"Змагацца" да апошняй кроплі...
"Змагацца" да апошняй кроплі...
Карысная парада У пазамiнулым годзе, калi памятаеце, быў багаты ўраджай яблыкаў. Мы неяк позна спахапiлiся i, каб запасцiся сокам, давялося пазычаць сокавыцiскалку, бо сваёй не было. Летась пытанне яе набыцця адпала само па сабе. Сёлета ж багаты ўраджай абяцае зноў паўтарыцца, але на гэты раз яшчэ ёсць час сустрэць яго ў "поўным узбраеннi". Такiм чынам тэма нашай сённяшняй рубрыкi — сокавыцiскалкi.Кожнаму — свае Сок, вядома, можа быць не толькi яблычным, таму i наша даследаванне рынку гэтых карысных бытавых электрапрыбораў будзе больш пашыраным. Так, пэўныя ягады, з якiх таксама можна ў хатнiх умовах выцiскаць сок, ужо адышлi. Але на падыходзе — iншыя, ды i на рынках цяпер пiк сезона на многае з прывазной садавiны. Вось у залежнасцi ад таго, якi сок i ў якiх аб’ёмах вы збiраецеся "здабываць", i пачнём наш аповед. Бо ад гэтых дзвюх умоў залежыць выбар тыпу сокавыцiскалкi. А iх тры: для цытрусавых, шнэкавыя i ўнiверсальныя. Цытрус пад "прэсам" Цытрусавыя сокавыцiскалкi (iх яшчэ часта называюць цытрус-прэсамi) прызначаны, як можна здагадацца, для выцiскання соку з апельсiнаў, мандарынаў, грэйпфрутаў, лiмонаў. Прынцып iх дзеяння некалi мы маглi назiраць выключна ў замежных фiльмах: герой цi гераiня наразае папалам тыя ж апельсiны, прыцiскае палавiнкi па чарзе да конусападобнай насадкi з выступамi — i свежавыцiснуты сок сцякае ў празрыстую ёмiстасць пад памянёнай насадкай або прама ў кубак. Такiя прыборы даволi кампактныя, звычайна маюць магутнасць 20—80 Вт. Дарэчы, аб’ём ёмiстасцi звычайна не перавышае аднаго лiтра, што невыпадкова: свежавыцiснуты сок з цытрусавых вельмi хутка страчвае свае карысныя якасцi, спажываць яго лепш адразу пасля "прыгатавання". Цана ўбачаных прыбораў у гандлi вагалася ад 60 да 90 тысяч рублёў. Вытворцы — усе замежныя. Пры выбары цытрус-прэса варта звярнуць увагу на наяўнасць дадатковых насадак з рознымi па памерах выступамi (для розных па памерах цытрусавых) i шчылiнамi ў iх (можна будзе "гатаваць" сок "густым" або больш вадкiм). Карыснай будзе i наяўнасць функцыi рэверса (зваротнага ходу): калi насадка круцiцца ў розныя бакi, больш шанцаў выцiснуць сок да апошняй кроплi. Такiя насадкi ў якасцi дадатковых могуць уваходзiць у камплект унiверсальных кухонных камбайнаў. Дарэчы, цытрус-прэс можна набыць i за... 3,5—4 тысячы рублёў. Праўда, цалкам "механiчны" пластыкавы, расiйскай вытворчасцi. Гэта ёмiстасць з насадкай, дзе адсутнiчае электрарухавiк, сок давядзецца здабываць у прамым сэнсе ўласнымi рукамi, варочаючы садавiну ўзад-уперад на насадцы. Прадаюцца ў гаспадарчых аддзелах буйных магазiнаў. "Мясарубка" для садавiны Шнэкавыя сокавыцiскалкi на нашым рынку таксама прысутнiчаюць. Вытворчасць — пераважна Кiтай. Хоць мне ўдалося знайсцi i самы "наварочаны" апарат французскага паходжання магутнасцю 700 Вт i коштам амаль 650 тысяч рублёў. Дарэчы, i першая, i другая асаблiвасцi — магутнасць i цана — з’яўляюцца, можна сказаць, характэрнымi для гэтага тыпу сокавыцiскалак. Па канструкцыi i прынцыпе дзеяння яны нагадваюць мясарубку: вал, якi круцiцца, падштурхоўвае садавiну цi ягады да сiта, ушчыльняе гэту масу i добра адцiскае. Сок выцякае з пераду апарата, а адходы вытворчасцi выдаляюцца з заду (знешне з-за носiка такая сокавыцiскалка нагадала мне чымсьцi вялiкi чайнiк). Да плюсоў шнэкавых сокавыцiскалак можна аднесцi тое, што яны дазваляюць выцiскаць сок з пладоў з костачкамi. I хоць тэарэтычна прыборы разлiчаны на даволi вялiкую працягласць працы, мне здалося, што нашы спажыўцы такой магчымасцю не карыстаюцца. Прынамсi, прадавец, пачуўшы пра мае тэарэтычныя "прамысловыя" аб’ёмы будучых нарыхтовак, параiла пашукаць айчынны аналаг. Маўляў, тое, што вы бачыце — для штодзённага карыстання. Памер ёмiстасцi для збору соку — адзiн лiтр. Дызайн прыбораў даволi прыемны, але да несумненных мiнусаў можна аднесцi кошт сокавыцiскалкi. Бо нават iншыя, з меншай магутнасцю (скажам, 300 Вт) i не такiм прывабным дызайнам каштавалi ў сярэднiм 300—350 тысяч рублёў. Для ўсяго прыдатныя Унiверсальныя (або цэнтрабежныя) сокавыцiскалкi, напэўна, у поўнай меры адпавядаюць гэтай назве. Па-першае, на iх можна атрымаць сок практычна з любых ягад i пладоў без буйных костачак. Iх магутнасць вагаецца ад 200 да 600 Вт, аб’ём ёмiстасцi — ад 1 да 1,5 лiтра. Але галоўнае, што яны найбольш падыходзяць для нашых умоў, калi за адзiн раз трэба перапрацаваць адносна вялiкi аб’ём прадукцыi. Прынцып дзеяння ўнiверсальных сокавыцiскалак наступны: вiтамiнная прадукцыя з дапамогай дыскавай цёркi здрабняецца да стану кашкi, якая потым трапляе ў сепаратар. Ужо там пад уздзеяннем цэнтрабежнай сiлы адбываецца выдаленне праз сiта соку. Яго выхад залежыць ад формы сепаратара: пры цылiндрычнай ён можа складаць да 95 працэнтаў, аднак рэгулярна давядзецца ўручную чысцiць сепаратар ад адходаў вытворчасцi. Пры канiчнай форме сепаратара выхад соку складае 60—70 працэнтаў, але ёсць магчымасць выдалення адходаў. Гаворачы пра ўнiверсальны тып сокавыцiскалак, па вышэйназваных прычынах хацелася б спынiцца на айчынных прыборах (у секцыю з якiмi мяне i накiравала прадавец). У продажы ёсць толькi некалькi мадэляў коштам ад 130 да 193 тысяч рублёў (адрознiваюцца магутнасцю, наяўнасцю дадатковых дыскаў для шаткавання гароднiны), але яны, як кажуць, правераны часам. Недахопы, думаю, iх вядомыя ўсiм, каму з iмi даводзiлася сутыкацца: вялiкi шум, неабходнасць лiтаральна праз некалькi хвiлiн пастаяннай працы выдаляць адходы. Бывае, сок выцiскаеш па часе столькi ж, колькi чысцiш сепаратар i збiраеш-разбiраеш сокавыцiскалку. Але, як ужо сказаў, пры даступнай цане i неабходнасцi ў хатнiх "прамысловых" нарыхтоўках яны часткова кампенсуюцца. Сяргей РАСОЛЬКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У пазамiнулым годзе, калi памятаеце, быў багаты ўраджай яблыкаў. Мы неяк позна спахапiлiся i, каб запасцiся сокам, давялося пазычаць сокавыцiскалку, б |
|