21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Беларуская зямля малая сваiмi памерамi, але вялiкая сваiмi людзьмi

26.08.2009 10:29 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Беларуская зямля малая сваiмi памерамi, але вялiкая сваiмi людзьмi

Калi не здраджвае памяць, упершыню надарылася ўбачыць протаiерэя Мiхаiла (Мiхаiла Мiкалаевiча Чурылу) у 1992 годзе, на адкрыццi адноўленай Свята-Успенскай царквы ў вёсцы Вязынь Вiлейскага раёна. Сцiплы прасветлены твар, зморшчынкi каля рота i на лбе, нямоцны голас, якi, аднак, даходзiць да самых глыбiнных душэўных струн, кранае iх своеасаблiвым тэмбрам i ўпэўненай iнтанацыяй. Тады, прызнацца, i не вельмi прыглядаўся да святара, бо асаблiва кранала атмасфера свята-святла, напоўненая радасцю вяртання прыхаджанам занядбанай царквы. Цяпер жа, пасля наведвання не адной службы-малення, азiрнуўшыся на гэтыя шаснаццаць гадоў, можна з перакананнем канстатаваць, што ўсё ў гэтым свеце робiцца невыпадкова, што павiнна была адбыцца гэта сустрэча з Богам, гэта сустрэча з храмам, гэта сустрэча са святаром.

Вёска Вязынь — у свой час тыповае заходнебеларускае мястэчка, у якiм мiрна суiснавалi тры храмы: царква, касцёл i сiнагога. Пасля шматлiкiх трагiчных падзей ХХ стагоддзя ад сiнагогi не засталося i следу (разабралi на пабудову iншых будынкаў пасля Вялiкай Айчыннай вайны), а царква i касцёл у савецкiя часы былi зачыненыя.

...З айцом Мiхаiлам цiха размаўляем у царкве пасля чарговай службы. Зусiм нядаўна, на чацвёрты дзень услаўлення Апосталаў Пятра i Паўла, прайшло храмавае свята, на якое сабралiся шматлiкiя прыхаджане i госцi-святары. Пра што б нi размаўлялi з бацюшкам, ён раз-пораз вяртаецца да свайго "дзiцяцi" — царквы. Вось падышлi да аднаго з самых запамiнальных абразоў — "Бiчаванне Хрыста".

— Гэты абраз з царквы ў Пахомаве (вёска знаходзiлася за некалькi кiламетраў ад Вязынi) i захавалася пасля высялення ў перыяд стварэння Вiлейска-Мiнскай воднай сiстэмы, — распачынае гутарку айцец Мiхаiл. — Адчуваецца яго намоленасць, ён нiбы струменiць на прыхаджан тую энергiю, моц духу Хрыстовага i пераканання Збаўцы ў сваёй рацыi, якiя б здзекi нi тварылi нядобразычлiўцы.

— Вiдаць, што абраз вельмi старадаўнi. І што дзiўна, гэта менавiта беларуская iканапiсная школа перыяду ўнiяцтва. Дастаткова зiрнуць на твар Хрыста, каб убачыць у яго аблiччы рысы звычайнага беларуса.

— Так, — пацвярджае мае здагадкi святар. — Вiдавочна, што абразу не менш за 200 гадоў. Пра ўнiяцкi статус сведчаць i знакi-сiмвалы, змешчаныя на палатне i нават падпiсаныя. Гэта адзнакi i словы ўдзячнасцi ўратаваных ад хваробы дзякуючы звароту да абраза.

I ўвогуле, стварэнне царквы ў Вязынi ахутана дзiўным арэолом недасказанасцi. Паводле легенды, царква створана на зямлi, выкупленай iгуменняй манастыра з вёскi Рыбчына (таксама выселенай у 70-я гады i затопленай Вiлейскiм вадасховiшчам), не пазней за канец XVII — пачатак XVIII стагоддзя. Месца было абрана там, дзе крынiцы бiлi непасрэдна з берага ракi Iля. Над iмi i была пабудавана царква. Дарэчы, абуладкаванне крынiцы, вада якой i сёння бруiцца з-пад падмурка, ёсць адным з цяперашнiх клопатаў айца Мiхаiла.

— Царква была асвечана ў гонар Георгiя Перамаганосца, — працягвае бацюшка. — Вось гэты абраз з яго выявай — сведка старажытнасцi храма.

Сапраўды, незвычайны, нават з рысамi прымiтывiзму, унiяцкi абраз Святога Георгiя беларускай iканапiснай школы. I самае ўнiкальнае: маецца подпiс, што гэты дар прыхаджан "Калодчынскiх" (вёска Калодчына знаходзiцца непадалёк ад Вязынi) зроблены ў 1717 г.

