21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Пачатак вяселля ў хаце нявесты

26.08.2009 10:28 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пачатак вяселля ў хаце нявесты

Народная энцыклапедыя

 

Следам за Сонцам або супраць яго

Пераважная большасць рытуальных дзеянняў вясельнага абраду падпарадкоўвалася "залатому" правiлу народнай культуры: любое перамяшчэнне жанiха i нявесты, а таксама асноўных вясельных чыноў (хросных бацькоў, дружыны маладых, сватоў) павiнна было адпавядаць накiрунку руху галоўнага касмiчнага свяцiла — Сонца.

Калi жанiх i нявеста развiтвалiся з роднай хатай перад вянчаннем, то бацькi абводзiлi iх вакол стала толькi па ходу гадзiннiкавай стрэлкi (што ў сучасным прачытаннi якраз i адпавядае нябеснаму руху свяцiла). У адпаведнасцi з гэтым правiлам, вясельны картэж рухаўся ад хаты да храма таксама ў тым жа накiрунку. Зразумела, што вяртанне маладых дадому i першы пасад iх за сумесны святочны стол таксама падпарадкоўваўся той самай старадаўняй завядзёнцы. Таму яшчэ раз нагадаем, што як толькi маладыя пераступяць парог роднай хаты, бацька павяжа iх рукi крыж-накрыж ручнiком i павядзе знiтаваную ў адзiнае цэлае пару за стол у накiрунку злева направа. Што абодва нябесныя свяцiлы, што пара заручаных маладых утваралi гарманiчную цэласнасць i пракладвалi свой Млечны шлях па зямлi. Некалi мы гаварылi пра тое, што першая вясковая вулiца, як правiла, паўтарала Гусiны Шлях на небе, а надалей гэты светапоглядны прынцып ляжаў у аснове не толькi ўсёй мiфапаэтычнай спадчыны беларускага народа, але i ў пераважнай большасцi земляробчых i сельскагаспадарчых клопатаў.

Уважлiвыя чытачы могуць запярэчыць: аўтары ўвесь час iмкнуцца праводзiць паралелi памiж архаiчнай язычнiцкай традыцыяй i каштоўнасцямi праваслаўнай культуры i пераконваюць у тым, што ў славянскай душы яны суiснуюць гарманiчна, дапаўняючы адна другую. Аднак у дадзеным выпадку ўзнiкае пэўная супярэчнасць або мы сутыкаемся з выключэннем з агульнапрынятых правiлаў: сёння ў царкве падчас вянчання маладых абводзяць вакол аналоя супраць руху сонца, або справа налева. Каб зразумець гэту супярэчнасць, неабходна звярнуцца да недалёкай гiсторыi Рускай праваслаўнай царквы. У 1666-1667 гг. была праведзена так званая Нiканаўская рэформа, якая ўнесла iстотныя змены ў правiлы i нормы жыцця Праваслаўнай царквы. Так, напрыклад, у дарэформенны перыяд iснавала двухперснае хрышчэнне, якое сiмвалiзавала дваякую прыроду Хрыста — чалавечую i Боскую. Патрыярх Нiкан уводзiць хрышчэнне трыма пярстамi, якое павiнна было ўвасабляць святую Тройцу — Бога Айца, Бога Сына i Святога Духа. Тады ж было прынята рашэнне аб тым, што Пасхальны хрэсны ход i абвядзенне маладых вакол аналоя будуць заменены на "супрасалонь", г. зн. у накiрунку, зарыентаваным супраць руху Сонца.

За вясельным сталом гамана

Для таго, каб прадоўжыць апiсанне самага важнага этапу святочнай урачыстасцi — вясельнага застолля, — неабходна яшчэ раз звярнуцца да фундаментальных светапоглядных асноў, прынцыпаў i рэгламентацый традыцыйнай культуры ўсходнiх славян, якiя датычаць агульнай сiмволiкi стала, асаблiвасцяў яго пабудовы, правiлаў паводзiнаў удзельнiкаў i прынцыпаў пасадкi за святочным сталом вясельных чыноў, сваякоў i iншых гасцей, а таксама наяўнасцi на iм асноўных рытуальных страў.

У традыцыйнай культуры беларусаў, рускiх i ўкраiнцаў сярод астатнiх прадметаў побыту стол займаў асобнае месца. У непарыўнай сувязi з чырвоным кутом ён з’яўляўся своеасаблiвым сакральна-магiчным, рытуальна-абрадавым i маральна-этычным цэнтрам сямейна-родавай светабудовы, увасабленнем дабрабыту (багаты стол — сiмвал заможнасцi гаспадароў) i духоўнасцi (за стол не садзiлiся, не памалiўшыся i не перахрысцiўшыся) сям’i, сiмвалiзаваў яе адзiнства i перспектыву жыватворнага працягу на ўвесь чалавечы век. Выключна высокi сацыяльны i культурны статус стала сфармiраваў вакол яго бязмежную колькасць самых розных па характары прадпiсанняў i строгiх рэгламентацый, якiя павiнны былi засведчыць павагу да яго i асаблiвасцi паводзiнаў за iм. Так, напрыклад, адным з галоўных правiлаў святкавання Калядаў было абавязковае патрабаванне, якое тычылася ўсiх членаў сям’i: на працягу двух тыдняў за сталом павiнны былi збiрацца ўсе члены сям’i. Тады, у адпаведнасцi з архаiчнымi ўяўленнямi, сям’я пражыве ў поўным складзе ўвесь год.

Пераважны статус стала ў абрадавай прасторы хаты пераняла i пацвердзiла i хрысцiянская культура. У структуры храма ёсць асаблiвае рытуальнае месца, якое атрымала назву пра-стол, г. зн. самы галоўны стол у абрадавай прасторы гэтага прыходу. У шматлiкiх тэкстах народных замоў прысутнiчае ключавы матыў прастола як месца Боскай прысутнасцi: "Первым разам, добрым часам. Прашу Госпада Бога i Духа Святога. Стаiць касцёл, а ў касцёле прыстол, а за прыстолам Iсус Хрыстос сядзiць, крыжычак дзяржыць. З таго краста выступала раса. Маць Прачыстая расiцу збiрала, раба Божага Мiхаiла ўцiрала, сурокi ўнiмала".

У традыцыйнай культуры ўсходнiх славян стол даволi часта выступаў тым рытуальным атрыбутам, на якiм (а часам i пад якiм) праводзiлiся шматлiкiя рытуальныя дзеяннi. Тут жа ў вялiкiя святы з дапамогай шматлiкiх варожбаў адбывалася спецыфiчнае "падключэнне" да iнфармацыйнага канала Вечнасцi, у памяцi якой захоўваюцца звесткi аб долi ўсiх тых, хто жыве на Зямлi. Таму ў адносiнах да стала ў народнай культуры i былi выпрацаваны вельмi многiя патрабавннi i маральна-этычныя нарматывы.

* Адно з "залатых правiлаў народнай культуры" патрабавала, каб стол, дакладней — яго паверхня, на якой непасрэдна i адбывалася "суразмоўе" з Нябёсамi, заўсёды быў засланы чыстым абрусам. У адваротным выпадку "голы" стол немiнуча пагражаў дому "галотай", няшчасцямi. Прычым вельмi строга сачылi за тым, якiм бокам засланы абрус: адваротны, "левым" бокам абрус засцiлалi толькi на памiнках, якiя сiмвалiзавалi выключанасць сям’i са святочна-абрадавага жыцця вёскi.

* Уважлiва сачылi i за тым, каб на стале не знаходзiлiся пабочныя i, як лiчылася, не бясшкодныя прадметы. Перш за ўсё гэта абмежаванне тычылася нажа. Ён сiмвалiзаваў дзяльбу цэлага на часткi, а гэта пярэчыла асноўнай iдэi беларускiх застолляў — аб’ядноўваць.

* На стол нельга было класцi грошы: яны асацыявалiся не толькi з заможнасцю, дабрабытам, багаццем, але i з варожасцю, сваркамi, непаразуменнямi. Стол, за якiм абедае сям’я, — гэта жыватворная пупавiна прадстаўнiкоў аднаго роду, а грошы, якiя пабывалi ў руках розных людзей i ўвабралi ў сябе не самыя лепшыя думкi-пачуццi, не клалi на стол, каб не наклiкаць нечаканую бяду.

* Забаранялася пакiдаць на стале ключы — можаш хутка пакiнуць свой дом i апынуцца там, дзе чалавека замыкаюць "на ключ" — за кратамi; грэбень — каб не балела галава, шапку — можна страцiць усё багацце i пайсцi з "шапкай у руцэ па свеце".

* Самым лепшым знакам дабрабыту i дастатку ў сям’i быў хлеб, якi пастаянна павiнен быў прысутнiчаць на стале. "Калi свайго хлеба край, то i пад кустом рай", — пераконвае нас беларуская прыказка. Бабуля аднаго з аўтараў пастаянна трымала на стале бохан хлеба, загорнуты ў саматканы льняны ручнiк.

* Ад людзей сталага ўзросту ў розных куточках Беларусi нам даводзiлася чуць наступную параду: "Калi вы хочаце, каб у вашай хаце заўсёды былi мiр i ўзаемапаразуменне, каб вы нiколi не пасварылiся са сваiмi гасцямi, на стол, якi вы пачынаеце сервiраваць, перш за ўсё пакладзiце бохан непачатага хлеба i толькi затым стаўце прыгатаваныя стравы".

* З прыходам хрысцiянства стол сталi параўноўваць з Божым прастолам, а гэта ў сваю чаргу вымагала паводзiць сябе як у храме: моцна не размаўляць, не крычаць, не брыдкасловiць, не засмечваць.

* Строга сачылi за тым, каб нiхто не грукаў па стале i лiчылi, што стол — гэта "далонь Боская, якую ён працягвае людзям": "Не бi па стале, бо стол — Божая далонь".

* За сталом не было прынята спяшацца, асаблiва хутка есцi. Славяне лiчылi: "Колькi за сталом прабудзеш, столькi i ў Царстве нябесным прабудзеш".

* Выходзячы з-за стала, трэба было абавязкова падзякаваць Богу за хлеб, мiр i спакой у хаце. Калi ж падзяка гучала i ў адрас гаспадароў, то тыя тут жа пераадрасоўвалi падзяку Богу.

* Сярод усходнiх славян прытрымлiвалiся абавязковага правiла: заходзiць за стол трэба толькi па сонцы, а вось выходзiць з-за яго пажадана толькi той "дарогай", якой заходзiлi, тады ў сям’i не будзе сварак, а муж i жонка доўга будуць жыць у пары. Калi ж рабiць наадварот, то вы будзеце блукаць у лесе, доўга не будзе жыць ваш хрэснiк, памрэ хто-небудзь з вашых блiзкiх.

(Працяг будзе.)

Аксана Катовіч, Янка Крук.

 

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пераважная большасць рытуальных дзеянняў вясельнага абраду падпарадкоўвалася "залатому" правiлу народнай культуры: любое перамяшчэнне жанiха
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика