмi "фотасесiямi" на фоне верталёта, альбо, калi дазволяць, у яго кабiне. I пляцоўка каля райцэнтра Свiслач, дзе мы спынiлiся на дазапраўку, не стала выключэннем. Асаблiвы iнтарэс быў праяўлены, вядома, тутэйшай дзятвой. Адзiн хлопчык нават звярнуўся да Уладзiмiра Уласевiча з просьбай, каб яго ўзялi ў верталёт да Мiнска, а адтуль, маўляў, бацька забярэ машынай.

Пры гэтым нават не ўзнiкла пытання, што ўзяць з сабой у палёт. Хаця, як на ўласным вопыце пераканаўся карэспандэнт "Звязды", пра абарону органаў слыху ад шуму верталётнага рухавiка паклапацiцца варта. Для гэтага можна прымянiць навушнiкi, бiрушы альбо, на худы канец, проста затычкi з ваты. А вось свiтэр, якi на ўсялякi выпадак быў узяты, у кабiне верталёта зусiм не спатрэбiўся: "тэмпературныя" адчуваннi падчас палёту такiя ж, як i ў салоне аўтамабiля...

Перад пачаткам верталётнага патрулявання сваiмi ацэнкамi набытага вопыту (гэта была ўжо чацвёртая i, можна не сумнявацца, не апошняя акцыя на тэрыторыi вобласцi) падзялiўся намеснiк начальнiка ўпраўлення ДАI УУС Гродзенскага аблвыканкама Анатоль Клiмаў. Аказваецца, нiчога "экзатычнага" тут няма, верталётнае патруляванне прымянялася i раней, часцей за ўсё ў савецкiя часы. Аднак пасля распаду СССР, пэўна, па прычыне недастатковага фiнансавання гэты метад кантролю Дзяржаўтаiнспекцыяй, прынамсi, у нас у Беларусi, доўгi час не прымяняўся...

Верталётнае патруляванне перш за ўсё праходзiць над магiстральнымi аўтадарогамi. Парушэннi выяўляюцца супрацоўнiкам ДАI, якi знаходзiцца ў кабiне верталёта i працуе ў тандэме з наземнымi патрулямi. З верталёта перадаюцца па рацыi на зямлю паведамленнi аб тых цi iншых парушэннях, i яны, адпаведна, спыняюцца. Як правiла, гэта парушэннi правiлаў абгону, дарожнай разметкi. З кабiны верталёта можна таксама вiзуальна вызначыць перавышэнне хуткасцi. Акрамя таго, ёсць ужо факты, калi выяўлялiся нецвярозыя вадзiцелi. Кантроль з неба датычыцца i веласiпедыстаў, пешаходаў, а таксама... ачагоў самагонаварэння ў лясных масiвах, паколькi зверху, можна пагадзiцца са знакамiтай песняй, i сапраўды бачна ўсё.

— Аднак мэта верталётнага патрулявання — не толькi ў выяўленнi парушэнняў, — адзначае Анатоль Уладзiмiравiч. — Гэта даволi эфектыўная прафiлактычная мера. Уявiце сабе сiтуацыю, калi вадзiцель транспартнага сродку неадэкватна, жорстка паводзiць сябе на дарозе i раптам над iм завiсае верталёт з патрульнай афарбоўкай ДАI. Вiдавочна, што ўжо сваёй прысутнасцю ён прадухiляе далейшыя парушэннi правiлаў дарожнага руху. Людзi едуць, да прыкладу, па магiстральнай аўтадарозе Мiнск—Гродна i ведаюць, што, акрамя наземнага патрулявання, ёсць яшчэ i паветранае, прычым з куды большым, чым у аўтамабiляў, полем агляду...

За сем месяцаў гэтага года на тэрыторыi Гродзенскай вобласцi адбылося 440 дарожна-транспартных здарэнняў, у якiх 96 чалавек загiнулi, а 475 былi траўмаваныя. Зарэгiстраваны 4331 факт кiравання транспартнымi сродкамi ў нецвярозым стане, 26 тысяч 384 выпадкi перавышэння хуткасцi. 11 тысяч 744 парушэннi дапушчаны пешаходамi.

Iнфармацыя аб маючым адбыцца верталётным патруляваннi зусiм не трымаецца Дзяржаўтаiнспекцыяй у сакрэце ад удзельнiкаў дарожнага руху. Больш за тое, ДАI зацiкаўлена ў тым, каб яны аб гэтым ведалi i акуратна сябе паводзiлi. Вось i на гэты раз па мясцовым радыё было агучана, над якiмi аўтадарогамi вобласцi будзе працаваць паветраны патруль.

...Верталёт "МI-2" стартуе з пляцоўкi побач з будынкам абласной ДАI. Ужо ў паветры старшы iнспектар батальёна дарожна-патрульнай службы абласной Дзярж- аўтаiнспекцыi, капiтан мiлiцыi Аляксандр Ручыц паказвае паперу (размаўляць у навушнiках практычна немагчыма) з маршрутам сённяшняга рэйду. Як потым удакладнiў Уладзiмiр Уласевiч, максiмальная вышыня палёту складала 450 метраў, мiнiмальная — 150. Найбольшая ж хуткасць дасягала 150 кiламетраў у гадзiну.

