Аляксандр Лукашэнка: "Беларусь ідзе па шляху стварэння эфектыўнай сістэмы абароны"
Аляксандр Лукашэнка: "Беларусь ідзе па шляху стварэння эфектыўнай сістэмы абароны"
Учора Галоўнакамандуючы — Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь Аляксандр Лукашэнка ўзяў удзел у завяршальнай фазе комплекснага аператыўнага вучэння "Восень-2008". Беларуская армiя i iншыя сiлавыя структуры ўдасканальваюць свае навыкi пастаянна. Буйнамаштабныя комплексныя вучэннi праводзяцца кожныя два гады, пачынаючы з 2001 года. Вось i сёлета каардынацыю сiлаў i сродкаў, наладжванне ўзаемадзеяння адпрацоўвала ўся ваенная арганiзацыя дзяржавы. Таксама ў ходзе вучэнняў адпрацоўвалiся пытаннi ўзаемадзеяння ў складзе рэгiянальнай групоўкi войскаў Беларусi i Расii. Усяго ў комплексным аператыўным вучэннi "Восень-2008" узялi ўдзел 8,5 тысячы вайскоўцаў, у тым лiку 2,5 тысячы прызваных з запасу, 240 бронемашын, 60 танкаў, каля 40 артылерыйскiх гармат, больш за 40 лятальных апаратаў, у тым лiку 12 расiйскiх. У ходзе першага этапа вучэння былi адпрацаваны пытаннi непасрэднай падрыхтоўкi абараняльнай аперацыi. На другiм этапе ажыццяўлялася кiраванне войскамi i сiламi падчас яе правядзення. Дзеяннi войскаў адпрацоўвалiся на фоне створанай аператыўнай абстаноўкi, згодна з якой Беларусь умоўна была падзеленая на дзве дзяржавы — Мастовiю i Сасновiю. Сасновiя для атрымання фармальнай нагоды выкарыстання сваiх узброеных сiлаў iнiцыявала масавыя беспарадкi i ўзброеныя сутыкненнi карэннага насельнiцтва Мастовii з сасноўцамi, якiя пражываюць на тэрыторыi Навагрудскай узвышанасцi. Заявiўшы пра намер вырашыць тэрытарыяльныя пытаннi сiлавым шляхам, Сасновiя разгарнула каля межаў Мастовii групоўку сухапутных войскаў i з 18 кастрычнiка развязала агрэсiю. Разгром узброеных сiлаў Мастовii планавалася завяршыць на працягу трох сутак i захапiць частку яе тэрыторыi, на якой пражываюць сасноўцы. Далей планавалася звярнуцца ў мiжнародную арганiзацыю бяспекi з мэтай забеспячэння канстытуцыйных правоў i свабод этнiчнай групы сасноўцаў, выступiць у СМІ з адпаведнай заявай. Мастовiя вяла актыўную дзейнасць па недапушчэннi развязвання ўзброенага канфлiкту. З пачаткам агрэсii адбiвала паветраныя ўдары працiўнiка, з нанясеннем шэрагу ўдараў у адказ па яго пунктах кiравання, аб’ектах iнфраструктуры i групоўцы войскаў. Спынiўшы працiўнiка, планавалася разграмiць групоўку войскаў, якая ўклiнiлася на тэрыторыю Мастовii, i аднавiць дзяржаўную мяжу. У першай палове дня Прэзiдэнту прадэманстравалi пасадку i ўзлёт баявых самалётаў Су-25 i Су-27 з аэрадромнага ўчастка магiстралi М-1/Е 30 Мiнск—Брэст, паблiзу Iвацэвiчаў. Галоўнакамандуючы заслухаў справаздачу мiнiстра абароны генерал-палкоўнiка Леанiда Мальцава аб выкарыстаннi авiяцыi ў баявых умовах, а таксама ўручыў лётчыкам памятныя падарункi. Пазней на палiгоне ваенна-паветраных сiлаў i войскаў процiпаветранай абароны "Даманава", што ў 45 кiламетрах ад Баранавiчаў, Аляксандр Лукашэнка наведаў цэнтр стратэгiчнага кiравання каманднага пункта Узброеных Сiлаў. Прэзiдэнт пазнаёмiўся не толькi з ходам вучэнняў, але i з сапраўдным планам абароны краiны ва ўмовах рэальных баявых дзеянняў. Галоўнакамандуючаму таксама былi прадстаўлены пункт кiравання разведкай i штабная машына са складу гэтага пункта, дзе Аляксандру Лукашэнку далажылi аб тэхнiчных сродках разведкi, якiя ёсць на ўзбраеннi нашай армii. На цэнтральным пункце кiравання палiгона "Даманава" Прэзiдэнта пазнаёмiлi з ходам падрыхтоўкi войскаў ППА, а таксама з дзеяннямi сiлаў i сродкаў Узброеных Сiлаў у iнтарэсах вырашэння задачы па недапушчэннi наземных сродкаў працiўнiка на аб’екты ППА. Галоўнакамандуючы Аляксандр Лукашэнка таксама азнаёмiўся з найноўшымi ўзорамi ўзбраення i ваеннай тэхнiкi, якiя будуць пастаўлены ў войскi ў адпаведнасцi з дзяржпраграмай узбраення i Канцэпцыяй будаўнiцтва i развiцця Узброеных Сiлаў Рэспублiкi Беларусь да 2020 года. Па вынiках вучэння Галоўнакамандуючы — Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь Аляксандр Лукашэнка правёў агляд войскаў, а таксама ўручыў лепшым беларускiм i расiйскiм вайскоўцам каштоўныя падарункi. Паводле слоў кiраўнiка дзяржавы, правядзенне буйных вучэнняў — гэта традыцыйны экзамен для беларускай армii, якi яна штогод трымае перад сваiм народам. Безумоўна, Беларусь не можа валодаць такiм ваенным патэнцыялам, якi быў бы супастаўляльны з магутнасцю вялiкiх блокаў. "Такой мэты мы перад сабой i не ставiм", — падкрэслiў Прэзiдэнт. Беларусь iдзе па шляху стварэння эфектыўнай сiстэмы абароны i будаўнiцтва армii, здольнай па сваёй вывучцы весцi сучасную вайну. "Нашы Узброеныя Сiлы з’яўляюцца не сродкам нападу, а надзейным гарантам бяспекi i тэрытарыяльнай цэласнасцi краiны", — адзначыў Прэзiдэнт. Існуючая арганiзацыйна-штатная структура i сучасная сiстэма кiравання даюць магчымасць выкарыстоўваць сучасныя формы i спосабы прымянення войскаў, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. "Завяршыўшы фундаментальныя пераўтварэннi ў армii, цяпер мы клапоцiмся аб далейшым яе развiццi на новым якасным узроўнi выкарыстання iнавацый у ваеннай справе. Найважнейшае значэнне ў вырашэннi гэтай задачы належыць палявой вывучцы органаў кiравання i войскаў", — сказаў Прэзiдэнт. Аляксандр Лукашэнка павiншаваў усiх удзельнiкаў комплекснага аператыўнага вучэння з яго паспяховым завяршэннем. Галоўная мэта "Восенi-2008" — навучанне Узброеных Сiлаў i iншых структурных элементаў ваеннай арганiзацыi дзяржавы ўзгодненаму вядзенню стратэгiчнай абараняльнай аперацыi — дасягнута. Гэта яшчэ адзiн крок ва ўмацаваннi абараназдольнасцi краiны. Паводле слоў кiраўнiка дзяржавы, для вырашэння пастаўленай задачы была створана абстаноўка, якая максiмальна ўлiчвала магчымыя варыянты развязвання агрэсii супраць нашай дзяржавы. Упор быў зроблены на пытаннi адпрацоўкi кiравання Узброенымi Сiламi, iншымi войскамi i фармiраваннямi ў ходзе адбiвання ваеннага нападу. Як заявiў Аляксандр Лукашэнка, гэта вучэнне дало магчымасць атрымаць практычны вопыт эфектыўнага выкарыстання сiлаў i сродкаў усёй ваеннай арганiзацыi дзяржавы. Галоўнакамандуючы адзначыў высокi ўзровень падрыхтоўкi не толькi органаў ваеннага кiравання, злучэнняў, часцей i падраздзяленняў Узброеных Сiлаў, але таксама асабовага складу КДБ, МНС, пагранiчнай службы, унутраных войскаў МУС, якiя бралi ўдзел у вучэннi. Асаблiвую ўдзячнасць Аляксандр Лукашэнка выказаў ваеннаабавязаным, прызваным з запасу. Iх удзел у такiх мерапрыемствах практыкуецца пастаянна i сведчыць аб глыбокай адказнасцi ўсiх грамадзян за абарону роднай зямлi. "Мы i надалей будзем падтрымлiваць гэту традыцыю", — заявiў Прэзiдэнт. Вучэнне "Восень-2008" насiла адкрыты характар. Назiральнiкi, замежныя ваенныя аташэ, прадстаўнiкi СМI змаглi на свае вочы пераканацца ў тым, што падтрыманне высокай ступенi абараназдольнасцi пастаянна знаходзiцца ў цэнтры ўвагi кiраўнiцтва дзяржавы. У ходзе аператыўнага комплекснага вучэння былi адпрацаваны дзясяткi тактычных схем, працавалi каля 100 даследчых груп, высновы якiх будуць закладзены ў Канцэпцыю будаўнiцтва i развiцця Узброеных Сiлаў Рэспублiкi Беларусь да 2020 года. Па завяршэннi вучэння кiраўнiк дзяржавы адказаў на пытаннi журналiстаў. Сяргей ПРОТАС.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Учора Галоўнакамандуючы — Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь Аляксандр Лукашэнка ўзяў удзел у завяршальнай фазе комплекснага аператыўнага вучэння "Вос
|
|