Гістарычны цэнтр да свята гатовы!
Гістарычны цэнтр да свята гатовы!
Менавiта адсюль, з гiстарычнага цэнтра, пачынаецца летапiс горада на Нямiзе. Гэта сэрца сучаснага Мiнска, дзе, насуперак бязлiтаснаму часу i шматлiкiм войнам, захавалася багата культурных i гiстарычных помнiкаў. Самабытнасць архiтэктуры, вялiкая колькасць маляўнiчых краявiдаў i ўтульных куточкаў, сама атмасфера ажыўшай гiсторыi зрабiлi стары Мiнск вельмi папулярным месцам не толькi ў сталiчных жыхароў, але i ў iх гасцей. У гiстарычным цэнтры Мiнска на любое свята ладзiцца шмат забаўляльных i культурных мерапрыемстваў. Не стане выключэннем i Дзень горада. Пра тое, якiя работы па падрыхтоўцы да свята былi праведзены ў гiстарычным цэнтры, нам расказаў дырэктар камунальнага будаўнiча-эксплуатацыйнага ўнiтарнага прадпрыемства "Мiнская спадчына" Павел Шыкунец: — Нагадаю, што гiстарычным цэнтрам нашай сталiцы лiчыцца тэрыторыя ў межах Траецкага прадмесця, Верхняга горада, вулiц Інтэрнацыянальная, Гандлёвая, Нямiга, плошчы Свабоды, Ракаўскага прадмесця i Мiнскага замчышча. "Мiнская спадчына" — шмапрофiльная арганiзацыя, аднак наша асноўная функцыя — рэканструкцыя i рэстаўрацыя аб’ектаў гiстарычнага цэнтра (мы з’яўляемся галоўным заказчыкам), а таксама кантроль за выкананнем патрабаванняў адпаведнай комплекснай праграмы аднаўлення старога Мiнска, зацверджанай урадам чатыры гады тамуЦяпер вядуцца работы на шэрагу аб’ектаў, кожны з якiх па-свойму вельмi цiкавы i важны. Сярод найбольш значных назаву добраўпарадкаванне плошчы Свабоды i ўстаноўку на ёй фантана. Работы плануем закончыць менавiта да Дня горада. Апошнiм часам у нас з’явiлася вельмi шмат iнвестыцыйных пректаў. Да iх адносiцца i будаўнiцтва ля Кафедральнага сабора на Нямiзе Духоўна-адукацыйнага цэнтра. Заказчыкам выступае Беларуская праваслаўная царква. Здача ў эксплуатацыю запланавана на 2009 год. Узгадаю яшчэ адзiн цiкавы праект. Калiсьцi на плошчы Свабоды, насупраць ратушы, дзе цяпер размяшчаецца зялёная зона, знаходзiлася Царква Святога Духа. Мы плануем аднавiць гэты помнiк архiтэктуры, на старым месцы, з поўным захаваннем стылю. Толькi замест культавага, ён будзе мець свецкае "напаўненне:" там размесцiцца канцэртная зала дзiцячай музычнай школы. Цяпер распрацоўваецца адпаведная дакументацыя. Думаю, дзесьцi гады праз два мiнчане змогуць яго ацанiць. Па завяршэннi гэтага праекта можна будзе сцвярджаць, што тэрыторыя плошчы Свабоды нарэшце атрымала архiтэктурную завершанасць. З найбольш значных аб’ектаў, якiя за апошнi час былi ўведзены ў эксплуатацыю ў гiстарычным цэнтры сталiцы, назаву яшчэ адрэканструяваны дом № 38 па вулiцы Ракаўскай у Ракаўскiм прадмесцi. Туды цяпер пераязджае гарадская пракуратура. У Верхнiм горадзе завяршылася рэканструкцыя дома № 13А па вулiцы Інтэрнацыянальнай. Цяпер там арандуе офiсы маскоўская iнвестыцыйная будаўнiчая кампанiя Актыўна вядуцца работы па ўладкаваннi iнжынерных сетак на вулiцы Гандлёвай, дзе ўвогуле распачата маштабная забудова. "Мiнскпраект" распрацоўвае дакументацыю на задзейнiчанне 15 тысяч квадратных метраў плошчы па правым баку вулiцы, дзе на першых паверхах дамоў плануецца размясцiць магазiны i iншыя аб’екты сацыяльна-бытавога i грамадскага прызначэння. На левым баку вулiцы пакуль аднаўляем страчаныя, разбураныя пабудовы. Чакаецца, што ў перспектыве ўся вулiца стане гандлёвай i цалкам апраўдае сваю назву. У сувязi з тым, што працаваць даводзiцца ў самым цэнтры горада, лiтаральна на кожным кроку узнiкае шмат цяжкасцяў (у першую чаргу гэта датычыцца пракладкi iнжынерных сетак). Акрамя таго, побач праходзiць метро, што патрабуе дадатковых умацаванняў усiх сiстэм, пошуку арыгiнальных тэхнiчных рашэнняў. З гэтай прычыны ўсе праектныя i будаўнiчыя работы вядуцца сумесна з прадстаўнiкамi "Метрабуда", Акадэмii навук i iншымi спецыялiстамi. Да Дня горада мы рыхтуемся асаблiва. Ведаем, што многiя святочныя мерапрыемствы будуць праходзiць менавiта ў гiстарычным цэнтры (напрыклад, на плошчы Свабоды, ля ратушы, адбудзецца ўручэнне прэмiй пераможцам конкурсу "Мiнчанiн года", потым тут запланаваны святочны канцэрт). Мы загадзя завяршылi бягучы рамонт ўваходных груп i падпорных сценак будынкаў, паднавiлi фасады i дахi, правялi добраўпарадкаванне, ямачны рамонт i азеляненне ўсёй тэрыторыi гiстарычнага цэнтра. Пры гэтым асобую ўвагу звярнулi, вядома ж, на плошчу Свабоды. Пры падрыхтоўцы да Дня горада мы не абмiнулi ўвагай нi адзiн завулак, нi адзiн дом. Затое сёння мы можам смела сцвярджаць, што гiстарычны цэнтр сталiцы да свята гатовы! Непасрэдна ў сам гэты дзень нашы службы будуць працаваць, каб забяспечыць мiнчанам i гасцям сталiцы камфортныя ўмовы святкавання. Запiсала Iнга МIНДАЛЁВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Заканчэнне. (Пачатак на першай стар.)
|
|