— А як жа царква стала Свята-Успенскай? — здзiўляюся.

— Да канца ХIХ стагоддзя будынак царквы заняпаў, патрабаваўся тэрмiновы рамонт. На старым падмурку з выкарыстаннем уцалелага бярвення пабудавалi новы храм i асвяцiлi як Успенскi 15 лiпеня 1900 г.

— Айцец Мiхаiл, а як вы ставiцеся да абнаўлення абразоў?

— Няма сумнення, што гэта промысел Боскi, бо дастаткова абгрунтаванага навуковага тлумачэння гэтай з’яве не дадзена. У нашым храме таксама з’явiўся такi абраз.

Бацюшка распавядае, як некалькi гадоў таму ў хаце адной з прыхаджанак пачулi хлапок. Потым выявiлася, што ў гэты час на покуцi звалiўся абразок (нават цвiк выбiла са сцяны) i абнавiўся. Хату пачалi наведваць людзi, дзiвiцца абразку, а праз некаторы час яго размясцiлi ў храме для пакланення.

Падыходзiм да невялiкага абноўленага абраза "Iсус Хрыстос на крыжы". Старыя падцёкi захавалiся па перыметры аблямоўкi, а сам малюнак зiхацiць новымi фарбамi, лье святло на таго, хто звярнуўся да Бога i пакланiўся Яму. Як i раней, адкрыццё здзiўляе, бо абразок выраблены ў Чанстахове — славутым у свой час цэнтры iконапiсання, i падпiсаны адпаведна: "P. Esus na krzyzu". Значыць, таксама мае каля 200 гадоў гiсторыi (нагадаем, што ўнiяцтва афiцыйна было лiквiдавана ў 1840 г.).

У гэты час у царкву наведваецца матушка Раiса, i гутарка паступова пераходзiць крыху ў iншае рэчышча.

— Айцец Мiхаiл, кожны чалавек да Бога, да Храма пракладвае свой шлях. Цi быў ён адметным для Вас?

— Я сказаў бы, што гэты шлях пачаўся з самага нараджэння. Мая мацi расказвала, што мне, чатырнаццацiдзённаму немаўляцi (дарэчы, гэта быў 1941 год, а я — восьмае дзiця ў сям’i), пагражала немiнучая смерць ад хваробы, i толькi малiтва дапамагла ўратаваць жыццё. Як i ўсе пасляваенныя дзецi, вучыўся ў школе, потым — у ФЗН (фабрычна-завочнае навучанне, правобраз сённяшняга ПТВ), служыў у войску, а пасля службы скончыў курсы пры МТС на механiзатара. Ажанiўся з матушкай Раiсай, з’явiлiся дзецi. Аднак царкву не пакiдаў, сем гадоў наведваў храм i дапамагаў святару. Потым сам быў пасвечаны ў духоўны сан: у 1983 г. — дыяканам, у 1987 г. — свяшчэннiкам. Мая малая радзiма — вёска Туры Столiнскага раёна. Так што я — палескi чалавек, гарынскi. Ды i служыў у Давыд-Гарадку.

— А як успрынялi навакольныя ваш учынак? Гэта ж было за савецкiм часам?

— Разумееце, у нас ужо было трое дзяцей, i нават яны палiчылi гэты выбар як станоўчы, — дапаўняе матушка Раiса. — На дзецях у школе гэта нiяк не выявiлася. Ды i аднавяскоўцы ўспрынялi нармальна, падтрымлiвалi чым маглi.

— Не цягне на Столiншчыну?

— Калi i ездзiм, дык толькi на некалькi дзён, — удакладняе айцец Мiхаiл. — Наведаем вясковыя могiлкi, сустрэнемся са сваякамi, пабудзем на службе ў Давыд-Гарадку, пагутарым з настаяцелем мясцовага храма. А потым — назад, у Вязынь, бо тут мае прыхаджане, тут мая царква, тут маё служэнне. А вязынскiя краявiды з воднай роўняддзю Вiлейскага вадасховiшча так нагадваюць гарынскую паводку!— А як жа трапiлi ў Вязынскi прыход?

— Як сёння памятаю дзень — 18 снежня 1991 года. Я быў на прыёме ва Уладыкi Фiларэта, збiраўся прасiцца на службу ў Калiнiнградскую вобласць, бо там жылi знаёмыя. А ў сакратарыят быў прыехаў у чарговы раз (цi не шосты) прасiць у мiтрапалiта святара для адноўленага храма Мiкалай Сяляўка з Вязынi чалавек у ватоўцы, кiрзавых ботах. І, разумееце, кiнуўся ў ногi: "Бацюшка, не пакiнь храм без свяшчэннiка!" Як можна было не адгукнуцца на такое iмкненне да Бога?!

