Традыцыі Францыска Скарыны доўжацца i развiваюцца
Традыцыі Францыска Скарыны доўжацца i развiваюцца
Пра гэта аргументавана расказаў карэспандэнту "Звязды" намеснiк мiнiстра iнфармацыi Ігар Лапцёнак Акурат гэтымi днямi завяршальную стадыю праходзяць падрыхтоўчыя мерапрыемствы да юбiлейнага ХV Дня беларускага пiсьменства, якi адбудзецца 7 верасня ў Барысаве. Мы гутарылi не толькi пра асаблiвасцi сёлетняга свята, але i пра непасрэдных прадаўжальнiкаў Скарыны — палiграфiстаў, i iх справы. Iгар Мiкалаевiч паспрабаваў зрабiць i асцярожныя прагнозы адносна будучынi кнiгадрукавання... — Дзень беларускага пiсьменства — свята ўсеагульнае. I ўсё ж, па вялiкiм рахунку, вытокi свята пачынаюцца ад кнiг Францыска Скарыны, а значыць... — Сапраўды, не будзе памылкаю сказаць, што гэта асноўнае свята кнiгавыдаўцоў, палiграфiстаў i кнiгараспаўсюджвальнiкаў. Хоць, як вядома, доўгi час лiчылася, што 5 мая, Дзень друку, — агульнае свята i журналiстаў, i палiграфiстаў, друкароў, выдаўцоў. Аднак напрамак гэтых прафесiй адрознiваецца. Адна справа — аператыўная журналiстыка, i зусiм iншая — падрыхтоўка грунтоўнага, сталага, трывалага, на доўгiя гады выдання. Кнiга жыве не дзень i не год, а многiя гады i нават стагоддзi. У нас вельмi цiкавая кнiгавыдавецкая гiсторыя, якая каранямi iдзе ў сiвую даўнiну. I чаму пра гэта было не сказаць на ўвесь голас? — Ужо стала добрай традыцыяй — праводзiць свята ў першую нядзелю верасня... — Скажу шчыра: напачатку планавалi наладжваць свята беларускага пiсьменства ў пачатку жнiўня — менавiта ў гэты час у далёкiм 1517 годзе выйшла першая кнiга Францыска Скарыны. Аднак вырашылi, што падыходзiць да гэтага найважнейшага мерапрыемства па выключна фармальных крытэрыях будзе няправiльна. Бо жнiвень — гэта i ўборка ўраджаю, i разгар водпускаў, i канiкулы ў школьнiкаў i студэнтаў. Таму i пазначана ва ўсiх календарах: першая нядзеля верасня — Дзень беларускага пiсьменства. — I лагiчна, i дыялектычна! — Прычым увесь час нам шчасцiла з надвор’ем, вельмi прыгожыя днi былi. Самi нябёсы, сiлы прыроды спрыяюць святу! Дзень беларускага пiсьменства праводзiцца, каб засведчыць, што ў нас ёсць даўнiя культурныя набыткi, ёсць постацi, на прыкладзе якiх варта выхоўваць i адукоўваць моладзь, што нам ёсць чым ганарыцца. — У свята няма пастаяннай "прапiскi"? — Гэта было вырашана адразу, паколькi многiя беларускiя гарады маюць цiкавую гiсторыю. Свята беларускага пiсьменства праводзiцца з 1994 года. Першае адбылося ў старажытным Полацку. Сталiцамi Дня беларускага пiсьменства станавiлiся таксама Тураў, Навагрудак, Нясвiж, Орша, Пiнск, Заслаўе, Мсцiслаў, Мiр, Камянец, Паставы, Шклоў. Асаблiвасцю юбiлейнага Дня беларускага пiсьменства стане Фестываль гарадоў, якiя ўжо прымалi свята. Гэта гiстарычныя цэнтры культуры, навукi, лiтаратуры i кнiгадрукавання. Традыцыйна свята пачынаецца з навукова-асветнiцкай экспедыцыi "Дарога да святыняў". Яна пачынаецца прыкладна за тыдзень да цырымонii адкрыцця, у ёй удзельнiчаюць навукоўцы, святары, дзеячы культуры i мастацтва. Шлях асвятляе лампада ад Труны Гасподняй. Агонь дастаўляецца на самалёце з Iерусалiма ў Беларусь. Падчас экспедыцыi праводзiцца шырокая асветнiцкая праца. — Барысаў прыгажэе на вачах! — Горад сур’ёзна рыхтуецца да свята. Добраўпарадкоўваецца i рамантуецца. Прыводзяцца ў парадак дарогi. Развiваецца прыдарожны сэрвiс: госцi свята не павiнны мець анiякiх побытавых праблем. Тым больш што ў iх будзе магчымасць павiтацца з Францыскам Скарынам, Мiколам Гусоўскiм, Кiрылам Тураўскiм, iншымi вядомымi гiстарычнымi асобамi. I з сучаснымi! Канцэрты, вiктарыны, атракцыёны, гульнi, святочны феерверк... Будзе некалькi экспазiцыйных палатак: старажытнае друкаванне i сучаснае. Будуць прадстаўлены ўсе цэнтральныя сродкi масавай iнфармацыi сваiмi пляцовачкамi i мясцовая рэгiянальная прэса, маладзёжная. Уладкуецца i Горад Майстроў, дзе ўсе ахвотныя змогуць набыць арыгiнальныя вырабы. Паспрабуем паказаць i новы напрамак палiграфiчнай вытворчасцi — стварэнне электроннай кнiгi i перш за ўсё падручнiка. Пакуль што гэта своеасаблiвае суправаджэнне кнiгi на электронным носьбiце. Але з цягам часу мы павiнны выйсцi на сапраўдны электронны падручнiк, дзе на дыску будзе ўсё: i тэкст падручнiка, i практыкаваннi, i тэсты з праверачнымi "ключамi". Выдавецтва "Вышэйшая школа" стварае спецыяльны ўчастак — усё будзе! У рамках Дня беларускага пiсьменства апошнiм часам абавязкова адкрываецца i помнiк, звязаны з нацыянальна-культурнымi набыткамi нашага народа. — Гэта ўжо таксама добрая традыцыя свята! — А калi памятаеце, у Шклове адкрылi адразу два помнiкi — Зорычу i Агурку. Таксама цiкава: не забываемся пра мiнуўшчыну i ствараем новыя арыгiнальныя традыцыi! — А якi помнiк адкрыецца ў Барысаве? — Хочацца, каб гэта было сюрпрызам: мы ж запрашаем усiх чытачоў 7 верасня ў Барысаў! Скажу толькi, што помнiк адкрыецца ў адным з гарадскiх паркаў. Ён адлюструе гiсторыю Дня беларускага пiсьменства. — А можа, у Барысаве паспеюць i другi помнiк падрыхтаваць — першаму алiмпiйскаму чэмпiёну-2008 Андрэю Арамнаву, ён жа таксама барысаўчанiн! — Думаю, многiя не былi б супраць (смяецца). Ведаеце, мы доўга думалi-шукалi "разыначку", характэрную толькi для Барысава. Гучала нават прапанова зрабiць помнiк запалцы — але ж гэта не вельмi звязана з пiсьменствам... Андрэй Арамнаў будзе, безумоўна, ганаровым удзельнiкам свята. А ўвогуле мы запрашаем шмат гасцей. Чакаецца, што будуць прадстаўнiкi больш як 30 краiн свету. I перш за ўсё дэлегацыi славянскiх народаў з Расii, Украiны, Славенii, Славакii, Польшчы, Сербii... Каранi нашых народаў цесна пераплятаюцца, ёсць шмат агульных тэмаў для абмеркавання. Будуць абвешчаны вынiкi 47-га Нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнiгi". За лепшае выданне статуэткi "Залаты фалiянт" атрымаюць пераможцы ў 12 намiнацыях. Другi год у рамках свята будзе праходзiць уручэнне лiтаратурных прэмiй i статуэтак "Залаты Купiдон". Калi летась уручалася толькi тры прэмii, то сёлета будуць уручаны прэмii творцам больш чым па 10 намiнацыях. — Iгар Мiкалаевiч, пераможцы ўжо, пэўна, вызначаны? Хто з лiтаратараў 7 верасня будзе прымаць вiншаваннi? — Мiкалай Чаргiнец, старшыня Саюза пiсьменнiкаў, вельмi строга папярэдзiў мяне: гэтага нiхто не павiнен ведаць загадзя! Вы ж зразумейце: губляецца iнтрыга, няма нiякiх сюрпрызаў. А ў Барысаве ўсё будзе нечакана — а таму яшчэ больш цiкава! — У такiм выпадку, Iгар Мiкалаевiч, калi адмовiлiся даваць гэту iнфармацыю "Звяздзе" — дазвольце ўзяць з вас слова, што iншыя газеты загадзя таксама не даведаюцца пра iмёны пераможцаў? — Абяцаю! Супрацоўнiкi Мiнiнфарма дамовiлiся, што афiцыйна будзе абвешчана гэта iнфармацыя толькi ў Барысаве. Дадамо, што ў Днi беларускага пiсьменства возьмуць удзел каля 120 членаў Саюза пiсьменнiкаў Беларусi. I яшчэ добрая навiна: рыхтуецца да выхаду беларуска-расiйскi 50-томнiк: па 25 тамоў ад краiны. Сёлета будзе канчаткова зацверджаны спiс аўтараў, а ў 2009-м пачнецца выданне. — Iгар Мiкалаевiч, якi б аспект Дзён пiсьменства не закраналi, а размова ўсё роўна вяртаецца да "нашчадкаў Скарыны". У сувязi з гэтым — цi не змяншаецца ў нас вытворчасць "папяровых" кнiг? — У мiнулым годзе выдадзена 12 565 назваў агульным тыражом 49,5 млн экзэмпляраў. — I ў тым лiку на беларускай мове... — ...каля 8 працэнтаў: i па назвах, i па тыражу. — Каб уявiць тэндэнцыю — якая сiтуацыя гэтага года? — За 6 месяцаў 2008 года выйшла 6762 кнiгi тыражом 26,58 млн экзэмпляраў. Калi захаваецца гэты рытм, дык за 2008 год увогуле будзе павелiчэнне i па назвах, i па тыражу. — Не за гарамi новы навучальны год... — Адразу скажу, што сёлета агульная замова на падручнiкi крыху скарацiлася. У працы цяпер 91 назва падручнiкаў i дапаможнiкаў, у тым лiку 34 назвы — для спецыяльных устаноў адукацыi. 80 назваў падручнiкаў будуць выпушчаны ўжо да 1 верасня. А ўвогуле за першае паўгоддзе 2008 года выдадзена 1480 назваў вучэбнай лiтаратуры агульным тыражом 5,7 млн экзэмпляраў — у тым лiку трыма выдавецтвамi сiстэмы Мiнiнфарма ("Народная асвета", "Вышэйшая школа", "Мастацкая лiтаратура") — 125 назваў агульным тыражом 1,852 млн экзэмпляраў. — Амаль 4 гады таму я прасiла вас зрабiць прагноз наконт таго, цi не знiкне друкаваная кнiга. Ваш прагноз быў тады аптымiстычным. А цяпер? — I цяпер — таксама. Я аптымiст па жыццi. Нягледзячы на зручнасцi найноўшых камп’ютарных тэхналогiй, у iх маецца нямала i недахопаў. Да прыкладу, у мяне пытанне: а колькi часу на электронных носьбiтах захаваецца iнфармацыя? Кажуць: iнфармацыя на дыску — 50 цi нават 100 гадоў можа захоўвацца. Але ж нiхто яшчэ не пражыў столькi, не бачыў, не пераканаўся! Дый увесь час трэба быць прывязаным да сiлкавання. Да таго ж камп’ютар нярэдка "глючыць"... А на пляжы, на сонцы i ўвогуле нiчога не ўбачыш на экране... Кнiга застанецца назаўсёды. А што да модных тэндэнцый — гэта ўжо шмат разоў было. Памятаеце размовы: "Са з’яўленнем тэлевiзii знiкне кiно" i г.д. Нiчога не знiкла, кожны феномен цывiлiзацыi займае сваю нiшу. — Нам, Iгар Мiкалаевiч, застаецца пражыць усяго 50 цi 100 гадоў, каб пераканацца, што ёсць больш грунтоўныя iнфармацыйныя носьбiты, чым кнiга!.. Шчыра дзякую за цiкавую гутарку. Таццяна ПАДАЛЯК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пра гэта аргументавана расказаў карэспандэнту "Звязды" намеснiк мiнiстра iнфармацыi Ігар Лапцёнак |
|