21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Голуб з 11-мятровымі крыламi

26.08.2009 10:28 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Голуб з 11-мятровымі крыламi

Гаспадар з Пластка працуе на зямлi, здабывае ваду i пакарае неба

Васiль Голуб — асоба вядомая не толькi на роднай Любаншчыне, але i далёка за межамi раёна. Гэта чалавек аўтарытэтны, да яго меркавання многiя прыслухоўваюцца i прыязджаюць па парады цi проста ў госцi. Васiль Уладзiмiравiч усiм рады, бо заўсёды можа штосьцi карыснае параiць i расказаць аб неардынарных навiнах, якiя ён у прамым сэнсе "стварае" ўласнымi рукамi. Напрыклад, зараз майструе... самалёт — "iнфармацыйную падставу" для вiзiту на сядзiбу Голуба мне доўга шукаць не давялося...

Першы фермер

Сёння Пласток адносна невялiкая вёска — значна паменшала тут людзей i мясцовая сярэдняя школа цяпер стала базавай. Раней усё было па-iншаму. Яшчэ некалькi дзесяткаў гадоў таму вясковыя вулкi звiнелi ад дзiцячых галасоў. Голуб нарадзiўся ў Пластку, таму пра гiсторыю гэтых мясцiнаў можа расказаць шмат цiкавага. Скончыў школу, пайшоў у войска — пачатак яго жыццёвага шляху можна лiчыць тыповым для вясковага хлопца. Трапiў у танкавую часць, дзе адслужыў два гады. Пасля дэмабiлiзацыi вярнуўся ў родную вёску, уладкаваўся ў райсельгасэнерга, дзе займаўся наладкай электраабсталявання ў гаспадарках раёна. Працаваў у гэтай арганiзацыi дзесяць гадоў, удзельнiчаў у розных прафесiйных спаборнiцтвах (не толькi рэспублiканскага, але i саюзнага ўзроўню). Ажанiўся, узвёў уласны дом, нарадзiлiся сын i дачушка — навошта нешта мяняць?

Але для творчага i няўрымслiвага чалавека вельмi важна паспрабаваць свае сiлы ва ўласнай справе. І, нарэшце, з’явiлася такая магчымасць у Васiля Уладзiмiравiча. У пачатку 1990-х гадоў Голуб стаў адным з першых фермераў на Любаншчыне. Як толькi выйшаў адпаведны закон, ён адразу ўзяў тры гектары зямлi. Пасля плошчу палеткаў павялiчыў да 8 га. Аднак вопыт фермерства аказаўся няўдалым.

— У раёне ёсць добрыя землi, а ёсць суцэльны пясок, — тлумачыць Голуб. — Да таго ж мой участак быў далекавата ад сядзiбы. Вось i атрымалася, што гаспадарыць у такiх умовах нерэнтабельна. Таму на пэўны час ад фермерства давялося адмовiцца. Пайшоў працаваць у школу, дзе вёў гуртковую работу, пасля на працягу шасцi гадоў працаваў памочнiкам дэпутата парламента.

Нягледзячы на тое, што апошнiм часам сацыяльны статус у Васiля Уладзiмiравiча заўважна змянiўся, родны Пласток ён i не падумаў пакiдаць. Наадварот, лiчыць, што лепшага месца проста не знойдзеш. Голуб зноў узяў на апрацоўку значны кавалак зямлi — цяпер ён арандуе сем гектараў. На гэтых палетках вырошчвае бульбу, якую адразу рэалiзуе на крухмальны завод. Таксама засявае збожжавыя — авёс, пшанiцу, ячмень, трыцiкале. Збожжа закладвае на захоўванне на зiму i прадае часткамi, па меры неабходнасцi ў грашах. Сельскагаспадарчая дзейнасць прыносiць значную частку даходаў сям’i, таму падчас сезона Васiль Уладзiмiравiч ад цямна да цямна завiхаецца ў полi. "Сёлета ўраджай неблагi вырас, таму галадаць дакладна не будзем", — усмiхаецца гаспадар.

На падворку ў iдэальным стане ўся неабходная тэхнiка — збожжа- i бульбаўборачны камбайны, трактар, грузавая машына, прыстасаванне для сарцiроўкi бульбы, прычапныя i навясныя агрэгаты. Усе механiзмы Голуб перабраў уласнымi рукамi — даводзiў да ладу, удасканальваў. Цяпер гаспадар не толькi працуе на ўласных палетках, але i дапамагае родным, суседзям. Можна лiчыць, што ў Пластку працуе сапраўднае "мiнi-прадпрыемства" па аказаннi паслуг насельнiцтву. Васiль Уладзiмiравiч заўсёды ахвотна прыходзiць на дапамогу: калi я завiтаў да яго, Голуб збiраўся абмалочваць прысядзiбныя ўчасткi вяскоўцаў.

Фантан з фотаэлементам

Сядзiбу з высачэзнай мачтай заўважаеш адразу, як толькi паварочваеш у патрэбным напрамку. Сярод месцiчаў дасюль ходзяць розныя байкi пра дзiвака-суседа. Яшчэ мабыць дваццаць гадоў таму ён устанавiў браму з радыёкiраваннем: нацiскаеш на кнопку — гасцiнна адчыняецца. Вось дык "ноу-хау" было для Пластка, усе прыходзiлi паглядзець.

— Тэхнiкай захапляўся з дзяцiнства, — узгадвае Голуб. — Яшчэ ў пачатковай школе з’явiўся ў мяне свой матацыкл — "Мiнск". Пасля былi i "Ява", i "Запарожац". Заўсёды iмкнуся нешта зрабiць уласнымi рукамi — я гэтым жыву.

Самы першы камп’ютар Васiль Уладзiмiравiч таксама змайстраваў сам — паяў мiкрасхемы i сабраў-такi "цуд тэхнiкi". Вiдэамагнiтафон набыў, калi толькi ў крамы запiсвалiся на чаргу, каб атрымаць айчынную "Электронiку ВМ-12" (магчыма, памятаеце такi грувасткi апарат, у якi касета запраўлялася зверху). А высокая вышка на падворку — спадчына гадоў "асваення высокiх тэхналогiй". Гэтае прыстасаванне некалькi дзесяткаў гадоў таму Голуб зрабiў, каб карыстацца радыётэлефонам. I атрымаў магчымасць размаўляць на адлегласцi 30 кiламетраў. Гэта цяпер такiя "вопыты" здаюцца крыху дзiўнымi, а ў тыя часы такiя навiнкi былi запаветнай марай для многiх.

Гаспадар з Пластка нiколькi не адстае ад прагрэсу: пастаянна абнаўляе камп’ютар (мае нават спецыяльную электронную дыягностыку для аўтамабiляў), карыстаецца самай сучаснай тэхнiкай. На падворку мноства цiкавых прыстасаванняў: вiдэакамера над брамкай, фантан на фотаэлементах (уключаецца толькi тады, калi нехта з’яўляецца побач, а так — "засыхае", эканомiць электрычнасць). Побач сажалка, агароджа шчодра аплеценая вiнаградам, розныя дэкаратыўныя элементы — нават i не скажаш адразу, што вясковая сядзiба. Хiба толькi па цiшынi ды, напэўна, па нейкай асаблiвай сакавiтасцi паветра, высокiх пухнатых аблоках i тлустых гусях, якiя павольна шпацыруюць за плотам, аб гэтым здагадваешся.

— Каб добра жыць у вёсцы, трэба добра працаваць, — лiчыць Голуб. — Акрамя вырошчвання бульбы i збожжавых, прафесiйна займаюся яшчэ фота- i вiдэаздымкамi. Ёсць усё неабходнае лiчбавае абсталяванне. Зрабiў устаноўку для таго, каб рабiць свiдравiны. У раёне праблема: магчыма, з-за правядзення мелiярацыi знiкае з калодзежаў вада. Таму вельмi актуальная справа для людзей — калонкi. Сёлета ўжо зрабiў каля паўсотнi свiдравiн. Здабываю ваду на глыбiнi да дваццацi метраў, далей рухацца нельга — лiчыцца, што гэта прыродныя рэсурсы i на такую дзейнасць неабходна мноства розных даведак. Як бачыце, спрабую сябе ў розных галiнах i, здаецца, атрымлiваецца някепска.

Сам сабе авiяканструктар

Але ж галоўная мара Васiля Голуба — неба. Многiя з усмешкай кажуць: да гэтага, маўляў, нават прозвiшча абавязвае. А ён нiколькi не крыўдзiцца i раз за разам узлятае ў блакiтныя прасторы. Узгадвае, што ўпершыню пачуў пра лёгкую авiяцыю яшчэ ў войску, дзе па iронii лёсу служыў у танкавых войсках. Першыя чарцяжы дэльтапланаў з’явiлiся ў часопiсе "Мадэлiст-канструктар". Голуб шмат разоў перагортваў старонкi з мудрагелiстымi схемамi i нарэшце рашыўся зрабiць такую машыну. У 1980-х гадах пачаў майстраваць свой першы дэльтаплан, хоць рэальна яго нiколi не бачыў.

— Рабiў, крыху адрываўся ад зямлi, падаў i зноў падкручваў, — узгадвае Васiль Уладзiмiравiч. — Амаль адмовiўся ад гэтай справы, пасля паехаў да сябра ў Брэст i там убачыў дэльтапланы. У аэраклубе "Бусел" хлопцы ўзнiмалiся ў неба на такой тэхнiцы. Адзiн з iх навучыў мяне лятаць на дэльтаплане.

З таго часу Голуб пачаў рабiць "крылатую тэхнiку". Атрымлiвалася больш паспяхова — змайстраваў тры мотадэльтапланы. На апошнiм устаноўлены рухавiк ад аўтамабiля "Судзукi". Лепш прымяняць авiяцыйны, аднак ён каштуе дарагавата. Увогуле гэтае захапленне не з танных. Адно крыло для дэльтаплана каштуе каля трох тысяч долараў. Яго размах — адзiнаццаць метраў. Менавiта такiя крылы цяпер "апранае" Голуб, калi ўзлятае ў неба. Узнiмаецца на вышыню да кiламетра, аднойчы з 1,2 км парашутыстаў скiдваў. Увогуле мотадэльтаплан можа i да 4 кiламетраў дасягнуць. Узлётная паласа непадалёк — трэба мець добрыя навыкi, каб на такiх кароткiх адлегласцях узлятаць i садзiцца. Голуб "пад крылом" ужо пятнаццаць гадоў. I падаць прыходзiлася: адзiн такi момант (калi ўпаў у возера) нават удалося на вiдэакамеру зняць. Пасля гэты сюжэт паказвалi ў перадачы "Сам сабе рэжысёр".

Узлятае Васiль Уладзiмiравiч, калi ёсць вольны час, добрае надвор’е i... госцi. Да яго прыязджалi многiя, сярод якiх i знакамiтасцi — вядомыя спартсменкi Юлiя Несцярэнка i Аляксандра Герасiменя. Для адпачынку, лiчыць гаспадар, палёты — самая цiкавая забава. Толькi падчас жнiва няма калi дэльтаплан з ангара выцягваць. Не стае часу i ў майстэрню зазiраць, дзе Голуб пачаў збiраць самы сапраўдны двухмесны аднаматорны самалёт. Спачатку з’ездзiў у Кiеў на авiярамонтны завод: набыў запчасткi, параiўся, як лепш рабiць. Рухавiк ад аўтамабiля "Субару" (да таго як займацца аўтамабiльнымi фiрма выпускала рухавiкi для лёгкай авiяцыi) чакае свайго часу. Узiмку ў майстэрнi Голуб усур’ёз возьмецца за зборку самалёта. Мяркуе, што праз два гады гэтую работу завершыць i ўзляцiць у неба.

— Без вялiкай мэты сумна жыць на свеце, — кажа Васiль Уладзiмiравiч. — Варта да нечага iмкнуцца, тады з’яўляецца сэнс. Мне ж яшчэ 46 гадоў i многага можна дасягнуць.

Мiкалай ЛIТВIНАЎ.

Любанскi раён.

 

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Васiль Голуб — асоба вядомая не толькi на роднай Любаншчыне, але i далёка за межамi раёна. Гэта чалавек аўтарытэтны, да яго меркавання многiя прыслухо
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика