Капітаны блiжняга плавання
Капітаны блiжняга плавання
На прыгарадным возеры Вечалле Ушацкага раёна курсiруе плыт-дом, у якiм можна не проста пракацiцца — жыць. Яго прыдумаў, сканструяваў i стварыў жыхар Ушачаў Генадзь Малашчанка. — Калi сыну Мацвею споўнiлася два гада, мы пачалi з iм марыць пра свой уласны карабель, а вады на Ушаччыне, дзякуй богу, хапае, адных азёр болей за дзвесце, — кажа гаспадар i кiроўца незвычайнага вынаходства. Яму спатрэбiлася тры гады, каб ажыццявiць задуманае. Надзейны плыт-падлога, лёгкая i моцная канструкцыя дома-каюты, рухавiк, штурвал... Само сабою, прывабны выгляд, утульнае абсталяванне пакоя — дзве канапы, музыка, на палубе стол для снедання, канапа-арэлi. Яшчэ ёсць водная горка, вуда i абавязковы атрыбут — самавар на вуглях — гэта ўжо як вiзiтная картка. І галоўнае, без чаго судна не бывае сапраўдным, — бартавы нумар i, зразумела, iмя. I вось ужо няма адбою ад ахвотных правесцi час на гэтым азёрным судне. — Спачатку думак пра тое, што буду здаваць "Жамчужыну" ў арэнду, не было — для сваёй сям’i рабiў, для свайго задавальнення. Але жадаючых праплыць усё болей i болей. На iм ужо адзначалi днi нараджэння i нават вяселле. Для цiкаўных не лiшне паведамiць, што "Жамчужына" развiвае хуткасць да пяцi кiламетраў за гадзiну. А возера Вечалле якраз мае даўжыню пяць кiламетраў. Але глыбiня месцамi амаль марская — да 36 метраў. Ва ўшацкай раённай газеце падказалi, што Генадзь Малашчанка не проста цiкавая асоба, ён ужо шмат гадоў аказвае фiнансавую падтрымку ўшацкаму дзiцячаму прытулку i спансiруе многiя спартыўныя спаборнiцтвы раёна. А яшчэ за ўласныя сродкi пабудаваў выдатную спартыўна-гульнявую дзiцячую пляцоўку, якую з задавальненнем наведвае ўшацкая дзятва. Анатоль Кляшчук, фота аўтара.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На прыгарадным возеры Вечалле Ушацкага раёна курсiруе плыт-дом, у якiм можна не проста пракацiцца — жыць. Яго прыдумаў, сканструяваў i стварыў жыхар |
|