Айцец Мiхаiл падыходзiць да алтара i паказвае адмысловыя меткi, якiя сведчаць пра ранейшыя падзеi. Калi большасць зачыненых храмаў ператваралася ў склады, дык вязынскi быў перабудаваны ў клуб. У алтары знаходзiлася сцэна, на якой атабарвалiся прэзiдыумы партыйных сходаў, спявалiся песнi, рэгiстравалiся шлюбы.

Са слоў адной з актыўных прыхаджанак, Зiнаiды Мандрык, храм быў зачынены ў 1963 годзе i 28 гадоў знаходзiўся ў багахульстве. I тых, хто спрычынiўся да зачынення царквы, спасцiгла Боская кара: хто дачасна памёр ад хваробы, хто загiнуў у лесе. А ў часы перабудовы першым сакратаром Вiлейскага райкама партыi быў Iван Каратчэня. Калi ён падчас перадвыбарнай кампанii ў Вярхоўны Савет БССР прыехаў на сустрэчу ў Вязынь, яму так i сказалi: "Прагаласуем супраць, калi не вернеце храм". На шчасце, уся храмавая маёмасць захоўвалася ў царкве недалёкай вёскi Латыгаль. Так у 1991 годзе i пачалi аднаўляць храм.

Айцец Мiхаiл прыгадвае першага царкоўнага старасту Аляксандра Нарэйку, якi шмат чаго зрабiў для аднаўлення храма. Ды i мясцовая ўлада дапамагала. Напрыклад, мясцовы калгас (сёння гэта сельскагаспадарчы фiлiял "Вязынскi" прадпрыемства "Мiнскаблдарбуд"), лясгас — будаўнiчымi матэрыяламi. Добрыя стасункi з сельскiм выканкамам i яго старшынёй Iгарам Суднiковiчам. Думаецца, што ў гэтым няма нiчога незвычайнага, бо Вязынь развiваецца як аграгарадок, а наяўнасць трывалага духоўнага цэнтра (царквы або касцёла) павiнна стаць, на мой погляд, неаб’емнай атрыбутам падобных населеных пунктаў.

— Айцец Мiхаiл, што вы можаце сказаць пра разуменне "Боскай кары" ў адносiнах да тых, хто зачыняў царкву?

— Сустрэча з Богам чакае кожнага. Толькi Ён вызначае, калi i якiм чынам забраць чалавека i яго душу да сябе. А абыходкавае разуменне Боскай кары iснуе ў такiм выглядзе, як адзначана прыхаджанамi.

— А як жа быць з тымi, хто выкраў некалькi абразоў з царквы?

— Гэта было ў 2005 годзе, на перадвелiкодным тыднi. Вельмi шкада самага знакамiтага намоленага абраза з алтара — аднаго з чатырох спiсаў знакамiтай Баркулабаўскай Божай Мацi, якi дараваў манастыру пад Быхавам князь Дзмiтрый Пажарскi. Датуецца дзесьцi 1659 годам. Некаторыя абразы зладзеi знялi, але па нейкiх прычынах не забралi, iншыя выразалi з абкладаў. На жаль, выкрадзенае да сёння не знойдзена. Як ставiцца да такiх людзей? Дый цi можна назваць людзьмi тых, у каго няма душы? Прыйдзе час, i яны паўстануць калi не перад свецкiм судом, дык перад Боскiм — абавязкова!

— Цi ёсць нейкiя асаблiвасцi служэння менавiта сельскага святара?

— Любы свяшчэннiк прытрымлiваецца ўсталяваных канонаў праваслаўнай царквы. У той жа час горад — гэта своеасаблiвы мурашнiк, дзе часам немагчыма разгледзець жывых чалавечых рысаў асобнага iндывiдуума. У вёсцы ж усе як на далонi i ў храме, i ў жыццi. Асвячэнне хат, служэнне ля ўстаноўленых у вёсках крыжоў, адпяванне памерлых, хрышчэнне i вянчанне — усё гэта зблiжае святара з прыхаджанамi, дазваляе лепш разабрацца ў псiхалогii мясцовых жыхароў. Дый яны самi штодзённа бачаць свайго настаяцеля.

— Сацыялагiчныя апытаннi паказваюць, што значная частка насельнiцтва па веры залiчвае сябе да праваслаўных. Аднак большасць з iх — неўцаркоўленыя людзi.

