Новыя правілы чакаюць каментарыяў
Новыя правілы чакаюць каментарыяў
Вядучыя мовазнаўцы ўжо рыхтуюць тлумачэннi да новаўвядзенняў у беларускiм правапiсе (Заканчэнне. Пачатак у нумары за 16 жніўня.) На традыцыйную "Прамую лiнiю" Беларускага радыё быў запрошаны доктар фiлалагiчных навук, прафесар, дырэктар iнстытута мовы i лiтаратуры iмя Якуба Коласа i Янкi Купалы Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi Аляксандр Лукашанец. — Як адбудзецца пераход да новых правiлаў? — Закон уступае ў сiлу з першага верасня 2010 года, а да гэтага часу павiнны дзейнiчаць "Правiлы беларускай арфаграфii i пунктуацыi"1959 года. I ў гэтым сэнсе ў выкарыстаннi пiсьмовай мовы не павiнна нiчога змянiцца. Але вось гэты двухгадовы перыяд дае магчымасць падрыхтаваць базу для бесперашкоднага пераходу да новай рэдакцыi правiлаў беларускай арфаграфii. За гэты час будуць падрыхтаваны нанова цi перавыдадзены лексiкаграфiчныя даведнiкi беларускай мовы, у першую чаргу, арфаграфiчны слоўнiк. На сёння найбольш аўтарытэтным даведнiкам па беларускiм правапiсе з’яўляецца акадэмiчны "Слоўнiк беларускай мовы", выдадзены ў 1987 годзе. Ён даўно стаў бiблiяграфiчнай рэдкасцю. У нас у iнстытуце ўжо фактычна падрыхтавана другое выданне гэтага слоўнiка. Таму да 2010 года карыстальнiкi атрымаюць новы нарматыўны даведнiк, якi дазволiць iм бесперашкодна карыстацца беларускай пiсьмовай мовай у адпаведнасцi з новай рэдакцыяй правiлаў. У самы блiзкi час спецыялiсты iнстытута падрыхтуюць каментарыi да Закона "Аб правiлах беларускай арфаграфii i пунктуацыi", дзе будзе растлумачана кожнае правiла i пададзена характарыстыка кожнага канкрэтнага змянення. I ў гэтых каментарыях плануецца прывесцi найбольш поўныя спiсы слоў, якiя падлягаюць зменам у адпаведнасцi з новай рэдакцыяй. Увядзенне новых правiлаў арфаграфii ў дзеянне, у тым лiку i ў школьную практыку, на мой погляд, павiнна прайсцi абсалютна бесперашкодна, таму што тыя змены, якiя ўводзяцца законам, не закранаюць асноўных прынцыпаў дзеючага правапiсу. Фактычна размова iдзе толькi пра тое, каб зменшыць колькасць выключэнняў. Напрыклад, паводле новай рэдакцыi пашыраецца напiсанне "ў" у словах iншамоўнага паходжання. Фактычна правiла застаецца тым жа самым, у сэнсе, што пасля галосных "у" пераходзiць у "ў". Змяншаецца толькi колькасць лексiчных адзiнак, якiя не адпавядаюць гэтаму правiлу. У не скарачаецца ў словах iншамоўнага паходжання толькi ў двух выпадках: калi словы гэтыя заканчваюцца на -ум, -ус (напрыклад: прэзiдыум, радыус) або калi "у" знаходзiцца пад нацiскам (Брэсцкая унiя, да урны, аул). А ўсе астатнiя словы будуць пiсацца ў адпаведнасцi з асноўным правiлам. I гэта абсалютна зразумела i заканамерна. Сапраўды, калi ў 1950-я гады стваралiся правiлы правапiсу, слова "унiверсiтэт", напрыклад, было дастаткова незвычайным i малаўжывальным для большасцi карыстальнiкаў беларускай мовы. На сёння гэта моўная адзiнка настолькi знаёмая i распаўсюджаная, што наадварот выклiкае здзiўленне, чаму яна не павiнна падпарадкоўвацца агульнаму правiлу. Таму ў адпаведнасцi з новай рэдакцыяй прапануецца пiсаць "ва ўнiверсiтэце". Дарэчы, так даўно ўжо робiць газета "Звязда". — Цi плануецца перападрыхтоўка педагогаў? — Хоць гэта пытанне i прэрагатыва Мiнiстэрства адукацыi, але наколькi я ведаю, зараз тэрмiнова распрацоўваецца праграма ўвядзення ў дзеянне новай рэдакцыi правiлаў беларускай арфаграфii i пунктуацыi ў розныя сферы, у тым лiку i ў сферу школьнай адукацыi. Там будуць прадугледжаны канкрэтныя меры, якiя дазволяць адаптавацца да новых правiлаў i настаўнiкам. Тым больш, што новая рэдакцыя не патрабуе абавязковага i тэрмiновага перавыдання ўсёй вучэбнай лiтаратуры, паколькi змяняюцца не самi правiлы — крыху iншымi стануць межы распаўсюджання таго цi iншага правiла. Фактычна ў вынiку стане лягчэй вывучаць беларускую мову, таму што вучням трэба будзе засвойваць менш выключэнняў з таго цi iншага правiла. — Заўвагi крытыкаў датычылiся i складу распрацоўшчыкаў... — Падкрэслю, што над новай рэдакцыяй правiлаў беларускай арфаграфii i пунктуацыi працавалi найбольш аўтарытэтныя айчынныя спецыялiсты. Была створана дзяржаўная камiсiя па праблемах беларускага правапiсу, у склад якой увайшлi вядучыя мовазнаўцы краiны — спецыялiсты нашага iнстытута, вядучыя прафесары беларускiх унiверсiтэтаў, аўтарытэтныя пiсьменнiкi. Яны дэталёва разгледзелi агульныя праблемы беларускага правапiсу. У вынiку было прызнана, што мэтазгодна падрыхтаваць новую рэдакцыю. Пасля гэтага першы варыянт новай рэдакцыi правiлаў распрацавала рабочая група на чале з акадэмiкам Аляксандрам Падлужным, сёння нябожчыкам, якi быў буйнейшым спецыялiстам у галiне беларускай фанетыкi i фаналогii. А гэтыя аспекты вельмi важныя для праблем правапiсу. У рабочую групу ўваходзiлi Аляксандр Крывiцкi (вядомы спецыялiст па беларускай дыялекталогii — гэты аспект важны таму, што беларуская лiтаратурная мова грунтуецца на народна-гутарковай аснове), прафесар Арнольд Мiхневiч (спецыялiст у галiне беларускай марфалогii i сiнтаксiсу), прафесар БДПУ Мiхась Яўневiч (сiнтаксiст), марфолаг i сiнтаксiст прафесар Павел Шуба, цяпер нябожчык. Такiм чынам, рабочая група аб’яднала найбольш аўтарытэтных беларускiх лiнгвiстаў, якiя да 1998 года i падрыхтавалi першы варыянт новай рэдакцыi правiлаў беларускай арфаграфii i пунктуацыi. Ён неаднаразова абмяркоўваўся i дапрацоўваўся з улiкам заўваг i прапаноў. Некалькi разоў прадпрымалiся спробы ўвесцi яго ў дзеянне. I вось два гады таму па iнiцыятыве Мiнiстэрства адукацыi была зроблена чарговая спроба ўвесцi правiлы ў дзеянне. Яна завяршылася ў рэшце рэшт прыняццем закона. У фiнальным этапе яго падрыхтоўкi ўзялi ўдзел супрацоўнiкi Iнстытута мовы i лiтаратуры iмя Якуба Коласа i Янкi Купалы, спецыялiсты Мiнiстэрства адукацыi i Нацыянальнага iнстытута адукацыi, унiверсiтэцкiя выкладчыкi беларускай мовы, настаўнiкi-практыкi. Кожнае пытанне было дэталёва абмеркавана i па iм было прынята ўзважанае, найбольш аптымальнае для сучаснай моўнай сiтуацыi рашэнне. — Па якiх правiлах будуць праводзiцца выпускныя экзамены i цэнтралiзаванае тэсцiраванне ў наступныя два гады? — Паколькi да 1 верасня 2010 года будуць дзейнiчаць правiлы беларускай арфаграфii i пунктуацыi 1959 года, то i ўсе матэрыялы, накiраваныя на выяўленне ўзроўню ведаў вучня, будуць поўнасцю адпавядаць дзеючым правiлам. А надалей будзе распрацавана канкрэтная праграма пераходу, i магчыма, пасля 2010 года, гэта ўжо маё асабiстае меркаванне, будзе нейкi пераходны перыяд, калi ў экзаменацыйныя матэрыялы не будуць уключацца тыя лексiчныя адзiнкi, напiсанне якiх падлягае змяненням паводле правiлаў, або будзе дапускацца варыянтнасць у такiх выпадках. Гэта абсалютна натуральная з’ява для сiстэмы адукацыi, аднак гэта зноў жа прэрагатыва мiнiстэрства. I ведаючы, як там вядзецца работа, я ўпэўнены, што будзе прынята найбольш разумнае i ўзважанае рашэнне, якое нi ў якiм разе не адаб’ецца адмоўна на ацэнцы ўзроўню ведаў вучняў. — Наколькi цяжка будзе адаптавацца да новаўвядзенняў тым, хто даўно адвучыўся? — Мяркую, яны з лёгкасцю засвояць гэтыя нешматлiкiя змяненнi ў працэсе карыстання мовай. Дастаткова будзе проста пачытаць тэксты, напiсаныя з улiкам новаўвядзенняў. Тым больш што яны, нагадаю, не парушаюць традыцый пераемнасцi i закранаюць невялiкую колькасць слоў, большасць якiх — iншамоўнага паходжання. Такiя словы звычайна знаходзяцца на перыферыi слоўнiкавага складу беларускай мовы: сустракаюцца пераважна ў спецыяльных, навуковых тэкстах. Аднак увядзенне гэтых правiлаў вельмi важнае для школьнай практыкi, таму што дазволiць, па майму перакананню, спынiць той арфаграфiчны разнабой, якi сёння iснуе на старонках беларускамоўных выданняў. Асаблiва тых, што адрасаваны сярэдняй школе. Бо гэта не справа вучня i настаўнiка — вызначаць, у якiм з выданняў напiсана правiльна. Мы павiнны верыць таму, што напiсана, i ёсць такая традыцыя, што ў друкаваных тэкстах прадстаўлена ўзорная мова. Таму неабходна, каб нормы для iх былi адзiнымi. I ў гэтым я таксама бачу карысць увядзення новай рэдакцыi правiлаў беларускай арфаграфii i пунктуацыi ў выглядзе закона. Я ўпэўнены, што гэта павысiць статус беларускай мовы як дзяржаўнай i побач з усiм iншым, будзе спрыяць вывучэнню беларускай мовы ў школе. Гэта ў чарговы раз замацуе за беларускай мовай статус мовы, здольнай паспяхова абслугоўваць усе камунiкатыўныя патрэбы сучаснага грамадства. Тым больш, што на цяперашнiм этапе роля беларускай мовы iстотна ўзрастае менавiта з пункту гледжання прэзентацыi нацыянальнай адметнасцi нашай дзяржавы ў сусветнай супольнасцi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вядучыя мовазнаўцы ўжо рыхтуюць тлумачэннi да новаўвядзенняў у беларускiм правапiсе |
|