Тын
Тын
Тын, агароджа, плот — часцей за ўсё драўляная агароджа падворка i хаты чалавека. Агароджа стала сiмвалiчнай мяжой, якая падзяляла "сваю" i "чужую" тэрыторыі. Плотам абносiлi не толькi жылыя памяшканнi, але i могiлкi, загоны для жывёлы. У даўнiя часы агароджай з вялiкiх бярвенняў (валам, сцяной) абносiлi ўсю вёску цi горад, што часам было адзiнай аховай ад ворагаў. Галоўная функцыя плота — паказаць, што гэта тэрыторыя засвоена i што ў яе ёсць гаспадар. У традыцыйнай культуры ўсходнiх славян плот набыў статус небяспечнага, "нячыстага", але ў той жа час сакральнага месца цi рэчы. l Плот быў надзелены статусам цэласнасцi i недатыкальнасцi. Таму выхад за плот не праз вароты цi злом плота параўноўвалi з незаконным нараджэннем дзiцяцi, стратай нявiннасцi i пазашлюбнымi адносiнамi: "Хата без плоту, што баба без мужыка", "Вяселле пад плотам, а вянчанне потым", "Хадзiць з дзiркай у плоце" — значыць, страцiць нявiннасць па-за шлюбам, "iсцi за плот" — зрабiць аборт. Часта дзiця, якое нараджалася па-за шлюбам, звалi "подзаборным". l Цяжарнай жанчыне забаранялася пералазiць праз плот, каб "не выкiнуць", не страцiць дзiця. У той жа час, калi роды былi цяжкiмi, мужу раiлi знесцi або разламаць частку плота. Лiчылася, што такiя магiчныя дзеяннi паспрыяюць нараджэнню дзiцяцi. l Сярод iншых магiчных дзеянняў, звязаных з нараджэннем дзiцяцi, былi i такiя: цяжарную жанчыну прасiлi цераз плот перадаць з рота ў рот кавалак хлеба бясплоднай жанчыне. Але цяжарная павiнна была ведаць, што пасля гэтага магла сама застацца бясплоднай. l Плот стаў небяспечным месцам, дзе не павiнны хадзiць людзi. Пад плот (самую яго аддаленую ад жылых памяшканняў частку) вылiвалi ваду пасля абмывання нябожчыка. Пад плот вылiвалi i ваду, у якой мылi бялiзну. Пад агароджай могiлак хавалi нехрышчоных i незаконнанароджаных дзяцей, "задушных" нябожчыкаў (самазабойцаў, тапельцаў i г.д.). l Часам травой, сабранай пад плотам, а значыць, травой, якую нiхто не кранаў, народныя лекары выкарыстоўвалi для лячэння людзей i хатняй жывёлы. l Каля плота абмывалi людзей, якiя хварэлi "падучай" хваробай. Пад плотам закопвалi рытуальныя рэчы, на якiя "адсылалi" хваробы i няшчасцi. Каб пазбавiць дзiця ад сурокаў, пад плотам рабiлi лаз i прымушалi хворае дзiця некалькi разоў пралезцi ў гэты лаз. l Існаваў i такi звычай: жанчыны, калi iшлi на зажынкi, не выходзiлi праз вароты, а пралазiлi пад плотам. Гэта рабiлi з адной мэтай: каб не балела спiна ў час працяглай i даволi складанай, цяжкай работы. l На плот вешалi рытуальныя рэчы, якiя з’яўлялiся абярэгам для ўсёй гаспадаркi, напрыклад, старыя лапцi, бiтыя глiняныя гаршкi, траецкiя i купальскiя травы i г.д. Часам на плот вешалi таксама чарапы кароў цi быкоў. Аксана Катовiч, Янка Крук.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Тын, агароджа, плот — часцей за ўсё драўляная агароджа падворка i хаты чалавека. Агароджа стала сiмвалiчнай мяжой, якая падзяляла "сваю" i &
|
|