Настаўнік з Арэпiчаў i яго вучнi
Настаўнік з Арэпiчаў i яго вучнi
Падчас адной з камандзiровак у Сцяпанкаўскi сельсавет Жабiнкаўскага раёна звярнула ўвагу на камень-валун з мемарыяльнай дошкай i недабудаваны дом у маляўнiчым, са слядамi адзiчэлага саду, месцы. На дошцы накрэслена прозвiшча земляка, а таксама слова "НАСТАЎНІК". Гэтае слова напiсана вялiкiмi лiтарамi i на сцiплым помнiку, што ўстаноўлены на вясковых могiлках, i на пастаменце бюста, якi стаiць у школьным музейным пакоi. Цiмафея Карнiлавiча Лася яго землякi i вучнi шануюць менавiта як настаўнiка. Яго iмем названа вулiца ў Арэпiчах. Гэтага высокаадукаванага чалавека памятаюць многiя старэйшыя жыхары вёскi. Бацькi яго былi патомнымi сялянамi, земляробамi. Можа, ад цяжкай працы сваёй, ад спрадвечных мазалёў марылi пра святло навукi. I мары iх пазней увасобiлiся ў дзецях, унуках, праўнуках i далейшых нашчадках. Для гэтага Карнiлiй i Агрыпiна на мяжы ХIХ i ХХ стагоддзяў здолелi даць чацвярым з шасцi сваiх дзяцей вышэйшую адукацыю. Дык вось старэйшы iх сын Цiмафей у 1900 годзе скончыў Свiслацкую семiнарыю i атрымаў паважанае тады званне народнага настаўнiка. Малады настаўнiк стаў выкладаць грамату вясковым дзеткам у суседняй вёсцы Агароднiкi. Яго стараннасць i здольнасцi былi заўважаны, удачы сельскага педагога адзначала нават губернская прэса. Першыя поспехi акрылiлi, i вясковы хлопец вырашыў атрымаць грунтоўную адукацыю, каб на настаўнiцкай нiве дасягаць новых вышыняў, стаць арганiзатарам адукацыi ў родных мясцiнах. Ён паступiў на гуманiтарны факультэт С.-Пецярбургскага ўнiверсiтэта, якi, дарэчы, скончыў на выдатна ў 1916 годзе. Але жыццё гэтага чалавека выпала на эпоху войнаў, рэвалюцый, частых зменаў улады, што i абумовiла яго складаны, у многiм драматычны лёс. Ды пад рознымi выпрабаваннямi, якiя яму спасылалiся, iнтэлiгент з сялянскай закваскай выстаяў i як жа многа ён паспеў у сваiм жыццi! Першае цяжкае выпрабаванне яны вытрымалi ўжо з маладой жонкай — пецярбуржанкай Шурачкай Сталяровай у гады iмперыялiстычнай вайны. Жабiнкаўскiя родзiчы вымушаны былi стаць бежанцамi ў глыб Расii, а Цiмафей з Аляксандрай i iх малыя дзецi перажылi гэты час на Вiцебшчыне, дзе галава сям’i часова працаваў выкладчыкам гiмназii. Пасля рэвалюцыi Цiмафей Карнiлавiч прывёз сям’ю ў родныя мясцiны. На радзiме была польская ўлада. Дыплом С.-Пецярбургскага ўнiверсiтэта нават не даваў права выкладаць у школе, давялося закончыць Вiленскi педагагiчны iнстытут. I на пачатку 20-х гадоў Цiмафей Лось стаў дырэктарам Брэсцкай рускай гiмназii. Пры iм гiмназiя хутка развiвалася, з’явiлiся кабiнеты фiзiкi i бiялогii, даследчыцкiя лабараторыi, спартыўная зала. Гiмназiя паступова станавiлася культурным цэнтрам горада. Але ўлады западозрылi яго ў залiшнiх сiмпатыях да ўсяго расiйскага, i з пасадай давялося развiтацца. Неўзабаве Цiмафей вярнуўся ў фальварак Антанiн каля Арэпiчаў, якi яшчэ раней купiў яго бацька. Тут ён працягваў справу жыцця i выкладаў у вясковых школах. Пасля ўсталявання Савецкай улады ў 1939 годзе, высокаадукаваны педагог быў некаторы час запатрабаваны ў вобласцi, ён працаваў у абласным аддзеле адукацыi i шмат зрабiў для распаўсюджання асветы ў глыбiнцы. Яго клопатамi тады адчынiлi ў родных Арэпiчах сямiгодку. У Антанiне тым часам гаспадарыў сын Леанiд, выпускнiк Вiленскага ўнiверсiтэта. Сын i адказаў за дзедаву сялянскую гаспадарлiвасць, за куплены калiсьцi хутар. Адказаў дзясяткам гадоў лагераў. А Цiмафея Карнiлавiча ў чарговы раз пазбавiлi пасадаў, зноў ён вярнуўся ў родныя мясцiны. I зноў найпершым яго клопатам стала школа. Ён дабiўся, што ў 1946 годзе школа ў Арэпiчах стала сярэдняй. Дырэктар сабраў у калектыве такiх спецыялiстаў, якiмi наўрад цi магла пахвалiцца якая-небудзь школа абласнога цэнтра. Тыя, хто баяўся рэпрэсiй з-за сваiх "буржуазных" паходжання альбо адукацыi, прыязджалi ў Арэпiчы. Вучнi ўспамiнаюць Рыгора Германовiча, Леанiда Чарвiнскага. Выпускнiк школы Яўграф Iванюковiч успомнiў яшчэ адну настаўнiцу, якая ўтойвала свой дыплом iнстытута шляхетных дзяўчат, сваё веданне моў i глыбокую адукаванасць. Яна здала экстэрнам выпускныя экзамены за курс педiнстытута i цiха выкладала ў Арэпiчах. Паводле слоў Яўграфа Мiхайлавiча, у iх была адзiная школа ў раёне, дзе ў кабiнеце спеваў стаяў раяль. У школе вялiкае значэнне надавалi заняткам фiзiчнай культуры, музыкі, замежных моў. Члены прыёмных камiсiй у шэрагу ВНУ на ўступных экзаменах па нямецкай мове пыталiся, з якога раёна прыехаў вясковы абiтурыент, а пасля гаварылi "Пазнаю школу Германовiча". Сярод выпускнiкоў невялiкай сельскай школы — два генералы, дактары навук у галiне медыцыны i тэхнiкi, шэраг кандыдатаў навук i дзясяткi людзей, якiя яшчэ ў савецкiя часы, калi гэта было не вельмi распаўсюджана, атрымлiвалi па дзве вышэйшыя адукацыi. У Арэпiцкай школе, вiдаць, прышчаплялi любоў i жаданне вучыцца. I вось удзячныя вучнi, выпускнiкi школы, загарэлiся iдэяй ўвекавечыць памяць свайго настаўнiка. Узначалiў работу Яўграф Iванюковiч. I напачатку Яўграф Мiхайлавiч вырашыў адшукаць нашчадкаў Цiмафея Лася. Сам Цiмафей Карнiлавiч памёр у 1953 годзе i пахаваны побач са сваiмi бацькамi. Дачка яго Лiдзiя Цiмафееўна выехала разам са сваiм мужам у Варшаву яшчэ ў канцы 30-х гадоў. Сын Леанiд у 54-м быў рэабiлiтаваны, i на першай хвалi хрушчоўскай адлiгi выехаў разам з мацi да сястры ў Польшчу. Цiкава, што абое дзяцей арэпiцкага настаўнiка, усе яго ўнукi i праўнукi атрымлiвалi ў розны час вучоную ступень доктара навук. Леанiд стаў доктарам юрыдычных навук, Лiдзiя — доктарам псiхалогii. Яе дачка Ванда — доктар медыцыны, мае ў Чыкага клiнiку. Дачка Ванды Джоана, доктар лiнгвiстычных навук, ведае асноўныя еўрапейскiя i кiтайскую мову i працуе ў Ганконгу. Нашчадкi Леанiда абсталявалiся найболей у Парыжы. I вось многiя з iх прыехалi па запрашэннi Iванюковiча на сустрэчу выпускнiкоў у Арэпiчы ў 1999 годзе. Акрамя нашчадкаў дырэктара на вечар сустрэчы сабралася 400 выпускнiкоў школы. Што тады найбольш уразiла Iванюковiча, iншых арганiзатараў сустрэчы, землякоў настаўнiка, дык гэта настальгiчна-шчымлiвае стаўленне да памяцi, да гiстарычнай радзiмы замежных гасцей. Джоана, якая нарадзiлася i вырасла ў ЗША, так размаўляе нiбы яна заўсёды жыла тут. А калi ўнучкi i праўнучкi заспявалi песнi, што навучыла бабуля Шура, усе заслухалiся. Нiбы нешта магiчна звязанае з памяццю прадзеда, яны трапятлiва паднiмалi з зямлi яблыкi здзiчэлых яблынь i любавалiся iмi, фатаграфавалi на памяць аграмадныя дрэвы, што разраслiся на месцы сядзiбы Антанiн. Вынiкам той сустрэчы сталi альбомы, прысвечаныя кожнаму з нашчадкаў настаўнiка з Арэпiчаў. I пакрысе стаў збiрацца музей. Потым стараннямi Яўграфа Iванюковiча, яго таварышаў з’явiўся бюст Цiмафея Лася, камень-валун з памятнай дошкай. I нарэшце былы вучань атрымаў дазвол на будаўнiцтва дома на месцы колiшняга хутара Ласёў, каб ажывiць-адрадзiць сядзiбу i перанесцi туды музей. Пакуль жа музейны пакой месцiцца ў Арэпiцкай школе-садку. Святлана ЯСКЕВIЧ. Жабiнкаўскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Падчас адной з камандзiровак у Сцяпанкаўскi сельсавет Жабiнкаўскага раёна звярнула ўвагу на камень-валун з мемарыяльнай дошкай i недабудаваны дом у ма
|
|