21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Таварышы алкаголiкi, дармаеды...

26.08.2009 10:37 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Таварышы алкаголiкi, дармаеды...

На выхадныя да мяне прыехаў знаёмы з вёскi. Спынiўшыся на святлафоры, праз шкло аўтамабiля прыкмецiў мужчыну гадоў 45, якi ледзь стаяў на нагах, моцна абхапiўшы адной рукой слуп ля абочыны дарогi. "Што, i ў сталiцы алкаголiкi ёсць?.." — здзiвiўся нячасты мiнскi госць.

Паводле слоў урача-нарколага Гарадскога клiнiчнага наркалагiчнага дыспансэра Юрыя Кудраўцава, у Мiнску на ўлiку стаiць каля 50 тысяч алкаголiкаў. І гэта толькi адна дзясятая частка ад усiх хворых.

— На якiм этапе хваробы трэба звяртацца па дапамогу да нарколага?

— Чым раней, тым больш шанцаў на станоўчы вынiк. Калi чалавек толькi пачынае злоўжываць спiртнымi напоямi, сям’i ўжо трэба задумацца, да чаго гэта можа прывесцi. Бо спачатку, як правiла, "сто грамаў" бывае толькi па святах. А пасля... I заўважыць не паспее, як трапляе ў залежнасць ад алкаголю. Дарэчы, алкаголь з’яўляецца адным з прадстаўнiкоў групы псiхаактыўных рэчываў (сюды адносяцца таксама наркотыкi, таксiчныя лятучыя рэчывы, тытунь), якiя выклiкаюць хранiчнае псiхiчнае захворванне. У першую чаргу пакутуе галаўны мозг, а пасля ўжо i ўсе астатнiя органы. У людзей, залежных ад алкаголю, прынамсi, разбураецца печань, што прыводзiць да яе цырозу, якi не паддаецца лячэнню. Праўда, цяпер у нашай краiне пачалi аперыраваць гэты орган. Але на такую дапамогу не ўсе алкаголiкi могуць разлiчваць, бо аперацыя па замене печанi каштуе нямала. I наўрад цi чалавек, якi злоўжывае алкаголем або яго родныя змогуць аплацiць яе.

— Якi спiртны напой самы бяспечны?

— Любы спiртны напой, якi ўтрымлiвае спiрт, рана цi позна прыводзiць да залежнасцi. I памылковым з’яўляецца меркаванне, што слабаалкагольныя напоi менш шкодныя. Напрыклад, у Англii людзi не спiваюцца ад прыёму вiскi, бо яно дорага каштуе i не кожнаму па кiшэнi. А п’юць эль, якi якраз i прыводзiць да алкагалiзму. У нас таксама сапраўдныя алкаголiкi п’юць не гарэлку i тым больш не каньяк цi джын, а ўжываюць "чарнiла, "барматуху", пiва. Якiя, у сваю чаргу, значна хутчэй чым моцныя алкагольныя напоi, прыводзяць да алкагольнай залежнасцi i да разбурэння цэнтральнай нервовай сiстэмы i ўнутраных органаў. У пiве, напрыклад, утрымлiваецца прадукт, якi пры перапрацоўцы ў печанi ператвараецца ў кадаверын — разнавiднасць трупнага яду. Гэта прыводзiць да больш хуткага цырозу печанi. А ён, у сваю чаргу, да смерцi.

— Ведаю чалавека, якi штовечар выпiвае бутэльку пiва, пры гэтым ходзiць на працу i не п’е моцных напояў..

— Гэта ўсё вельмi iндывiдуальна. Але з цягам часу, у большасцi выпадкаў, такiя людзi, як правiла, ад пiва пераходзяць да больш моцных напояў цi павялiчваюць колькасць выпiтага пiва. Вось у нас на ўлiку стаiць маладая дзяўчына. Пачынала яна, як i ўсе, з паўлiтра. Мацi яе прывяла да нас, калi яна пабiла ўсемагчымыя рэкорды. Студэнтка за вечар выпiвала 10 паўтарачак — 15 лiтраў хмельнага напою.

— Калi пераняць вопыт Швецыi i пачаць прадаваць усе спiртныя напоi ў спецыяльна адведзеных месцах па дарагiм кошце, то гэта вырашыць праблему алкагалiзму?

— Думаю, не. З менталiтэтам змагацца складана. А забаронены плод — салодкi. Наш народ вынаходлiвы, што-небудзь прыдумаюць. Будуць пiць шклоачышчальнiк — гэта ж тэхнiчны спiрт. Пяройдуць на самагон. Але тут ёсць таксама рызыка. Сёння ў нас праходзiў медагляд вадзiцель. Ён толькi што вярнуўся з гасцей з Краснадарскага краю. Яго мацi скардзiцца, што нядобрасумленныя самагоншчыкi, якiя жывуць у суседняй вёсцы, гоняць самагон i дадаюць у яго наркотык — каноплi, якiх там шмат расце. Такiм чынам, выклiкаючы залежнасць не толькi ад алкаголю, але i больш моцную — ад наркотыка, прыручаюць да сябе клiентуру.

— Мала хто хоча звяртацца да нарколага. "Я не алкаголiк. Я не хворы. Чаму я пайду ў бальнiцу?"

— Алкагалiзм, паўтараю, гэта хранiчнае псiхiчнае захворванне, ад якога пакутуе галаўны мозг. А калi пакутуе галаўны мозг, самакрытыка ў чалавека парушаецца. Ён не можа ацанiць сваiх магчымасцяў. Паказваем на малюнку, якiм ён можа стаць. "Ды не, што вы?.. Да такога стану я не дакачуся." Мы яму гаворым: давайце падшыем цi закадзiруем. А ён: "Я сам спынюся". Нiколi сам не спыняецца. Пасля прыходзiць цi ў горшым выпадку жонка прыводзiць пад рукi, бо ў яго ўжо ногi перастаюць дзейнiчаць.

Адзiн наш пацыент дапiўся да таго, што калi яго медсястра пакiнула на хвiлiнку ў кабiнеце, ён украў 35 тысяч, пайшоў i зноў напiўся. А перад гэтым таксама казаў, што ён сам справiцца. Вось што значыць адсутнасць самакрытыкi ў чалавека.

У такiм стане моцнае ўздзеянне на чалавека аказваюць псеўдааўтарытэты з сiнiм носам. Калi ты не п’еш, то цябе лiчаць непаўнацэнным чалавекам, над табой пасмейваюцца. У такой кампанii трэба быць, як усе, тады цябе будуць любiць, а калi ты скоцiшся нiжэй, нiкому ты, акрамя мацi i жонкi, i то не заўсёды, не будзеш патрэбны.

— А цi можна прымусiць алкаголiка лячыцца?

— У адпаведнасцi з законам у нас дазваляецца толькi добраахвотнае лячэнне. Я лiчу, што гэта няправiльна. Бо чалавек кажа: я не пакутую. Правiльна, ён радуецца жыццю, а пакутуюць навакольныя, у першую чаргу сям’я, дзецi.

Добры варыянт так званага прымусовага лячэння дзейнiчае толькi ў выглядзе лячэбна-працоўных прафiлакторыяў. Там п’янiцы знаходзяцца ў закрытай зоне, працуюць i iм не даюць пiць. Паўгода без алкаголю прыводзяць да таго, што чалавек кiдае пiць.

— Якi самы эфектыўны спосаб лячэння?

— Комплексны. Гэта медыкаментознае i псiхатэрапеўтычнае ўздзеянне, i псiхалагiчная дапамога. Толькi медыкаментамi дабiцца вынiку немагчыма. I лячыць трэба не толькi самога алкаголiка, але i яго акружэнне (аказваць псiхалагiчную дапамогу). Мацi i жонка трапляюць у сузалежнасць ад алкаголiка: спрабуюць яго абмежаваць не толькi ад сабутэльнiкаў, але, што нярэдка бывае, i ад ад урачоў-нарколагаў таксама.

Але трэба мець на ўвазе, што цяпер псiхатэрапеўтычным уздзеяннем — кадзiроўкай — займаюцца не толькi высокаквалiфiкаваныя медыцынскiя работнiкi, але i людзi далёкiя ад медыцыны, якiя iмкнуцца зарабiць грошы на горы людзей. Раней, напрыклад (даведалiся ад пацыента), на Кульман кадзiраваў слесар-сантэхнiк з вялiкiм гаечным развадным ключом.

— Што вы можаце сказаць аб жаночым алкагалiзме ў нашай краiне? Кажуць, што жаночы алкагалiзм невылечны..

— Дык i мужчынскi таксама. Гэта хранiчнае псiхiчнае невылечнае захворванне, як i ўсе хранiчныя хваробы. Зараз у горадзе працуе, не лiчачы Навiнак, сем наркалагiчных аддзяленняў. У тым лiку адно жаночае на 20 ложкаў, i яно заўсёды забiтае. Не хапае месцаў, каб размясцiць усiх ахвотных жанчын.

