Бернд Штанге: "Вось ужо тры месяцы ў зборнай ніхто не спявае..."
Бернд Штанге: "Вось ужо тры месяцы ў зборнай ніхто не спявае..."
На старце адборачнага турнiру да чэмпiянату свету-2010 галоўны трэнер нацыянальнай зборнай па футболе Бернд Штанге паведамiў, што да першага матча з Украiнай на збор прыбылi 22 гульцы. Учора каманда сустрэлася са старшынёй Асацыяцыi "Беларуская федэрацыя футбола" Генадзем Нявыгласам, якi паставiў задачу заняць трэцяе месца ў групе. У нацыянальнай зборнай зараз аптымальны склад i трэнерскi штаб разам з футбалiстамi глядзяць у будучыню з аптымiзмам: "У нас традыцыя — навiчкi для прыёму ў каманду спяваюць песнi. Летась мы шмат спявалi. Але апошнiя тры месяцы нiхто не спявае. І гэта добрая прыкмета", — расказаў Бернд Штанге. Лiтаральна днямi дасягнута дамоўленасць аб трансляцыi матча нацыянальных зборных Украiны i Беларусi ў 20 гадзiн 6 верасня па тэлеканале АНТ. "Перш за ўсё хачу растлумачыць балельшчыкам, што правы на тэлетрансляцыю не належаць федэрацыi футбола. Тэлеканалы павiнны самастойна набываць iх у кампанiй-праваўладальнiкаў, калi яны любяць футбол i паважаюць сваiх гледачоў. Але ў гэтай сiтуацыi мне давялося ўмяшацца, правесцi ўчарашнi дзень у перамовах i аказаць нацiск. Пытанне вырашана з трансляцыяй са Львова, з Андорай таксама павiнна хутка вырашыцца", — пракаментаваў праблемы, якiя ўзнiклi з трансляцыямi блiжэйшых выязных матчаў старшыня федэрацыi футбола Генадзь Нявыглас. Наконт хатнiх матчаў нацыянальнай зборнай, у прыватнасцi паядынку са зборнай Англii, кiраўнiк федэрацыi паведамiў, што бiлеты на гэту сустрэчу будуць каштаваць 20—70 тысяч рублёў. Самыя дарагiя будуць прадавацца ў два цэнтральныя сектары, i яны заўсёды ахвотна раскупляюцца, паведамiў Генадзь Нявыглас. Два сектары i тры тысячы бiлетаў коштам 50 тысяч рублёў будуць выдзелены балельшчыкам зборнай Англii. У блiжэйшы час Мiнск наведае прадстаўнiчая дэлегацыя з Вялiкабрытанii з супрацоўнiкамi па забеспячэннi грамадскай бяспекi, хоць апошнiм часам агрэсiўнасць англiйскiх балельшчыкаў стала менш прыкметнай. Такiя ж жорсткiя меры бяспекi будуць прадпрыняты i на матчы ў межах Лiгi чэмпiёнаў памiж барысаўскiм БАТЭ i пiцерскiм "Зенiтам". Акрамя таго, Беларусь плануе прыняць матчы маладзёжных зборных памiж камандамi Расii i Грузii (яна мае адбыцца 5 верасня на сталiчным стадыёне "Трактар") i Грузii i Польшчы, якiя ў сувязi з нядаўнiм канфлiктам немагчымыя на тэрыторыi краiн-гаспадынь. Наконт арэны правядзення хатнiх матчаў нацыянальнай зборнай i паядынкаў БАТЭ ў групавым этапе Лiгi чэмпiёнаў — стадыёна "Дынама", Генадзь Нявыглас падкрэслiў, што патрабаваннi УЕФА больш жорсткiя да сустрэч клубнага турнiру. Але ў нас ёсць дастаткова часу, каб унесцi карэктывы, паколькi першы матч БАТЭ праводзiць на выездзе. 12 верасня ў Мiнск прыбудзе iнспекцыя ФIФА, якой будзе прадстаўлены план работ па рэканструкцыi да першага хатняга матча. У 2009 годзе матчы будуць праводзiцца на стадыёне "Дынама", а з 2010 года арэна будзе зачынена на рэканструкцыю. Галоўны трэнер нацыянальнай каманды Бернд Штанге падкрэслiў, што ён не будзе смяяцца, калi зборная зойме ў групе 3-е месца. "Як трэнер я ведаю, як цяжка гэтага дасягнуць. За 30-гадовы стаж працы я ўсвядомiў, што няма лiфта, якi вязе да поспеху. Таму застаецца карыстацца прыступкамi. I наша трэцяе месца будзе чарговай прыступкай. Хоць максiмальнай мэтай павiнна быць толькi першае месца. Але будзем рэалiстамi: Харватыя пятая ў рэйтынгу, Англiя — на 14 месцы, Украiна 28-я, а мы — 57-я. Кагосьцi з гэтых моцных зборных нам давядзецца пакiнуць за спiнай, каб аказацца трэцiмi ў групе", — сказаў нямецкi спецыялiст. Учора атрымалi свае прызы i пераможцы рэкламнай гульнi на таварыскiм матчы Беларусь — Аргенцiна. Уладальнiкам шчаслiвага бiлета на матч i аўтамабiля "Кiа Рыо" стаў старшы iнспектар па якасцi завода "Амкадор" Дзмiтрый Максiмаў, веласiпеды "Бусел" выйгралi галоўны энергетык адной з фабрык Заслаўля Валерый Кокараў i студэнт Мiнскага iнстытута кiравання Юрый Харужанка. Алена АЎЧЫННIКАВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На старце адборачнага турнiру да чэмпiянату свету-2010 галоўны трэнер нацыянальнай зборнай па футболе Бернд Штанге паведамiў, што да першага матча з У
|
|