Існуе магчымасць не толькi вiзуальнага назiрання, але i фотавiдэафiксацыi. Зрэшты, аб парушэннях — пасля пасадкi, а пакуль журналiсту толькi i застаецца, што назiраць з неба за раптам не такiмi ўжо i знаёмымi аб’ектамi горада над Нёманам (не надта проста адразу зарыентавацца), а затым — вёскамi i палямi, ужо абмалочанымi альбо з тэхнiкай за працай. У прыватнасцi, без праблем можна было ўбачыць, што экiпажу камбайнераў у поле дастаўлены абед. А на адной з вясковых вулiц чалавек дзесяць, што былi там у гэты момант, па зразумелай прычыне, як па камандзе, паднялi галовы ўверх.

Менш чым праз гадзiну — першая пасадка ў Свiслацкiм раёне. Аляксандр Ручыц паведамляе, што, пакуль мы сюды ляцелi, у Гродзенскiм i Ваўкавыскiм раёнах былi зафiксаваны два парушэннi правiлаў дарожнага руху, а дакладней — абгону, калi аўтамабiлi перасякалi суцэльную лiнiю разметкi з выездам на сустрэчную паласу. Падобнае парушэнне, адзначае А. Ручыц, пры сутыкненнi з сустрэчным транспартам можа мець вельмi цяжкiя наступствы, i таму прымяняюцца санкцыi аж да пазбаўлення вадзiцельскiх правоў.

Дарэчы, парушэннi правiлаў абгону пераважалi i напярэдаднi, калi верталёт патруляваў аўтамагiстралi, што вядуць са сталiцы ў Ашмяны да мяжы з Лiтвой, а таксама ў Гродне. Акрамя таго, у Шчучынскiм раёне затрымалi п’янага скутэрыста, на трасе Мiнск—Вiльнюс праследавалi джып, якi не спынiўся на патрабаванне наземнага патруля i кiнуў "жартаваць" толькi тады, калi ўбачыў над сабой верталёт з сiмволiкай ДАI. А ў двух выпадках вадзiцелям аказалi дапамогу пасля паломкi iх аўтамабiляў: Аляксандр Ручыц зразумеў, што яны не проста так сiгналiзуюць рукамi верталёту, i паведамiў аб гэтым сваiм калегам на зямлi.

Хвiлiн праз дваццаць пасля дазапраўкi верталёта ў патруляваннi разам з Аляксандрам Ручыцам пачынаюць удзельнiчаць яго калегi са Свiслацкага райаддзела мiлiцыi — начальнiкi службаў ДАI i прафiлактыкi маёры мiлiцыi Валянцiн Сiдаркевiч i Васiль Бычак.

— Пара цяпер для нас даволi напружаная, — гаворыць Валянцiн Сiдаркевiч. — Людзi выязджаюць на прыроду, да вадаёмаў i пры гэтым нярэдка сядаюць за руль "пад градусам". Увогуле ж з пачатку года на тэрыторыi раёна выяўлена больш за 90 вадзiцеляў, якiя кiравалi транспартам у нецвярозым стане. Шэсць чалавек у дарожна-транспартных здарэннях атрымалi траўмы i адзiн загiнуў. Таму сённяшнi рэйд, першы, але, спадзяюся, не апошнi ў Свiслацкiм раёне, вельмi важны.

Мажлiва, нават сам факт, што ў раёне будзе праходзiць верталётнае патруляванне, паўплываў на паводзiны некаторых вадзiцеляў, паколькi правiлы дарожнага руху падчас паветранага рэйду па Белавежскай пушчы, тэрыторыi трох сельсаветаў раёна не парушалiся. Праўда, у лясным масiве, паведамiў Васiль Бычак, быў выяўлены адзiн самагонны апарат — ужо 45-ы па лiку з пачатку года, але першы — з неба.

Верталёт зноў вяртаецца для дазапраўкi на пляцоўку каля Свiслачы, пасля чаго бярэ курс у напрамку Слонiма... Увогуле за два днi з дапамогай верталётнага патрулявання на тэрыторыi Гродзеншчыны было выяўлена 46 парушэнняў. Але не менш важнае значэнне, згодны з супрацоўнiкамi ДАI камандзiр верталётнага звяна Уладзiмiр Уласевiч, мае iх прафiлактыка:

— Ужо два гады мы працуем разам з Дзяржаўтаiнспекцыяй на Мiншчыне i бачым, што вадзiцелi там сталi менш парушаць тыя ж правiлы абгону, перасякаць суцэльную лiнiю разметкi ў параўнан- нi з рэгiёнамi, дзе верталётнае патруляванне пачалося нядаўна.

Асаблiва запатрабаванымi паветраныя патрулі будуць, пэўна, тады, калi на змену старой тэхнiцы прыйдуць сучасныя, значна менш затратныя ў расходзе палiва верталёты.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На верталёце аўтар гэтых радкоў раней не лятаў. Зрэшты, не толькi ён, а пераважная большасць нашых суайчыннiкаў. Аб гэтым можна меркаваць са слоў кама
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика