"Крэдыт даверу" ў 25 балаў
"Крэдыт даверу" ў 25 балаў
Праект закона аб увядзенні бальнай сiстэмы, якi ўжо абмяркоўваецца на аўтазапраўках, абедзенных перапынках i дома перад сном, ужо гатовы. Прапаноўваем перанесцi прадмет дыскусii на старонкi газеты "Звязда". Кожны з вас, паважаныя ўдзельнiкi дарожнага руху, можа ўзяць удзел у абмеркаваннi праекта, якi яшчэ не ўступiў у сiлу, унесцi канструктыўныя прапановы, высветлiць незразумелыя моманты. Магчыма, менавiта ваша меркаванне будзе ўлiчана ў канчатковым варыянце праекта. А зараз начальнiк ДАІ МУС Беларусi Аляксандр Мендзелеў знаёмiць з асаблiвасцямi папярэдняга варыянта праекта. — Плануецца, што вадзiцелi будуць атрымлiваць разам з вадзiцельскiм пасведчаннем "крэдыт даверу" ад службы Дзяржаўтаiнспекцыi — 25 балаў. I кожны сам мае права вырашаць, як распарадзiцца сваiм "авансам". Калi на працягу года 25-бальны лiмiт будзе вычарпаны, то вадзiцель аўтаматычна пазбаўляецца вадзiцельскага пасведчання на год. Год без парушэнняў (адлiк пачынаецца з апошняга парушэння) — i 25 балаў вяртаюцца. — Аляксандр Мiхайлавiч, навошта патрэбна (i цi патрэбна) уводзiць бальную сiстэму ацэнкi парушэнняў ПДР для вадзiцеляў? — Гэта сусветная практыка, якая неаднаразова сябе апраўдала. З увядзеннем бальнай сiстэмы ў iншых краiнах прыкметна знiжалася колькасць парушэнняў правiлаў дарожнага руху. Прывяду прыклад. у Францыi ў 1991 годзе ўпершыню ўвялi бальную сiстэму, тым самым адразу ж скарацiлi колькасць загiнулых на 541 чалавека! Згадзiцеся, сур’ёзная лiчба. Мы перакананыя, што вяртанне да сiстэмы ўлiку правапарушэнняў накшталт савецкай (памятаеце, правоў пазбаўлялi за тры "праколы" на спецыяльным талоне папярэджання) значна палепшыць аварыйную сiтуацыю i на беларускiх дарогах. — Калi бальная мера выхавання вадзiцеляў уступiць у сiлу? — Дакладна сказаць не магу. Зараз яна знаходзiцца на стадыi абмеркавання. Але, думаю, канчатковае рашэнне наконт праекта Закона "Аб унясеннi дапаўненняў i змяненняў у некаторыя кодэксы Рэспублiкi Беларусь па пытаннях прававога рэгулявання адмiнiстрацыйнай адказнасцi" будзе прынятае на восеньскай сесii дэпутатаў. — "Напрыклад, у мяне 27 мая спаўняецца год з таго моманту, як я быў аштрафаваны за перавышэнне хуткасцi. Калi я не растрацiў свае 18 балаў за 364 днi, то як я буду ездзiць 365 дзень, ведаючы, што балы "згараць" i эканомiць iх няма сэнсу?"— мадэлюе сiтуацыi наведвальнiк форуму ў iнтэрнэце. — Безумоўна, незрасходаваныя балы накаплiвацца не будуць. Але я не рэкамендаваў бы свавольнiчаць, тым больш у апошнi дзень, бо, як толькi вы парушыце ПДР, адразу ж можаце адлiчваць новы год, каб вярнуць свае 25 балаў. — Зараз за паўторнае перавышэнне хуткасцi забiраюць правы, а па новай сiстэме будуць знiмаць толькi 10 балаў? — Тут разглядаюцца два варыянты. Першы — прапаноўваецца пазбаўляць вадзiцельскага пасведчання толькi ў тым выпадку, калi вадзiцель вычарпаў 25-бальны лiмiт. Другi — за стварэнне аварыйнай сiтуацыi на дарозе, уцёкi з месца здарэння, кiраванне ў стане алкагольнага ап’янення i паўторнае перавышэнне хуткасцi вадзiцель пазбаўляецца права на кiраванне незалежна ад колькасцi растрачаных да гэтага балаў. Акрамя таго, папярэджваю чарговае пытанне, штрафы нiкуды не дзенуцца — парушальнiкi будуць плацiць за свае памылкi так, як плацяць i цяпер. Адным словам, дзеючае заканадаўства застаецца ў сiле. Толькi вось, магчыма, мэтазгодна паменшыць мiнiмальны тэрмiн пазбаўлення правоў да месяца (на сёння ён складае да 6 месяцаў). — Усiм вадзiцелям плануецца даваць аднолькавую колькасць балаў незалежна ад стажу? — Пакуль так. Але маладому вадзiцелю трэба даваць, на мой погляд, менш балаў, чым вадзiцелю са стажам. Так, прынамсi, робiцца ў многiх краiнах: вадзiцелю, якi за рулём больш за два гады, даюць, напрыклад, 18 балаў, навiчкi ж атрымлiваюць на 4 балы менш. Мала таго, за мяжой трэба здаваць на правы двойчы. Другi раз — пасля таго, як малады вадзiцель прайшоў праверку часам: на практыцы даказаў, што здольны кiраваць аўтамабiлем. — З якiх меркаванняў зыходзiлi распрацоўшчыкi праекта пры суаднясеннi колькасцi штрафных балаў з правапарушэннямi? — Адназначна, са ступенi грамадскай небяспекi здзейсненых вадзiцелямi парушэнняў. Напрыклад, перавышэнне хуткасцi i кiраванне транспартным сродкам, не прышпiлiўшыся рэменем бяспекi — нераўнацэнныя парушэннi. Таму, чым сур’ёзнейшае парушэнне, тым больш будзе здымацца штрафных балаў. — I, нарэшце, за якiя парушэннi здымаюцца балы? I колькi балаў адпавядае кожнаму з гэтых парушэнняў? 1) Калi транспартны сродак мае сапсаваную тармазную сiстэму, рулявое кiраванне, счэпнае ўстройства (у саставе цягнiка), шклоачышчальнiкi (у час выпадзення ападкаў), фары i заднiя габарытныя агнi (ва ўмовах недастатковай бачнасцi), а таксама, калi машына пераабсталявана без згоды ДАI цi неабсталяваная, як патрабуюць тэхнiчныя нарматыўныя прававыя акты, то ў вадзiцеля здымаюцца 4 балы. Калi аўтамабiль мае iншыя няспраўнасцi цi шафёр парушае ўмовы, пры наяўнасцi якiх ПДР забараняюць яго ўдзел у дарожным руху, то яго "скарбонка" вадзiцеля "пахудзее" на 2 балы. 2) За парушэнне хуткаснага рэжыму здымаецца ад 2 да 10 балаў: рознiца памiж паказаннямi радара i ўсталяванай правiламi дарожнага руху хуткасцю не перавышае 21 км/г — 2 балы, перавышэнне ўсталяванай хуткасцi ад 20 да 30 км/г — 5 балаў, на 30 км/г i больш — 7 балаў, паўторнае перавышэнне хуткасцi на працягу года — 10 балаў з пазбаўленнем права кiравання на тэрмiн да 6 месяцаў. 3) За кiраванне транспартным сродкам вадзiцелем, якi сам цi яго пасажыры не прышпiлены рэменем бяспекi, таксама кiраванне матацыклам цi перавозку на iм пасажыраў без моташлемаў цi з незашпiленымi шлемамi — 2 балы. 4) Iгнараванне патрабаванняў сiгналаў святлафора i ўказанняў рэгулiроўшчыка — 10 балаў. 5) Пакаранне ў 10 балаў з пазбаўленнем права кiравання на тэрмiн да 6 месяцаў чакае i вадзiцеляў, якiя не прапусцяць машыну хуткай дапамогi, мiлiцыi, пажарную машыну. 6) Парушэнне правiлаў манеўравання, абгону цi выезд на сустрэчную паласу ў забароненым месцы — 7 балаў. 7) Парушэнне ж правiлаў праезду перакрыжаванняў, пешаходных пераходаў i прыпынкаў маршрутнага транспарту выльецца вадзiцелю ў 6 балаў. 8) Iгнараванне дарожных знакаў цi разметкi (за выключэннем выезду на паласу сустрэчнага руху) цi парушэнне правiлаў размяшчэння транспартных сродкаў на дарозе, а таксама непрадастаўленне пераваг у руху маршрутнаму транспарту, пешаходам — скароцiць запасы балаў на 5 адзiнак. 9) Парушэнне правiлаў руху па аўтамагiстралi, перавозкi пасажыраў, злоўжыванне гукавымi сiгналамi i светлавымi прыборамi, парушэнне правiлаў прымянення аварыйнай сiгналiзацыi i знака аварыйнага прыпынку — 4 балы. 10) Парушыў правiлы руху ў жылой зоне альбо правiлы перавозкi грузаў — "заплацi" яшчэ 2 балы. 11) Калi парушэннi, апiсаныя пунктамi 4—10, сталi прычынай стварэння аварыйнай сiтуацыi, вадзiцель пазбавiцца не толькi 10 балаў, але i правоў на тэрмiн да 6 месяцаў. 12) Калi вадзiцель размаўляў у час руху па мабiльным тэлефоне цi партатыўнай рацыi, то пазбаўляецца 1 бала. 13) Парушыў правiлы праезду чыгуначнага пераезда — 5 балаў, паўторна на працягу года — 7 балаў. 14) Парушэнне ПДР, якiя мелi наступствам прычыненне пацярпеламу лёгкага цялеснага пашкоджання цi пашкоджання транспартнага сродку, грузу, дарожнага пакрыцця цi iншай маёмасцi — адымаецца ад 7 да 12 балаў з пазбаўленнем права кiравання на тэрмiн да 6 месяцаў. 15) Невыкананне вадзiцелем патрабаванняў работнiка мiлiцыi аб спыненнi транспартнага сродку — 5 балаў, неаднаразовых патрабаванняў аб спыненнi машыны — 10 балаў. А што з гэтай нагоды думаеце вы? Надзея ДРЫЛА. Фота Анатоля КЛЕШЧУКА.
Вадзiцельскi талон з... Чэркiзаўскага рынку Падчас чарговага рэйду па выяўленнi вадзiцеляў маршрутных транспартных сродкаў дзяржаўтаiнспектар ДАI Савецкага РУУС горада Мiнска спынiў вадзiцеля за "перагруз". Супрацоўнiк склаў пратакол, але пры рэгiстрацыi матэрыялу аўтэнтычнасць талона да вадзiцельскага пасведчання выклiкала сумненне. Дата выдачы дакументаў не супадала. Пры праверцы было выяўлена, што i нумар талона, якi прад’явiў затрыманы, не той. Парушальнiк патлумачыў, што страцiў свой талон на тэрыторыi Расii i вырашыў набыць новы, аднак не так, як таго патрабуе закон... "Я вырашыў зэканомiць: купiў яго за 300 расiйскiх рублёў (каля 27 тысяч беларускiх) на Чаркiзаўскiм рынку. Паведамiў гандляру свае даныя, не прайшло i трох гадзiн — трымаў у руках новы талон, якi з выгляду нiчым не адрознiваўся ад сапраўднага". Пры дэталёвым даследаваннi сумненне пацвердзiлася: бланк талона сапраўды выраблены не на прадпрыемстве, якое ажыццяўляе выпуск дакументаў дадзенага вiду, — адзначыла старшы iнспектар агiтацыi i прапаганды ДАI РУУС горада Мiнска, капiтан мiлiцыi Вольга Суворава. — Згодна з артыкулам 380 Крымiнальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь "Падробка, выраб, выкарыстанне цi збыт фальшывых дакументаў, штампаў, пячатак, бланкаў", за такое злачынства прадугледжана максiмальнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волi да 3 гадоў. Надзея ДРЫЛА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Праект закона аб увядзенні бальнай сiстэмы, якi ўжо абмяркоўваецца на аўтазапраўках, абедзенных перапынках i дома перад сном, ужо гатовы. Прапаноўваем |
|