"Што наша жыццё — гульня?"
"Што наша жыццё — гульня?"
Чалавечае жыццё — дар божы. Гэтая прапiсная iсцiна, якую, на жаль, многiя з нас пачынаюць усведамляць позна цi вельмi позна. Так сталася, што гэты — божы — вельмi часта знаходзiцца ў руках людзей у белых халатах. І калi амаль кожны з прадстаўнiкоў мiрных зямных прафесiй мае права на памылку, то ўрач — нi ў якiм разе. Калi доктар выцягвае пацыента з таго свету, яго работа ацэньваецца, як правiла, у даволi вузкiм коле родных i блiзкiх хворага. Калi здараецца, што пацыент альбо пацыентка памiрае пры пэўных абставiнах — iх гневу няма межаў. Гэта ўжо сапраўдная трагедыя, i такi выпадак можа мець шырокi рэзананс у грамадскасцi часам з самымi непрадказальнымi наступствамi. У рэдакцыю газеты "Звязда" нядаўна патэлефанаваў наш падпiсчык з Мiнска менавiта са скаргай на дзеяннi ўрачэбнага персаналу Брэсцкай абласной бальнiцы. Прычына звароту трагiчная — у гэтай медыцынскай установе ў 74-гадовым узросце памерла яго мама, былая настаўнiца. Голас у тэлефоннай трубцы прасiў разабрацца ў гэтай справе i паставiць кропкi над "i". У якасцi дапаўнення прагучала: прайшло шмат часу, выйшлi усе тэрмiны — а адказу з Мiнiстэрства аховы здароўя Беларусi на пасланую скаргу так i няма... Журналiст, зразумела, не следчы i не вялiкi дока ў медыцынскай сферы, тым не менш адхiляць просьбу простага чалавека, а ў нашым выпадку i чытача, не стаў. Праз лiчаныя днi ў рэдакцыi з’явiўся лiст мiнчанiна Iгара Шугая. Цытуем. "Паважаная рэдакцыя! Да Вас звяртаецца падпiсчык Iгар Шугай з Мiнска. Вымушаны звярнуцца ў газету таму, што не бачу iншай магчымасцi атрымаць адказы на пытаннi, якiя мяне хвалююць. А праблема, якая з’явiлася, можа закрануць любога з нас. 25 чэрвеня 2008 года ў Брэсцкай клiнiчнай бальнiцы памерла мая мама — Шугай Юлiя Мiкалаеўна. У бальнiцу яна трапiла з нагоды пералому шыйкi сцягна, перанесла аперацыю, якая прайшла паспяхова, а памерла праз тыдзень пасля аперацыi ад абшырнага iнфаркту прама ў стацыянары. Узнiкае пытанне: як такое магло адбыцца i чаму? Спрабуючы аднавiць падзеi, якiя папярэднiчалi такому развiццю падзей, я, пасля размоў з роднымi i суседзямi мамы па палаце, прыйшоў да высновы, што ёй проста не была аказана своечасовая квалiфiкаваная дапамога. Пажылога чалавека, якi неаднаразова скардзiўся на ўзнiклыя болi, за некалькi гадзiн не агледзеў урач. Нягледзячы на просьбу родных, у бальнiцы не змаглi зрабiць кардыяграму. Пры тым, што мясцовая прэса за гэты перыяд з гонарам паведамляе аб поспехах мясцовай медыцыны, аб правядзеннi менавiта ў гэтай бальнiцы першых аперацый на адкрытым сэрцы.Я звярнуўся з пiсьмом да мiнiстра аховы здароўя, у якiм падрабязна перасказаў усе падзеi i папрасiў разабрацца i даць адзнаку дзеянням медыцынскага персаналу. Аднак да гэтага часу (ліст напiсаны 17 верасня 2008 года. — Аўт.), за два месяцы адказу не атрымаў. Можа быць рэдакцыi i чытачам будзе цiкава даведацца: як працуе наша медыцына i чаму людзi памiраюць прама ў бальнiцы ад раптоўных iнфарктаў? Я прашу Вас назначыць правядзенне журналiсцкага расследавання i даручыць яго прафесiяналу. Магчыма ён зможа развеяць мае сумненнi цi, наадварот, прадставiць даставерную iнфармацыю, якую не хочуць агучыць медыкi, зыходзячы са сваiх карпаратыўных iнтарэсаў. Прыкладаю копiю пiсьма, адпраўленага Мiнiстру аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь 09.07.2008 г.". Вiдавочна, што дасланы ў рэдакцыю лiст быў напiсаны ў скарочаным варыянце, у якiм часткова былi апушчаны падрабязнасцi. А магчыма штосьцi проста прызабыта. Як-нiяк, з моманту смерцi мацi прайшло на той момант амаль тры месяцы. Праўда, свет на гэты трагiчны выпадак большай часткай пралiў пiсьмовы зварот чытача "Звязды" да мiнiстра аховы здароўя Беларусi Васiля ЖАРКО. Цытую. "Паважаны Васiль Iванавiч! Прашу Вас назначыць i ўзяць пад асабiсты кантроль правядзенне службовай праверкi па факце смерцi 25 чэрвеня 2008 года ў Брэсцкай абласной бальнiцы маёй мамы — Шугай Юлii Мiкалаеўны. 13 чэрвеня 2008 года Шугай Ю.М. была дастаўлена службай хуткай дапамогi ў аддзяленне траўматалогii ў сувязi з пераломам шыйкi сцягна. 19 чэрвеня 2008 года ёй была праведзена аперацыя па замене тазасцегнавога сустава. Аперацыя прайшла паспяхова. Пасля аперацыi знаходзiлася ў аддзяленнi рэанiмацыi. Прыкладна праз 4-5 гадзiн была пераведзена ў аддзяленне траўматалогii. У сувязi з тэлефонным званком, якi паступiў ад суседзяў па палаце каля 20.00, у бальнiцу хутка прыбылi родныя: сын Шугай В.П. i дачка Лобан С.П. У гэты час мацi адчувала сябе вельмi дрэнна, скардзiлася на рэзкую слабасць, сухасць у роце, галаўны боль, А/Д 95/50 (артэрыяльны цiск. — Аўт.). Прычыны ранняга пераводу з рэанiмацыйнага аддзялення хворай з абцяжарвальным анамнезам (цукровы дыябет, IБС (iшэмiчная хвароба сэрца. — Аўт.), гiпертанiчная хвароба, перанесены iнсульт, iнвалiд першай групы) урач Я. Сахарук растлумачыць родным, што прыехалi, адмовiўся. Медыцынскi персанал траўматалогii, нягледзячы на цяжкi стан мацi, нiякай дапамогi не аказваў. Урач аддзялення траўматалогii Навасад Л.I. лiтаральна заявiў: "Ваша мацi — вы з ёй i сядзiце". Толькi па патрабаваннi родных была праведзена iнфузiйная тэрапiя. Пасля чаго прыкладна да дзвюх гадзiн ночы стан хворай палепшыўся. На працягу некалькiх дзён яна адчувала сябе здавальняюча. Аднак, пачынаючы з 23 чэрвеня i 24 чэрвеня 2008 года скардзiлася на пякучасць за грудзiнай i пачуццё цяжкасцi, аб чым паведамiла ўрачу, што лячыў, Шамоўскаму Л.В., у час абыходу. З 17.00 да 19.45 24.06.2008 года побач з мамай знаходзiлася пляменнiца — Кiрпiчэнка Людмiла Мiкалаеўна. Яна неаднаразова звярталася па дапамогу да паставой медыцынскай сястры, прасiла, каб мацi без прамаруджвання агледзеў доктар, каб была зроблена ЭКГ (электракардыяграма. — Аўт.). Аднак медыцынская сястра паведамiла, што зрабiць ЭКГ няма магчымасцi, прама на пасту перадала кроплi валакардзiну, iншай дапамогi аказана не было, доктар хворую за некалькi гадзiн так i не аглядзеў. Дадзеныя факты могуць пацвердзiць не толькi родныя, якiя ў гэты час падтрымлiвалi сувязь па тэлефоне, але i суседзi па бальнiчнай палаце. Пасля 20.00 24.06.08 адбыўся абшырны iнфаркт сэрца, што ў канчатковым вынiку прывяло да лятальнага вынiку. Смерць наступiла 25.06.2008 года ў 18.30. З улiкам вышэйсказанага прашу даць адзнаку дзеянням медыцынскага персаналу i адказаць на шэраг пытанняў, у прыватнасцi: 1) цi былi захаваны стандарты аказання медыцынскай дапамогi ў пасляаперацыйны перыяд, а менавiта: цi правiльна быў здзейснены перавод хворай адразу пасля аперацыi з аддзялення рэанiмацыi ў аддзяленне траўматалогii? 2) цi было назначана своечасовае i дастатковае лячэнне ў пасляаперацыйны перыяд у сувязi з наяўнасцю страты крывi ў працэсе аперацыi i наяўнасцю шэрагу спадарожных захворванняў? 3) як ва ўмовах стацыянара Брэсцкай абласной бальнiцы мог развiцца абшырны iнфаркт? Чаму на працягу даволi працяглага перыяду часу пасля з’яўлення тыповых прыкмет стэнакардыi i пры наяўнасцi скаргаў ва ўмовах медыцынскага стацыянара нiхто з медыцынскага персаналу не толькi не аказаў дапамогi, але i не падышоў, каб правесцi агляд i ацанiць стан хворай? 4) цi былi своечасова прыняты правiльныя i дастатковыя дзеяннi для прадухiлення развiцця абшырнага iнфаркту, а затым наступлення смерцi? 5) цi праводзiўся поўны аб’ём дыягнастычных абследаванняў i лячэння пасля спынення сэрца ва ўмовах рэанiмацыi? Да якiх пор чалавечыя жыццi будуць знаходзiцца ў руках халатных, абыякавых, раўнадушных людзей у "белых халатах", якiя ствараюць адмоўны вобраз ўсёй медыцыны? Вельмi прашу Вас прызначыць праверку i даць аб’ектыўную ацэнку дзеянням медыцынскага персаналу...Спадзяюся, што гэта дазволiць не толькi прыцягнуць да адказнасцi асобаў, якiя не аказалi своечасовую дапамогу маёй маме, але i павысiць узровень адказнасцi медыцынскага персаналу i захаваць жыццi грамадзян". Наведаць Брэсцкую абласную бальнiцу я мог толькi з дазволу яго галоўнага ўрача Аляксандра Карпiцкага, i толькi ён мог паспрыяць таму, каб журналiст, як прадстаўнiк чацвёртай улады, змог сустрэцца з многiмi медыцынскiмi работнiкамi, што фiгуравалi ў пiсьмах, i пагутарыць па душах. Аляксандр Сяргеевiч не стаў рабiць перашкод майму вiзiту ў вядучую медыцынскую ўстанову Брэстчыны. Выпiсваючы ў рэдакцыi камандзiроўку, я меркаваў, што ў дадзеным выпадку магу выступiць толькi трацейскiм суддзёй. У любым выпадку пацярпелы бок будзе настойваць на непрафесiяналiзме ўрачоў, а тыя ў сваю чаргу — на непахiснасцi клятвы Гiпакрата. Iншымi словамi — на высокiм прафесiйным падыходзе пры лячэннi любога пацыента. Мая iнтуiцыя (за час сваёй журналiсцкай дзейнасцi даводзiлася неаднойчы сутыкацца з падобнымi сiтуацыямi ў розных сферах), аказалася правiльнай, а прынцып "у кожнага свая праўда" — непахiсным. Аляксандр КАРПIЦКI, галоўны ўрач Брэсцкай абласной бальнiцы, прафесар: "мы не богi, але зрабiлi ўсё, што змаглi" Кiраўнiк гэтай медустановы Брэстчыны, разлiчанай на 940 месца-ложкаў i 23 лячэбныя аддзяленнi, лiчыць прэтэнзii пацярпелага боку неабгрунтаванымi, бо медыкi, паводле яго слоў, зрабiлi ў дадзенай сiтуацыi ўсё, што змаглi. З размовы. "Мы не богi. Любая аперацыя, нават апендыцыт, нясе ў сабе рызыку лятальнага вынiку. Так здарылася, што ў гэтай жанчыны развiўся iнфаркт. Праўда, iнфаркт не гаворыць аб тым, што ў пасляаперацыйны перыяд чалавек быў недагледжаны, недаабследаваны, недалечаны. Мы лячылi хворую так, як запiсана ў пратаколах i стандартах. Камiсiя, якая прыязджала сюды, гэта зразумела. Я разумею родных: мама — гэта святое. I рэакцыя iх мне зразумелая. Праўда, яна павiнна быць да разумнай ступенi. У 74 гады чалавеку праведзена вельмi складаная аперацыя. Акрамя пералому шыйкi сцягна, у яе было шмат спадарожных захворванняў..." Сяргей КIСЕЛЬ, загадчык аддзялення траўматалогii i артапедыi: "для мяне любая смерць пацыента — гэта ўкол у сэрца" Сяргей Сямёнавiч — гэта той доктар, якi праводзiў аперацыю. Паводле яго слоў, i да аперацыi, i пасля яе, за хворай быў наладжаны адпаведны догляд i назначаны неабходны курс лячэння, i ён асабiста ставiў яе на ногi пасля аперацыi. З размовы. "За год мы праводзiм звыш 200 эндапратэзаванняў, прычым людзям самых розных узростаў. За год здараецца прыкладна дзве смерцi. Але яны, як правiла, ад трамбаэмбалii (закупоркi сасудаў тромбамi. — Аўт.). Пры гэтым хворым уводзiцца адпаведны прэпарат для разжыжэння крывi. Тым не менш людзi ўсё роўна памiраюць. Значыць, нешта ёсць, што вышэй за нашы магчымасцi. У гэтай пацыенткi iнфаркт развiўся за дзве гадзiны. На плёнцы, якая была зроблена дзяжурным урачом, — толькi пачатковыя прыкметы iнфаркту. За гэтыя дзве гадзiны хворая была пераведзена ў рэанiмацыю, дзе памерла. Жанчыну рэанiматолагi паспяхова "завялi", i мы яшчэ два днi змагалiся за яе жыццё... Але пацыентка ўсё роўна памерла. Камiсiя Мiнздрава з Iнстытута траўматалогii i артапедыi вiнаватых у смерцi жанчыны не выявiла... Пры анатамiраваннi ў яе не было сэрца: скразны некроз — абшырны iнфаркт, г.зн. мышцы сэрца не было. Для мяне смерць пацыента — гэта не дзяжурная падзея, а ўдар па арганiзме. Яна памерла, а мне праз гадзiну зноў iсцi на аперацыю. Што з маiм сэрцам у гэты час робiцца — хто-небудзь пралiчваў?" Леанiд НАВАСАД, траўматолаг: "я разумею пачуццi родных" З размовы. "Я да гэтай хворай меў дачыненне толькi на дзяжурстве. У дзень аперацыi. Разумею пачуццi родных i блiзкiх. I тое, што яны iмкнуцца знайсцi недахопы ў лячэннi мацi — гэта таксама зразумела, бо смерць — гэта заўсёды трагедыя. Мiж тым трэба рэальна ацэньваць сiтуацыю. Гэта быў пажылы чалавек са спадарожнай паталогiяй. Урачы зрабiлi вымушаную аперацыю, каб чалавека паставiць на ногi, зрабiць яго незалежным. Аперацыю яна перанесла нармальна, аднак потым пачалося ўскладненне. На жаль, звычайны медыцынскi выпадак. Лёс такi ў дактароў — быць у адказе за кожнае жыццё. Прыйдзецца перажыць гэтую смерць i працаваць далей. Наша прафесiя такая — рызыкаваць. У разумных межах, вядома ж". Леанiд ШАМОЎСКI, урач траўматолаг-артапед: "чалавек нi ад чаго не застрахаваны" Урач Леанiд Шамоўскi сказаў, што ён быў асiстэнтам на аперацыi гэтай жанчыны i ведаў, што яе здароўем цiкавяцца з даволi высокiх iнстанцый. Нават з гэтага пункту гледжання было зразумела, што хворай патрэбен самы дасканалы догляд. З размовы. "Я яе лячыў, калi яна ляжала ў палаце. Хворая скардзiлася, як правiла, родным цi сыну, якiя падтрымлiвалi са мной сувязь, як правiла, праз адмiнiстрацыю. У той дзень я дзяжурыў, калi ў яе пачаўся першы прыступ. Гэта было 24-га чысла. Акрамя яе, у палаце было яшчэ двое маiх хворых — пасляаперацыйных. Нiякiх скаргаў мне яна не прад’яўляла. Аб пагаршэннi стану пацыенткi мне сказала медсястра, атрымаўшы адпаведны сiгнал ад сваячкi хворай. Мы выклiкалi дзяжурнага тэрапеўта, узялi аналiз крывi, якi аказаўся добрым. Кардыяграма таксама была ў норме. Тэрапеўт распiсаў хворай кропельнiцу... Хворая не была кiнутая. Яна расказвала мне многа аб сваiх праблемах. Аналiзы i кардыяграма хворай былi на кантролi ў загадчыка аддзялення i ўрача, якi лечыць. Напрыклад, у пасляаперацыйны перыяд жанчыне прапаноўвалi пералiванне крывi, ад якога сваякi катэгарычна адмовiлiся. Тым не менш хворая атрымлiвала тое лячэнне, якое ёй было неабходна. Ёсць пратакол лячэння. Зразумела, гэта не догма. Але прытрымлiвацца яго мы абавязаны. Бываюць выпадкi, калi смерць нельга растлумачыць. Чалавек нi ад чаго не застрахаваны. Вiдавочна, што так вырашылi наверсе. Я лiчу, што медперсанал рабiў сваю работу квалiфiкавана". Валерый ШУГАЙ, старэйшы сын, загадчык 3-га гiнекалагiчнага аддзялення Брэсцкага абласнога раддома: "сваёй маме мы нараклi жыць яшчэ 20 гадоў" Старэйшы сын упэўнены, што на нейкiм этапе медыкi абласной бальнiцы выпусцiлi сiтуацыю з-пад кантролю, з-за чаго ў мацi пачалiся сiмптомы iнфаркту, а праз некалькi гадзiн i здарыўся iнфаркт. Як медык, ён выказаў сумненнi, што многiя лячэбныя манiпуляцыi пры лячэннi пацыенткi рабiлiся са спазненнем цi па патрабаваннi сваякоў. З размовы. "Яшчэ да аперацыi нам прапанавалi ўстанавiць мацi беларускi пратэз, але мы не згадзiлiся, бо яго трэба было мяняць праз 10 гадоў. Мы сказалi, што мама пражыве яшчэ 20 гадоў. У апошнi час у мамы было нармальна з сэрцам — яна прымала нармальныя таблеткi. У яе стабiлiзаваўся цiск. Калi штосьцi i з’яўлялася, я дапамагаў ёй прыходзiць у норму. Мама была дастаткова моцным чалавекам. Я паспадзяваўся на сваiх калег. А мне раптам тэлефонны званок ад хворых з палаты: "Валерый Паўлавiч, прыязджайце, кажуць, ёй дрэнна". Перш чым паехаць, я пачаў усiм тэлефанаваць. Дазванiўся НАВАСАДУ Л.I. Папрасiў паглядзець маму, на што мне быў дадзены катэгарычны адказ: ваша мама — прыходзьце да яе i сядзiце. У 20.30 я са сваёй сястрой Светай прыехалi ў ардынатарскую. Далей я папрасiў танометр i памераў цiск. Ён быў 90х50. Для чалавека-гiпертонiка — гэта прамы шлях да iнфаркту. Пасля паўторнага змяшчэння ў рэанiмацыю яна, не прыходзячы ў свядомасць, памерла. У мяне на руках. Мяне забiла медыцынскае заключэнне. Усе думалi, што гэты iнфаркт выклiканы трамбозам, аказалася, што ён выклiканы проста iшэмiяй — кiслародным галаданнем... Неадэкватная тэрапiя. Цудоўна зрабiлi аперацыю, але выхадзiць маму не змаглi..." Людмiла КIРПIЧЭНКА, родная пляменнiца: "цётка ўсё цярпела i не скандалiла" З размовы. "Цётка была iнтэлiгентнай жанчынай. Мабыць, таму i здарылася: яна ўсё цярпела, ляжала i не скандалiла, нiкому слова дрэннага не сказала. У выхадныя днi да яе прыязджалi дзецi, я ж старалася быць у бальнiцы ў буднi. Мяне ўразiлi адносiны ў бальнiцы. Цётка скардзiлася на боль у сэрцы. Я некалькi разоў падыходзiла да медсястры з просьбай даць якiя-небудзь кроплi. Прасiла, каб кропельнiцу памяняць. Медсястра сказала: што вы раней не скардзiлiся — зараз няма каму кардыяграму зрабiць. Званiў брат: сказаў, што звязваўся з урачамi — усё павiнна быць нармальна. Я пайшла — i брат патэлефанаваў: цётка ў коме была забраная ў рэанiмацыю i назаўтра вечарам памерла. Няма слоў: у бальнiцы да хворых нячулыя, нечалавечныя адносiны. Не толькi да маёй цёткi, але i да ўсiх побач ляжачых". Не ведаю, наколькi зразумела мне ўдалося перадаць размовы з многiмi дзеючымi асобамi гэтага матэрыялу. Зараз я не магу, i не толькi па этычных меркаваннях, заняць пазiцыю аднаго з бакоў. Мяркую, што i рабiць не трэба. Да высвятлення ўсiх абставiнаў смерцi чалавека кампетэнтнай камiсiяй цi адпаведнымi органамi. Магчыма, яны ўжо i зрабiлi свае высновы. Праўда, тады застаецца пытанне: чаму аўтар пiсьма ў рэдакцыю нават праз тры месяцы не атрымаў iх на рукi? Уладзiмiр ЗДАНОВIЧ, г. Брэст. г. Брэст.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чалавечае жыццё — дар божы. Гэтая прапiсная iсцiна, якую, на жаль, многiя з нас пачынаюць усведамляць позна цi вельмi позна. Так сталася, што гэты — б |
|