21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Касмiчныя чаўнакi "Shаtll", балiды "Формулы-1" i магутныя "БелаАЗы" но

26.08.2009 10:28 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Касмiчныя чаўнакi "Shаtll", балiды "Формулы-1" i магутныя "БелаАЗы" носяць "абутак", армiраваны жлобiнскім металакордам

Для ўдзелу ў конкурсе на прысуджэнне Дзяржаўных прэмiй Рэспублiкi Беларусь дапушчана калектыўная работа "Распрацоўка i прамысловая рэалiзацыя комплекснай тэхналогii вытворчасцi высокавугляродзiстага гарачакатанага дробнасортнага праката круглага сячэння на стане 150 ва ўмовах РУП "Беларускi металургiчны завод". 

Творчая група "Звязды" пабывала на флагмане айчыннай металургii, сустрэлася з яго кiраўнiкамi i спецыялiстамi. На пытаннi газеты згадзiўся адказаць адзiн з аўтараў прагрэсiўнай распрацоўкi, тэхнiчны дырэктар — галоўны iнжынер РУП "Беларускi металургiчны завод" Вiктар Аркадзьевiч Матачкiн.  

Прадстаўляем калектыў

Беларускi металургiчны завод уведзены ў эксплуатацыю ў 1984 годзе. Займае тэрыторыю 364 гектары. Структурна складаецца з трох асноўных вытворчасцяў, звязаных агульным тэхналагiчным ланцужком: сталеплавiльнай, пракатнай i метызнай.

Аснашчаны сучасным абсталяваннем, працуе па перадавых тэхналогiях. Па ўзроўнi сталеплавiльнага, пракатнага i метызнага перадзелаў з’яўляецца ўнiкальным прадпрыемствам з замкнутым цыклам. Выпускае больш за 2,2 млн т сталi, 1,6 млн т металапракату з вугляродзiстых i легiраваных сталей, 290 тыс. т метызнай прадукцыi, уключаючы 90 тыс. т высакаякаснага металакорду (усё гэта вынікі мінулага года).

На заводзе працуе 12,5 тыс. чалавек.

З’яўляецца галаўным прадпрыемствам вытворчага аб’яднання, у склад якога ўваходзяць таксама Магiлёўскi металургiчны завод, Рэчыцкi метызны завод i завод "Легмаш" у Оршы.

Мае даччыныя прадпрыемствы: будаўнiча-мантажнае "Жлобiнметалургбуд", гандлёвае "Металурггандаль", аўтатранспартнае "Металургтранс" i сельскагаспадарчае "Папаратнае". Летась РУП "БМЗ" першым сярод айчынных прадпрыемстваў стаў лаўрэатам мiжнароднай прэмii i ўдастоены Знака Гонару "Зорка Садружнасцi" ў намiнацыi "Лепшая кампанiя СНД".

Дзяржаўныя ўзнагароды Рэспублiкi Беларусь маюць 25 работнiкаў завода.

Па вынiках конкурсу "Чалавек Справы-2007" генеральны дырэктар РУП "БМЗ" М.В. Андрыянаў прызнаны пераможцам у намiнацыi "За паспяховае прымяненне новых тэхналогiй i метадаў кiравання". 

Прадстаўляем суразмоўцу

Вiктар Аркадзьевiч Матачкiн нарадзiўся на Гомельшчыне, у Рэчыцкiм раёне. Пасля службы ў армii закончыў iнстытут на Урале i дзесяць гадоў адпрацаваў там у "абаронцы". У 1983-м, якраз перад пускам БМЗ, вярнуўся ў Беларусь. Працоўную дзейнасць на заводзе пачынаў канструктарам, затым узначальваў канструктарскае бюро. Быў начальнiкам упраўлення праектавання i рэканструкцыi, намеснiкам галоўнага iнжынера па таварах народнага спажывання, пазней зноў адказваў за адзiн з самых складаных участкаў — рэканструкцыю i мадэрнiзацыю завода. Апошнiя шэсць гадоў з’яўляецца тэхнiчным дырэктарам — галоўным iнжынерам. Кандыдат тэхнiчных навук.

Можна сказаць, што Вiктар Аркадзьевiч — заснавальнiк сямейнай дынастыi металургаў. Чвэрць стагоддзя адпрацавала на заводзе яго жонка. Сын узначалiў праблемны да гэтага калектыў аршанскага "Легмаша", дзе справы цяпер пайшлi на лад. Ва ўсякiм разе, сярэдняя зарплата з 300 тысяч рублёў вырасла да мiльёна з "хвосцiкам".

— Работу, вылучаную на конкурс на атрыманне Дзяржаўнай прэмii, выканаў увесь калектыў завода, — падкрэслiў напачатку нашай сустрэчы Вiктар Аркадзьевiч. Ён палiчыў таксама патрэбным зазначыць:

— Работа гэтая мае глыбiннае навуковае абгрунтаванне, бо каб атрымаць сталь марак 90 i 95 для ўльтравысокатрывалага корду, патрэбна было правесцi сур’ёзную даследчую работу па розных накiрунках, на ўсiх перадзелах завода.

— Але калi ў 1984 годзе была пушчана першая чарга прадпрыемства, ужо тады гэта быў самы сучасны завод у Еўропе, з цалкам навукаёмiстай вытворчасцю...

— Час не стаiць на месцы, навукова-тэхнiчны прагрэс наступае iмклiва. Таму што iмклiва растуць i запатрабаваннi спажыўцоў. Адной з асноўных абласцей прымянення высокавугляродзiстай катанкi, якую мы выпускаем, з’яўляецца вытворчасць высокатрывалага металакорду для армiравання шын. А шынная прамысловасць цяпер iдзе па шляху павелiчэння тэрмiнаў эксплуатацыi пакрышак, павышэння трываласцi армiруючых матэрыялаў, адначасова пры знiжэннi металаёмiстасцi i дасягненнi гарантыi поўнай бяспекi руху транспартных сродкаў на хуткасных аўтастрадах. Шыннiкi перад намi паставiлi задачу: каб шына хадзiла 160—200 тысяч кiламетраў. Да гэтага наша беларуская хадзiла 90 тысяч, iмпартная — 120. I патрэбна было ствараць новыя сталi, з iншымi фiзiка-механiчнымi ўласцiвасцямi, iншай мiкраструктурай, забяспечыць стабiльнасць павышаных параметраў па ўсёй даўжынi металапракату.

Пакуль у нас не было сваёй такой сталi, то, каб утрымацца на рынках, закуплялi яе ў Японii i выкарыстоўвалi для вытворчасцi корду. Але патрэбна было думаць пра перспектыву, пра выкарыстанне ўласнага патэнцыялу. I на працягу нейкiх пяцi гадоў распрацавалi ўласную тэхналогiю. Сёння мы ў Японii такую сталь больш не купляем, выпускаем сваю. I прадаём яе за мяжу, у тым лiку ў Японiю.

— Здаецца, у краiнах былога Савецкага Саюза такую сталь нiхто больш не выпускае?

— З такой трываласцю — не. Дзякуючы нашай распрацоўцы з’явiлася больш за 50 новых высокаэфектыўных вiдаў металакорду. Ультравысокатрывалы металакорд можа вытрымаць нагрузку на разрыў не менш за 4 тоны.

— Вы сказалi: "На працягу пяцi гадоў распрацавалi ўласную тэхналогiю..." Гучыць проста, а як яно было на самай справе?

— Спецыялiсты БМЗ распрацавалi i ўкаранiлi канцэпцыю комплекснага тэхналагiчнага працэсу ўсяго металургiчнага перадзела, уключаючы хiмiчныя саставы i структуры сплаваў сталi, iх выплаўку, пазапечную апрацоўку, разлiўку i пракатку. Спатрэбiлася карэннае паляпшэнне ўсёй тэхналагiчнай схемы: "дугавая сталеплавiльная печ — устаноўка "печ-коўш" — вакууматар — машына бесперапыннага лiцця нарыхтовак — абжымны пракатны стан 850 — высакахуткасны дротавы стан 150". Новая тэхналогiя з’явiлася прарыўнай у кордавай вытворчасцi.

Для яе ажыццяўлення была падрыхтавана канцэпцыя поўнай рэканструкцыi пракатнага перадзела, у ходзе якой стан 320/150 быў раздзелены на два асобныя сучасныя пракатныя станы 320 i 150, i гэта была даволi смелая iдэя. У адпаведнасцi з заключанымi з замежнымi фiрмамi кантрактамi на БМЗ ажыццяўлялася пастаўка толькi абсталявання. Будаўнiча-мантажныя i пусканаладачныя работы на стане 150 выконвалiся ўласнымi сiламi РУП "БМЗ", а таксама айчыннымi генпадрадчыкамi.

Усе свае крокi мы ўзгаднялi ў галiновым мiнiстэрстве i ва Урадзе, з кiраўнiцтвам краiны. Адным словам, рэканструкцыя вялася ў поўнай адпаведнасцi з праграмай, зацверджанай Мiнiстэрствам прамысловасцi, а затым пастановай Урада. Галоўнай мэтай рэканструкцыi з’яўлялася вытворчасць прадукцыi, якая па сваiх якасных характарыстыках адпавядала лепшым сусветным аналагам, а па рэнтабельнасцi (звярнiце ўвагу) пераўзыходзiла iх. На мэце таксама мелася пашырэнне марачнага i размернага сартамента праката, павелiчэнне аб’ёмаў выпуску высокавугляродзiстай катанкi для павелiчэння вытворчасцi высокатрывалага металакорду i метызнай прадукцыi. Плюс вытворчасць катанкi з нiзкавугляродзiстых i нiзкалегiраваных марак сталi для халоднай высадкi, як таварнай прадукцыi.

— Удакладнiм: распрацоўка тэарэтычных асноў i асваенне тэхналагiчных працэсаў былi выкананы спецыялiстамi БМЗ.

— Абсалютна правiльна. Але з прыцягненнем галiновай навукi Рэспублiкi Беларусь i НАН Украiны. Задача была не з лёгкiх, бо, як я ўжо гаварыў, спатрэбiлася карэннае паляпшэнне ўсёй тэхналагiчнай схемы вытворчасцi высокавугляродзiстага металу. Патрэбна мець на ўвазе, што аналагiчныя задачы на металургiчных прадпрыемствах у свеце яшчэ нiкiм не вырашалiся.

Кароткае адступленне. З мэтай удасканалення тэхналогii вытворчасцi высокавугляродзiстай сталi для вытворчасцi катанкi на ўсiх перадзелах Беларускага металургiчнага завода пад кiраўнiцтвам i з непасрэдным удзелам М.В. Андрыянава, В.А. Матачкiна, М.I. Анелькiна i iх калег быў выкананы комплекс тэхналагiчных даследаванняў, у вынiку якiх сфармуляваны новыя навуковыя палажэннi, што i ляглi ў аснову новых распрацовак, рэалiзаваных на БМЗ.

— Вiктар Аркадзьевiч, назавiце, калi ласка, некалькi прыкладаў такiх даследаванняў i такiх тэхналагiчных навацый, якiя сталi вынiкам творчага пошуку.

— Асвоена тэхналогiя аднашлакавага працэсу выплаўкi высокавугляродзiстай сталi пад пенiстымi шлакамi. Калi гаварыць коратка, у пэўных фазах плаўлення шлакi падтрымлiваюцца ў пенiстым стане, дзякуючы чаму электрадуга надзейна экранiравана i аддае металу максiмум сваёй энергii. Скарачаецца тэрмiн плаўкi, зменшылiся цеплавыя страты, эканомiцца электрычная энергiя. Тэхналогiя не мае аналагаў на роднасных прадпрыемствах СНД.

Праведзены аналiз пазапечнай апрацоўкi сталi на вакууматары дазволiў удасканалiць тэхналогiю апрацоўкi: навiзна заключаецца ў тым, што пры выпуску расплава з печы выконваецца папярэдняе раскiсленне, а канчатковае — пад нiзкаасноўнымi шлакамi на ўстаноўцы вакуумнай дэгазацыi. Гэта забяспечвае большую чысцiню сталi ад неметалiчных уключэнняў, азоту, вадароду i кiслароду.

Удасканалена тэхналогiя разлiўкi сталi, што дазволiла скарацiць мiжразлiвачныя прастоi i нават павышае якасць стальных злiткаў. Адпрацаваны рацыянальныя рэжымы пракаткi i ахалоджвання катанкi. I гэтак далей.

Шмат тэхналагiчных навiнак закладзена на самiм стане 150. Каб не стамляць чытача нашай спецыфiкай, скажу толькi, што дзякуючы гэтаму яго агульная даўжыня значна скарацiлася ў параўнаннi з аналагiчнымi сучаснымi станамi. Там устаноўлена награвальная печ палепшанай канструкцыi з шагаючым подам i кантоўкай нарыхтовак у зоне падагрэву. Вось пракаткi злiтка паварочваецца на 180 градусаў, а максiмальная хуткасць пракаткi складае 110 метраў у секунду. Для параўнання: на аналагiчных замежных станах — 90 м/сек. Удасканаленае абсталяванне i аптымiзаваная тэхналогiя дазволiлi знiзiць спажыванне электраэнергii на гэтым вытворчым участку прыкладна на 10 працэнтаў у параўнаннi з аналагамi. I што асаблiва важна — павысiць аднароднасць мiкраструктуры i механiчных уласцiвасцяў металу па ўсёй даўжынi раскату нарыхтоўкi.

За той перыяд, якi мы разглядаем, толькi па стану 150 выканана тры НIОКР, пяць праектна-пошукавых i iнжынiрынгавых работ агульным коштам 7,5 млн рублёў з затратамi з уласных сродкаў прадпрыемства. Значныя сродкi на аптымiзацыю тэхналагiчных працэсаў стана 150 былi накiраваны i з iнавацыйнага фонду развiцця Мiнiстэрства прамысловасцi Рэспублiкi Беларусь.

Вынiкi нашай калектыўнай работы з удзелам навукоўцаў Беларусi i Украiны на стане 150 сiстэматызаваны i гавораць самi за сябе. А распрацаваная тэарэтычная база i поўны тэхналагiчны цыкл вытворчасцi высокавугляродзiстай катанкi сталі паўнапраўнымi прадуктамi РУП "БМЗ", якiя цяпер так жа запатрабаваныя на рынку, як i сама прадукцыя, што выпускаецца па распрацаваных тэхналогiях.

— За перыяд, калi вёўся актыўны навуковы пошук i на гэтай аснове стваралася новая тэхналогiя, — працягвае Вiктар Аркадзьевiч, — было напiсана 4 манаграфii, яны выдадзены не толькi ў Беларусi, але i ў Расii i нават у Еўропе. Абаронена некалькi кандыдацкiх дысертацый. Наогул на заводзе працуюць 9 кандыдатаў навук, 12 аспiрантаў i сушукальнiкаў. Атрыманы не адзiн дзесятак патэнтаў на вынаходнiцтва (калi дакладна, то 28) i аўтарскiх пасведчанняў. Гэтая работа i навукова, i, скажам так, заканадаўча аформлена належым чынам, мае належнае навуковае абгрунтаванне i суправаджэнне.

— Мы ведаем, што зроблены падлiкi эканамiчнай эфектыўнасцi ад выкананай работы. Якiя яны?

— У вынiку праведзенай работы вытворчасць прадукцыi на стане 150 вырасла з праектных 150 тысяч тон да 385 тысяч тон яшчэ ў 2005 годзе. За гэты перыяд з новай катанкi асвоена больш за 50 новых вiдаў метызнай прадукцыi. Каля 40 працэнтаў пракату рэалiзуецца як таварная прадукцыя, астатнi метал далей перапрацоўваецца ў цэхах метызнай вытворчасцi БМЗ.

Сумарны эканамiчны эфект у выглядзе дадаткова атрыманага прыбытку за 2001—2005 гады з улiкам акупнасцi затрат на рэканструкцыю стана 150 склаў больш за 51 мiльён долараў ЗША.

Акрамя таго, прырост аб’ёмаў продажу таварнай прадукцыi забяспечыў за названы перыяд атрыманне дадатковай выручкi на 775 мiльёнаў долараў ЗША. Па-датковыя адлiчэннi ў бюджэт Рэспублiкi Беларусь склалi каля 55 млн долараў ЗША.

— З лiчбамi, якiя сведчаць пра эканамiчную эфектыўнасць выкананай работы, як бачым, усё ў парадку. А як справы з якаснымi параметрамi прадукцыi, з яе выхадам на мiжнародныя рынкi?

— Прывяду даволi пераканаўчыя, на мой погляд, сведчаннi. За апошнiя гады БМЗ двойчы ўзнагароджваўся дыпломам лаўрэата прэмii Урада Беларусi за дасягненнi ў галiне якасцi, а таксама стаў лаўрэатам прэмii ў галiне менеджменту якасцi на мiжнародным конкурсе краiн Усходняй i Цэнтральнай Еўропы. Асаблiвая якасць прадукцыi пацвярджаецца 34 сертыфiкатамi вядучых краiн — спажыўцоў металапракату, такiх, як Германiя, ЗША, Аўстрыя, Францыя, Расiя. Дасягненне такой якасцi гатовай прадукцыi дало магчымасць прадпрыемству цяпер пастаўляць сваю прадукцыю больш чым у 50 краiн свету, з удзельнай доляй экспарту больш за 85 працэнтаў. Згадзiцеся, што лепшая ацэнка якасцi любой прадукцыi — яе высокая канкурэнтаздольнасць i аб’ёмы рэалiзацыi, якiя пастаянна растуць.

Сакрэт у тым, што гарачакатаны высокавугляродзiсты дробнасортны пракат круглага сячэння для халоднага валачэння, якi выпускаецца на БМЗ, мае высокую пластычнасць пры далейшай перапрацоўцы, патрабуемыя трываласныя характарыстыкi, высокую дакладнасць памераў, а яшчэ — раўнамернае размеркаванне структуры i ўласцiвасцяў па даўжынi маткоў i ў партыi металу, мiнiмальную колькасць абезвугляроджанага слою i акалiны. Па сваiх якасных характарыстыках гэтая прадукцыя — лепшая ў СНД i Еўропе.

Яна пастаўляецца такiм сусветным лiдарам у вытворчасцi шын, як фiрмы СОNTINЕNTАL, GООDYЕАR, MIСHЕLIN, РIRЕLLI, SЕMРЕRIT, ЕАTОN i iншыя. На далёкае замежжа прыходзiцца 65,5 працэнта агульнай вытворчасцi металакорду БМЗ. Акрамя таго, ён пастаўляецца ў Расiю i ва Украiну, прымяняецца ў шыннай прамысловасцi Беларусi. Асноўныя спажыўцы ў гэтых краiнах — холдынгавая кампанiя "Амтел", карпарацыя "АК Сiбур", ААТ "Росава", ААТ БШК "Белшына". Многiя спажыўцы ўключылi нас у пяцёрку сваiх прыярытэтных пастаўшчыкоў, i гэта вельмi ганарова.

Адзiн свежы прыклад. На днях з камандзiроўкi ў Бразiлiю вярнуўся спецыялiст Беларускага шыннага камбiната — на руднiках гэтай далёкай краiны працуюць БелАЗы, якiя "абуты" ў бабруйскiя звышбуйнагабарытныя шыны, армiраваныя нашым металакордам. Ён пацвярджае, што хадзiмасць беларускiх шын зусiм не горшая, чым знакамiтых гудзiераўскiх. Ну, i прывядзём такi прыемны факт: наш металакорд эфектыўна прымяняецца ў шынах балiдаў "Формулы-1" i нават касмiчных чаўнакоў "SHАTLL". Што называецца, "ведай нашых"!

Прадукцыя БМЗ сертыфiкаваная па мiжнародных стандартах забеспячэння якасцi ISО 9001, ISО-TS 16949 для аўтамабiльнай прамысловасцi, а таксама аховы навакольнага асяроддзя ISО 14001. Дарэчы, за апошнi год выканана 130 прыродаахоўных мерапрыемстваў, пры гэтым затраты на дасягненне мэтавых i планавых экалагiчных паказчыкаў склалi каля 40 млн рублёў.

Пасля завяршэння работ за апошнiя два гады (2006—2007) атрыманы значны рост таварнай прадукцыi стана 150 i метызнай вытворчасцi, на якой выкарыстоўваецца высокавугляродзiстая катанка. Так, у 2006 годзе павелiчэнне выпуску таварнай прадукцыi склала адпаведна: 523,2 тыс. т па стану 150 i 130,0 тыс. т па метызах. У 2007 годзе гэтыя паказчыкi склалi адпаведна 559,3 тыс. т i 184,6 тыс. т. Альбо ў цэлым за два гады 1082,5 тыс. т па стану 150 i 314,6 тыс. т па метызнаму перадзелу.

Дадатковы эканамiчны эфект з улiкам затрат на рэканструкцыю за гэты перыяд склаў 120,2 млн долараў. Павелiчэнне выручкi ад дадатковага продажу металапрадукцыi за апошнiя два гады склала 903,6 млн долараў.

Дадатковыя валютныя паступленнi перавысiлi 750 млн долараў, а па‑ датковыя паступленнi ў бюджэт — 50 млн долараў.

— Вiктар Аркадзьевiч, выкананая задача пад сiлу толькi добра адмабiлiзаванаму высокапрафесiйнаму калектыву. Бо давялося перажыць i рэканструкцыю, i паступальнае ўдасканаленне тэхналогii, i рэзкае павышэнне патрабаванняў з боку спажыўцоў прадукцыi.

