Будуць ждановіцкiя ананасы?
Будуць ждановіцкiя ананасы?
Днямi група журналiстаў мiнскiх друкаваных i электронных СМІ наведала агракамбiнат "Ждановiчы". Мэтай паездкi стала знаёмства з вопытам гэтага знакамiтага ўнiтарнага прадпрыемства ў рэалiзацыi дзяржаўнай праграмы iмпартазамяшчэння. У дадзеным выпадку, агароднiны i садавiны. Журналiсты на свае вочы пераканалiся ў тым, што агракамбiнат "Ждановiчы" — гэта высокаэфектыўнае сучаснае прадпрыемства з вялiкай будучыняй. Генеральны дырэктар Рыгор Чуйко заўважае, што вытворчасць агароднiны i садавiны — даволi рызыкоўны занятак. Яна не можа доўга захоўвацца на складах, мае кароткi тэрмiн спажывання. А яшчэ ва ўмовах рынку трэба ўмець не прамахнуцца з цаной. Бо можна трапiць у непрыемную сiтуацыю, калi канкурэнты пераманiлi спажыўцоў больш прывабнымi цэнамi на аналагiчную прадукцыю i ты застаўся сам-насам з тонамi сваiх гуркоў ды таматаў. Нюансаў тут шмат. Таму вытворцу гароднiны i садавiны пажадана без прамаруджвання рэалiзоўваць прадукцыю, iнакш замест прыбытку можна атрымаць значныя страты. Каб твой тавар не залежваўся, трэба не толькi заваяваць давер пакупнiка, але i пастаянна падтрымлiваць яго попыт i iнтарэс, пашыраць кола спажыўцоў. У "Ждановiчах" эканамiчная мэтазгоднасць з’яўляецца, без перабольшвання, асноўным законам гаспадарання. Вiдаць, яго выкарыстанне i дазваляе агракамбiнату не першы год трывала займаць сваю нiшу ў дадзеным сегменце вытворчасцi сельгаспрадукцыi, мець лепшыя ў краiне паказчыкi сярод роднасных прадпрыемстваў. Спецыялiсты гаспадаркi расказвалi, што яны пастаянна працуюць над тым, як да мiнiмуму звесцi ўсе вытворчыя i невытворчыя выдаткi, якiя потым адбiваюцца на сабекошце прадукцыi i могуць зрабiць яе неканкурэнтназдольнай. У гэтым сэнсе важкiм укладам у павышэнне рэнтабельнасцi вытворчасцi сталi рамонт дзеючых цеплатрас, рэканструкцыя кацельнi, якую абсталявалi найноўшымi замежнымi катламi i абсталяваннем. Грошай на гэта не пашкадавалi. Рэканструкцыя дазволiла iстотна скарацiць спажыванне электраэнергii i газу (ён, нагадаем, за даволi кароткi тэрмiн падаражэў аж утрая для гаспадаркi), што ў сваю чаргу паўплывала на знiжэнне сабекошту гароднiны i садавiны — больш чым на 25 працэнтаў. А будаўнiцтва ўласнай мiнi-ЦЭЦ, мяркуюць у агракамбiнаце, дапаможа яшчэ больш скарацiць выдаткi на вытворчасць. — Дзеля гэтага трэба свой якасны тавар прадаваць па прымальнай цане. Невыпадкова ждановiцкая якасная прадукцыя без праблем знаходзiць шлях да спажыўца. Агароднiнай агракамбiната сёння гандлююць многiя мiнскiя магазiны. Толькi на сталiчным Камароўкiм рынку таматы i агуркi са "Ждановiчаў" прапаноўваюць дзясяткi гандлёвых пунктаў. Усяго ў агракамбiната заключана больш за 600 дагавораў на пастаўку сваёй агароднiны. Цяпер прапрацоўваюцца пытаннi яе паставак у гiпер- i супермаркеты ўжо ў расфасаваным выглядзе i ва ўпакоўцы. У "Ждановiчах" добра разумеюць, што цяперашнiя здабыткi i поспехi — не прычына для самасупакойвання. На рынку Беларусi застаецца даволi моцная канкурэнцыя з боку iмпарцёраў агароднiны i садавiны з iншых краiн. А яны, мiж iншым, нярэдка прапаноўваюць свой тавар па меншых цэнах. Выйсце тут адно: па-ранейшаму знiжаць затраты на адзiнку прадукцыi, лiчыць Рыгор Пятровiч. Кiнулася ў вочы, што стыль гаспадарання тут адрознiваецца ў першую чаргу наватарскiм падыходам яго кiраўнiцтва i ўсяго калектыву да вядзення спраў. Сёння тут так званы чалавечы фактар паспяхова працуе на агульныя мэты. Шмат цiкавых задумак i планаў на перспектыву прапрацоўваецца цяпер мясцовымi спецыялiстамi. Новыя падыходы — гэта i вынiк iх агульных прапаноў, iдэй, ацэнак, назiранняў у час замежных камандзiровак ў Галандыю, Германiю, iншыя краiны, дзе вытворчасць агароднiны i садавiны пастаўлена лепш, чым дзе-небудзь, а тэхналогii варты пераймання. Нядаўна быў закладзены сад на 46 гектараў. I гэта толькi пачатак, кажа Рыгор Пятровiч. Паводле яго слоў, ёсць праект саду на 500 гектараў. Там будуць выкарыстоўваюцца перспектыўныя высокаўраджайныя гатункi дрэў, па-новаму наладжаны iх догляд — пад кожнае дрэва будзе праведзены палiў, каб на ўраджай не паўплывала нечаканая засуха. У "Ждановiчах" спадзяюцца адрадзiць былую славу беларускiх садаводаў i з часам забяспечыць жыхароў сталiцы экалагiчна чыстымi, смачнымi i духмянымi яблыкамi. У планах калектыву вырошчванне экзатычнай садавiны: ананасаў, лiмонаў, грэйпфрутаў i г. д. Разам з тым думаюць сур’ёзна i аб тым, каб у значных аб’ёмах наладзiць i паступова павялiчваць вытворчасць агароднiны i садавiны на адкрытым грунце, палепшыць умовы iх захоўвання, па меры магчымасцi наладзiць перапрацоўку. Леанiд Лахманенка, Мiнскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Днямi група журналiстаў мiнскiх друкаваных i электронных СМІ наведала агракамбiнат "Ждановiчы". Мэтай паездкi стала знаёмства з вопытам гэта |
|