Магія беларускага строю
Магія беларускага строю
На свае плечы
Гэта было ў тыя самыя спякотныя за ўсё лета днi на пачатку жнiўня, якiя, мабыць, яшчэ ўсе памятаюць. Для камандзiроўкi ў Моталь на фестываль ежы я дастала танюткiя льняныя шорты, якiя купiла ўвесну, але да таго дня яшчэ так i не апранала, i мяркуючы па надвор’i, гэта быў адзiны для iх шанц. Аднак у Моталi я адразу зразумела, што памылiлася. У самабытнай, з захаванымi жывымi традыцыямi буйной вёскi я адчувала сябе ў шортах так, нiбы зайшла ў дарагi рэстаран у купальным касцюме. Таму адразу стала шукаць на святочным кiрмашы спаднiцу, i хацелася не абы якую, а традыцыйную, бо ў такiх тут былi ўсе жанчыны i дзяўчаты, якiя прадавалi альбо прадстаўлялi свае вырабы. Адну я нават ледзь не распранула, яна паабяцала, што можа i прадасць сваю вопратку, але толькi ўжо пасля кiрмашу. За камплект з хусткай, але без гарсэта яна папрасiла 150 тысяч беларускiх рублёў. Такiх грошай у мяне не было i я разгубiлася. Каб суцешыцца, купiла вытканы ў зубы ручнiк работы Ганны Сцяпанаўны Чыглiнцовай, 1932 года нараджэння, з вёскi Дружыловiчы Іванаўскага раёна, за 25 беларускiх тысяч. Ручнiк гадоў 50—60-х мiнулага стагоддзя, i тым яшчэ больш каштоўны. Яшчэ купiла вялiкую, у абхват, плеценую з лазы фруктоўнiцу за 20 тысяч у майстра Сяргея Мiхальчука з вёскi Гнеўчыцы. I, нарэшце, натрапiла на строй, якi кабета пагадзiлася зняць з манекена. За льняную спаднiцу з фартушком яна прасiла 50 тысяч. Столькi ж за чырвоны, з калючай воўны андарак, таксама з фартушком. Рэчы гэтыя належалi 84-гадовай Сцефанiдзе Сцяпанаўне Цярлецкай з вёскi Моладава. Грошай у мяне ўжо i на адно з гэтага не хапала. Выручыла Святлана Кончыц, адна з аўтарак праграмы падтрымкi аграэкатурызму Белаграпрамбанка. — Купляйце, — кажа, — я вам грошы пазычу. — А вам такi строй патрэбен, бо вы пiшаце пра агратурызм. Я адразу ўзгадала, як на лютаўскай канферэнцыi, якую ладзiў банк, Вольга Маханенка, гаспадыня сядзiбы ў Старым Лепелi, выйшла з дакладам у народным строi, i якiм неабходным дапаўненнем гэта было да строгiх касцюмаў банкаўскiх i мiнiстэрскiх работнiкаў. Адносна сябе я, праўда, не была ўпэўненая, што строй, якому, калi прыглядзецца, больш за паўвека, а можа i каля ста гадоў, буду выкарыстоўваць у сваёй працы. Мне ж не сябе трэба паказваць, а людзей бачыць i выслухоўваць. Прычым важна, каб тое, як я выглядаю, гэтаму не перашкаджала. Што датычыцца агратурызму i мерапрыемстваў, з iм звязаных, то больш падыдзе, напэўна, стылiзаваная блуза з арнаментам, якую можна i з джынсамi апрануць. Так я разважала, аднак грошы, якiя мне прапанавалi, пазычыла. Бо спаднiца, лёгкая i аўтэнтычная, мне была ў тую хвiлiну востра неабходная. У тых абставiнах менавiта шорты перашкаджалi мне бачыць людзей i разумець iх дзiўную, мотальскую мову. Гаспадыня дома, у якiм мы спынiлiся, Марыя Iванаўна Палто мой выбар ухвалiла, сказала, што спаднiца куды больш мне пасуе i дадала, што ў куфры ў яе захоўваецца сарочка, якая, напэўна таксама падыдзе. Я папрасiла паказаць, потым памераць, а потым дастала ўсе грошы, што заставалiся ў кашальку: разам з дробяззю 37 тысяч. Марыя Iванаўна рашылася не адразу, але ўсё ж такi аддала сарочку, хутчэй, з жалю да мяне, чым ад жадання зарабiць, бо бачыла, як загарэлiся мае вочы. А я, прызнаюся, як толькi сарочку апранула, так адразу адчула сябе асаблiва. Можаце смяяцца, але я адчула сябе Жанчынай. Прычым прыгожай. I рухi мае адразу сталi iншымi, больш плаўнымi. Я адчувала, што i апранаю, i здымаю сарочку... прыгожа. Прычым незалежна ад свайго жадання, проста яна так пакроена i сшыта: доўгая, прасторная, i разам з тым акуратная, сабраная ў неверагодна дробныя складачкi ля стаячага каўнерыка i з гэткiмi ж складачкамi ля вышытых манжэтаў на рукавах. Прыгажосць гэта была адначасова жаноцкая (нехта сказаў бы "сэксуальная"), але разам з тым — цнатлiвая, чыстая, як выбелены тонкi кужаль, з якога сарочка пашыта. Iнакш кажучы, я адчувала сябе жанчынай у высокiм сэнсе гэтага слова: мацi i жонкай, якую любяць i кахаюць, i якая любiць i кахае. I таму шчаслiвая, i шчасце яе нiкому не адняць i не паменшыць. Як не адняць далiкатнасцi, святочнасцi i белiзны ў сарочцы, у якую яна апранутая. Марыя Iванаўна i яе суседка яўна любавалiся мной, пакуль я перад iмi красавалася. А потым са шкадаваннем заўважылi, што не адну такую сарочку парвалi на падгузнiкi ўнукам, бо надта ўжо мяккае i зручнае, нi з чым не параўнальнае палатно. Нiякiя памперсы альбо фабрычныя пялюшкi не будуць настолькi прыемныя для чалавечага цела, як самаробны кужаль... Сарочка належала цётцы гаспадара Мiхаiла Палто з Моталя. Марыя Iванаўна паказала яшчэ ручнiк, больш старадаўнi, чым той, якi я купiла, з краямi, аздобленымi пляценнем з асновы надзвычай тонкай работы. Прасiць той ручнiк я ўжо не рашылася, бо разумела, што цаны яму няма. Ды i грошай у мяне, нават пазычаных, не засталося. — I куды ты збiраешся гэта апранаць? — спрабавала апусцiць мяне з нябёс на зямлю калега з iншага выдання. Я моўчкi ўсмiхалася, бо яна не ведала, i я не магла ёй патлумачыць тое дзiўнае адчуванне, якое ахапiла мяне, калi я апранула сарочку, а потым спаднiцу i фартушок. Мне хацелася толькi хутчэй зрабiць гэта зноў, дома, i паказацца мужу, а потым дзецям i бацькам, а пасля гэтага можна ўжо i сябрам, самым блiзкiм. Бо ёсць у гэтай вопратцы нешта iнтымнае, таямнiчае, вельмi асабiстае, амаль сакральнае, якое не церпiць дэманстрацыi. I я не памылiлася. Муж жаноцкасць маю ў беларускай сарочцы ацанiў. I бадай што, добра, што ў той вечар мы былi дома ўдвух. Я нават сур’ёзна стала думаць, што дэмаграфiчныя праблемы ў нашай нацыi пачалiся якраз калi саматканыя сарочкi сталi выходзiць з ужытку. Бо ў ёй i зачынаць дзяцей хочацца, i выношваць, i калыхаць, i вучыць потым дачку прасцi, ткаць, бялiць, шыць i вышываць падобную, складаць для пасагу ў скрыню... Вольга Маханенка, дарэчы, павезла з Мотальскага фэсту не адну сарочку i не адзiн фартушок, i бярэмя саматканых кiлiмаў, ручнiкоў, абрусаў i посцiлак. Яна рыхтавалася да беларускага вяселля галандца i францужанкi. — Разумееце, — тлумачыла Вольга, — хутка ўсё гэта, старадаўняе, сапраўднае, немагчыма будзе купiць увогуле. Гэта ж найкаштоўнейшы скарб! Кожная рэч — аўтарская, непаўторная, рукамi зробленая ад iльнянога насення, кiнутага ў зямлю, да вышыўкi! Дарэчы моладаўскi андарак з фартушком i сарочкай купiў пасля мяне ў той жа кабеты малады хлопец за 90 беларускiх тысяч. А амерыканскi студэнт Эд О’Браян, якi праходзiў практыку ў прадстаўнiцтве ААН у Беларусi, набыў на фэсце ручнiк, якi быў вытканы на яго вачах, за 25 тысяч, яшчэ саматканы абрус за 80 долараў i вельмi танна — вязаныя грыбочкi, за 5 беларускiх тысяч. Посцiлкi, дарэчы, былi размецены ўмомант, як i саламяныя капелюшы па 10 тысяч рублёў. — Трэба толькi надпiс "Mаntаnа" адарваць, — з гонарам круцiў такi капялюш кандыдат гiстарычных навук, спецыялiст па традыцыйнай беларускай кухнi Тадэвуш Наваградскi. — Ён вельмi зручны, у iм нiякая спякота не страшная. — Попыт на беларускi традыцыйны касцюм апошнiм часам расце, — паведамiла мне загадчыца фiрмовай крамы "Купалiнка" ў Мiнску Тамара Тапчук. — Асаблiва на яго элементы. Бо цалкам камплект — задавальненне даволi дарагое: ад 800 тысяч да паўтара мiльёнаў. Усё залежыць, ад таго, з якой тканiны зроблены, колькi ручной працы закладзена i наколькi складаныя ён мае элементы. Таму касцюмы купляюць радзей, звычайна, на нейкую ўрачыстасць, асаблiва тыя людзi, якiя маюць свой уласны дом i збiраюцца сустракаць у iм гасцей. Часцей купляюць сарочкi i блузы, вялiкай папулярнасцю карыстаюцца мужчынскiя сарочкi, яны каштуюць ад 80 да 500 тысяч. Купляюць як беларусы, так i замежныя турысты, даволi часта — расiяне. — Апошнiм часам сталi часцей паступаць iндывiдуальныя заказы на вясельныя традыцыйныя строi, — расказала дырэктар унiтарнага навукова-вытворчага прадпрыемства беларускiх народных рамёстваў "Скарбнiца" Iрына Сiнiца. — Як правiла такiя заказы робяць дзяўчаты, якiя выходзяць замуж за мяжой. Над кожным касцюмам у нас працуе творчая група. Спачатку мастак падбiрае метадычную лiтаратуру. У нас вельмi багаты фонд, якi збiраўся на працягу дзесяцiгоддзяў, да таго ж мы супрацоўнiчаем з Iнстытутам беларускай культуры Акадэмii навук. На аснове сабранага матэрыялу канструктар прапрацоўвае касцюм, яго дэталi, асаблiвасцi. Напрыклад, для Гродзеншчыны характэрна сцiплае аздабленне, на Гомельшчыне строй вельмi яскравы. Потым да справы падключаецца тэхнолаг, за iм — вышывальшчыца, кравец, i нарэшце, швачка. Прычым тэхнолаг i канструктар суправаджаюць увесь вытворчы працэс. Пашывам касцюмаў у нас займаюцца 25 чалавек, сярод якiх 4 мадэльеры i тры мастакi, выпускнiкi Беларускай акадэмii мастацтваў i Вiцебскага тэхналагiчнага ўнiверсiтэта. За месяц мы вырабляем 50—70 касцюмаў. Акрамя iндывiдуальных заказаў, выконваем масавыя, тыражныя вырабы, шыем для аддзелаў культуры, аддзелаў адукацыi, Дамоў рамёстваў, замежных арганiзацый, па дзяржзаказах рэканструюем касцюмы для экспанавання ў музеях i на выставах. — Той, хто хоць бы аднойчы дакрануўся да традыцыi, не можа застацца абыякавым, традыцыя ўваходзiць у жыццё гэтага чалавека, — упэўнена начальнiк навукова-метадычнай лабараторыi мастацтвазнаўства "Скарбнiцы" Алена Жукава. — Я сама заказала сабе стылiзаваную сукенку, каб пайсцi на вяселле. Мiж iншым, вяселле было беларускамоўнае. I я зрабiла ў той сукенцы проста фурор! Сёння людзi пачынаюць разумець, што традыцыйнае аддзенне — не проста надзвычай камфортнае, унiкальнае, прыгожае, зручнае, эксклюзiўнае i, мiж iншым, актуальнае. Асаблiвасць беларускага строю ў тым, што яго канструкцыя настолькi дасканалая, у iм няма нiчога лiшняга, а ўсе элементы настолькi матываваныя, што ўсё гэта можна насiць цяпер, а калi апрануць паасобку, нiхто не здагадаецца, што гэта насiлi сто гадоў таму. Нездарма ў нас робiць заказы Нацыянальная школа прыгажосцi. Мы нядаўна прэзентавалi музею народнай творчасцi мастоўскi строй, жакецiк у якiм з задавальненнем апранула б любая сучасная моднiца. Аднак сёння традыцыйнае беларускае аддзенне — гэта ўжо элiтарная рэч, якую можа мець у сваiм гардэробе далёка не кожны чалавек. Я з любоўю памыла i адпрасавала набыты ў Моталi строй. Зачахлiла i павесiла як самую каштоўную рэч у сваёй шафе. Праз некалькi гадоў ён будзе якраз упару дачцэ. Я думаю, на яе вяселле гэта будзе адным з самых дарагiх падарункаў. Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэта было ў тыя самыя спякотныя за ўсё лета днi на пачатку жнiўня, якiя, мабыць, яшчэ ўсе памятаюць. Для камандзiроўкi ў Моталь на фестываль ежы я дас
|
|