— Менавiта гэта i ёсць характарыстыка нашага калектыву: высокапрафесiйны, згуртаваны, гатовы на вырашэнне любых вытворчых задач. Такой зладжанасцi спрыяюць стымуляванне зацiкаўленасцi персаналу ў эфектыўнасцi i якасцi працы, правiльны падбор i падрыхтоўка кадраў вядучых прафесiй, пастаяннае iх амаладжэнне за кошт лепшых выпускнiкоў вядучых беларускiх ВНУ, а таксама наладжаная iнфармацыйна-выхаваўчая работа, якая праводзiцца пад кiраўнiцтвам намеснiка генеральнага дырэктара Надзеi Раманаўны Гаркуша.

Гэтая тэма заслугоўвае асобнай размовы, але скажу, што на БМЗ з першага дня фармiравалi ў членаў калектыву пачуццё гонару за сваё ўнiкальнае прадпрыемства, за права працаваць на iм, i ўсе наступныя дзесяцiгоддзi такое стаўленне падтрымлiвалася i развiвалася. Вось i сёння на гэта скiраваны розныя формы iнфармацыйна-выхаваўчай работы — наладжаны незафармалiзаваныя вытворчыя спаборнiцтвы i конкурсы, працуюць шматлiкiя грамадскiя арганiзацыi i аб’яднаннi, а таксама iнфармацыйна-прапагандысцкiя групы, праводзяцца палiтiнфармацыi, нават сацыялагiчныя даследаваннi. У цэнтры ўвагi — работа з моладдзю. Два разы на тыдзень выходзiць свая шматтыражная газета "Металург", супрацоўнiкi якой не шкадуюць добрага слова для тых, хто сумленна працуе. Яны рыхтуюць таксама штотыднёвы выпуск тэленавiнаў з жыцця завода. Заводскi аддзел iнфармацыйна-iдэалагiчнай работы ўзяў удзел у аглядзе-конкурсе на лепшую арганiзацыю iдэалагiчнай работы ў працоўных калектывах раёна, дзе заняў першае месца, а ў абласным конкурсе — таксама пачэснае другое.

Але, бадай, лепш за ўсё выхоўвае i пераконвае ў правiльнасцi сацыяльна-эканамiчнага курса клопат пра чалавека працы. На заводзе буйная сацыяльная iнфраструктура, i сацыяльна-эканамiчнае развiццё адбываецца даволi высокiмi тэмпамi, нават пры вядомых складанасцях апошнiх дзесяцiгоддзяў. Працуюць Палац культуры металургаў, сем iнтэрнатаў, дзевяць дзiцячых дашкольных устаноў. Ёсць медыка-санiтарная часць з цудоўна аснашчанай палiклiнiкай, якая размясцiлася ў новым будынку. Летась пабудавалi i запусцiлi таксама фiзкультурна-аздараўленчы цэнтр. Там вялiкая хакейная пляцоўка, басейн, у якiм трэнiравалiся перад паездкай у Пекiн нашы беларускiя алiмпiйцы, бо ў рэспублiцы няма такога басейна. Гэта яшчэ i найцудоўнейшы аквапарк. Сёння вядзецца праектаванне расшырэння гэтага важнага сацыяльнага аб’екта, каб месца для заняткаў хапiла не толькi тым, хто працуе на БМЗ, але i членам iх сем’яў. Адрамантавалi iнтэрнаты для маладых спецыялiстаў. Паспяхова выконваецца дзяржаўная жыллёвая праграма, а жыллё — гэта самае важнае для любой сям’i.

Завод мае i сваё сельскагаспадарчае прадпрыемства "Папаратнае", якое сёлета працуе рэнтабельна. Там зараз поўным ходам iдзе ўборка збожжавых культур, вяскоўцы намалацiлi 7 тысяч тон збожжа (летась было толькi 3 тысячы, такi вось скачок) пры сярэдняй ураджайнасцi 43 цэнтнеры з гектара. Завод укладвае ў аграрны цэх вялiкiя грошы, рамантуе камбайны ў сваiх цэхах, купляе трактары. Падтрымлiвае дастаткова iнтэнсiўна. Ужо падрыхтаваны праект будаўнiцтва новага жывёлагадоўчага комплексу. "Папаратнае" — адзiн з паўнапраўных цэхаў завода, яго працаўнiкi прысутнiчаюць на заводскiх планёрках i ўдзельнiчаюць у вытворчым i грамадскiм жыццi.

— Найважнейшы пункт iнвестыцыйнай праграмы выкананы — стан 150 перакрыў праектную магутнасць, што далей?

— Адметная асаблiвасць рэалiзуемай iнвестыцыйнай праграмы БМЗ — яе скiраванасць на паэтапнае правядзенне комплекснай поўнамаштабнай рэканструкцыi i мадэрнiзацыi вытворчасцi па ўсiх тэхналагiчных перадзелах. Праграма прадугледжвае далейшае ўкараненне энерга- i рэсурсазберагальных тэхналогiй i абсталявання, якiя адпавядаюць самаму высокаму сусветнаму ўзроўню развiцця металургiчнай прамысловасцi.

Яркай вяхой на гэтым шляху было будаўнiцтва i ўвод у эксплуатацыю ў лiпенi 2007 года магутнасцяў па вытворчасцi бясшоўных гарачакатаных труб. Гэта быў такi магутны рэзерв, якi нельга было не выкарыстаць i якi прыдаў калектыву "другое дыханне". Сёння трубная прадукцыя РУП "БМЗ" пастаўляецца не толькi на ўнутраны рынак, але i адгружаецца на экспарт (Iталiя, Аўстрыя, Эстонiя, Вялiкабрытанiя, Латвiя, Лiтва, Германiя, Францыя, Чэхiя, Польшча, Нарвегiя, Iспанiя, ЗША), а таксама ў Расiю i ва Украiну. (Падрабязна аб рэалiзацыi праекта па выпуску беларускай трубы чытайце ў адным з наступных нумароў "Звязды". — Рэд.)

У нас сур’ёзныя планы на будучыню, у прыватнасцi, запланавана стварэнне ўласнай лiстапракатнай вытворчасцi. Зараз прапрацоўваем тэхнiчны бок гэтага пытання.

Рэканструюем сваю металургiю. На другой "печцы" ўстанавiлi кiслародныя тэхналогii, што дазволiла прыкладна на 20 працэнтаў знiзiць затраты на электраэнергiю i газ. Увосень будзем спыняць з мэтай рэканструкцыi трэцюю печ. Запусцiлi новую газаачыстку, каб экалогiя была лепшай. Удасканальваем хiмiчную тэхналогiю пры вытворчасцi корду, уклалi каля 10 мiльёнаў, каб была поўная ачыстка усiх кiслотных сцёкаў.

...На сцяне ў кабiнеце галоўнага iнжынера — вялiкi экран, падзелены на некалькi малых экранчыкаў: паўтара дзесятка камер у рэальным часе перадаюць "карцiнкi" з цэхаў. Гаспадар кабiнета пастаянна ў курсе спраў. Жартуе: у свой час, калi ўзводзiлi трубапракатны комплекс, будаўнiкi не маглi зразумець, адкуль генеральны дырэктар i я ведаем, што яны менавiта ў гэтыя гадзiны не працуюць... Такое ж "нядрэмлючае вока" на цэнтральным дыспетчарскiм пульце, якi круглыя суткi ажыццяўляе аператыўны кантроль за вытворчым працэсам.

Мы пабывалi ў цэхах прадпрыемства, гутарылi з людзьмi. Адзiн з журналiстаў быў удзельнiкам урачыстага пуску завода ў 1984 годзе. I тады, i цяпер засталося вельмi падобнае ўражанне: калектыў разумее сваю ўнiкальнасць i стараецца адпавядаць ганароваму званню лiдара айчыннай металургii.

Публiкацыю падрыхтавалi Уладзiмiр ХIЛЬКЕВIЧ,

Алена Даўжанок i Яўген Пясецкi (фота).

Ад рэдакцыi. Творчая група шчыра дзякуе начальнiку аддзела iнфармацыйна-iдэалагiчнай работы Таццяне Фёдараўне Новiкавай, вядучаму спецыялiсту тэхнiчнага ўпраўлення Уладзiмiру Iванавiчу Грыцаенку за дапамогу ў падрыхтоўцы публiкацыi.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Для ўдзелу ў конкурсе на прысуджэнне Дзяржаўных прэмiй Рэспублiкi Беларусь дапушчана калектыўная работа "Распрацоўка i прамысловая рэалiзацыя ком
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика