Развітанне жоўтай хрызантэмы
Развітанне жоўтай хрызантэмы
Восень падарыла апошнi цёплы i лагодны дзень як усмешку на развiтанне. Буйная сумесь зялёнага, чырвонага, жоўтага захапляла, зачароўвала, але не перамагала восеньскую тугу. Як i тая хрызантэма, што стаiць на стале ад Пакроў. Жоўтая, майго любiмага колеру, вялiкая на дзiва жыццястойкая. Яна радавала вока, ды не ратавала ад восеньскай дэпрэсii, якая раптоўна ўзнiкла з невялiкай праблемы, i вырасла ў аб’ёмны камяк, што цiснуў адначасова i звонку, i знутры. Здавалася, не было нiякага выйсця з замкнёнага кола. Не дапамагалi старыя надзейныя сябры — любiмыя кнiгi, перачытаныя шмат разоў. Не ладзiлася работа, абавязкова зрывалiся намечаныя сустрэчы i камандзiроўкi. Дома справы рабiлiся праз адну на нейкiм "аўтапiлоце". У адзiн з такiх дзён сустрэла ў цэнтральным унiвермагу былога калегу па працы, якога не бачыла гадоў пятнаццаць. А лiтаральна перад гэтым выпадкова даведалася, што гэты чалавек, некалi сцiплы i непрыкметны, цяпер амаль алiгарх: мае вялiкую фiрму, капiтал укладвае ў нерухомасць. Разжыўся чалавек, разбагацеў, малайчына. Але пры сустрэчы, як i раней, мой стары знаёмец пачаў скардзiцца на праблемы i цяжкасцi, вытворчыя, бытавыя i iншыя. Выходзiць, багацце таксама не робiць людзей шчаслiвымi. А ў магазiн заехаў па драбязу да даччына ноўтбука. Здавалася б, такi заняты чалавек мог адправiць па пакупку сакратарку, альбо жонку, якая даўно не працуе, у рэшце рэшт дачка — дастаткова дарослая дзяўчына, каб схадзiць у магазiн самастойна. Але ж прыехаў, каб зрабiць гэта самому i, магчыма, падсвядома адчуць сваю патрэбнасць некаму. Не намi ж сказана: калi ты патрэбен хоць аднаму чалавеку, ты шчаслiвы чалавек. Мусiць i тут той жа выпадак. Як i з маiмi суседзямi ў дзень выбараў. Цяпер, калi не ў кожным пад’ездзе, дык у кожным вялiкiм доме дакладна ёсць кампанiя мясцовых алкаголiкаў, адзiным родам заняткаў якiх стаў збор тары ды пошукi апахмелкi зранку. Вось i ў нас ёсць такая "брыгада" з нефармальным лiдарам Сярожам, якi да халадоў ходзiць у кедах i нiколi не здымае з пальца масiўнага чорнага пярсцёнка. Дык вось, выхожду з дому ў той дзень i застаю ў двары такую карцiну. Суседка Антанiна Мiхайлаўна, жанчына малодшага пенсiйнага ўзросту з надзвычай актыўнай жыццёвай пазiцыяй, строга пытаецца ў яшчэ цвярозых i неяк пасвяжэлых заўсёднiкаў лаўкi ля пад’езда: а вы ўжо прагаласавалi, за каго, чаму? І яны амаль навыцяжку i з яўным задавальненнем трымаюць справаздачу: так, галасавалi з самага ранку, за такую i такую кандыдатку... бо яна абяцала добраўпарадкаванне ў мiкрараёне. Пры гэтым на тварах напiсана: людзi адчуваюць сябе паўнацэннымi i патрэбнымi грамадзянамi. Хоць у дзень выбараў! Бо ў астатнiя днi i дома, i на вулiцы яны не раз чулi аб сваёй недарэчнасцi i адсутнасцi карысцi ад iх iснавання. Недарэчнымi гэтыя людзi сталi недзе ў другой палове жыцця, раней жа ў iх былi праца, сем’i i ўсё астатняе. Яшчэ горай, калi становяцца "прарэхай" на чалавецтве ў самым пачату шляху. У Баранавiчах на Цэнтральным вакзале сярод белага дня назiрала двух маладых людзей з тварамi поўнасцю дэградаваных асобаў. Адзiн iшоў так, а другi валокся за iм з дзвюма бутэлькамi гарэлкi i маленькiм коржыкам. Ад таго коржыка адвалiлiся дзве цi тры крошкi. Iх тут жа падхапiў верабей, пры гэтым неяк весела-мiтуслiва заскакаў. Падумалася тады, што хоць вераб’ю карысць ад такiх прадстаўнiкоў роду чалавечага. ...Заходжу вечарам да прыяцелькi на працу, а яна ў слязах. Ну, думаю, самадур начальнiк давёў. Якое там! "Спагадлiвая" каляжанка так залезла ў душу, што вывернула яе на другi бок. У маёй сяброўкi цяпер дома непрыемнасцi. Дык вось гэта ўчынiла павальны "душэўны вобыск i допыт". Кажу, што няварта так рэагаваць, можа, яна хацела паспачуваць, дапамагчы нечым. "Якраз той чалавек, — чую ў адказ, — нядаўна былi на пахаваннi былой работнiцы фiрмы. Яна прыйшла i ведаеш што сказала найперш: калi пятнаццаць гадоў таму хавалi яе мужа, шпалеры на сценах былi тыя ж самыя". Доўга п’ём чай, пакуль яна супакоiцца i павольна iдзём дадому. А дома знаходжу ў свайго любiмага Багдановiча радкi: "А чалавецкай душы таксама няхораша мацаць рукамi. Далiкатныя людзi самi ведаюць гэта, а недалiкатным аб гэтым напамiнаюць". Варта было б напомнiць, гэта значыць, паслаць куды падалей i адгарадзiць сябе ад непатрэбных эмоцый, — кажу ёй потым па тэлефоне. Вось у такiх думках-разважаннях пра нязвязаныя памiж сабой эпiзоды як увасабленне разнастайнасцi жыцця, яго абсурднасцi i праўды давялося павольна прадзiрацца скрозь павуцiну восеньскай тугi. Яшчэ дапамагаў лес, калi ўдавалася выбрацца. I вельмi карысны сродак ад дэпрэсii, прыйшла да высновы, даваць работу рукам. Ну хоць бы вокны памыць, i адчуць задавальненне ад чысцiнi i сваю карыснасць... А што хрызантэма? Яна прастаяла роўна месяц i памерла, як усе зрэзаныя кветкi. Але яна ўсё ж зрабiла сваю справу. Яна цiхенька, ненавязлiва дарыла сваю прыгажосць на развiтанне. Святлана ЯСКЕВIЧ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Восень падарыла апошнi цёплы i лагодны дзень як усмешку на развiтанне. Буйная сумесь зялёнага, чырвонага, жоўтага захапляла, зачароўвала, але не перам
|
|