— Так. Сiтуацыя асаблiва высвечваецца падчас вялiкiх гадавых святаў — Нараджэння Хрыстовага, Вялiкадня, Вадохрышча, калi колькасць людзей у царкве i каля яе павялiчваецца ў некалькi разоў. Мы ўжо казалi пра шлях да Бога. Ён даў кожнаму свабодную волю. Колькi часу пройдзе да таго, калi чалавек звернецца да Храма, будзе прычашчацца святых тайнаў, спавядацца, залежыць ад яго самога. Свяшчэннiк можа падштурхнуць, падказаць — выбар жа за кожным асабiста.

— Чаму, на ваш погляд, людзi прыходзяць у храм часцей у смутку ("во скорбех"), а не ў радасцi?

— Гэта можна ўбачыць i па прыхаджанах нашай царквы. Трэба ўсё ж уваходзiць у становiшча чалавека працоўнага. Вось, напрыклад, кажуць, што ў храме адны пенсiянеры. Гэта крыху не так, бо як можа чалавек, знаходзячыся на працы, наведаць царкву, напрыклад, на Дабравешчанне? Iншая размова пра нядзелю, калi трэба аддаваць час малiтве непасрэдна ў царкве. Варта, аднак, прызнаць, што моладзь не вельмi горнецца да Бога. Я, у прыватнасцi, лiчу, што не было б у краiне такой колькасцi суiцыдаў, калi б гэтыя людзi былi ўцаркоўленымi i разумелi грахоўнасць свайго ўчынку. Таму трэба больш прапагандаваць як звычайную, натуральную, даведзеную да прывычкi царкоўную частку чалавечага iснавання. А заклiк "Дзякуй, Божа!" у царкве ўсё ж такi павiнен гучаць часцей.

— Наш народ лiчыцца талерантным. Як ужываюцца ў адной вёсцы царква i касцёл?

— Касцёл у Вязынi мае меншую гiсторыю, чым царква (каля ста гадоў). На адкрыццi адноўленай Свята-Успенскай царквы прысутнiчаў i мясцовы ксёндз. 19 студзеня, на Вадохрышча, вясковыя католiкi заўсёды прыходзяць па ваду. У Вязынi, як i паўсюль на нашай зямлi, iснуюць змешаныя шлюбы католiкаў i праваслаўных. I вось аднойчы пасля Нараджэння Хрыстовага я з прыхаджанамi наведаў з праваслаўнымi калядкамi такую сям’ю. А там ужо быў ксёндз. Вось так i сустрэлiся дзве галiны хрысцiянства ў нашым прыходзе. З праслаўленнем у спевах Нараджэння Збавiцеля, за сумеснай трапезай за адным сталом (сям’я не можа не аддзякаваць калядоўшчыкам).

— У размове з прыхаджанамi многiя называюць Вас проста "добры"? Як Вы ацэньваеце гэта?

— Добры дык добры. Думаю, што гэта паказчык не толькi адданага служэння, але i адносiнаў да людзей. Некаторыя састарэлыя людзi, напрыклад, перад прычашчэннем цi споведдзю, не ў стане наведваць вячэрнiя службы, бо жывуць за пяць кiламетраў, а дзецi цi ўнукi ў выхадныя прывозяць iх у храм. Дык што, свяшчэннiку адмовiць iм у далучэннi да Бога, адштурхнуць ад Яго? Не, на такое я пайсцi не магу... Ёсць Усявышнi, якi рассудзiць учынкi кожнага. А ўвогуле, трэба быць блiжэй да людзей. Я прытрымлiваюся слоў са Святога Пiсання: "дзе двое цi трое сабраны ў iмя Маё, там Я пасярод iх" (Мац. 18:20).

Гутарка зноў пераходзiць да жыцця прыхода. Айцец Мiхаiл адзначае, што малiўся за адмену зямельнага падатку на сельскiя цэрквы. Як можна браць грошы за дагледжаную зямлю, калi побач шмат зарослых бур’яном няўдобiц, за якiя не толькi не плацiцца падатак, а лепш было б даваць штрафы. I быў усцешаны, калi такi падатак скасавалi. Як прадказанне таго, што Бог чуе яго малiтвы, прыгадвае выпадак з жанчынай, якая не магла лячыць дзiця, бо водпуск на яго догляд быў усяго два месяцы пасля родаў. I ў хуткiм часе тэрмiн такога адпачынку павялiчылi. А прыхаджане мiж сабой часта кажуць, што дзякуючы шчырай малiтве iх бацюшкi хворыя людзi ачуньвалi i працягвалi звычайнае жыццё. Я не наважыўся задаць пытанне наконт гэтага, няхай яно застанецца неразгаданай таямнiцай святара.

