Чаму ў школах не хапае падручнiкаў?
Чаму ў школах не хапае падручнiкаў?
Усе газеты напярэдаднi навучальнага года аднагалосна "рапартавалi": праблем з падручнiкамi ў школах быць не павiнна. Але ж яны ёсць. Вучнi 7-х i 8-х класаў не забяспечаны падручнiкамi па хiмii. У старшых класах не хапае падручнiкаў па матэматыцы. З такой праблемай на "гарачы" тэлефон "Звязды" звярнулiся спачатку бацькi вучняў адной са сталiчных школ, а затым i педагогi. Бацькi пыталiся, цi можна набыць школьныя падручнiкi ў кнiжнай краме. А настаўнiкаў цiкавiла каляндарна-тэматычнае планаванне ўрокаў. Каб высветлiць сiтуацыю, мы звярнулiся ў галоўнае адукацыйнае ведамства нашай краiны. — Змест раней выпушчаных падручнiкаў быў разлiчаны на 12-гадовы тэрмiн навучання, i ў сувязi з пераходам на 11-годку спатрэбiцца час, каб цалкам забяспечыць школу новымi падручнiкамi i дапаможнiкамi, — патлумачыў начальнiк упраўлення агульнай сярэдняй адукацыi Мiнiстэрства адукацыi Юрый Гладкоў. — У прыватнасцi, дэфiцыт падручнiкаў па хiмii ў 7-х i 8-х класах утварыўся па той прычыне, што вучнi сёмых i восьмых класаў будуць вывучаць хiмiю ў гэтым навучальным годзе па адной i той жа праграме i па адным i тым жа падручнiку. Чаму? А па той прычыне, што раней вывучэнне хiмii пачыналася з 8-га класа, а з гэтага года хiмiю вывучаюць ужо сямiкласнiкi. Ёсць праблемы з забеспячэннем падручнiкамi па асобных дысцыплiнах таксама i ў "штрых"-класах. Напрыклад, для вывучэння матэматыкi, рускай мовы, гiсторыi вучням 9-х i 11-х класаў выдалi па некалькi падручнiкаў, выдадзеных у розныя гады. Але яны не будуць выкарыстоўвацца на адным уроку адначасова. У некаторых школах вучням даводзiцца дзялiць адзiн падручнiк на дваiх. На працягу верасня сiтуацыя з забеспячэннем школьнiкаў падручнiкамi павiнна выправiцца. Зараз падручнiкi друкуюцца дадаткова. Падручнiк па хiмii для 7-х i 8-х класаў, у прыватнасцi, ужо выйшаў з друкарнi. Наколькi ён тэрмiнова будзе дастаўлены ў школы, залежыць ад органаў упраўлення адукацыяй на месцах. А вось шукаць сёння школьныя падручнiкi ў кнiжных магазiнах бэссэнсоўна. Самы вялiкi выбар вучэбнай i метадычнай лiтаратуры для школьнiкаў i педагогаў традыцыйна прадстаўлены ў магазiне "Адукацыя" Выдавецкага цэнтра Нацыянальнага iнстытута адукацыi (г. Мiнск, вул. Б. Хмяльнiцкага, 3). Мы наведалi магазiн, дзе нам паведамiлi, што падручнiкi па хiмii для вучняў 7-х i 8-х класаў у свабодны продаж не паступалi. А вось вучэбныя праграмы i каляндарна-тэматычнае планаванне для розных класаў у магазiне ёсць. Аднак перш чым наведаць магазiн, лепш папярэдне пацiкавiццца па тэлефоне (017) 293 87 87 пра наяўнасць вучэбна-метадычнай лiтаратуры, якая вас цiкавiць. Электронныя варыянты вучэбных праграм i каляндарна-тэматычнае планаванне можна знайсцi на сайце Нацыянальнага iнстытута адукацыi па адрасе www.аdu.bу. Іх можна скачаць i раздрукаваць для ўласнага карыстання самастойна. Надзея НIКАЛАЕВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Усе газеты напярэдаднi навучальнага года аднагалосна "рапартавалi": праблем з падручнiкамi ў школах быць не павiнна. Але ж яны ёсць. Вучнi 7
|
|