Валер Санько: Маркотна ў горадзе ўрачыстым
Валер Санько: Маркотна ў горадзе ўрачыстым
На конкурс апавяданняў
Iгар Бадановiч з увагаю i стоеным, далёка захаваным болем адзiнокага ўзiраўся ва ўрачыстыя святочныя вулiцы горада, упрыгожаныя сцягамi i транспарантамi, слухаў музыку, вурчэнне машын, лавiў абрыўкi звонкiх i глухаватых гутарак людзей — i ўсё болей хмурнеў. Смутак агарнуў старога душою чалавека, такi, як i ў мiнулыя разы, калi быў далёка ад сяброў, аказваўся адзiн у вялiкiм горадзе на свята. Чым больш праходзiла часу, чым болей чужога шчасця падглядваў ён, тым спакайней, цiшэй i гаротней ставала на душы глебазнаўца. Успамiны, няпрошаныя i ў асноўным бязрадасныя, горычныя ахапiлi маладога старога. Закалыхалi. Захацелася дадому, у далёкую родную вёску. У Вялiкай Iгрушы прыветней. Там не будзеш праз увесь дзень панiкла брысцi па вулiцы. Цябе зачэпяць, што-кольвечы спытаюць, пазавуць да кампанii. А тут ты чужак, лiшнiца. Бадановiчу крыўдна, горка. Усплёскамi хваль паслужлiвая памяць узнаўляла нярадаснае былое. Уяўлялася такая ж нярадасная i цяжкая будучыня. Iшоў, думаў. Гаротныя складкi на твары глыбелi. У гаманкiм натоўпе Бадановiч мог аддацца павевам успамiнаў гэтак жа шчыра i поўна, як i на прыродзе, на адзiноце з цiхiмi гаямi роднай Случчыны, славутай густымi моцнымi садамi i дабрачымi працавiтымi людзьмi. Як жабраку нельга без торбы, а скрыпачу без скрыпкi, так думкамi рашучаму чалавеку, якiм стаў Iгар Бадановiч, нельга заставацца без справы. Бязмэтавае трохгадзiннае сноўданне па вулiцах, калi няма звычаёвай паспешнай гарачкi — "хутчэй туды, не спазнiцца да таго..." — прымусiла абвострана ўспрымаць любое пачутае слова, падгледжаную сцэну. Высвяцiла нявартасць i няшчаснасць кандыдата навук. Нiкому на свеце ён не трэба — нi сябрам, нi бабам. Лепш з Iгрушаўкi ваду пiць, чым са Свiслачы вiно. Дарэмна ён пёрся ў бязладдзе гарадское. Калi ты адзiн, няма сваякоў, грошай i памочнiкаў-землякоў, у горадзе не толькi цяжка — млосна. Усе тут разам — i ўсе па адным. Кожны рохкае каля свайго карыта. — Праўда i вера — сёстры, варагаваць не могуць. Шукай Бога, толькi на правiльнай дарозе, — пераконваў сталага чалавека такi ж сталы. — Сэнс жыцця — спасцiжэнне духу святога, а для цябе пакуль важнае — слава, грошы. Плюнь... Тыповыя мамы вучаць неслухаў-дзетак. Парачкi. Прагрэс цывiлiзацыi — цалуюцца прама перад табою. Паскудства эмансiпiйнае... Алкашы табуняцца на зручным скрыжаваннi блiз крамкi. Скiдваюцца на пiва цi вiно. "Недзе сярод iх Iван Самусевiч i Андрэй Тупiк... Залатыя людзi загiнуць з-за праклятага чарнiла". Звечарэла, апусцелi ад дзятвы азораныя агнямi вулiцы, аксамiтавае неба стала шкляным, далёкiм i халодным. Сцiшаны добры Iгар Бадановiч вяртаўся назад. Чалавек iшоў па самых цiхiх вулачках. Ён стамiўся ад бязмэтнага бадзяння, прагнуў пазбыцца шуму i тлуму вялiкага горада. Кнiга, прырода, музей, сiмфанiчны аркестр ачышчалi душу Бадановiча ў такой ступенi, як i знаёмства з мудрым чалавекам, рэдкiя бязмэтныя паходы па горадзе. Кожная падгледжаная сцэна вiрлiвага жыцця па-свойму расплюшчвала вочы. Стома брала сваё. Бадановiч пачаў прыспешваць. Зусiм блiзка раздалiся галасы, звонкiя i глухiя, адзiнокiя i суладныя. Гурма маладых рослых хлопцаў вывалiла з правулка, вальяжна шыбавала па вулiцы. За iмi дзвюма невялiчкiмi стайкамi плылi разадзетыя па апошняй модзе фасонiстыя гонкiя дзяўчаткi. Адзiн з хлопцаў, у цэнтры, высокi, модны, у прыгожым гарнiтуры, з кучмай бялёсых валасоў з-пад надзетага набакiр капялюшыка, заiграў на баяне шырокую раздольную незнаёмую песню. Усе, асаблiва дзяўчаты, жартавалi, гучна смяялiся, падганялi баянiста. Спаважны ўпэўненец — чысты вясковы гарманiст па паставе трымацца — нiчога не адказваў прыяцелям i прыяцелькам, цiснуў i цiснуў на планкi, як мага шырэй i весялей расцягваў мяхi. Дзве, з краю, дзяўчынкi тонкiмi, ужо няломкiмi галасамi завялi песню, чыстую i звонкую, заклiкальную, песню-абяцанне для кожнага, хто чуе яе i разумее: Колькi ў небе зор, цяжка палiчыць, Толькi з iх адна найярчэй гарыць. Гэта ты мая, зорка ясная, Ты любоў мая, непагасная. Голасна, шырока ўсёй гурмаю праспявалi другi куплет, трэцi. Нечакана, падавалася, без нiякага пераходу, баянiст i спевакi пераключылiся на новую песню, таксама галасiстую, таксама звонiстую, раздольную: Па-над лугам зеляненькiм Брала ўдава лён драбненькi, Яна брала, выбiрала, Тонкi голас падавала. Вялi песню ўсе дзяўчаты, барытонiста i зычна падцягвалi хлопцы. I такi кантраст гэта быў — святочна-ўрачысты сучасны горад, модна апранутыя вясёлыя джынсавыя юнакi i дзяўчаты — i родная, да незвычайнасцi мiлая вясковая песня... Нешта хвалiстае, любае хаплiва i моцна-моцна ўхвацiлася за душу Iгара Бадановiча, працяло ўсю iстоту. Стары душою чалавек стаяў i доўга пазiраў iм услед. Парыў зайздрасцi да iх, маладых, вясёлых, легкадумных, паступова саступiў месца цiхаму маўклiваму супакою, удзячнасцi. Баянiста i спевакоў падахвочвалi многiя прахожыя — хто словам, падпевам, а хто, як Бадановiч, цёплаю ўсмешкаю, зычаннем здароўя. Спевакi бачылi гэта i пачувалiся ўпэўненцамi, шчаснеўнымi валадарамi. Чым хутчэй блiзiлася спеўкая групка да праспекта з яго валам машын, джынсавымi безуважнiкамi, строгiмi мiлiцыянерамi, тым слабейшай ставала песня. Зацiхала. Баянiст цягнуў мелодыю, бадзёрыўся, неўзабаве ацiх i ён. Роспач жорсткаю лапаю ахапiла зноў сэрца Бадановiча. Нiхто не забаранiў песню, але i не падтрымаў. Спевакi проста адчулi халодную момантную зацiкаўленасць абыякавага люду, зацiкаўленасць як да дзiвакоў, спевакi не пажадалi выстаўляцца шчырасцю i адкрытасцю, замоўклi. Нават рэплiкавацца цiшэй сталi. Старыя i пажылыя азiралiся на спевакоў, маўчалi. Толькi яны былi здольныя ацэньваць мiнулае, наракаць i стагнаць пры ўзгадках пра меркаваную будучыню. Рэдкiя хвалiлi прошласць, гэткую ж тлумную, як сённяшнi морачны дзень. Змоўклая спеўная моладзь растварылася на шырокiх скрыжаваннях вулiц, а Бадановiч стаяў, пазiраў у той бок, думаў. Не мог маркотны пэўна акрэслiць новае, незнаёмае дасюль пачуццё, выспелае i акрэплае ў грудзях. Ведаў, яно тычыцца горада, яго моднай вопраткi, сучасных прыёмнiкаў, хуткiх i безуважных насельнiкаў, буркатлiвых пажылых i старых людзей. I не ведаў, куды яму iсцi далей.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Iгар Бадановiч з увагаю i стоеным, далёка захаваным болем адзiнокага ўзiраўся ва ўрачыстыя святочныя вулiцы горада, упрыгожаныя сцягамi i транспаранта |
|