Ішла карова па асфальце...
Ішла карова па асфальце...
У артыкуле "Па вёсцы конь iмчаўся" ("Звязда", 09.08.2008 г.) найперш уздымалася пытанне страхавання аўтатранспарту, але мiнчанка Лiдзiя Асавец убачыла i яшчэ адну праблему. — На лета мы выязджаем у Столiнскi раён i да восенi жывём у хаце бацькоў, якiя ўжо даўно памерлi. Наша вёска цi, як цяпер называюць, аграгарадок, вялiкая i прыгожая. Вулiцы заасфальтаваныя, а абапал цэнтральнай — пафарбаваныя агароджы. Але каб вы бачылi, што робiцца на тым асфальце, калi па вулiцы прагоняць статак кароў... i гэта ж гоняць чатыры разы на дзень... толькi вычысцiлi вулiцу, як зноў трэба браць шуфель у рукi. А гэта ж ненармальна. Жывём быццам бы ў гарадку, а ён так загаджаны, — расказала чытачка пра набалелае. Дарэчы, узнятая праблема актуальная. Сапраўды, iншым разам праехаць праз наш населены пункт няпроста. Як нi круцi руль, а аўтамашыну затым адмыць цяжка. Але гэтая праблема звязана з укладам нашага вясковага жыцця. Напрыклад, у немцаў яе няма, бо ў тамтэйшых "dorf" кароў па вулiцах не гоняць: мясцовае насельнiцтва iх не трымае — там iншы падыход да жыцця. Неяк давялося пабываць у фермера з Бярозаўскага раёна. Чалавек трымаў трыццаць кароў, але жыве ў вёсцы i ферма тут жа — пры хаце. Падчас размовы фермер паскардзiўся, што суседзi да яго ставяцца непрыязна, маўляў, зайздросцяць. Нiчога, здавалася б, у гэтым дзiўнага няма, бо з зайздрасцю хто не знаёмы. Але неўзабаве сiтуацыя праяснiлася. Фермерскi статак прыгналi на даенне, i пакуль гаспадар упраўляўся з каровамi, я пайшоў прагуляцца па вёсцы. Праз некалькi хат убачыў мужчыну, якi, даведаўшыся, што я з газеты, пачаў абурацца, што фермер сваiмi каровамi спаганiў жыццё ўсёй вулiцы. — Мы купiлi тут хату, а цяпер хоць збывай, за браму не выйсцi — усё зас... , — скардзiўся чалавек, — а ён толькi пасмейваецца. I ў суседа была падстава для гэтага, бо каровы вытапталi сцежкi ўздоўж агароджы, а пра асфальт ужо i гаварыць не прыходзiцца — загаджаны. Такога непарадку ўвогуле не павiнна быць. Праблема ў тым, што загаджаная вулiца заўсёды для нас была звыклым малюнкам. Толькi апошнiм часам у людзей пачалi мяняцца погляды, бо мяняецца жыццё. А для старэйшага пакалення гэтая праблема нiколi не была iстотнай. Найперш таму, што таго асфальту нiхто не бачыў, а брук ляжаў толькi ў гарадках ды зрэдку ў нейкiм мястэчку. Спрадвеку вясковы чалавек быў прывязаны да каровы i ўсе працэсы, звязаныя з ёю, былi натуральныя, i яму ў галаву не магло прыйсцi, што можа быць нешта iнакш. Часта хлеў i хата знаходзiлiся пад адной страхой i карова мыкала за сцяной. А калi зiмой парасiлася свiння, то яе забiралi ў хату, а каб у курэй не адмерзлi грэбнi, iх трымалi пад печчу... Знаёмы франтавiк расказваў, што падчас вайны яго найбольш уразiла тое, што ў нямецкiх хлявах была электрычнасць. Але вернемся да кароў i асфальту. Праблема тыповая для ўсiх населеных пунктаў, дзе людзi трымаюць кароў, але яна не такая ўжо i вялiкая. Ва ўсякiм разе, вырашыць яе можна даволi проста. У Навасёлках Ляхавiцкага раёна вулiцы чыстыя. Цэнтральная частка аграгарадка забудавана адмiнiстрацыйнымi будынкамi, магазiнамi... усё абкладзена сайдынгам i пад металачарапiцай, але кароў праз цэнтр гоняць, бо прыватны сектар параскiданы па ўсiх вулiцах. Калi статак iдзе па вулiцы, то следам за iм з тачкай прасоўваецца асенiзатар (такую пасаду далi чалавеку) i ўсё падбiрае. Ранiцай, у абед i з абеду ды вечарам ён павiнен прайсцi за каровамi па вулiцы. За гэта кожны гаспадар са сваёй каровы плацiць асенiзатару 5 тысяч у месяц, а яшчэ 85 тыс. рублёў яму даплачвае мясцовы СВК "Шлях новы". Пра гэты факт некалькi гадоў таму ўжо даводзiлася пiсаць. Калi я патэлефанаваў у сельгаскааператыў, то высветлiлася, што адладжаны працэс збояў не дае па сёння. Магчыма, нешта падобнае ёсць i ў iншых населеных пунктах, але пра такiя факты чуць не даводзiлася. Хоць пераймаць станоўчы вопыт, напэўна, неабходна ўсiм. А можа, ёсць i iншы? Сымон Свiстуновiч. Фота Анатоля КлЕшчука.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У артыкуле "Па вёсцы конь iмчаўся" ("Звязда", 09.08.2008 г.) найперш уздымалася пытанне страхавання аўтатранспарту, але мiнчанка Л |
|