Уладзiмiр Сацюк, начальнiк мiлiцыi грамадскай бяспекi РУУС адмiнiстрацыi Савецкага раёна горада Мiнска.

— Якiя санкцыi прымяняюцца органамi аховы парадку ў дачыненнi да нецвярозых вадзiцеляў?

— У першую чаргу, яны нясуць адмiнiстрацыйную адказнасць з абавязковым пазбаўленнем вадзiцельскiх правоў. Паўторнае ж знаходжанне за рулём у нецвярозым стане цягне за сабой крымiнальную адказнасць i штраф, якi можа дасягаць 1000 базавых велiчынь. Суд рэкамендуе накладаць максiмальны штраф, якi быў бы супастаўляльным з коштам аўтамабiля злачынцы. Я думаю, што калi, каб заплацiць штраф, чалавеку трэба будзе прадаць машыну, то наступны раз ён задумаецца: садзiцца за руль у п’яным выглядзе цi не.

У асноўным затрымлiваюцца такiя злачынцы ў вячэрнi i начны час. У Савецкiм раёне штоноч працуюць два нарады мiлiцыi па выяўленнi асобаў, якiя знаходзяцца за рулём у нецвярозым стане. Наша асноўная задача — не толькi выявiць парушальнiка, але i забяспечыць непазбежнасць пакарання. Толькi сёлета было ўзбуджана 26 крымiнальных спраў на тых вадзiцеляў, якiя не сталi на шлях выпраўлення, а зноў напiлiся i селi за руль без права кiраваць транспартным сродкам.

— А як змагаецеся з п’янымi пешаходамi на дарозе?

— Перыядычна праводзiм комплексныя мерапрыемствы па барацьбе з парушэннямi правiлаў дарожнага руху пешаходамi, у тым лiку тымi, якiя знаходзяцца "падшафэ". Нашы супрацоўнiкi стаяць на праблемных пешаходных пераходах, прыцягваюць злосных парушальнiкаў да адказнасцi. Акрамя таго, штодзень нарады супрацоўнiкаў мiлiцыi дастаўляюць у медвыцвярэзнiк цi РУУС, у залежнасцi ад ступенi ап’янення, ад 15 да 20 чалавек. Такiм чынам, iдзе барацьба не толькi з п’янымi пешаходамi, але i паралельна прафiлактыка iншых вiдаў злачынстваў. Бо калi п’яны чалавек знаходзiцца на вулiцы, ён з’яўляецца патэнцыяльнай ахвярай злачынства (у яго што-небудзь могуць скрасцi) цi патэнцыяльным злачынцам (можа, нiчога не ўсведамляючы, з кiм-небудзь пабiцца, пахулiганiць, стаць вiноўнiкам дарожна-транспартнага здарэння).

— Наколькi дзейснай з’яўляецца такая мера прымусовага ўздзеяння, як лячэбна-працоўныя прафiлакторыi (ЛПП)?

— На мой погляд, гэта самы эфектыўны сродак прыструнiць п’янiцу. Бо ў прафiлакторый мы адпраўляем не таго, хто спакойна папiвае вiно перад тэлевiзарам, а алкаголiка, якi стаiць на ўлiку ў наркалагiчным дыспансэры i сiстэматычна парушае грамадскi парадак цi правы iншых грамадзян. На такога парушальнiка рыхтуецца хадайнiцтва ў суд, якi i выносiць рашэнне аб iзаляцыi такога чалавека ў ЛПП. Магчыма, ён вернецца i будзе працягваць пiць. Тым не менш на год-паўтара, пакуль ён знаходзiцца там, сям’я адпачывае ад п’янiцы. Бо не сакрэт, што алкаголь — гэта праблема не самога выпiвохi: ён выпiў i яму добра. Гэта праблема ў першую чаргу сям’i, пакутуюць навакольныя: суседзi i проста незнаёмыя людзi на вулiцы. Але ёсць i такiя факты, калi нават хранiчны алкаголiк вяртаецца адтуль зусiм iншым чалавекам. Уладкоўваецца на працу, нармальна жыве. Сёлета каля 40 чалавек (у тым лiку 7 жанчын) мы адправiлi ў ЛПП. Работа працягваецца, ёсць яшчэ каго адпраўляць. Асаблiва ў мiкрараёне Зялёны Луг.

Надзея ДРЫЛА, фота аўтара.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На выхадныя да мяне прыехаў знаёмы з вёскi. Спынiўшыся на святлафоры, праз шкло аўтамабiля прыкмецiў мужчыну гадоў 45, якi ледзь стаяў на нагах, моцна
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика