Час збiраць кнiгi
Час збiраць кнiгi
У рубрыцы "Рыштаваннi Бацькаўшчыны" мы не раз звярталiся да тэмы замкаў, палацаў, фальваркаў Берасцейшчыны былых часоў. Расказана пра зусiм невялiкую частку iх. А ўсяго ў рэгiёне налiчвалася прыкладна паўтары тысячы маёнткаў. І амаль кожны гаспадар, ну а праз аднаго дык дакладна, iмкнуўся мець сваю бiблiятэку. Часам гэта былi параўнальна невялiкiя сямейныя калекцыi, а асаблiва заможныя i адукаваныя магнаты папаўнялi свае кнiгазборы на працягу некалькiх пакаленняў. Бiблiятэкi ў многiх былi багатыя, унiкальныя, каштоўныя. Кнiгазбор Косаўскага палаца, напрыклад, налiчваў пяць тысяч асобнiкаў, славiлiся бiблiятэкi Ружанаў, Паланэчкi, Бярозы-Картузскай. Усе яны практычна страчаныя. Войны, паўстаннi, рэлiгiйная i палiтычная нецярпiмасць, шматлiкiя дзяржаўныя падзелы вымывалi крывавымi хвалямi i лепшыя ўзоры духоўнай культуры. Друкаваныя фалiянты i рукапiсы разносiлiся па ўсiм свеце. Цяпер усе кнiгазборы, якiя ўцалелi, захоўваюцца за межамi нашай краiны. Сёння вядома, што берасцейскiя кнiжкi знаходзяцца ў фондзе Расiйскай Нацыянальнай бiблiятэкi ў С.-Пецярбургу, у бiблiятэцы Вiльнюскага ўнiверсiтэта, у Швейцарыi, у Лондане, у Варшаве, Кракаве. Самая паказальная ў гэтым сэнсе, паводле слоў намеснiка дырэктара Брэсцкай абласной бiблiятэкi Алы Мяснянкiнай, гiсторыя брэсцкага Евангелля. Унiкальны, аздоблены пазалотай фалiянт ХVI стагоддзя, быў падораны брэсцкай царкве "на вечныя часы". Так гаворыць надпiс. А вось якiм дэтэктыўным чынам трапiла кнiга з Брэста ў Томск, нiкому не вядома. Свая гiсторыя падарожжаў ёсць у кожнага кнiгазбора i кожнага асобнiка. Правесцi своеасаблiвы агляд усiх вядомых кнiгазбораў свайго рэгiёна вырашылi ў Брэсце. Iнiцыятарам мiжнароднай навукова-практычнай канферэнцыi "Берасцейскiя кнiгазборы: праблемы i перспектывы даследавання" выступiлi абласная бiблiятэка i ўпраўленне культуры аблвыканкама. Згоду на ўдзел у навуковым форуме далi навукоўцы з Украiны, Расii, Польшчы, Лiтвы i iншых краiн свету. Яны змогуць расказаць шмат цiкавага пра гiсторыю i лёс нашых кнiжак. Як заўважыў начальнiк упраўлення культуры Рыгор Бысюк, нiхто не будуе iлюзiй наконт таго, што нехта нам верне арыгiналы твораў. Пакуль гаворка iдзе пра магчымае вяртанне на Радзiму пэўнай часткi копiй твораў хаця б у электронным варыянце. Пра гэта арганiзатары канферэнцыi маюць намер правесцi перамовы. Важна таксама прадэманстраваць значэнне i каштоўнасць кнiгазбораў. Трэба памятаць старыя кнiгi. Паводле слоў Алы Мяснянкiнай, калi развалiўся Саюз i ўсе незалежныя дзяржавы пачалi ўспамiнаць свой вопыт дзяржаўнасцi, то мы павезлi ў Еўропу найперш Статут Вялiкага Княства Лiтоўскага 1588 года як доказ таго, што дзяржава на нашай тэрыторыi была. Кнiгi захоўваюць у сабе гiсторыю, культуру, мову народа. Шкада, што яны гадамi пыляцца ў запаснiках чужых краiн, i гадамi да iх нiхто не праяўляе цiкавасцi. Але такая рэчаiснасць. Чужым краiнам трэба ўжо дзякаваць за тое, што яны ўзялi на сябе задачу захавання беларускiх каштоўнасцяў i паспрыялi выратаванню многiх з iх. 30-31 кастрычнiка будзе цiкавае мерапрыемства ў Брэсце. Спадзяемся даведацца многа новага пра старыя мясцовыя кнiгi. Святлана ЯСКЕВIЧ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У рубрыцы "Рыштаваннi Бацькаўшчыны" мы не раз звярталiся да тэмы замкаў, палацаў, фальваркаў Берасцейшчыны былых часоў. Расказана пра зусiм
|
|