Дарогi будуць платнымi?
Дарогi будуць платнымi?
Цяпер у нашай краiне ёсць толькi адна, так званая платная, дарога — М-1/Е30 Брэст—Мiнск—мяжа Расii. "Так званая" — таму што плата за праезд па ёй спаганяецца толькi з уладальнiкаў замежных аўтасродкаў. Для айчынных кiроўцаў легкавых аўтамабiляў пакуль усе дарогi рэспублiкi — бясплатныя. Можна з дастатковай дакладнасцю меркаваць, што так будзе не заўсёды. Аднак калi i якiм чынам сiтуацыя зменiцца — сказаць пакуль цяжка. Тэма платных дарог знаходзiцца зараз на стадыi актыўнага абмеркавання. Тым не менш, сам факт магчымасцi спагнання грошай за праезд па айчынных дарогах з айчынных карыстальнiкаў пакуль нiчога, акрамя непаразумення, у апошнiх не выклiкае. Гэта, у прынцыпе, зразумела. Так было i ёсць у дачыненнi да платных стаянак у цэнтры горада i некаторых iншых аспектаў сучаснага жыцця. На жаль, гэта не адзiная праблема ў тэме дарог. Паспрабуем разабрацца ў сiтуацыi. Па-першае, ва ўсiх транзiтных еўрапейскiх дзяржавах, да лiку якiх адносiцца i Беларусь, практыка функцыянавання магiстраляў у платным рэжыме налiчвае ўжо не адно дзесяцiгоддзе. Практычны вопыт мае тут i суседняя Расiя. І справа не ў тым, што тамтэйшыя грамадзяне — багацейшыя або больш лаяльныя да чарговых "пабораў" дзяржавы. Проста для замежжа крыху раней сталi вiдавочнымi вагавыя нагрузкi, звязаныя з напружанымi транспартнымi патокамi, неабходнасць актыўнага аднаўлення i развiцця "зношаных" дарог. Мiж iншым, нiкому з суайчыннiкаў не прыходзiць на розум абурацца еўрапейскiм спагнанням падчас замежных вандровак. Больш за тое, усе адзначаюць камфорт i якасць тамтэйшых "артэрый". Паводле слоў начальнiка аддзела развiцця дарожнай сеткi Дэпартамента "Белаўтадар" Уладзiмiра МАРДЗIЛОВIЧА, для аднаўлення, утрымання i развiцця дарожнай сеткi велiзарныя сродкi патрабуюцца сёння i ў нас. Некаторыя ўчасткi функцыянуюць без капрамонту i рэканструкцыi больш за паўвека. А дзе ўзяць сродкi на iх аднаўленне? Пэўныя паступленнi наш бок атрымлiвае ад замежных карыстальнiкаў. Паводле закона, аўтамабiлiст, якi праехаў мяжу нашай радзiмы, за выключэннем праезду па М-1/Е30, абавязаны ўносiць агульную плату, дарожны збор за праезд па аўтамабiльных дарогах рэспублiкi — ад 5 да 60, у рэдкiх выпадках — да 150 долараў. Сума залежыць толькi ад часу знаходжання ў нас i не ўлiчвае, колькi кiламетраў "пройдзена" за гэты час. Разам з тым у нас надзвычай шырока распаўсюджана практыка вызвалення замежных грузавых транспартных сродкаў ад вышэйпамянёных збораў — паводле ўзаемнай дамоўленасцi. Да 80—90 працэнтаў "гасцявых" грузавiкоў, якiя праязджаюць праз нашу рэспублiку, вызваляюцца ад спагнання з iх платы. Штогод такiм спосабам збiраецца каля 10 мiльярдаў рублёў, а дзяржава выдаткавала сёлета непасрэдна на дарожныя патрэбы... 1 трыльён 300 мiльярдаў рублёў. Прапанова аб спагнаннi з замежнiкаў як мага большай сумы прымушае паразважаць i над такiм пытаннем: а цi не пераключацца транзiтныя патокi на суседнiя краiны? Што датычыцца разважанняў адносна таго, што мы ўсе i без таго плацiм падаткi, то, як правiла, не ўлiчваецца самае важнае — валоданне iнфармацыяй аб тым, якiм чынам i ў якой колькасцi "падатковыя" грошы iдуць на дарогi. Ёсць i такое меркаванне: дарогi, маўляў, — не самая вострая праблема, вартая абмеркавання. Аднак вышэй было заўважана, што ў нас сёння ёсць дарогi з моцна пратэрмiнаваным часам правядзення капiтальных работ. А на рэанiмацыю дарожнай сеткi спатрэбiцца куды больш сродкаў, чым на iх рэгулярнае аднаўленне i рэстаўрацыю. Варта нагадаць, што амаль год у рэспублiцы не спаганяецца падатак з карыстальнiкаў, што раней iстотна папаўняла Рэспублiканскi дарожны фонд. Цяпер i такога фонду, па сутнасцi, няма. Праўда, дзяржава знаходзiць патрэбныя сродкi: калi не напрамую, то з выкарыстаннем крэдытнай практыкi, хоць звяртацца да такой практыкi становiцца ўсё цяжэй i цяжэй. Вось чаму i прагучаў заклiк: шукайце iнвестараў, гатовых укладаць грошы ў дарожныя праекты. Iнвестары да гэтага часу як нi пралiчвалi, вынiк iх разлiкаў быў адзiн — нявыгадна. Так што пытанне застаецца адкрытым. Што датычыцца мiжнароднага вопыту, то яго асноўны прынцып у справе папаўнення сваiх дарожных бюджэтаў — гарманiзацыя i ўпарадкаванне сiстэм спагнання платы за праезд i збораў за карыстанне iнфраструктурай. Найбольш важнай з умоў з’яўляецца плата за праезд з улiкам пройдзенай адлегласцi i тыпу транспартнага сродку. Як варыянт, зараз разглядаецца пытанне аб спагнаннi платы за праезд з транспартных сродкаў з улiкам кiламетражу i аб’ёму грузу перавозкi. У Чэхii для гэтай мэты практыкуецца выкарыстанне сучаснай мiкрахвалевай тэхналогii. Аўтамабiлi, з якiх спаганяецца збор за праезд па аўтамагiстралi, аснашчаюцца невялiкiм электронным абсталяваннем — прыборам "рrеmid", якi забяспечвае сувязь з сiстэмай збору за праезд. Збор налiчваецца аўтаматычна. Спачатку карыстальнiк аплачвае папярэднюю суму грошай за праезд па пэўных дарогах, а непасрэдна пры ажыццяўленнi паездкi ад гэтай сумы аўтаматычна адлiчваецца плата за рэальна пройдзены кiламетраж. Зразумела, што аўтамашынам няма неабходнасцi рабiць пры гэтым прыпынак. Такую сiстэму можна было б выкарыстоўваць для спагнання платы, напрыклад, з нашых грузавых транспартных сродкаў. На думку спецыялiстаў, укараненне такой сiстэмы забяспечыць дыферэнцыяваную палiтыку спагнання платы, якая будзе залежаць ад iнтэнсiўнасцi выкарыстання дарожнай сеткi. Гэта паспрыяла б прыцягненню iнвестыцый у краiну i змяншэнню падатковага цяжару. Адным словам, ужо тут i зараз неабходна як мага хутчэй шукаць, абмяркоўваць i ўкараняць цывiлiзаваныя крынiцы фiнансавання айчынных дарог. Святлана БАРЫСЕНКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Цяпер у нашай краiне ёсць толькi адна, так званая платная, дарога — М-1/Е30 Брэст—Мiнск—мяжа Расii. "Так званая" — таму што плата за праезд
|
|