Супраць тэрарызму — усімi "сiлавымi"
Супраць тэрарызму — усімi "сiлавымi"
Карэспандэнт "Звязды" атрымала магчымасць убачыць, якiмi павiнны быць дзеяннi ўсiх сiлавых структур падчас вынiшчэння тэрарыстаў "Тэрарысты" мелі намер нелегальна перасекчы Дзяржаўную мяжу Рэспублiкi Беларусь, а таксама захапіць закладнiкаў на самалёце. На шчасце, абодва сцэнарыi не мелi месца ў рэальным жыццi. Пастаноўкi былi распрацаваны i фактычна бездакорна "разыграны" ў межах сур’ёзнай падзеi мiжнароднага значэння. На гэтым тыднi Камiтэт дзяржаўнай бяспекi Рэспублiкi Беларусь пад эгiдай Антытэрарыстычнага цэнтра СНД правёў збор кiруючага складу антытэрарыстычных падраздзяленняў органаў бяспекi i спецыяльных службаў дзяржаў—удзельнiц СНД, а таксама сумеснае аператыўна-стратэгiчнае камандна-штабное вучэнне "Бастыён-Антытэрор-2008". У мерапрыемствах узялi ўдзел назiральнiкi Расii, Казахстана, Арменii, Малдовы, Латвii, Ізраiля i iншых краiн. Першы сцэнарый быў пастаўлены на "сцэне"227 агульнавайсковага палiгона сухапутных войскаў, што ў Барысаўскiм раёне. Згодна з планам, злачынная група "ўмоўных" тэрарыстаў захапiла аддзел мiлiцыi, зброю i аўтамашыну. Для папярэджання прарыву ўзброенай групы праз мяжу быў створаны рэспублiканскi аператыўны сiтуацыйны штаб пад кiраўнiцтвам 1-га намеснiка старшынi КДБ Вiктара Вягеры, прыняты шэраг тэрмiновых мераў — разгорнуты блок-пасты, выстаўлены дадатковыя пагранiчныя нарады i г.д. ..."Тэрарысты" наблiжаюцца да мiлiцэйскага кантрольна-прапускнога пункта, дзе спыняюцца для прадастаўлення дакументаў, замест чаго, зразумела, аказваюць узброенае супрацiўленне, кiдаюць машыну i спрабуюць схавацца ў лесе. Прыцягненне да аперацыi верталётаў МI-8 дазваляе не толькi весцi паветраную разведку — назiраць за перасоўваннем злачынцаў па мясцовасцi, але i высадзiць разведгрупу звычайным i беспасадачным спосабам, якi можа ажыццяўляцца з вышынi 25—50 метраў. Штурмавая спецгрупа прадэманстравала, якiм чынам развiвалiся б падзеi, калi б тэрарысты занялi адзiн з будынкаў. У справе былi б задзейнiчаны бронетэхнiка, верталёт, службовыя сабакi, спецсродкi... Пасля прапановы здацца, штурмавая група адкрывае агонь i "бярэ" будынак. Усе, хто ў абодвух выпадках з лiку "тэрарыстаў" застаецца жывы, аказваюцца ў рэшце рэшт блакiраванымi i абясшкоджанымi. Паводле вучэбнага сцэнарыя, на адным з беларускiх хутароў з мэтай незаконнага перасячэння гранiцы хавалася каля тысячы чалавек са злачыннымi намерамi, у тым лiку адзiн з лiдараў мiжнароднай тэрарыстычнай арганiзацыi. ...Другой фазай вучэння "Бастыён-Антытэрор-2008" стала спецаперацыя па выслабаненнi закладнiкаў, захопленых тэрарыстамi на аб’екце паветранага транспарту ў Нацыянальным аэрапорце "Мiнск-2". Упершыню ў вучэбнае дзеянне было вырашана дадаць складаны элемент — штурм пачаўся падчас руху самалёта. Група "Альфа" Камiтэта дзяржбяспекi эвакуявала ўмоўных пасажыраў, злачынцаў i членаў экiпажа. Супрацоўнiкi Мiнiстэрства па надзвычайных сiтуацыях аказалi тэрмiновую дапамогу "параненым". Сапёр узняўся па трапу, адшукаў i выдалiў з борта самалёта выбуховае рэчыва... Пасля правядзення вучэбных спецаперацый старшыня Камiтэта дзяржаўнай бяспекi Рэспублiкi Беларусь Вадзiм ЗАЙЦАЎ адзначыў, што кiраўнiкi спецпадраздзяленняў СНД, безумоўна, выказваюць пажаданне, каб вопыт правядзення падобных аперацый нiколi не быў запатрабаваны. I тым не менш, сiстэмны падыход у дзяржаўным рэагаваннi i барацьбе з тэрарызмам неабходны кожнай сучаснай дзяржаве. Падрыхтоўка i прадуманасць дзеянняў рэальных тэрарыстаў прымушаюць свет быць гатовым да iх сюрпрызаў, дабiвацца пры неабходнасцi ўзгодненасцi ў дзеяннях розных сiлавых структур. Дарэчы, прадстаўнiкi апошнiх адзначаюць, што гаворка iдзе аб самым складаным "элеменце" ў спецаперацыях падобнага кштталту — каардынацыi дзеянняў Камiтэта дзяржаўнай бяспекi, Дзяржаўнага пагранiчнага камiтэта, Мiнiстэрства абароны, Мiнiстэрства ўнутраных спраў i Мiнiстэрства па надзвычайных сiтуацыях. Што ж датычыцца самой магчымасцi рэагавання на злачынныя дзеяннi ў рэспублiцы, то спецпадраздзяленнi розных ведамстваў могуць iмгненна апынуцца ў любой кропцы Беларусi. Сёлетняе сумеснае вучэнне паказала, што абедзве яго фазы, як адзначыў камандзiр групы "Альфа" Камiтэта дзяржбяспекi Мiкалай IВIНСКI, "прайшлi штатна, усё атрымалася, як задумана". Хоць i ў гэтай справе няма межаў для ўдасканалення, чарговы этап якога адбудзецца ў наступным годзе ва Украiне. Святлана БАРЫСЕНКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Карэспандэнт "Звязды" атрымала магчымасць убачыць, якiмi павiнны быць дзеяннi ўсiх сiлавых структур падчас вынiшчэння тэрарыстаў. "Тэр |
|