Вясельны стол: рытуальныя атрыбуты і традыцыйная ежа
Вясельны стол: рытуальныя атрыбуты і традыцыйная ежа
Народная энцыклапедыя (Працяг. Пачатак у нумарах за 28—29 жніўня.) Вясельнае застолле Традыцыйны этыкет славянскiх народаў прадпiсваў маладым устрымлiвацца ад ужывання моцных напояў i ўвогуле ад любога харчавання за вясельным сталом. Шмат стагоддзяў iснавала павер’е: калi ўстрымацца ад яды на ўласным вяселлi, то ўсё жыццё будзеш жыць у дастатку. Часам здаралася, што мацi жанiха i нявесты таксама нiчога не елi на працягу ўсяго вяселля. Дзе шукаць вытокi гэтага звычаю, у чым яго сiмвалiчная сутнасць? Адразу ж напрошваюцца больш познiя па часе параўнаннi, перш за ўсё — з постам, на працягу якога таксама неабходна было ўстрымлiвацца ад ужывання той цi iншай ежы, каб падрыхтаваць цела i душу да сустрэчы хрысцiянскага свята. Так i ў выпадку з вяселлем. Падтэкстаў тут было шмат. Па-першае, жанiх i нявеста пераходзiлi зусiм у iншае сацыяльнае становiшча — дарослых членаў грамадства з набыццём права прадаўжэння свайго роду. Па-другое, наперадзе была першая шлюбная ноч, якая стане зыходным пунктам фармiравання новага чалавека, таму i забаранялi маладым ужыванне моцных напояў. Па-трэцяе, вяселле — гэта абрадавая дзея, у якой будуць браць удзел людзi з рознай энергетыкай, таму маладых i "экранiравалi" ад розных кантактаў, у тым лiку i ад уздзеяння праз ежу. У тых жа выпадках, калi жанiху i нявесце дазвалялася хоць бы крыху пакаштаваць застольных страў, часцей за ўсё iм падавалi кашу ў глыбокай мiсе. Аднак есцi кашу маладыя маглi толькi адной лыжкай. Калi ў паўсядзённым жыццi карыстацца чужой мiсай або лыжкай катэгарычна забаранялася, то ў дадзеным выпадку сумеснае паяданне адной лыжкай сiмвалiзавала адзiнства жанiха i нявесты на доўгiя гады непадзельнага жыцця. На Палессi, калi нявеста захавала цнатлiвасць, маладым гатавалi салодкую кашу, у адваротным выпадку — у кашу сыпалi шмат солi i перцу, каб заручаныя елi i плакалi. У некаторых рэгiёнах маладым падавалi хлеб з мёдам, яечню i крыху сыру. Дазволiм сабе два спадарожныя каментарыi. 1. Яшчэ раз хочам акцэнтаваць увагу на тым, што практычна на працягу ўсяго вяселля, асаблiва ў тых абрадах, у якiх у цэнтры ўвагi аказвалiся маладыя, спрацоўваў прынцып паяднання, замыкання, звязвання, своеасаблiвага пераўвасаблення двух пачаткаў у адзiнае цэлае. Так, маладыя станавiлiся на адзiн ручнiк, ехалi ў адной фурманцы, у чырвоны кут iх вялi з перавязанымi рукамi, садзiлi за адзiн стол, на адну лаву, на адзiн кажух. У такiм выпадку зразумела, што i есцi яны павiнны былi з адной мiсы адной лыжкай. 2. Сярод беларусаў iснавала даўняя традыцыя — дапамагаць адно аднаму талакой, усiм родам, а ў асобных выпадках i ўсёй вёскай. Напрыклад, калi памiраў чалавек, то жалобны стол дапамагала ладзiць уся вёска. Кожная гаспадыня прыносiла якiя-небудзь прадукты або прыгатаваныя стравы. Той жа прынцып калектыўнай дапамогi быў характэрны i ў час падрыхтоўкi вясельнага стала. Магчыма, якраз гэта акалiчнасць i вымагала дыстанцыраваць маладых ад калектыўна прыгатаванай ежы. Правядзём яшчэ адну паралель. Немаўля на працягу пэўнага часу (хто да сарака дзён, хто нават да паўгода) iмкнулiся не паказваць чужому воку. Гэтаксама пэўнае кола людзей не дапускалi да прамога кантакту з нябожчыкам. Так i памiж маладымi i гасцямi вяселля ўзводзiлi нябачную мяжу, якая павiнна была засцерагчы жанiха i нявесту ад непажаданага ўздзеяння нядобразычлiвых гасцей, якое магло нашкодзiць iх здароўю i найперш — прадаўжэнню роду. Якраз таму нявеста была прыкрыта "экранам" вэлюма, а перад маладымi на працягу ўсяго вяселля стаялi хлеб-соль, якiмi бацькi сустракалi маладых перад парогам сваёй хаты. Жадаючы перасцерагчы маладых i ад уздзеянне праз калектыўна прыгатаваную ежу, iх абмяжоўвалi ва ўжываннi святочных страў. Менавiта таму ў некаторых мясцiнах iснавала традыцыя кармiць маладых у асобным месцы, пры гэтым зрабiць гэта магла толькi родная мацi. А з другога боку, ежа, якую маглi ўжываць маладыя, мела выключна сiмвалiчны характар. Iх кармiлi маслам (у старажытных мiфалагiчных уяўленнях яно было ўвасабленнем жаночага пачатку) i сырам (яго клiнападобная форма была прамой паралеллю з мужчынскiм пачаткам). Адразу ж хочацца ўзгадаць добрую традыцыю святкавання Масленiцы. Да аднаго з яе дзён быў прымеркаваны звычай, якi атрымаў шырока вядомую назву: "Хадзiць да цешчы на блiны". Цешча садзiла зяця на лаву i добра змазвала яго галаву растопленым каровiным маслам. "Змаслiць маслам" — азначала адно: дапамагчы яе дачцы нарадзiць сына-першынца. Пiць (г. зн. ужываць моцныя гарэлачныя напоi) маладым забаранялася катэгарычна. Вясельнае застолле заканчвалася першай шлюбнай ноччу, нашы продкi выдатна ведалi аб тым, якiм можа нарадзiцца дзiця, калi бацькi перад яго зачаццем будуць ужываць моцныя напоi. Каша Адной з найбольш распаўсюджаных абрадавых страў беларускага народа была каша — крупа, звараная ў вадзе або на малацэ. Аб тым, што гэта папулярная страва займала важнае месца ў кантэксце традыцыйных абрадавых практык, сведчыць прыказка: "Хлеб ды каша — доля наша". Рытуальную кашу варылi з зерня розных злакавых культур (пшанiцы, ячменю, проса, грэчкi), але практычна нiколi не выкарыстоўвалi зерне жыта). Выкарыстанне кашы мела акрамя чыста ўтылiтарнага (смачная паўсядзённая страва), яшчэ i сакральна-магiчнае значэнне. У народнай свядомасцi дробнае, фактычна незлiчонае зерне лiчылася адным з найбольш моцных i эфектыўных абярэгаў. Да iх шэрагу можна аднесцi мак, якi асвячалi на Макавея, а таксама розныя варыянты кашы. Магiчны прынцып, якi ляжаў у аснове ўзгаданага абярэга, абапiраўся на немагчымасць падлiчыць колькасць зярнят. У некаторых замовах прафiлактычнага характару ўзгадваецца формула-ключ: "Як нiхто не злiчыць гэтае зерне, так нiхто не нашкодзiць такому-та чалавеку". У такiм выпадку каша была на вяселлi не толькi сiмвалам дабрабыту, багацця i плоднасцi, але i магiчным засцерагальнiкам галоўных персанажаў святочнай дзеi. Разам з тым каша падчас прыгатавання мела здольнасць "расцi", павялiчвацца ў сваiх памерах. Гэта асаблiвасць таксама стала прычынай адраснага гатавання яе для маладых i найперш — для нявесты, якая ў хуткiм часе пасля вяселля таксама павiнна была "павялiчвацца" ў памерах. Тыя ж сiмвалiчныя аспекты сталi галоўным матывам выкарыстання кашы ў абрадах нараджэння i хрысцiн дзiцяцi, у калядна-навагоднiх святкаваннях (у момант пераходу чалавека з аднаго года ў iншы), у жывёлагадоўчых абрадах, звязаных з ацёлам хатняй жывёлы, а таксама ў абрадах, якiя суправаджалi будаўнiцтва новага дома. Пры ўсiм гэтым яна стала яшчэ i сакральнай стравай, якую гатавалi для абрадаў ушанавання памяцi памерлых. Аксана Катовіч, Янка Крук. (Працяг будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Традыцыйны этыкет славянскiх народаў прадпiсваў маладым устрымлiвацца ад ужывання моцных напояў i ўвогуле ад любога харчавання за вясельным сталом. Шм |
|