MЕGА мова з адчуваннем "міксу"
MЕGА мова з адчуваннем "міксу"
Вядома, Гомельшчына — адна з самых рускамоўных абласцей Беларусi. І пытанне — наколькi часта сустракаецца ў побыце беларуская гаворка — можна лiчыць рытарычным. Ёсць лiчаныя людзi, якiя размаўляюць на беларускай лiтаратурнай заўсёды. Часцей яе ўжываюць таму, што так трэба: напiсаць артыкул, правесцi лекцыю, прачытаць выпуск у эфiры абласнога праваднога радыё (FM — выключна па-руску), або "выпендрыцца" веданнем двух дзясяткаў слоў перад кiм-небудзь. Мiж iншым, у апошнiм выпадку часцей за ўсё адразу зразумела, што вымаўленне вымучанае, з асаблiвым нацiскам на "г", "ч", "шч", "дз", "дж". Пабачыць шыльду на беларускай мове можна заўсёды толькi на ўстановах адукацыi i прадпрыемствах "Белпошты". Вось звычайная з’ява: афiцыйная шыльда дзвюхмоўная, надпiс "Гомельское ГПТУ-79", а пад iм — "Сардэчна запрашаем". Але ж, калi зойдзеш у памяшканне, пабачыш вялiкую колькасць аб’яў — зноў жа толькi на рускай мове. Далей — слуп ля пешаходнага пераходу. Пад святлафорам — "Будзьце ўважлiвымi", а нiжэй — "Для перехода нажмите кнопку. Ждите". Назвы вулiц у Гомелi сустракаюцца выключна на рускай мове. Праедзем у аўтобусе. "Наступны прыпынак — фабрыка ВАСЬМОВА сакавiка". Вось так ставяць нацiск — "па-гомельску". Пры тым, што звычайна менавiта ў аўтобусе аб’явы гучаць — па-беларуску. У тралейбусным парку свае правiлы — аб’явы па-руску. Заходжу ў звычайны "маркет". Гэта вам не крама i нават не магазiн — тут цiкавы матэрыял для даследавання. Вось прадукцыя з брэндам "Витьба". Губляюся — гэта па-руску цi як? Чытаю далей: "Хлеб "Пралесак" (нарезанный), пудинг "Ласунак" с ароматом земляники, колбаса вареная "Верасеньская", 2 сорт; тушка цыплёнка-бройлера "Асобiна" смачная прысмака". На фiрменнай упакоўцы: "Белорусский шоколад", "Бело-вежская пуща" — нiжэй для iншаземцаў — варыянт на англiйскай мове. Далей — яшчэ больш займальны маркетынгавы ход. Чыпсы беларускай вытворчасцi: "MЕGА СHIРS Мега Чипсы картофельные со вкусом барбекю". Рэкламная шыльда: "СЯБАР пивоваренная компания". У аддзеле побач — прадукцыя вядомай беларускай касметычнай фiрмы. Лацiнскiмi вялiзнымi лiтарамi — назва, а маленькiмi на рускай — прызначэнне прадукцыi. Зноў вяртаюся да прадуктаў. Вось мiнеральная вада з Украiны. Яе вытворцы не саромеюцца сваёй мовы i на этыкетцы не знойдзеш слова па-руску цi па-беларуску. I так зразумееце, лiчаць нашы суседзi: "Моршинська негазована вода", "Львiвьске премiум", "Чернiгiвське свiтле". А побач — "Светлое пиво речицкое янтарное"... I нават калi ўкраiнская прадукцыя на ўпакоўцы вызначана як "Крабовые палочки" i "Рыбные бургеры", нiжэй — усё роўна свой варыянт: "Крабовi палички" и "Рибнi бургери". Каб дакладна ведалi, з якога мора iстоты прыплылi на нашы прылаўкi. Напрыканцы — у кнiжны магазiн. Лiтаратуры i канцылярскiх тавараў — бяры — не хачу! Усё — рускамоўнае. I толькi ў самым кутку — лiтаральна дзве шафы з надпiсамi — "Выдавецтвы Беларусi прапануюць" i "Беларуская навука". Дзiцячыя кнiжкi ёсць таксама, але ж — не больш за дзясятак. Як жа дзецi будуць ведаць родную мову, яны ж не ўспрымаюць яе як жывую! Прынамсi, калi рыхтавала матэрыял, патэлефанавала спецыялiстам — настаўнiкам i выкладчыкам беларускай мовы. Аб праблеме яе ўжывання мы размаўлялi па-руску... Iрына Асташкевiч.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вядома, Гомельшчына — адна з самых рускамоўных абласцей Беларусi. Пабачыць шыльду на беларускай мове можна заўсёды толькi на ўстановах адукацыi i прад
|
|