Агурок
Агурок
Простыя рэчы Трапяткі ўспамiн з дзяцiнства. Еду да дзядулi ў вёску. Першы раз еду самастойна. Пасля чатырох класаў школы — канiкулы, i ўжо як дарослы чалавек, выпраўляюся ў дарогу адзiн, у кiшэнi капейкi на аўтобус. Ды i ехаць дзесяць тых кiламетраў.Горда iду па вясковай вулiцы, вiтаюся з сустрэчнымi. Горда заходжу ў дзядулева дварышча. Ён жыве адзiн. Гаспадарка яшчэ трымаецца, ёсць гарод, ёсць нават некалькi вулляў пчол. Дзядуля сустракае прыветна, нешта збiрае на стол. А потым камандуе: — Давай на грады за гуркамi. Нарываю мiсу цёплых на сонцы, крыху калючых агуркоў. А на стале ўжо стаiць мiса мёду. I вось разрэжаш агурок уздоўж, памажаш палову мёдам — смаката. Безумоўна, i сёння вырошчваем агуркi, у дзядзькi-суседа купляем мёд, якi трымае ў вёсцы пасеку. Часам захочацца менавiта гурка з мёдам. Але не тое, не тое. I мёд нейкi не такi пахнючы, i сам агурок, ну, не такi, як у дзядулi, хаця таксама толькi што сарваны з грады. Асалоды дзяцiнства не вернеш. Дзядуля вырошчваў агуркi, зразумела, для сябе. А быў у нашай вёсцы дзядуля, якi i агуркi, i рэдкiя зусiм па тым часе памiдоры вырошчваў на продаж, вазiў у Паставы на кiрмаш. Увогуле, цiкавы быў гэты дзядуля. У свой час маладым паехаў ён на заробкi ў Амерыку, здаецца, у Бразiлiю. I грузчыкам быў, i мыйшчыкам посуду, i цукровы трыснёг высякаў... Вярнуўся Сцяпук у родную вёску ў пачатку трыццатых. Нябедным. Пабудаваў школу i здаваў яе ў арэнду польскiм уладам. Добра, што зямлi не прыкупiў, а то б раскулачылi. Праўда, савецкая ўлада за школу арэнду яму ўжо не плацiла. Хапала ў чалавека i золатца, за што потым жорстка была забiтая яго ўжо аўдавелая жонка. Але да апошнiх гадоў не мог сядзець чалавек без справы. Хоць i чарку пацягваў, ды займаўся тымi ж агуркамi i памiдорамi. Якая там капейчына выходзiла ў яго на кiрмашы, але не кiдаў. Сур’ёзна гуркамi стаў займацца ў пачатку сямiдзесятых i мой дзядзька Лёнька. Цяплiцы тады ў нашым мястэчку былi зусiм рэдкасцю. Вычытаў недзе, пабудаваў, навучыўся вырошчваць. Нават вулей пчол паставiў, каб апылялi. I раннiя гурочкi iшлi ў яго на кiрмашы нарасхват. Нагрузiць тачку, завязе, паставiць жонку прадаваць. Пакуль за чарговай партыяй з’ездзiць — гэта ўжо прададзеная. Справа ў тым, што раннiмi гуркамi мала хто займаўся. А пакупнiцкi кантынгент, якi складаўся з сем’яў шматлiкiх вайскоўцаў, быў вельмi вялiкi, нават ненаедны. Часта раннiя гуркi везлi з суседняй Лiтвы, разам з каўбасою i сырам. Ды гэта ж не тыя гуркi, на фабрыках з хiмiяй вырашчаныя, без паху, без смаку, толькi што зялёныя. I тут успомнiў адзiн расповед пра Васiля Шукшына, цудоўнага i пiсьменнiка, i акцёра, i паэта з сiбiрскiх прастораў. Там, на Алтаi, таксама ведалi сапраўдны смак агурка. I вось у час чарговых здымак сядзiць ён з сябрамi ў нейкай правiнцыйнай расiйскай сталовай, палуднуе. На талерцы ляжыць агурок, невядома якога колеру, моршчаны. Шукшын уздыхнуў: "I колькi ж яго, бедака, па бочках мардавалi". Агурок, Cucumis sativus, прыйшоў да нас з Iндыi, дзе ён расце i ў дзiкiм выглядзе. Не зусiм ён патрабуе добрых глебаў, расце дзе заўгодна ў адкрытым грунце, у парнiках, цяплiцах. Але, як казаў мне адзiн агурочнiк-знаўца, ужо нябожчык: "Агурок як крыштальны, вельмi баiцца холаду, тым больш марозу". На Беларусь агурок прыйшоў шмат стагоддзяў назад, але яго вырошчванне развiвалася не надта шпарка (дарэчы, на суседняй мне Гродзеншчыне я чуў яго мясцовую назву — хрустак. I сапраўды ж без хрумсту яго не з’ясi.). Яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя паводле нашага гiсторыка i географа Аркадзя Смолiча гароднiцтва, у тым лiку i вырошчванне гуркоў, было развiта слаба. Як прафесiяй займалiся iм у асноўным мяшчане-беларусы, яўрэi, стараверы — магiлёўскiя, гомельскiя, троцкiя. У Беларусi вельмi шмат было гатункаў, яны пастаянна мяняюцца, вядзецца селекцыйная работа. Але зазiрнуў у даведнiк i сярод iншых назваў сустрэў — доўжык. I тут у памяцi нешта ўсплыло. Так, троцкiя мясцiны багатыя здаўна на гуркi — трока. Трока i доўжык. Дзе ж я пра гэта чытаў? Так, у нечым тэндэцыйны, але вельмi таленавiты раман Уладзiмiра Багамолава "Момант iсцiны" альбо як яго яшчэ называюць "У жнiўнi сорак чацвёртага". Там контрразведчыкi знаходзяць у лесе надкушаныя гуркi, аказалiся горкiмi. Агуркi старалiся схаваць. Значыць, яны могуць мець дачыненне да нямецкiх парашутыстаў, якiя выходзiлi на радыёсувязь з гэтага лесу i якiх яны шукаюць. I вось капiтан Алёхiн купляе на кiрмашы ў Лiдзе мясцовых свежых агуркоў i накiроўваецца з iмi i знойдзенымi ў лесе да гурочнiка-знаўцы, пра якога яму сказалi. Вывальвае агуркi на стол. "Старик живо разобрал огурцы на две кучки. — Должик, траку, должик, должик, траку... — Местные сорта? — Должик — местный, а траку — Прибалтика, за Вильно... Тракайский уезд... Здесь его не выращивают... С ручательством". Як бачым, пiсьменнiк абсалютна дакладны не толькi ў назве гуркоў, але нават у iх геаграфiчным паходжаннi. Адразу ўзнiкае павага да такога падыходу. Некалi ў час сваiх досыць працяглых пражыванняў у вёсцы i нераўнадушша да таго, што называецца "служэннем Бахусу", ад гэтага пасля цяжкiх вясковых работ не абысцiся, напiсаў: А цяпер, як родны мой народ, Як дастойны прадстаўнiк ягоны, Аддаю данiну самагону I з грады зрываю бутэрброд. Якi бутэрброд можна сарваць з грады — зразумела. Той жа гурок. Там, дзе мне даводзiлася пажыць i папрацаваць, спецыяльна ўлёгшы ў сельскую гаспадарку, каб разабрацца ў самiм сабе, адысцi ад згрызот, якiя навалiлiся, хапала i мяса, i сала, i сыру, i ўсяго iншага. Але без агурка абысцiся? Канешне, ставiць сваё iмя побач з iмем народнага паэта неяк i няёмка, але ж раблю я гэта толькi ў сваё апраўданне. Так, не толькi я, але i вялiкiя былi не без гэтага граху. Ёсць у Пiмена Панчанкi верш "У гасцях". У iм ён апавядае пра тое, як пабываў у лазнi ў гасцях у знаёмым сяле. Ну, а пасля лазнi, зразумела, што: "Тут i з чаркай i без п’янкi Гаспадынiна краса — Каўбаса i вантрабянка, Паляндвiца, каўбаса, Агуркi крамяныя..." Так што i вялiкi паэт пры ўсiм багаццi колiшняга стала, за якiм ён сядзеў, не мог абысцiся без успамiну аб агурку. А крамяны для маладзейшых чытачоў — пругкi, цвёрды, сакавiты. Так гавораць i пра агурок, i пра яблык. Але так могуць сказаць i пра чалавека, калi бачаць у iм здароўе i сiлы. Некалi, вельмi даўно, прачытаў аповесць пра ваенныя часы. Назву аповесцi, прозвiшча аўтара сёння дакладна не помню, каб не памылiцца, не буду называць. Апавядаецца пра Палессе ў канцы вайны. Герой, паранены франтавiк, вярнуўшыся ў родную вёску, пачынае змагаецца з бандытамi, яго яшчэ раз цяжка паранiлi, ён апынаецца ў лесе. Патрэбны сiлы, каб дапаўзцi да пэўнай кропкi, выратаваць таварышаў. А сiлы пасля ранення не тыя. У яго ёсць торбачка з хлебам i салам. Ён дастае iх i пачынае глытаць. Але хлеб з салам цяжка коўтаецца. I тут ён успамiнае — ёсць жа гурок. Агурок — дапамагай. Але ж не толькi свежымi спажываюць людзi гуркi. I соляць iх, i марынуюць. Прычым засалiць цi замарынаваць агурок — не такая i простая справа. Тут патрэбны не толькi адпаведная, са студнi, вада, не толькi прыправы, але i, скажам так, стан здароўя жанчыны (мужчыны, як правiла, у нас агуркамi не займаюцца), яе настрой. У апошнi час iснуюць дзесяткi, калi не сотнi рэцэптаў салення i кансервавання гуркоў. Усе яны маюць, напэўна, свой сэнс, сваю адметнасць. Але мне па душы самыя простыя спосабы салення, якiмi карысталiся нашы дзяды i прадзеды. Не нейкiя там слоiкi з iх накрыўкамi, якiя ў нявопытных гаспадынь узрываюцца ўжо праз пару тыдняў. А найлепш дубовая бочачка, ды пад гнётам. Там зверху акажацца некалькi гуркоў, непрыдатных для спажывання. Затое астатнiя... У армii нам выдавалiся гуркi на працягу ўсёй зiмы. Але да iх мы адносiлiся досыць падазрона. Нейкiя сасмяглыя, зусiм не крамяныя, а салёныя — дык i ўвогуле з падазроным пахам. Гэта можна i зразумець. Засалiць на зiму гуркоў на паўтары тысячы салдат палка, ды яшчэ якасна... I вось зноў асацыяцыя. У рамане Аляксея Талстога "Пётр Першы", якi я называў i называю своеасаблiвай энцыклапедыяй рускага побыту тых часоў, ёсць адзiн эпiзод. Пётр Першы знайшоў вялiкiя злоўжываннi, якiмi займаецца яго фаварыт Аляксандр Меншыкаў. Накiраваўся да яго. А ў гэты час: "Аляксандр Данилович сидел на кровати, пил рассол после вчерашнего шумства (гуляли до седьмого часу), — в синих глазах муть, веки припухли. Чашку с огуречным рассолом держал перед ним домашний дьякон... Сокрушаясь, лез пальцами в чашку: — Ты огурчик, пожалуй, накося... — Иди к черту". Гэта справа для вядомага тагачаснага расiйскага злодзея Меншыкава закончылася толькi тым, што цар збiў яго, але дараваў. А вось што да агурковага расолу на ранiцу пасля "шумства-застолля", гэта праўда. Мужная палова славянскага чалавецтва гэта зацвердзiць. Гатуюць агуркi жанчыны, а вось у iх пасадцы, вырошчваннi прымаюць немалы ўдзел мужчыны i сёння. Нездарма ў беларускай традыцыi (у нас, на Вiцебшчыне) гаварылася, што самы прыдатны час пасадкi агуркоў "на Пахома". Гэта 28 мая. Гаварылася: садзi гуркi на Пахом — будзеш насiць мяхом. Чаго i вам жадаю. Алесь Касцень. г. Паставы.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Трапяткі ўспамiн з дзяцiнства. Еду да дзядулi ў вёску. Першы раз еду самастойна. Пасля чатырох класаў школы — канiкулы, i ўжо як дарослы чалавек, выпр
|
|