Мой верны Зiк
Мой верны Зiк
7 кастрычнiка ў Магiлёве адбыўся ўрачысты выпуск в’етнамскiх афiцэраў, якiя навучалiся ў Кiналагiчным цэнтры ўнутраных войскаў. Падпалкоўнiк Нгуэн Зуй Хань працуе ў кiналагiчным цэнтры Мiнiстэрства грамадскай бяспекi Сацыялiстычнай Рэспублiкi В’етнам. Ён паўгода таму прыехаў у Магiлёў у складзе групы з дзесяцi в’етнамскiх вайскоўцаў, каб навучыцца ў Беларусi новым прагрэсiўным методыкам дрэсiроўкi службовых сабак. Кожны в’етнамец атрымаў на выхаванне маладую нямецкую аўчарку i павiнен быў на практыцы прымянiць тэарэтычныя веды: навучыць сабак весцi пошук i знаходзiць выбуховыя рэчывы. Цяпер беларускiя сабакi разумеюць толькi па-в’етнамску: "дын" — стаяць, "мой" — сядзець. Некаторым з аўчарак новыя гаспадары змянiлi iмёны: калi Ёлка i Ітака яшчэ можна вымавiць з в’етнамскiм пранонсам, то Йен — абсалютна не. Таму прынамсi падпалкоўнiк Хань перайменаваў Йена ў Зiка. — Самым цяжкiм у нашым навучаннi аказалiся не перамена клiмату i адрозны ад в’етнамскага лад жыцця ў вашай краiне, а мова, — прызнаецца Хань. — Нам дапамагалi перакладчыкi, але руская мова — неверагодна складаная. Перакладчык Ле Чак Чэнь расказаў, што яго група за паўгода здолела асвоiць толькi самыя простыя словы на рускай мове — прывiтанне, развiтанне i пажаданне смачна есцi. Затое ў навучаннi сваёй прафесiйнай справе яны выявiлi зайздросную ўпартасць. — Вось чаму нам трэба павучыцца ў в’етнамцаў, дык гэта стараннасцi i руплiвасцi, — з павагай гаворыць начальнiк кiналагiчнай службы Галоўнага ўпраўлення ўнутраных войскаў Усевалад Жытнiк. — Iм па дзесяць разоў нiчога паўтараць не трэба: адразу ўсё запомняць i выканаюць. Таму i на нядаўнiм агульнавайскавым чэмпiянаце, дзе бралi ўдзел дзесяць камандаў, в’етнамцы сталi пятымi. Гэта поспех! Сертыфiкаты аб паспяховым праходжаннi вучобы ў Кiналагiчным цэнтры ўручыў намеснiк мiнiстра ўнутраных спраў — камандуючы ўнутранымi войскамi МУС Валерый Гайдукевiч. Ён выказаў надзею, што в’етнамскiя кiнолагi па вяртаннi на радзiму пакажуць высокiя вынiкi практычнай дзейнасцi. Усё, чаму в’етнамскiя афiцэры i iх верныя сабакi навучылiся ў Беларусi, яны прадэманстравалi на плацу ў дзень выпуску. Цяжка ўявiць, што яшчэ паўгода таму аўчаркi проста цягнулi на павадках сваiх гаспадароў. В’етнамскiя афiцэры ў мундзiрах колеру яркай травы з чырвонымi какардамi i пагонамi, здавалася, зусiм не хвалявалiся на паказальных занятках: сабакi дысцыплiнавана выконвалi ўсе заданнi. Асаблiва ўразiў гледчоў той самы Зiк, якi разам з падпалкоўнiкам Ханем мусiў знайсцi выбуховыя рэчывы ў людзей на масавым мерапрыемствы. I сабака без памылкi сеў каля вайскоўца, якi iмiтаваў чалавека з "поясам шахiда" пад звычайным адзеннем. — Самыя вялiкiя ўражаннi ад Беларусi: мiрная краiна, прыгожая прырода, добрыя людзi, — сказаў на развiтанне 45-гадовы падпалкоўнiк Хань, якога на радзiме чакаюць жонка i дзецi. В’етнамскiя кiнолагi вернуцца дадому разам са сваiмi выхаванцамi. Зiк i iншыя сабакi будуць служыць грамадскай бяспецы В’етнама i стануць прыкладам для iншых. Дарадца пасольства Сацыялiстычнай Рэспублiкi В’етнам Нгуэн Мiнь Хыонг, прыемна здзiўленая поспехамi кiнолагаў, паабяцала ў Магiлёве, што гэта група — першая, але дакладна не апошняя. У беларускiм Кiналагiчным цэнтры яшчэ будуць новыя в’етнамскiя выпускi. Iлона Iванова.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
7 кастрычнiка ў Магiлёве адбыўся ўрачысты выпуск в’етнамскiх афiцэраў, якiя навучалiся ў Кiналагiчным цэнтры ўнутраных войскаў. Падпалкоўнiк Нгуэн Зу |
|