Жыццё або... выкуп?
Жыццё або... выкуп?
Рассакрэчаны архіў
Гэта справа, магчыма, не настолькi гiстарычная, архiўная, якiмi былi папярэднiя, размешчаныя ў дадзенай рубрыцы, паколькi размова будзе iсцi аб досыць свежых падзеях 2004 года. Тым не менш, i гэта ўжо — гiсторыя. Прычым гiсторыя падзей, якiмi Упраўленню Камiтэта дзяржаўнай бяспекi па Мiнску i Мiнскай вобласцi давялося займацца ўпершыню. Дзёрзкiя, нахабныя, здраднiцкiя дзеяннi зламыснiкаў па выкраданнi чалавека i запатрабаваннi выкупу абыграны ў незлiчонай колькасцi замежных кiнастужак. Аднак, на жаль, дзеяннi гэтыя не абмяжоўваюцца вiртуальнай рэчаiснасцю. У рэальным жыццi таксама знаходзiцца месца дзёрзкасцi, нахабству i здрадзе. На шчасце, падобныя крымiнальныя ўчынкi не застаюцца без адпаведнага пакарання. У адзiн з восеньскiх дзён 2004 года позняй ноччу на аўтамабiльнай стаянцы, размешчанай каля спартыўна-аздараўленчага комплексу "Алiмпiйскi", двое мужчын напалi на намеснiка генеральнага дырэктара аднаго са сталiчных прадпрыемстваў. Пацярпелага аглушылi, пагрузiлi ў машыну i вывезлi, як кажуць, у невядомым накiрунку. Калi прадпрымальнiк расплюшчыў вочы, то ўбачыў мабiльны тэлефон, якiм падсвечвалi яго твар i пачуў пытанне "Колькi за цябе заплацяць?". Ён назваў нейкую нязначную суму... Аднак у выкрадальнiкаў былi зусiм iншыя разлiкi. Гэтай гiсторыi магло б i не быць. Калi б дружба заўсёды была трывалай, а сябры — сумленнымi. У гэтым сэнсе пацярпеламу можна паспачуваць, паколькi ягоны сябар i "растрапаў" сваiм знаёмым аб тым, як i чым жыве сям’я камерсанта. Прадпрыемства, якiм ён кiраваў i дзе працаваў у якасцi менеджара яго бацька, сапраўды, паспяхова развiвалася. Па мабiльнiку "ахвяры" злачынцы пазванiлi ягонаму бацьку i запатрабавалi ў якасцi выкупу 40 тысяч долараў. Прыгразiлi: маўляў, заявiш у мiлiцыю — сына жывым не пабачыш. Бацька сабраў долары i паехаў на сустрэчу. Аднак самi зламыснiкi на яе не з’явiлiся. Проста перастрахавалiся. Аднак за бацькам, безумоўна, сачылi, бо як толькi той прыбыў на азначанае месца — станцыю метро "Магiлёўская", яму пазванiлi з мабiльнага сына i загадалi пакiнуць выкуп у баку для смецця на 379-м кiламетры шашы Брэст — Масква. Зямлянка, у якой утрымлiвалi выкрадзенага камерсанта, была зусiм непадалёк ад гэтага месца. Як толькi выкрадальнiкi атрымалi 40 тысяч долараў, яны выкiнулi збiтага, галоднага, змерзлага закладнiка на абочыну шашы, дзе яго i падабраў бацька. Праз некалькi дзён усё ж такi вырашылi не пакiдаць злачынцаў без пакарання, нават калi не ўдасца вярнуць велiзарныя грошы... Так сын з бацькам звярнулiся непасрэдна ва Упраўленне Камiтэта дзяржаўнай бяспекi па Мiнску i Мiнскай вобласцi. — Адшукаць асобаў, якiя ўчынiлi выкраданне закладнiка i ўжо атрымалi выкуп, было вельмi цяжка, — расказвае кiраўнiк прэс-службы Упраўлення КДБ па Мiнску i Мiнскай вобласцi Iгар КАВАЛЕЎСКI. — Не было нiякiх доказаў, нiякага фактычнага матэрыялу. Пацярпелы не бачыў твараў злодзеяў, не заўважыў нiякiх асаблiвых прыкмет, не ведаў нi iмёнаў, нi мянушак... Як паказвае сусветная практыка, справы па выкраданнi людзей i вяртаннi за выкуп раскрываюцца вельмi складана. Дарэчы, акурат напярэдаднi гэтых падзей ахвярамi мiжнародных тэрарыстаў сталi заможныя грамадзяне Францыi i Злучаных Штатаў. Закладнiкаў тады ўдалося вызвалiць, а вось затрымаць арганiзатараў злачынства спецслужбы не здолелi... Мiнскiя "чэкiсты" выйшлi на след выкрадальнiкаў дзякуючы складанай аператыўнай рабоце... Як толькi злачынцы — двое студэнтаў i адзiн непрацуючы — атрымалi "шалёныя" грошы, тут жа "падзялiлi" i пачалi трацiць з неверагоднай хуткасцю. Непрацуючы, напрыклад, з’ехаў "развеяцца" ў Маскву, дзе шырока пагуляў у падпольных публiчных дамах i казiно. Другi набыў мэблю, хатнi кiнатэатр, зрабiў дарагiя падарункi сваякам, якiя нават не пацiкавiлiся, адкуль у студэнта з’явiлiся зберажэннi... На момант вобыску ў падазроных удалося адабраць 25 тысяч долараў, якiя i вярнулiся да пацярпелых. Беспрацоўнаму ў вынiку "далi" 11 гадоў зняволення, аднаму студэнту 10,7 года, другому — 10 гадоў. Святлана БАРЫСЕНКА. Фота Артура СТРЭХА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэта справа, магчыма, не настолькi гiстарычная, архiўная, якiмi былi папярэднiя, размешчаныя ў дадзенай рубрыцы, паколькi размова будзе iсцi аб досыць
|
|