Сурагатнае мацярынства: медыцынскiя i прававыя аспекты пытання
Сурагатнае мацярынства: медыцынскiя i прававыя аспекты пытання
Кансультацыя натарыуса Правiльна складзены i натарыяльна засведчаны дагавор — зарука вырашэння канфлiктных сiтуацый памiж бакамi Поспехi медыцыны ў галiне рэпрадукцыйных тэхналогiй падарылi надзею тым людзям, якiя ўжо страцiлi надзею мець дзяцей. Сурагатнае мацярынства з’яўляецца адным з маральна прымальных метадаў дапаможных рэпрадукцыйных тэхналогiй. Яно дае шанц мець дзiця жанчынам (сямейным парам), якiя ў сiлу фiзiчных асаблiвасцяў або медыцынскiх процiпаказанняў не могуць самастойна зачаць, вынасiць i нарадзiць дзiця. У сувязi з гэтым вельмi важным з’яўляецца прававое забеспячэнне сурагатнага мацярынства, якое дазваляе абаранiць усе бакi, гарантаваць прыняцце абдуманага рашэння i зменшыць рызыку, найперш звязаную з нежаданнем сурагатнай мацi аддаваць дзiця генетычнай мацi. Што з’яўляецца сурагатным мацярынствам паводле заканадаўства? — Паняцце "сурагатнае мацярынства" з медыцынскага i прававога пунктаў гледжання iстотна адрознiваюцца, — гаворыць адзiн з кансультантаў "Звязды" па натарыяльных пытаннях намеснiк загадчыка першай Мiнскай гарадской дзяржаўнай натарыяльнай канторы Галiна Iваннiкава. — З медыцынскага пункту гледжання тэрмiн "сурагатнае мацярынства" ахоплiвае некалькi розных метадаў: "сурагатная мацi" — гэта асоба, якая цяжарае, выношвае i нараджае дзiця для iншай жанчынай (сямейнай пары), прычым яна можа быць i не быць звязаная з будучым дзiцем генетычна. З прававога пункту гледжання, якi атрымаў замацаванне ў артыкуле 53 Кодэксу аб шлюбе i сям’i, сурагатным мацярынствам прызнаюцца заснаваныя на дагаворы iмплантацыя эмбрыёна, выношванне i нараджэнне жанчынай (сурагатнай мацi) дзiцяцi, зачатага з яйцаклеткi, узятай з арганiзма iншай жанчыны (генетычнай мацi), калi выношванне i нараджэнне дзiцяцi генетычнай мацi фiзiялагiчна немагчымыя цi звязаныя з рызыкай для жыцця генетычнай мацi i (цi) дзiцяцi. — Аналiзуючы нормы ўказанага артыкула, можна гаварыць пра тое, што на заканадаўчым узроўнi замацавана толькi такое сурагатнае мацярынства, пры якiм выкарыстоўваюцца яйцаклеткi, узятыя з арганiзма генетычнай мацi, — працягвае Галiна Мiхайлаўна. — Пры гэтым абавязковай умовай для сурагатнага мацярынства з’яўляецца той факт, што выношванне i нараджэнне дзiцяцi генетычнай мацi фiзiялагiчна немагчымыя цi звязаныя з рызыкай для жыцця генетычнай мацi i (цi) дзiцяцi. Iншыя метады, хоць i таксама заснаваныя на сучасных рэпрадукцыйных тэхналогiях, не з’яўляюцца паводле дзеючага заканадаўства сурагатным мацярынствам. Дагавор памiж сурагатнай i генетычнай мацi — у пiсьмовай форме Такiм чынам, для таго, каб жанчына магла выкарыстаць магчымасцi сурагатнага мацярынства, неабходныя канкрэтныя медыцынскiя паказаннi. Акрамя гэтага, павiнны адсутнiчаць процiпаказаннi да сурагатнага мацярынства як у бакоў дагавора, так i ў iх "другiх палавiн". У сувязi з гэтым пастановай Мiнiстэрства аховы здароўя ад 14 верасня 2006 года № 71 "Аб зацвярджэннi пералiку медыцынскiх паказанняў i процiпаказанняў да сурагатнага мацярынства, парадку i аб’ему медыцынскага абследавання сурагатнай мацi, генетычнай мацi i iх мужоў" вызначаны пералiк медыцынскiх паказанняў i процiпаказанняў да сурагатнага мацярынства. Дагавор сурагатнага мацярынства заключаецца памiж сурагатнай мацi i генетычнай мацi ў пiсьмовай форме i падлягае абавязковаму натарыяльнаму засведчанню. Ад таго, наколькi правiльна складзены дагавор, залежыць вырашэнне канкрэтных пытанняў у выпадку ўзнiкнення якiх-небудзь канфлiктных сiтуацый памiж бакамi. Каб пазбегнуць вельмi важных для бакоў праблем у адносiнах па выношваннi дзiцяцi, вельмi патрэбна, каб у дагавор былi ўключаны ўсе ўзгодненыя бакамi ўмовы, якiя дазвалялi б, у выпадку неабходнасцi, абаранiць правы як генетычнай, так i сурагатнай мацi. Не толькi цана дагавора, але i шэраг iншых не менш iстотных умоў Абавязкова ў дагаворы павiнны быць адлюстраваны ўсе iстотныя умовы, г. зн. такiя, без узгаднення якiх дагавор лiчыцца незаключаным. Да такiх умоў адносяцца: — аказанне адной жанчынай (сурагатнай мацi) другой жанчыне (генетычнай мацi) паслугi па iмплантацыi эмбрыёна, выношваннi i нараджэннi дзiцяцi, зачатага з яйцаклеткi, узятай з арганiзма генетычнай мацi; — указанне арганiзацыi аховы здароўя, у якой будуць адбывацца iмплантацыя эмбрыёна сурагатнай мацi, назiранне за цячэннем яе цяжарнасцi i народзiны; — абавязак сурагатнай мацi выконваць усе прадпiсаннi ўрача i прадастаўляць генетычнай мацi i яе мужу iнфармацыю аб сваiм стане здароўя i стане здароўя дзiцяцi, якое выношваецца; — месца пражывання сурагатнай мацi ў перыяд выношвання дзiцяцi; — абавязак сурагатнай мацi перадаць генетычнай мацi дзiця пасля яго нараджэння i тэрмiн, на працягу якога павiнна быць перададзена дзiця; — абавязак генетычнай мацi прыняць ад сурагатнай мацi дзiця пасля яго нараджэння i тэрмiн, на працягу якога павiнна быць прынята дзiця; — цана дагавора, якая ўключае ў тым лiку кошт паслугi, што аказваецца сурагатнай мацi па дагаворы сурагатнага мацярынства (за выключэннем выпадкаў, калi дадзеная паслуга аказваецца бясплатна), а таксама выдаткi на медыцынскае абслугоўванне, харчаванне, пражыванне сурагатнай мацi ў перыяд выношвання, народзiнаў i пасля iх; — iншыя ўмовы, адносна якiх па заяве аднаго з бакоў дасягнута пагадненне (напрыклад, умова пра колькасць спробаў пераносу эмбрыёна ў поласць маткi сурагатнай мацi). Генетычная мацi будзе з’яўляцца афiцыйнай для любога народжанага дзiцяцi Улiчваючы прыроду дагавора, абодва бакi — генетычная i сурагатная мацi, заключаючы дагавор, добраахвотна прымаюць на сябе пэўныя абавязкi. Нiводны з бакоў не можа змянiць рашэнне пасля пачатку цяжарнасцi. Кожны бок павiнен добрасумленна выконваць свае абавязкi. — Вельмi важна, каб бакi ведалi, што сурагатнае мацярынства прызначанае для таго, каб нарадзiць дзiця для генетычных бацькоў, г. зн. сурагатная мацi не захоўвае нiякiх правоў цi абавязкаў у адносiнах да дзiцяцi, якога яна нарадзiла. Iншымi словамi, сурагатная мацi на момант заключэння дагавора павiнна разумець тое, што яна абавязана перадаць дзiця генетычнай мацi нават у тым выпадку, калi ў сiлу матчыных пачуццяў, узнiклых да дзiцяцi, якога яна выношвае, пасля нараджэння дзiцяцi перадумае i будзе выказваць нязгоду супраць перадачы бiялагiчна чужога ёй дзiцяцi генетычнай мацi. Генетычная мацi, у сваю чаргу, павiнна разумець, што яна будзе з’яўляцца афiцыйнай мацi любога народжанага дзiцяцi, — гаворыць Галiна Iваннiкава. Трэба яшчэ звярнуць увагу на наступны нюанс: калi генетычная або сурагатная мацi знаходзiцца ў шлюбе, дык для засведчання дагавора сурагатнага мацярынства неабходная згода яе мужа. Пры рэгiстрацыi нараджэння дзiцяцi, народжанага сурагатнай мацi, мацi дзiцяцi прызнаецца яго генетычная мацi. Бацькам дзiцяцi, народжанага сурагатнай мацi, прызнаецца муж генетычнай мацi. Калi генетычная мацi не знаходзiцца ў шлюбе з бацькам дзiцяцi, бацькоўства можа быць устаноўлена ў адпаведнасцi з часткамi 5 i 6 артыкула 51 Кодэксу Рэспублiкi Беларусь аб шлюбе i сям’i. У запiсе акта аб нараджэннi таксама ўказваецца, кiм, калi i за якiм нумарам па рэестры для рэгiстрацыi натарыяльных дзеянняў засведчаны дагавор сурагатнага мацярынства. Падрыхтаваў Сяргей РАСОЛЬКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Правiльна складзены i натарыяльна засведчаны дагавор — зарука вырашэння канфлiктных сiтуацый памiж бакамi |
|