Чатыры лапы... з манікюрам
Чатыры лапы... з манікюрам
У Мiнску адкрыўся першы ў краіне салон прыгажосцi для хатнiх жывёл У аматараў i аматарак даглядаць за сабой хапае клопатаў: манiкюр, педыкюр, стрыжкi, фарбаванне... Цяпер увесь гэты набор працэдур — i да паслуг iх хатнiх гадаванцаў. Клiентамi спецыялiзаванага салона могуць стаць не толькi сабакi i каты, але i марскiя свiнкi, трусы, мышкi, пацукi i нават шыншылы, заводзiць якiх апошнiм часам стала асаблiва модна. Прычым догляд жывёлы — гэта не проста капрыз гаспадароў i iх жаданне выклiкаць зайздрасць суседзяў, а гiгiенiчная неабходнасць для гадаванцаў — запэўнiваюць прафесiйныя грумеры (цырульнiкi для жывёл). — Падстрыгаць жывёлам поўсць i кiпцюры варта не радзей чым раз на тры месяцы, — кажа грумер Марына. — Калi доўга не стрыгчы сабаку, пагаршаецца стан скуры — яна не атрымлiвае дастатковай колькасцi кiслароду, утвараецца перхаць, прычым заразная для самiх гаспадароў: пагладзiлi сабаку, потым дакранулiся да вачэй — кан’юктывiт... У многiх сабак ёсць вошы, аб якiх гаспадары проста не ведаюць, бо поўсць настолькi збiлася ў каўтуны. Такую i расчасаць ужо немагчыма — толькi стрыгчы. Памiж стрыжкамi няблага дадаткова памыць сабаку. І ў салоне зрабiць гэта зручней, чым дома, да таго ж, не давядзецца самому мыцца ў той жа ванне, што i жывёла. Адрослыя кiпцюры ў хатнiх улюбёнцаў небяспечныя тым, што могуць урасцi ў падушачку лапы. Гэтаксама рэгулярна трэба здымаць зубны камень — жывёлы таксама пакутуюць ад паху з роту (цi iх гаспадары пакутуюць ад гэтага?). А па доўгiх вушах у сабак грумеры звычайна з лёгкасцю могуць высветлiць, чым тыя ласавалiся перад паходам у цырульню. Так што за тым, каб ежа не трапiла чатырохногаму сябру ў вушы, таксама варта сачыць гаспадарам. Гадаванец "пад ключ" Набор паслуг у салоне настолькi шырокi, што дазваляе падрыхтаваць братоў нашых меншых фактычна "пад ключ": памыць, пачысцiць вушы i анальныя залозы, зняць зубны камень, пастрыгчы, пафарбаваць, зрабiць укладку, "педыкюр". Самы незвычайны ўзор, на якi толькi здольная ваша фантазiя, можна ўвасобiць на шорстцы чатырохногага сябра — ад звычайных каляровых пасмачак да паляны з рамонкамi. Фарбуюць жывёл, зразумела, адценкавымi шампунямi, так што каларыраванне з часам змываецца. Затое яно абсалютна бясшкоднае для поўсцi i скуры. Больш за тое, у салоне можна апрануць i нават атрымаць персанальны партрэт свайго кудлатага! Сярод супрацоўнiкаў незвычайнай цырульнi ёсць прафесiйны дызайнер Лілія, якая i прадастаўляе такiя паслугi iндывiдуальна для кожнага чатырохногага клiента. Бо кажуць, нават прадстаўнiкi адной пароды часам iстотна адрознiваюцца камплекцыяй. Таму, каб гарнiтурчык сядзеў, варта заказаць iндывiдуальны пашыў. Эксклюзiўная паслуга для грацыёзных кошачак — мяккiя кiпцюрыкi, каб калготкi любiмай гаспадынi заставалiся ў цэласцi i захаванасцi. Сакрэт просты: катам робяць манiкюр (цi педыкюр?) з накладнымi пазногцямi самых смелых колераў. Марафет гэткi, вядома ж, недаўгавечны — хапае на тыдзень, не больш. I нястрашна, калi вусатая прыгажуня з’есць свае накладныя кiпцюры — вытворцы дальнабачна зрабiлi iх ядомымi, так што манiкюр бяспечны i для гаспадароў, i для самiх кошачак. Пачнi з пудзеля Салон-цырульня для хатнiх гадаванцаў, якi нядаўна адкрыўся ў сталiцы, — сямейны бiзнэс Ларысы Фраловай i Iрыны Капытовай — мацi i дачкi. Вялiкiя аматаркi жывёл, яны здолелi злучыць прыемнае з карысным — адкрылi грумiнг-салон. Для навучання беларускiх майстроў запрасiлi вопытнага кансультанта з Пецярбурга — Святлану Нiкiцiну, лаўрэата шматлiкiх мiжнародных конкурсаў грумераў i лiцэнзаванага выкладчыка. Сама яна займаецца развядзеннем пудзеляў i навучэнцам звычайна кажа: "Навучышся стрыгчы пудзеляў — справiшся з любым сабакам". Проста поўсць пудзеля дазваляе ствараць сапраўдныя цырульнiцкiя шэдэўры — фiгурныя шарыкi, якiя выстрыгаюцца не пад машынку, а практычна цалкам уручную... Нездарма многiм грумерам iх работа нагадвае майстэрства садоўнiка — як той надае форму кустам, так i яны мадэлююць поўсць жывёлы. Па вынiках экспрэс-курсу ў Мiнску шасцёра наваспечаныя беларускiя грумеры (сярод iх i Iрына Капытова) атрымалi дыпломы. Да адкрыцця салона яны прайшлi багатую практыку: стрыглi бяздомных сабак i катоў з прытулку на Гурскага, ды i хатнiх гадаванцаў — бясплатна, пакуль набiралiся вопыту. Усе навучаныя ў Мiнску грумеры — або ветэрынары, або звычайныя цырульнiкi. А ў заходнiх краiнах, дзе грумiнгу ўжо не першы год, i нават у суседняй Расii гэта не проста пераквалiфiкацыя, а асобная прафесiя, якую некаторыя выбiраюць для сябе асноўнай у жыццi. "Клiент" можа кусацца У спецыялiстаў грумiнг-салонаў ёсць мноства спецыяльных прыстасаванняў. Ад фенаў з доўгiм соплам (моцных i магутных, каб мадэляваць нават доўгую i густую поўсць) да трымiнговачных нажоў (для шнаўцэраў i тэр’ераў, якiм поўсць не стрыгуць, а вышчыпваюць). Прычым салонная "амунiцыя" для Мурак куды больш сур’ёзная, чым для Рэксаў. Першых стрыгуць у карсецiку (накшталт медыцынскага каўнера) i скотчам абмотваюць лапкi — галоўную "зброю" кашачай самаабароны. Чаго дзiвiцца, ад гэтых хiтруноў з большай верагоднасцю можна чакаць неспадзеўкi, чым ад "сяброў чалавека". Назiраць за тым, як стрыгуць чатырохногiх, вельмi цiкава. "Клiента" садзяць на спецыяльны столiк для грумiнгу (на фота) з ашыйнiчкам, каб ён заставаўся на адным месцы i пры гэтым не адчуваў болю цi дыскафморту. Грумер Марына перш-наперш знаёмiцца з клiентам, прапануе вадзiчкi, гутарыць з iм, як з дзiцем — мяккiм, лагодным голасам з замiлавальнымi iнтанацыямi. Доўга i з асаблiвай пяшчотай вычэсвае поўсць — звычайна сабаку не пазнаць нават пасля гэтага этапа. Спачатку стрыжэ кагаткi, а потым прыступае i да поўсцi. Пастрыжанага клiента мыюць i робяць яму ўкладку фенам. На ўсе гэтыя манiпуляцыi патрэбна гадзiны дзве-тры, у залежнасцi ад памераў сабакi i ад таго, наколькi даўно ён наведваў цырульнiка. У каралеўскага пудзеля, напрыклад, адна толькi ўкладка фенам зойме не менш за дзве гадзiны: проста ўявiце сабе, выпрамiць пасма за пасмай яго густую кучаравую поўсць... Грумеры, як вы, вiдаць, заўважылi, яшчэ i неблагiя псiхолагi. Яны заўжды iмкнуцца ўсталяваць кантакт з "клiентам", звяртаюцца да яго па iменi, дэманструюць сваю прыязнасць i рухамi, i словамi. — Для таго, каб працаваць грумерам, трэба ў першую чаргу любiць жывёл, — упэўнена Марына, якая дагэтуль была звычайным — "чалавечым" — цырульнiкам. — Iнакш цяжка прыйдзецца: спецыфiчныя пахi, клiент можа кусацца... Прадстаўнiкi розных парод паводзяць сябе па-рознаму. I да кожнага варта знайсцi падыход: з адным — больш строга, з другiм — памякчэй. Ёркшырскiя тэр’еры, напрыклад, звычайна вельмi капрызныя, праяўляюць характар. А вось у кiтайскую хахлатую я лiтаральна закахалася! Яна не зрабiла нi гуку за той час, што я над ёй чаравала — яе, дарэчы, не стрыгуць, а голяць дэпiлятарам. Такая палахлiвая, дрыжала як лiсток. Марына дадала, што варта часцей прыводзiць жывёлу да грумера i пажадана з ранняга ўзросту, каб яна прывыкла да майстра i не палохалася гiгіенiчных працэдур. Маўляў, заўжды лёгка працаваць з жывёламi, якiя ўдзельнiчаюць у выставах — яны звыклыя да ўсялякiх манiпуляцый з сабой. Ёсць у грумераў i прынцыповае патрабаванне, дзiўнае на першы погляд. Яны адразу папярэджваюць, што працуюць з жывёламi не ў прысутнасцi гаспадароў. Кажуць, з iмi чатырохногiя капрызнiчаюць, менш ахвотна паддаюцца ўздзеянню майстра. — Мы аднойчы праэксперыментавалi з капрызным сабакам, — прыгадвае Iрына, — як толькi адвялi яго гаспадыню ў суседнi пакой, ён адразу супакоiўся i перастаў скулiць! Пра тое, што стане з жывёлай, калi яе доўга не стрыгчы, мы, здаецца, наслухалiся жахаў... Значыць, пытанне толькi ў тым, стрыгчы дома самому цi ў салоне прафесiяналу? "Цырульня" дома бясплатная, i гэта яе галоўны плюс. У салоне ж догляд свайго ўлюбёнца каштуе грошай... За стрыжку давядзецца заплпціць 40—70 тыс. рублёў (у залежнасці ад памеру і запушчанасці жывёлы). З другога боку, пры гэтым i ванна не пэцкаецца, i часу губляецца куды менш, i сiлаў, пагадзiцеся, таксама. Так што вадзiць хатняга гадаванца ў цырульню цi не вадзiць, вырашаць самому гаспадару — у залежнасцi ад яго прыярытэтаў. Ала МАЧАЛАВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У аматараў i аматарак даглядаць за сабой хапае клопатаў: манiкюр, педыкюр, стрыжкi, фарбаванне... Цяпер увесь гэты набор працэдур — i да паслуг iх ха
|
|