Паступова, у час гутарак з прыхаджанамi i свяшчэннiкамi, з самiм айцом Мiхаiлам вымалеваўся вобраз простага, але дбайнага i руплiвага сельскага служыцеля, якi жыве аднымi клопатамi са сваёй паствай. Захацелася даведацца i пра iншае.

— Скажыце, цi ёсць у сельскага святара гаспадарка?

— Так, пакуль жылi з намi дзецi, была карова. Як у кожнага вяскоўца, ёсць зямля, якую трэба абрабляць.

— На набажэнстве я бачыў маленькую вашу ўнучку, зусiм немаўлятка. Цi шчаслiвыя вы ў дзецях, унуках?

— Дзякуй Богу, — разам адказваюць айцец Мiхаiл i матушка Раiса. — Малодшы сын наш, Аляксандр, таксама стаў святаром, служыць у храме ў Вiшневе Валожынскага раёна. Дачка спявае ў хоры царквы Аляксандра Неўскага, што на Вайсковых могiлках у Мiнску. Старэйшы сын паспяхова працуе. Галоўнае, што ўнукi не цураюцца храма, усё лета iх можна ўбачыць на службах.

— Цi бывае ў свяшчэннiка вольная хвiлiнка? Цi можна выкарыстаць у адносiнах да яго такое слова, як хобi?

— Малiтва для мяне — не толькi ў храме, але i дома. Калi ж выдасца вольны час, люблю схадзiць з кошыкам у грыбы. Прыгадваецца, як, першы раз прыехаўшы ў Вязынь (а прыхаджане яшчэ не былi абвешчаны пра гэта), селi на веласiпеды ды паехалi ў лес.

— Як вы ставiцеся да слова "поп"? Чаму ўзнiкла такое пытанне... Школьная праграма па лiтаратуры да сёння ўтрымлiвае нямала твораў, дзе поп паказаны ў непрывабным выглядзе. Гэта традыцыя iдзе ад фальклору, ад класiчнай лiтаратуры. Напрыклад, ад Пушкiна ("жил был поп — толоконный лоб"), ад Коласа (якiя жахлiвыя папы выведзены ў трылогii "На ростанях"!).

— Для мяне поп расшыфроўваецца з абрэвiятуры "пастыр авечак праваслаўных" i нiчога больш не азначае. Магчыма, за вочы некаторыя ў вёсцы i называюць мяне папом. Аднак пры асабiстых сустрэчах я "бацюшка", а жонка Раiса — "матушка", а не пападдзя. Мяркую, што школьныя настаўнiкi павiнны былi б па-новаму тлумачыць дзецям прычыны такiх адносiнаў да святароў з улiкам ваяўнiчага атэiзму савецкага часу.

Вяртаючыся да храмавага свята, можна прывесцi некаторыя вытрымкi з казанi айца Мiхаiла перад прыхаджанамi: "Дзякуй хору за галаскi. Дзякуй прыхаджанам за наведванне храма. Служыць хочацца, малiцца хочацца. Няхай пашле Гасподзь усiм чадам сонейка. Добры прадбачыцца ўраджай на полi. У лесе грыбоў i ягад шмат. Дай Бог усё сабраць на карысць кожнага".

Такая простая, задушэўная гутарка ў храме вельмi патрэбная людзям. Бачыў, як прасвятлелi пасля службы твары людзей. Можна нават сказаць, што гэта былi воблiкi, далучаныя ў чарговы раз да незвычайнага хараства царкоўнай службы, да Бога. Гэтыя людзi не ўкрадуць, не зробяць непапраўнага ўчынку. Яны будуць чакаць чарговай сустрэчы з храмам, са сваiм айцом Мiхаiлам.

На заканчэнне гутаркi бацюшка падарыў ад храма абразок Апостала Пятра: "Каб заўсёды быў разам, ратаваў ад няшчасцяў". Няхай жа Бог ахоўвае i айца Мiхаiла, дае яму моцы служыць Госпаду i людзям, засцерагае ад непрадбачаных гаротных падзей.

На такiх вось простых, але моцных людзях i трымаецца наша беларуская зямля. Магчыма, для кагосьцi яна i малая сваiмi памерамi, але вялiкая сваiмi людзьмi. Будзьма ж берагчы iх!     Пятро ЖАЎНЯРОВIЧ.

Фота аўтара.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калi не здраджвае памяць, упершыню надарылася ўбачыць протаiерэя Мiхаiла (Мiхаiла Мiкалаевiча Чурылу) у 1992 годзе, на адкрыццi адноўленай Свята-Успен
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика